хіб, ‑а, м.

1. Пярэдняя частка хрыбта некаторых жывёл (свінні, быка і пад.). Свіння, калышучы вялізным хібам, спакойна ўзрывала зямлю пад карэннямі сухога бука. Самуйлёнак. Люся паказала на чучала здаравеннага быка з магутным крутым хібам. Даніленка. Поўсць збоку, дзе сочыцца кроў, мокрая; зверху на хібе ўжо высахла і стаіць — што ўсё адно воўк атросся ад вады. Пташнікаў.

2. Поўсць на хрыбце. Сабака ўбачыў незнаёмага, злосна забурчаў і наставіў хіб. Якімовіч. Алесь прыйшоў у гнеў, у дзікі, І ў абурэнне, жаль вялікі, Катоў ён бедных б’е, ганяе, За хіб у сені выкідае. Колас.

3. Спінны плаўнік у рыбы. — Нідзе не дзенецца! — Андрэй паволі выбраў жылку, і вось ужо рыбіна б’ецца ў роснай траве, настаўляе калючы хіб, цяжка хаўкае жабрамі. Ваданосаў. Як падчэпіш ярша на кручок, дык ён растапырыць жабры, паставіць калючы хіб і нават хвост сагне — так не даецца. Дайліда.

4. перан. Верхні край чаго‑н. на канцы, грэбені (страхі, хвалі і пад.). [Міканор] бег па зломе страхі, па самым хібе — каб не так крута было, бег з нечакана згаданай хлапечай праворнасцю. Мележ. Язэп зняў шапку, выцер лоб і кінуў яе на пракос. Шапка лягла на хіб пракоса, фарсіста задраўшы ўгору патрэсканы казырок. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страх, ‑у, м.

1. Пачуццё і стан вельмі моцнага спалоху; боязь. Калаціцца ад страху. Умлець ад страху. □ Грыша раптам прыгадаў бацькоў і здрыгануўся: яго апанаваў страх. Пальчэўскі. Карн ніколі не ведаў пачуцця страху, ніколі не думаў аб смерці. Шамякін. А дужасцю славіцца той, Хто можа любою парой — Хоць радасць, хоць гора ці страх — Трымаць сябе моцна ў руках! Непачаловіч. Алень, адчуўшы на сабе драпежніка, ад болю і страху памчаў, як шалёны. В. Вольскі. // Выражэнне, праяўленне трывогі, неспакою, боязі. І з кожным пытаннем голас у Васіля змяняўся: то ў ім гучэў малады задор, то чуўся страх утраты любай дзяўчыны. Колас. У .. вачах [жанчыны] быў страх. Мележ. // звычайна мн. (стра́хі, ‑аў). Разм. Тое, што страшыць, выклікае трывогу. Юстын плакаў. Ніколі ён яшчэ не бачыў столькі страху. Няхай. Аб .. [Радзівіле] старац шмат страху казаў, Ажно з жалю сціскаліся грудзі, Як ён вёскі паліў, мужыкоў забіваў, Як бязвінную кроў лілі людзі. Чарот. / у вобразным ужыв. [Бабка Ягася:] — Ціха, дзіцятка, спі, Лізанька, я страхі прэч прагнала, яны больш не вернуцца. Арабей. У страха вочы лупатыя і лыжка здаецца лапатаю. Грахоўскі.

2. у знач. вык. Разм. Страшна, жах. [Маці:] — Юрку Пакамісяваму хоць бы што, а Шуру ноччу так разварыла — проста страх. Ставер.

3. у знач. прысл. Разм. Вельмі, надзвычайна. А колькі зелені там летам! Як у вяночку, стаіць хата. Грыбоў і ягад — страх багата!.. Там выгад болей, чалавеча!.. Колас. [Дзед Нічыпар:] — Наадварот, гэта я вам дзякаваць павінен: страх не люблю адзін па дарогах ездзіць. Васілёнак. // (у спалучэнні са словам «колькі»: страх колькі). Вельмі многа, вельмі моцна. Цераз верх плота па снягу лазілі зайцы. Шмат — страх колькі — папсавалі прышчэпаў. Баранавых.

•••

Набрацца страху — нейкі час быць у стане моцнага спалоху.

Нагнаць страху на каго гл. нагнаць (у 6 знач.).

На свой страх — тое, што і на сваю рызыку (гл. рызыка).

Не вялік (і) страх — не мае значэння, няважна.

Не за страх — свядома, па сваёй волі; вельмі старанна, добрасумленна (рабіць што‑н.). Мы не за страх — за сваё рабілі. Куляшоў.

Пад страхам чаго — пад пагрозай.

Страх бярэ (браў, узяў) — а) становіцца (станавілася, стала) страшна. Не было начной рашучасці, і млявасць была ў нагах, у руках. Аж брыдка, браў страх... Мележ; б) становіцца (станавілася, стала) неспакойна, дзіўна. [Фрэйда:] — Вучыцца ён добра, і ў яго такі сталы розум, што мяне аж страх бярэ. Бядуля.

Трымаць у страху (пад страхам) каго — поўнасцю падначаліць сабе, падпарадкаваць пагрозамі каго‑н.

Увагнаць у страх каго — тое, што і нагнаць страху (гл. нагнаць у 6 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Се1, сё ‘вось’: Се і хлеба нетуці; Сё прыду (Ласт.); ‘гэта, гэтак’: се дзеўка роўная з ею; се кажуць міншчане (Ян.), у спалучэннях асё, асёж ‘вось, глянь’: Асё маці мая; Дзе нож? — Асё‑ж ляжыць (Ласт.), о се ж ‘вось тут’, до се ‘дасюль’ (ТС), ст.-бел. се ‘вось гэта’: чиѧ молодица се (Альтбаўэр), ‘вось, так, цяпер’ (Ст.-бел. лексікон), параўн. укр. се ‘гэта’, старое рус. сё, стараж.-рус. се, ст.-чэш. se, палаб. , ст.-польск. sie, серб.-харв. се, балг. дыял. со, ст.-слав. се ‘тс’. Прасл. *se ‘гэта’ роднаснае літ. še ‘вось табе на’, лат. še ‘тс’ (Буга, Rinkt., 2, 481). Гл. сей, ся.

Се2 ‘калі’ (умоўны злучнік): “ой, се моя сестра, то прашу я да хаты, а се сивая зазулька, то ляти ў луги кавати” (беласт., у запісах Раманава, гл. Карскі 2-3, 497), у спалучэннях себ ‘калі б’, се хоч ‘калі’, не се ‘быццам; здаецца’ (Список слов… Гродн. и Минск. губ., рукапіс). Паводле Патабні (Из записок, 1–2, 294), аналагічны злучнік, вядомы ў паўночна-заходніх украінскіх гаворках, паходзіць з се, осе (“из се, осе, асе, как указания на недавнее или наличное, произошло се… если”), гл. се1. Інакш укр. се, се‑б, ся‑б ‘калі’ разглядае ЕСУМ (5, 200) (рэдукцыя если б, што малаверагодна).

Се3 ‘сябе’: ты сʼе́ ў абʼиду нʼи давай (Сцяшк. Сл.), звычайна ў спалучэнні з прыназоўнікамі: цягня да се́ (Скарбы), śmièrci na sie spadziewàŭsie; starỳ maładùju żuònku bierè nie dzieła sie (Федар. 4), сам за се заступіцца ні можа (шчуч., Нар. лекс.), параўн. укр. за ся, ст.-рус. на ся, польск. дыял. na się, в.-луж. na so, н.-луж na se, палаб. püd są, серб.-харв. пода̄ се, славен. zase, ст.-слав. на сѧ. Прасл. *sę ‘сябе’, націскная (неэнклітычная) форма В. скл. адз. л. (ESSJ SG, 2, 599), роднасная ст.-прус. sien ‘сябе’, лат. ‘тс’, гоц. sik ‘тс’ (Фасмер, 3, 823). Беларуская форма звычайна разглядаецца як другасная, узнікшая ў выніку сцягвання сябе > се, паколькі нармальным усходнеславянскім рэфлексам *sę з’яўляецца ся, параўн. -ся (гл.); аднак нельга выключыць уплыў се1 (гл.) або энклітычнай формы зваротнага займенніка *se, да якой узводзяць беларускія і ўкраінскія зваротныя формы се, сё (ESSJ SG, 2, 599; ESJSt, 13, 812). Гл. таксама свой, сябе.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́вер ‘поўнач’ (брасл., Сл. ПЗБ), ‘паўночны вецер, холад’ (Касп., Варл., Сцяшк.; паст., лаг., Сл. ПЗБ; Хрэст. дыял.; бых., Мат. Гродз.), северы́к ‘тс’ (Анім. дад.), се́верыць ‘трэскацца ад холаду’ (мядз., Сл. ПЗБ), ‘трэскацца ад сонца і ветру (пра вусны і скуру на руках і нагах)’ (Варл.). Параўн. укр. сі́вер ‘халодны, пранізлівы вецер, холад’, ‘поўнач’, рус. се́вер ‘поўнач’, ст.-рус. сѣверъ ‘поўнач; паўночны вецер’, польск. дыял. śevorecka ‘імжа’, чэш. sever, славац. sever ‘тс’, в.-луж. sowjer ‘марыва, туман’, славен. séver ‘паўночны бок неба, вецер з таго боку’, серб.-харв. се̏вер ‘поўнач’, балг. се́вер, макед. север ‘тс’, ст.-слав. сѣверъ ‘поўнач, паўночны вецер’. Прасл. *severъ, якое мае адпаведнікі ў літ. šiarỹs ‘паўночны вецер’, šiarús ‘злосны, пранізлівы да касцей (вецер)’, лат. caurus ‘паўночна-ўсходні вецер’ і г. д., якія, як мяркуюць, роднасныя і.-е. *seu̯‑ ‘левы’. Гл. Фасмер, 3, 588 з літ-рай і наст.; ESJSt, 13, 812; Глухак, 552; Бязлай, 3, 231. Махэк₂ (542), які, следам за Эрхардам (SbP (Brno), 6, 5–7), прытрымліваецца гэтай версіі, тлумачыць гэта тым, што старажытныя людзі пры прынясенні ахвяр стаялі тварам да ўсходу, так што поўнач была ў іх з левака боку. Трубачоў (Этногенез₂, 386) звязвае племянную назву *sěver(ʼ)ane з яе лакалізацыяй на паўночным (левым) беразе Дуная. Гл. таксама сівер.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сле́пет1 зборн. ‘пчолы (дзікія)’, ‘дупло, у якім жывуць дзікія пчолы’ (Мат. Гом.), ‘мёд з дупляных лясных вулляў’ (Сцяшк. Сл.), слепета́ зборн. ‘дзікія пчолы’ (ПСл, Мар. Том.), сле́пат ‘тс’ (Некр., Маш.; палес., Сержп. Бортн.), сле́пят ‘тс’ (Маш.), сле́паты ‘тс’ (Некр.), сле́пет, сле́пят, сле́пяты, сле́патні, сле́плі, сляпні́, сле́пцы, сляпцы́ ‘тс’ (ЛА, 1), сле́петы, сле́патні ‘тс’ (ТС, Шатал.), сле́пета, сле́пето, сле́пецень, сле́пацень, сле́пет, сле́пят, сле́пец, сляпа́к ‘дупло, дзе пчолы’ (ЛА, 1); слепатне́ ‘лясныя пчолы, што жывуць у дуплах’ (ганц., Сл. ПЗБ), ст.-бел. слепетъ (свепетъ) ‘дзве борці, злучаныя разам на дрэве’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. палес. сле́пень, слє́потєнь, слі́епетєнь ‘тс’. Паводле Машынскага (Pierw., 188), узыходзіць да прасл. *svep‑. Хутчэй за ўсё, у выніку збліжэння з сляпень (гл.), параўн. лезці сле́петнем (слепіцэю) ‘лезці нахабна, назойліва’ (ТС). Параўн. ЕСУМ, 5, 304. Гл. свепет.

Сле́пет2 ‘кураслеп дуброўны, Anemone nemorose L.’ (Шат., Сл. ПЗБ, Кіс.), ‘казялец, Ranunculus L.’ (Сл. ПЗБ), слепата́ ‘тс’ (там жа). Калі меркаваць па іншых назвах раслін (сляпуха, кураслеп, слепнік (Сцяшк. Сл.), рус. куричья слепота, укр. сліпота, курослі́п), ад сляпы‑ (гл.) з суф. ‑et‑, ‑ot‑ (‑e‑ у суфіксе можа быць пад уплывам каранёвага галоснага, гл. Вондрак, Vergl. gr., 1, 450); паводле Аненкава (34), у народнай медыцыне першая з названых раслін ужываецца супраць курынай слепаты. Параўн. ЕСУМ, 5, 305.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́ці ’супраць’ (ТСБМ, Ян., ТС), ’насуперак’, ’насупраць’, ’у параўнанні з’ (Нас.), ’у прысутнасці’, ’насуперак’, ’напярэдадні’ (Сл. ПЗБ), ’наперад’ (Ян.), проціў ’тс’ (Нас., Шат., ТС), ’напярэдадні’ (ТС), праці́ ’супраць’ (Стан.). Рус. про́тив, дыял. про́ти, проть ’насупраць, насустрач’, укр. про́ти, про́тив ’супраць, перад; насустрач’, ст.-рус. противъ, противу, ст.-слав. противъ ’супраць’, польск. przeciw, дыял. proci, чэш. proti, protiv, славац. proti, в.-луж. přećiwo, н.-луж. pśeśiwo ’супраць’, серб.-харв. про̏тӣв ’супраць, насупраць’, славен. prọ̑ti ’насустрач’, próti ’ў напрамку да’; protivo (прысл.), балг. проти́в ’супраць, насупраць’. Прасл. *proti, таксама *protivъ, што было ўтворана як прыметнік ад *proti, *protivǫ; апошняе з’яўлялася В. скл. адз. л. назоўніка ж. р. protiva, якое захавалася толькі ў чэш. protiva ’праціўны чалавек’. Бліжэйшыя адпаведнікі прасл. *proti (*preti) у лат. pretī, pretiem ’насустрач, супраць’, pret ’проці, перад; да, у параўнанні з’, ст.-інд. práti ’супраць’, лац. pretium ’кошт, цана’, гл. Фасмер, 3, 382–383, з літ-рай. Інакш Копечны (ESSJ, 1, 226), які ўслед за Зубатым (Studie, 2, 50) зыходнай формай лічыць *protiva наз. ж. р., з якога потым развіліся прыметнікавыя формы *protivǫ, што ў выніку скарачэння далі *proti, таму што і.-е. *proti павінна было б даць у славянскіх мовах *protь. Махэк₂ (48, 3) канцавое i ў *proti тлумачыць падаўжэннем ‑ь, “каб слова мела належны аб’ём”.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

свет, ‑у, М свеце, м.

1. Зямля з усім тым, што на ёй існуе; сусвет (у 2 знач.). Падарожжа вакол свету. □ [Фрэйда:] — Мяне.. пачынае цікавіць увесь свет: дзе і як жывуць працоўныя. Бядуля. Колькі людзей, далёкіх, невядомых! Яны ж сабраліся сюды [на Сусветны кангрэс міру] з усяго свету. Маўр. // Усё жывое, усё навакольнае; усё, што акружае чалавека. Свет імгненна перастаў для.. [Івана] існаваць, саступіўшы месца бязладнай жудасці сноў. Быкаў. // Грамадства, людзі. Свякроў знала, што будзе бяда, і таму не пайшла ў лён, а выйшла палоць грады. «Ну ж і свет пайшоў, — мармытала яна, — абы трохі, дык і на табе»... Брыль.

2. Тое, што і сусвет (у 1 знач.). Каб быць пакарыцелем свету, Не толькі зямлёю трэба ўладаць, А трэба ўзняцца На сінюю гладзь — І неба павінна табе пакарацца! Чарот.

3. Шостая частка сусвету; планета. Шырокі малюнак недасяжных светаў раскрываўся перад вачамі маладога настаўніка ва ўсёй сваёй таемнасці і бязмежнасці. Колас. Мне разгадаць бы вечнасці сакрэт — адмоўнай сіметрычнасці прычыну: святло і цемра, свет і антысвет, хлусня і праўда часу, плюс і мінус. Русецкі.

4. які. Чалавечае грамадства, аб’яднанае пэўным грамадскім ладам, культурнымі і сацыяльна-гістарычнымі адзнакамі. Капіталістычны свет. Сацыялістычны свет. Антычны свет. // перан.; чаго або які. Лад жыцця. Хай свет стары шакалам вые. Кляшторны. Гарыць маяк Сусветнае Камуны, І з кожным днём Ярчэй яго прамень. І гімны творчых дум Імпэтам зв[а]нкаструнным Вітаюць новы свет, Вітаюць новы дзень. Хведаровіч.

5. чаго або які. Якая‑н. сфера жыцця ці з’яў у прыродзе. Неарганічны свет. Раслінны свет. □ Пярэстая кабылка, худая, нядужая, а натурыстасць у яе была такая, што ва ўсім жывёльным свеце падобнай не знойдзеш. Кулакоўскі. // чаго. Якая‑н. асобная галіна, сфера рэчаіснасці; сукупнасць якіх‑н. з’яў, прадметаў, што акружаюць чалавека. Свет гукаў. Свет фарбаў. □ [Марынка] схілілася над сшыткамі, паволі ўваходзячы ў знаёмы свет формул і вывадаў. Хадкевіч. // Кола з’яў псіхічнага жыцця (пачуццяў, перажыванняў і пад.). У алегарычных апавяданнях Я. Колас перадае погляды простага чалавека на жыццё, раскрывае свет яго ўяўленняў і мар. Пшыркоў. Паэт закліканы паказваць духоўны свет савецкага чалавека ва ўсёй яго велічы. «Полымя».

6. чаго або які. Якая‑н. сфера, галіна дзейнасці людзей. Ніякім забабонам не ўстояць перад светам навукі, якая дапамагае нам пазнаваць і перабудоўваць свет. «ЛіМ».

7. Кола людзей, аб’яднаных агульнай прафесіяй, прыналежнасцю да якога‑н. асяроддзя і пад. Артыстычны свет. Прыдворны свет. // У буржуазна-дваранскім грамадстве — кола асоб, якія належалі да прывілеяваных класаў. Вышэйшы свет. Вялікі свет.

8. Зямное жыццё ў процілегласць незямному. Разгадаць такую загадку і цяпер не магу, пражыўшы на свеце паўсотню гадоў. Шамякін.

•••

Геацэнтрычная сістэма свету гл. сістэма.

Геліяцэнтрычная сістэма свету гл. сістэма.

Новы свет — Амерыка.

Стары свет — Еўропа, Азія, Афрыка ў адрозненне ад Новага свету, Амерыкі, якую адкрылі пазней.

Частка свету гл. частка.

Адкрыты свет — усё даступна.

Адкрыць свет гл. адкрыць.

Адправіцца на той свет гл. адправіцца.

Адправіць на той свет гл. адправіць.

Баламуціць светам гл. баламуціць.

Белы свет — зямля, зямны шар; чалавечае грамадства.

Блізкі свет; не блізкі свет; за блізкі свет — далёка.

Брыдзіць светам гл. брыдзіць.

Выйсці ў свет гл. выйсці.

Гнаць на той свет гл. гнаць.

Гэты свет — зямны свет, жыццё як супрацьпастаўленне замагільнаму свету.

Да сканчэння свету гл. сканчэнне.

Загарадзіць свет гл. загарадзіць.

Загнаць (увагнаць, звесці) на той свет гл. загнаць.

За свет (ісці); за светам — далёка.

Звесці са свету гл. звесці.

Зжыць са свету гл. зжыць.

З-за свету — здалёк.

З усяго свету — здалёк, немаведама адкуль.

З’явіцца на свет гл. з’явіцца.

Ісці на той свет гл. ісці.

Край свету гл. край ​1.

На краі свету гл. край ​1.

На край свету гл. край ​1.

На свет глядзець не хочацца гл. глядзець.

На чым свет стаіць — вельмі моцна (лаяць, крычаць і пад.).

Ні за што на свеце гл. што.

Ні свет ні зара — да світання, самым ранкам, вельмі рана.

Пайсці (падацца) у белы свет гл. пайсці.

Пакінуць гэты свет гл. пакінуць.

Перавярнуць (увесь) свет гл. перавярнуць.

Перавярнуць усё на свеце гл. перавярнуць.

Пусціць на свет гл. пусціць.

Пусціць па белым свеце гл. пусціць.

Свет аб’ехаць гл. аб’ехаць.

Свет гарыць — тое, што і ліха гарыць (гл. ліха).

Свет завязаць гл. завязаць ​1.

Свет зачыніўся — аб наступленні цяжкага, неспакойнага перыяду ў жыцці.

Свет зачыніць гл. зачыніць.

Свет клінам (не) сышоўся на кім-чым — хто‑н. або што‑н. не з’яўляецца адзіным, ёсць і іншыя.

Свет не бачыў — надзвычай, незвычайна.

Свет стаіць на кім-чым — асноўваецца, грунтуецца жыццё на кім‑, чым‑н.

Свету белага (божага) не бачыць гл. бачыць.

Свету (белага) не відаць гл. відаць.

Сканчэнне свету гл. сканчэнне.

Смуродзіць свет гл. смуродзіць.

Стары як свет гл. стары.

Такі свет настаў — настала не тое жыццё.

Той свет — замагільны свет як супрацьпастаўленне зямному свету, жыццю.

Трубіць на ўвесь свет гл. трубіць.

Убачыць свет гл. убачыць.

У белы свет як у капейку — без мэты, не ведаючы куды, куды вочы глядзяць (ісці, садзіць і г. д.).

(Увесь) свет засланіць гл. засланіць.

Усё на свеце гл. усё.

Чуць свет — раніцай, на золку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ахва́т ’хвароба жывёлы, часцей за ўсё коней, ад празмернага кармлення ці паення’ (КТС), о́хват (Клім.), ахват ’хвароба ад натугі’ (КЭС, лаг.), охват ’хвароба рук, калі іх гарачымі апускаюць у халодную ваду’ (КСТ), ахваціцца ’захварэць, выпіўшы халоднай вады, калі ўвагрэешся’ (Сцяц.), укр. охват ’хвароба: ламота ў паясніцы’, польск. ochwat ’захворванне коней ад няправільнага кармлення ці празмернай працы’, ’хвароба рук ад цяжкай працы ці ад удару’, ochwacić (ręce albo konia) ’стаміць, зрабіць няздольным да працы’, ochwacić się ’ўжыць што-небудзь празмерна, перасыціцца чым-небудзь’, славац. ochvat ’захворванне жывёлы ад прагнасці’, славац. і чэш. мар. ochvátiti se ’захварэць, прагна з’еўшы што-небудзь’ (пра жывёлу), ст.-чэш. ochvátiti sě ’стаміцца, загнацца, узмыліцца’. Да хватаць ’спяшацца’, параўн. хват, хваткі ’хуткі, лоўкі’, рус. дыял. охватывать ’многа, прагна есці’, ’хутка рабіць працу’, укр. хвата́тися спяшацца’ чэш. chvátati, славац. chvátať, в.-луж. chwatać, н.-луж. chwataś, гл. Махэк₂, 210, паводле якога не звязана з xytiti ’спяшацца’ і xvátati ’хапаць’ насуперак Брукнеру, 274; Фасмеру, 4, 239; Слаўскаму, 1, 93. Параўн. падхваціць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́шва1 ’шво’ (чэрв., Сл. ПЗБ; рэч., нараўл., добр., Мат. Гом.; брагін., Шатал,; Ян.). Ад по- (*po‑) і *šъvъ ’шво’ (Фасмер, 4, 443–444, 463–464). Да шво, шыць (гл.).

По́шва2, по́шавачка, по́шаўка, по́шыўка, по́шуўка, пошувка ’навалачка’ (баран., в.-дзв., маст., віл., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.; маладз., карэліц., Янк. Мат.; Інстр. 1, Бес.), ’насыпка’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. пошва, пошовка ’пасцельная бялізна’, укр. по́шивка, поши́ванка ’навалачка’, польск. poszewka ’навалачка’, poszwa ’навалачка’, ’насыпка’. Ад по́шва1 (гл.) па мадэлі ’дзеянне’, ’спосаб дзеяння’ > ’прадукт дзеяння’; літаральна по́шва ’тое, што пашылі’, якое да *posjъva < *po-sjy‑ti (Банькоўскі, 2, 719).

По́шва3 ’прошва’ (паст., Сл. ПЗБ). Ад про́шва (гл.) з выпадзеннем зычнага -р-, магчыма, пад уздзеяннем по́шва1 ’шво’ (гл.)

По́шва4, по́швіна ’тонкая жардзіна, якая накладаецца на разасланую кулявую салому і прывязваецца віткаю за латы’ (Янк. 1), рус. дыял. по́шва ’дошка, якую прыбіваюць да борта лодкі, каб падоўжыць яго’, по́швы, по́шевни ’абшытыя лубам сані’. Да шыць > пашыць (гл.), параўн. зашыць ’забіць дошкамі, шалёўкай’, абшыць ’абабіць дошкамі, лістамі бляхі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Праго́н1 ’дзеянне паводле дзеяслова прагнаць’ (ТСБМ), ’абгароджаная з двух бакоў дарога, па якой ганяюць жывёлу’ (ТСБМ), ’праход (для жывёлы)’, ’равок для сцёку вады’, ’пратаптаная сцежка’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом., ТС), ’сцежка ў лесе, вытаптаная жывёлай’ (Шатал.), ’дарога за гумном’ (Сцяшк. Сл.), ’бэлька, ачэп’ (Мат. Гом.), прого́ны ’падоўжанае тоўстае бервяно, на якое насцілаюць мост’ (лун., Шатал.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад прагнаць < гнаць. Аналагічныя дэрываты ва ўсіх славян у розных значэннях: рус. прого́н, укр. прогі́н, польск. przegon. чэш. průhon, славац. priehon, серб.-харв. прогон, славен. progòn. У значэнні ’дарога для прагона жывёлы’, адзначаным ва ўсходнеславянскіх, заходнеславянскіх і сербска-харвацкай мовах, магчыма, прасл. *progonъ. Гл. яшчэ Куркіна, Этымалогія–1968, 97.

Праго́н2 ’ачэп’, ’кладзь, якая служыла апорай страхі на сохах’ (брэсц., кобр., Нар. сл.). Рус. прого́н ’кладзь, ляжачая частка рыштавання вакол будоўлі’, ’палка ў невада, якой ён прапускаецца пад лёд’, укр. прогін ’палка ў невада, якой ён прапускаецца пад лёд’. Этымалагічна тое ж, што і папярэдняе.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)