Астало́п ’дурань, тупіца, невук’ (БРС, Нас., Бяльк., Касп., Бір. дыс.). Рус. остоло́п ’тс’. Параўн. яшчэ стаяць асталопам ’стаяць аслупянеўшы’ (Нас., Бяльк.), асталопіна (Нас., Бяльк., Касп.). Ужо Даль слушна звязваў гэта слова з стоўб/стоўп ’слуп’, што прынялі Міклашыч, 321; Гараеў, 242. Пісаў пра гэта слова Сабалеўскі (РФВ, 64, 124; ЖМНП, 1897, № 7). Праабражэнскі (1, 665), Шахматаў (Очерк, 281) паяснялі другім паўнагалоссем рускую форму, а Карскі (1, 257) — беларускую, прыводзячы і бел. столап. Неадназначна рашаецца пытанне пра паходжанне a‑, а разам з тым і пра канкрэтную этымалогію слова. Праабражэнскі, Шанскі, (КЭСРЯ, 316) лічаць, што зыходнай была дзеяслоўная форма остол(о)пѣти ’аслупець’, адкуль бяссуфіксны назоўнік асталоп. Булахоўскі (Тр. ИРЯ, 1, 160) убачыў тут кантамінацыю стол(о)п і олух. Улічваючы наяўнасць у смаленскіх гаворках (Мат. Смал.) слова остолоп ’драўляны слуп у ёўні’, трэба, відаць, пагадзіцца з Фасмерам, 3, 165, які тлумачыў асталоп ’дурань’ як пераноснае ўжыванне слова, што азначала ’слуп’, і параўноўваў яго з полено, дубина, чурбан. У карысць такога тлумачэння сведчыць, відаць, і выраз асталопам, дзе творцы склон тлумачыцца як параўнальны (як асталоп). А‑ ў гэтым выпадку пратэтычнае, або прэфіксальнае (параўн. рус. остолпие ’капітэль’, ст.-рус. остълпление ’каланада’). Гл. стоўб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Атла́с1 ’гатунак тканіны’ (БРС). Агульнаеўрапейскае слова ўсходняга паходжання. У старарускай мове з 1453 (Шанскі, 1, А, 171); у ст.-бел. з 1511 у форме отласъ (Булыка, Запазыч., 33), з 1555 — атлас. Ст.-укр. гатласъ у 1627 (атласъ з XVIII ст.), даўнейшыя старарускія прыклады ў Сразнеўскага ў форме отласъ (XVI ст.). Ст.-польск. hatłas (Sł. staropolski). Канчатковая крыніца араб. атлас гладкі’ (корань т‑л‑с). Паводле Шанскага, у рускай мове з цюрк. атлас (з арабскай) не пазней XV ст. Паводле Фасмера, 1, 96 (які не ведаў выпадку ўжывання слова ў XV ст.), у рускай з польскай ці нямецкай, якія ўзыходзяць да арабскай. Улічваючы гандлёвыя зносіны з Усходам, заходняе пасрэдніцтва для рускай мовы не неабходна. У беларускую мову слова магло трапіць як праз рускую, так і праз польскую.

А́тлас2 ’збор карт’. Інтэрнацыяналізм; у беларускай мове. з рускай, дзе з пачатку XVIII ст. з ням. Atlas (Шанскі, 1, А, 171) ці з галандскай або лацінскай. Гэта назва ўзыходзіць да назвы працы Меркатара Atlas (Дуісбург, 1595), папулярнай у той час і перавыдадзенай у скарочаным выглядзе некалькі разоў у першай палавіне XVII ст. Фасмер, 1, 96; Махэк₂, 39.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кага́т ’бурт’ (БРС, ТСБМ), ’яма для захавання бульбы’ (Бяльк.), ’доўгі, мелкі капец бульбы’ (кобр., Нар. сл.), ’стог’ (чач., Мат. Гом.), параўн. у Яшкіна, 83, ветк. кагацішча ’месца, дзе стаяла сцірта (кагат) сена’. Укр. міргар. кагат ’куча’, дан. ’куча рыбы, па-асабліваму складзеная і пакрытая чаротам’, палес. кагата ’яма для сховы бульбы зімой’, рус. смал. кагат ’конусападобная куча бульбы ў полі’. На думку Лучыца-Федарца, БЛ, 3, 1973, 57, кагат з’яўляецца іранізмам. Лінгвагеаграфія слова быццам не супраць гэтага, аднак існуюць пэўныя фармальныя і семантычныя цяжкасці. У якасці блізкіх да магчымай іранскай крыніцы Лучыц-Федарэц прыводзіць асец. къахт ’яма’, къахын ’выдзеўбаць’, kʼахуn : kʼaxt ’капаць’. Аднак, паводле Абаева, 1, 620, гэта слова з’яўляецца параўнальна рэдкім для асец. мовы прыкладам адназоўнікавага дзеяслова, ад kʼax ’нага’, першапачаткова такім чынам, ’капаць нагой’ (аб жывёлах), а само слова kʼax не іранскае, гл. Абаеў, 1, 619. Зразумела, што ненадзейнасць асецінскай паралелі вымушае яшчэ больш сумнявацца ў патэнцыяльнай іранскай крыніцы. Апрача гэтага, значэнне ’яма’, якое дазваляе меркаваць аб сувязі іран. і слав. слоў, нельга, безумоўна, лічыць першапачатковым для слав. лексем, тым больш што словы з такімі значэннямі суадносяцца геаграфічна і ўказваюць на другасны іх характар. Слова нагадвае вандроўны культурны тэрмін, аднак крыніца запазычання невядомая.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ры́ба1 ’рыба’ (ТСБМ; Бяльк.; Сцяшк. МГ), ры́біна ’рыбіна’ (ТСБМ; брасл., в.-дзв., Сл. ПЗБ). Укр. ри́ба, рус. ры́ба, польск. ryba, палаб. roibó, н.-луж. ryba, в.-луж. ryba, чэш. ryba, славац. ryba, славен. riba, серб., харв. рӣба, макед. риба, балг. ри́ба. Наконт паходжання слова аднадушнага меркавання няма. Мікала (Ursl. Gr., 1, 124; РФВ, 48, 279) супастаўляе з ням. Aalraupe (радзей Raubaal) ’налім; рыба з сямейства вугроў; рыба са змеепадобным целам’, дзе Aal ’вугор’, а ‑raupe < ruppo (ст.-в.-ням. rūppa, rūpa ’налім’). Ваян (RÉS, 9, 123 і наст.) звязвае прасл. *ryba і *ryti з і.-е. коранем *reu‑/*rou‑/*rŭ‑ і суфіксам ‑(ъ)b‑a (як *strělьba) і першасным значэннем ’спосаб лоўлі рыбы шляхам узрывання дна’, але гэтая спроба крытыкуецца. Паводле Тапарова (ЭИРЯ, 1, 5–10), звязана з рабы́ ’стракаты’. Агляд іншых версій і літ-ры гл. ESJSt, 13, 786; Жураўлёў, Язык и миф, 457–458.

Ры́ба2 ’няроўнасці на палатне касы пры няўмелым кляпанні’ (Сл. Брэс.). Можа, да *ryti з суфіксам ‑(ъ)b‑a?

Ры́ба3, у ры́бу ’гульня хлопчыкаў’ (гродз., Нар. словатв.). Да рыба1 з прычыны таго, што гульня імітуе лоўлю рыбы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сні́ца ‘скабка або пласцінка (драўляная ці металічная), якой змацоўваюць закругленыя дошчачкі; асабліва два колцы ў дышлі пад падушкай калёс, якія служаць для павароту калёс’ (Нас.), сні́ціна ‘дошчачка, якой закрываюць бакавы ўваход у калодачны вулей’ (зэльв., Сл. ПЗБ), сні́цы ‘крыжавіна, перакладзіна ў перадку воза, куды ўстаўляецца канец дышля’ (Маслен.), ‘пярэдняя і задняя часткі калёс’ (ПСл). Укр. сни́ця ‘падоўжная жэрдка ў возе, плузе; частка воза, дзе замацаваны дышаль’, рус. сни́ца, шни́ца ‘адзін з двух брускоў, між якімі ўмацоўваецца дышаль’, польск. śnica, sznica, чэш. дыял. snica, šnyce, snice, в.-луж. snica і šnica, н.-луж. snica ‘тс’. Міклашыч (312) лічыў слова няясным. Існуючыя этымалогіі спрэчныя. Паводле Праабражэнскага (2, 344), рускае слова запазычаны з польскай, а там з ням. Schnitt ‘разрэз, прарэз’ або Schnitz ‘кавалак, скрылік’. Фасмер (3, 699), а следам за ім і Махэк₂ (564), Шустар-Шэўц (1329) выводзяць з *ojesьnica ад *oje, Р. скл. ojese ‘дышаль, аглобля’. Гл. вайе. Збліжэнне з сныч, снычок ‘засаўка ў замку’ (Ласт.), рус. дыял. сныч ‘стрыжань у дзвярным замку’, ‘шпонка, якая змацоўвае дошкі’, што звязваюць з снаваць (Гараеў, 334), сумніўнае (гл. Фасмер, 3, 702). Не выключана сувязь з ст.-бел. снитие ‘злучэнне, сыходжанне’, снити ‘дайсці, дасягнуць; легчы, упасці’, што да *iti з прыстаўкай *sъn‑ (гл. ісці).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́рса ‘від кавылю, кавыль валасісты, Stipa capillata’ (ТСБМ), тырса́ ‘стэпавая трава Stipa’ (Ласт.). Параўн. укр. ти́рса ‘кавыль перысты, Stipa pennata’, рус. ты́рса ‘кавыль валакністы’, ти́рса ‘каласоўнік, мятліца’, польск. tyrsa ‘кавыль’, ‘калаўротнік, пустазелле’. Паводле Лаўчутэ (Балтизмы, 12), глухі варыянт літ. dìrsė, dìrsa ‘каласоўнік, Bromus L.’. Параўн. ды́рса, гі́рса (гл.), варыянт з пачатковым т‑, хутчэй за ўсё, русізм або ўкраінізм, не вядомы народнай мове (гл. Кіс.).

Тырса́ ‘апілкі’ (ТСБМ, Нар. Гом.; парыц., Янк. Мат., ТС; ветк., Ск. нар. мовы), ‘пілавінне’ (рэч., Нар. сл.; капыл., Жыв. сл.; бых., слаўг., касцюк., лун., ЛА, 1), тріса́ ‘тс’ (стол., там жа); ты́рса ‘пілавіны, апілкі, смецце’ (Бяльк., Ян., Растарг., Мат. Маг., Мат. Гом., ПСл; ганц., Сл. ПЗБ; слуц., карм., клім., чэрык., чач., лельч., ЛА, 1); тырс ‘тс’ (чач., ЖНС), ты́рша ‘пілавінне’ (калінк., ЛА, 1, Сл. ПЗБ), ты́рста ‘тс’ (Арх. ГУ). Параўн. укр. ти́рса ‘тс’, рус. ты́рса ‘тс’. Безумоўна, звязана з це́рці (гл.), с (ш) пасля зычнага асновы мае ўзмацняльную функцыю, падобную да аналагічнай у пырса ‘пілавінне’ ад пырсь, пырскаць, гл. Рэдкія дыялектныя формы кі́рса, кірса́ ‘тс’ (гом., ЛА, 1) адлюстроўваюць фанетычныя з’явы варыянтнасці k ~ t на поўдні Беларусі, дзе захоўвалася (гл. Векслер, Гіст., 228), параўн. старое літ. tirti ‘спрабаваць, даследаваць тручы, паціраючы’ (Смачынскі, 689).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Івярэ́нь ’пень’ (Мат. Гом.), ’трэска’ (Маш., 74), і́вірынь ’старчаком’ (Бяльк.). Рус. дыял. и́верень ’асколак’, ’вырваны кусок’, ’зарубка на бервяне’, ’няроўнасць, шурпатасць на вычасаным дрэве’, ’загана, шчарбіна, трэшчына (на посудзе)’, ’выгіб, зігзаг’, и́вор ’кусок, частка, асколак чаго-н.’, и́вернем ’зігзагам, выгібам’, ’няроўна’, укр. и́верь ’зарубка ўпоперак дрэва’, и́верень ’трэска, адсечаная ўпоперак дрэва’ (Грынч.), польск. wiór ’трэска’, ’стружка’, палаб. jėver ’трэска’, чэш. дыял. iver ’тс’, славац. íver ’абрубак, трэска’, славен. ivȇr ’трэска, абрэзак’, серб.-харв. и̏ве̑р ’трэска’, балг. и́вер ’тс’, макед. ивер, иверка ’тс’. Ст.-рус. иверень ’трэска, асколак’, ’вырваны ці выразаны кусок’ (XVII ст.), ст.-бел. иверь, иверень ’асколак, трэска’ (Гарб.). Вытворныя формы на ‑ень толькі на ўсходзе слав. тэрыторыі. Прасл. *jьverъ (Трубачоў, Эт. сл., 8, 250–251) ці *iverъ звязваюць з *verti (гл. вярцець). Бернекер, 1, 439; Трубачоў, Этимология 1970, 18. Супастаўленне са ст.-інд. vr̥çcáti ’адсякае, коле, валіць’ (Гараеў, 120; Младэнаў, 196) выклікае пярэчанні фанетычнага характару. Махэк₂ (213) недастаткова абгрунтавана прапануе сувязь з iskať ’шчапаць’, адсюль i‑ver‑o, дзе корань i < iz‑ < eiz‑ < eiǵ + суф. ‑ver‑. Дыскутуецца і паходжанне пачатковага i‑: у ім бачаць прыстаўку *jь (Трубачоў, Эт. сл., 8, 251), пратэзу (Бернекер, 1, 439; Міклашыч, 97, з сумненнем) ці, што мала верагодна, прыдыхальны i‑ (Брукнер, 623).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

І́мпэ́т ’разгон, парывістасць, імклівасць, напор, націск’ (ТСБМ, БРС, Касп., Бяльк., Нас., Гарэц., Яруш.), ’пах, дух’ (ТСБМ), ’ахвота, жаданне’ (Бір. Дзярж., Бяльк.), ’выбух, паветраны штуршок, выбухная хваля’ (Касп.; брэсц., Жыв. сл., 164), ’энергія чалавека’ (брэсц., Жыв. сл., 164), и́мпэтъ, и́нпэтъ ’цяжкі дух’ (Мал.), і́мпа́т ’паветра, пах, спецыфічны дух’ (Сцяц.; стаўб., Жыв. сл., 71), ’парыў (паветра)’ (Сцяц.), ’цяжкі дух, смурод’ (слонім., Нар. лексіка, 52); параўн. зах.-бранск. и́мпет, и́нпет ’напор, напружанне; цяжкае паветра, цяжкі дух’ (Растаргуеў, Бранск.). Ст.-бел. импетъ ’напор, націск’ (1674 г.) з польск. impet < лац. impetus ’парыў, разбег, напор’ (Булыка, Запазыч.; SWO, 300). Няма падстаў лічыць, што лексема была забыта і зноў увайшла ў бел. мову ў пачатку XX ст. (як Гіст. лекс., 259). З польскай таксама рус. дыял. и́мпет ’удар, напор, імклівасць; ударная сіла’ (у рускай пісьменнасці з 1718 г., Біржакова, Очерки, 363), укр. і́мпет ’моцны націск, парыў, сіла’. У сучасных беларускіх гаворках семантычны аб’ём слова значна пашырыўся. Схему семантычнага развіцця, відаць, можна ўявіць такім чынам: ’парыў’ → ’парыў (паветра)’ → ’паветра’ → ’пах, дух’ → ’цяжкі дух, смурод’. Далейшая ступень канкрэтызацыі — імпа́т ’адзежа з-пад хворага’ (Жд. 2), дзе семантычны перанос звязаны, напэўна, са спецыфічным пахам адзення хворага чалавека.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

варо́ты, ‑аў; адз. няма.

1. Шырокі праезд у сцяне, плоце, які закрываецца створкамі або закладваецца жардзінамі. У варотах мільганулася жаночая постаць з вёдрамі. Колас. Гумно на двое варот — не гумно, а гмах. Чарнышэвіч. // Створкі, якімі закрываецца такі праезд. Вароты ў двор ужо былі насцеж адчынены. Краўчанка. Падышлі [браты] да сцяны, а ў ёй жалезныя вароты на замку. Якімовіч.

2. У спартыўных гульнях — строга акрэсленая і вылучаная частка прасторы на полі, якая абараняецца кожнай камандай. Футбольныя вароты. □ Пачалася гульня. Мы перадавалі мяч адзін аднаму, потым білі па варотах. Васілёнак. // Вузкі праход паміж скаламі (на моры, у гарах). Царскія вароты. Байдарскія вароты.

3. перан. Пункт, праз які ажыццяўляецца інтэнсіўная сувязь з навакольныя светам. Марскія вароты. □ Брэсцкі вакзал вобразна называюць варотамі нашай Радзімы. «Звязда».

4. Спец. Месца ўваходу ў які‑н. орган ці выхаду з яго крывяносных і лімфатычных сасудаў. Вароты печані.

•••

Ад варот паварот гл. паварот.

Вароты пірагамі падпёрты дзе, у каго — пра багатае прывабнае месца.

Не лезці ні ў якія вароты гл. лезці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

забе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце, ‑бягуць; пр. забег, ‑ла; заг. забяжы; зак.

1. Бегучы, трапіць куды‑н., апынуцца дзе‑н. Казёл забег у агарод. □ Ля кладкі ў брод забеглі дзеці — усім па кветачкі вада. Ляпёшкін. — У хлопцаў ногі лёгкія, як бачыш забягуць дадому. Гамолка.

2. Зайсці куды‑н. мімаходам, на кароткі час. Па дарозе дадому Люба забегла на медпункт. Шамякін. Як на тое, у пакой забег Вадзімка. Чагосьці пашукаў пад ложкам і выбег. Сабаленка.

3. Абагнаць каго‑н., перагарадзіўшы дарогу. [Боганчык] бег, б’ючы каленам аб заднюю вось; цягнуў за лейцы, накручваючы іх на руку, і чуў: нічога не можа зрабіць. Пасля падумаў, што трэба забегчы каню наперад. Пташнікаў. «Ты мой, як міленькі, толькі каб не дапусціць цябе да алешніку», — думаў Павел, стараючыся забегчы ад кустоў. Тады парушальнік змяніў кірунак і кінуўся ў бок сасновага лесу. Пальчэўскі.

•••

Забегчы наперад — а) зрабіць што‑н., парушыўшы паслядоўнасць; б) апярэдзіць каго‑н. у дасягненні, атрыманні чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)