Нацянькі́ ’напрасткі, бліжэйшай дарогай’ (Гарэц., Др., Яруш., Некр., Бяльк., лях., Янк. Мат., Сцяшк.), ’кароткім шляхам’ (Сл. ПЗБ), наценькі́ ’напрамік, наўпрост’ (слуц., Нар. словатв., ТС), параўн. нацянёк ’кароткім шляхам’ (лаг., Сл. ПЗБ), укр. давати натеньки́ ’намякаць’. Да цянькі́ ’бліжэйшая прамая, але глухая, цяністая ці небяспечная дарога, ідучы па якой лёгка збіцца’: Цянькі бываюць на тры дзянькі (Нас.), Цянькі дома не начуюць (Сл. ПЗБ), як відаць, звязанае з цень, цянёк, параўн. дыял. на́цень ’тс’, што можа быць вынікам народнай этымалогіі; параўн. іншую версію: з на‑цям‑кі, ад цяміць ’помніць, кеміць, заўважаць’ (Шуба, Прыслоўе, 141). Гл. папярэдняе слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Негадзя́й ’нягоднік, паганец’ (Ян.), негодзя́й ’няздольны да працы, ні да чаго не варты чалавек; гультай, нягоднік’, негодзя́йка ’няздатная да працы, няўмелая жанчына’ (ТС), неґаджа́й (ніґаджай) ’неахайны чалавек’ (Сцяц.), укр. негодя́й ’няварты, няздольны да дзеяння чалавек’, рус. негодя́й ’няздольны для справы чалавек; гультай’. Аддзеяслоўны назоўнік, параўн. не гадзіцца (негодзицьца, Нас.) ’быць непрыгодным’, негадзі́вы ’непрыгодны’ (Некр.), негадзя́вы, негадзя́шчы ’паганы; непрыдатны’ (Сл. ПЗБ), ’няздатны; непрывабны, непрыгодны; нядобры, паганы’ (Ян.), ’няздольны да працы, слабы’ (ТС), не́гадзь ’няздольны чалавек’ (Растарг.). Суфіксацыя, як у валача́й ’валацуга’ і пад. (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 23, а таксама Львоў, РР, 1969, 4, 100–101). Гл. нягоднік.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Недаве́рак ’той, хто не верыць’ (Бяльк., ТСБМ): Niedawierki każuć, szto czerwiaka zubatocza niema na świeci (Пятк. 2), ’дысідэнт, не адной веры’ (Нас.), недавя́рак ’недаверлівы чалавек’ (Сцяц.), ’злыдзень, прахвост’ (дзярж., Нар. сл.), укр. недові́рок ’рэнегат; малаверны’, польск. niedowiarek ’няверны, ерэтык, адшчапенец; няверуючы, атэіст; малаверны чалавек’. Здаецца, што тут аб’ядналіся розныя па паходжанню словы; адны з іх утвораны ад не давяраць або з больш ранняга спалучэння не да веры (польск. nie do wiary) ’цяжка паверыць’, якія маглі з’явіцца самастойна ў кожнай з моў, іншыя запазычаны з польскай мовы, куды, як мяркуецца, трапілі з чэш. nedověrek ’ерэтык, адступнік’ (параўн. Урбаньчык, ZPSS, 1988, 457).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ну́тка ’ну, давай’ (Нас.), наткала ’калі падахвочваюць да падняцця цяжару’ (Чачот), рус. нутко ’ну, давай’. З ну (гл.) і ўзмацняльнай падвойнай часціцы ‑tk‑, якая можа адлюстроўваць кантамінацыю ўзмацняльных партыкул *‑to (параўн. серб.-харв. нито ’тс’) і *‑ka (параўн. рус. пука ’тс’) (ESSJ SG, 1, 331), або непасрэдна з ⁺нуте (гл. нуце) і ‑ka (параўн. тутака, тамака), што павінна было адбыцца яшчэ да пераходу т’ > ц у беларускай мове. Не выключаны ўплыў дзеяслоўных канчаткаў, пры якім ‑т адпавядае адз. л. ‑це — мн., а ‑ла — форме прошлага часу, параўн. славен. nut (адз. л.), ’бач’, nuta (падв. л.), nute (мн. л.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Няве́чыць ’калечыць, рабіць недзеяздольным, псаваць’ (ТСБМ), няве́чыць ’біць, калечыць; абражаць, зневажаць’ (Ян.), нівечыць (нивичиць) ’ператвараць у нішто, ужываць на зло’ (Нас.), укр. ні́вечити ’псаваць, зніштажаць, ператвараць у нішто; мучыць, здзекавацца, жорстка абыходзіцца’, польск. niweczyć ’ператвараць у нішто, нішчыць, разбураць’, славац. nivočiť ’тс’. Зыходная форма *vъ ni‑vъ‑čь‑ > + у ні ва што (ператварыцца), сучаснае ў нішто, параўн. ст.-бел. в ни ве што побач ни в што (XV ст., Карскі 2–3, 215), у Насовіча: въ нивичъ пошло, гл. нівеч. Літаратурная форма з ня‑, відаць, пад уплывам народнаэтымалагічнага збліжэння з не век, нявечна і пад., параўн. таксама ўкр. не́віч ’нішто’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ні́цы ’нізкі, паніклы (звычайна пра дрэва)’ (Сл. ПЗБ, Касп.), ’апушчаны ўніз’ (Сцяшк. Сл.), ’скрытны, пануры’ (Касп., Бяльк.), ’скрытны; хітры, няшчыры’ (Нас.), ’змрочны, пануры’ (ТС), ’подлы, ганебны’ (Ян.), ’пахмурны, непагодлівы’ (Сл. ПЗБ, ТС), укр. ни́ций ’подлы, нізкі, пошлы’, рус. ни́цый ’нізкі, паніклы; подлы’. Параўн. ц.-слав. ниць, прыслоўе ’ніц, ніцма’ і прыметнік ’пахілены ўперад’, усё да *nicь (гл. ніц1). Спробы вывесці значэнне ’пахмурны, хмурны’ са значэння літ. nykýs ’хмурны’ (Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1972, 1, 80) непераканальныя, бо указанае значэнне натуральна выводзіцца са значэння ’навіслы, змрочны’, фармальна ж беларускае слова не можа быць запазычаннем з літоўскай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кано́н кану́н, кану́на ’сыта, куцця, абрадавая салодкая страва, якая гатуецца к памінкам’ (Нас., ТС, Вешт.; калінк., Мат. Гом.; бярэз., рагач., круп., чэрв., пух., калінк. Сл. паўн.-зах.); ’узаконенае правіла вышэйшай царкоўнай іерархіі’, ’спіс рэлігійных кніг’, ’царкоўнае песнапенне ў пахвалу святога або свята’ (ТСБМ). Укр. канун ’салодкая страва к фэсту’, канон; рус. смал. канон ’куцця з мёдам’, кастр. ’салодкае піва на ўсяночнай’, рус. канун ’маленне’, ’паніхіда’, ’дзяды’, ’першая гадавіна смерці’, ’памінкі’, ’куцця’, ’піва’, ’асвячоны мёд’, смал. кануна ’паніхіда’ і інш. Ст.-рус. канонъ (XII ст.), канунъ. Апошняя форма — народная. Запазычана з грэч. κανών ’палка, шнур, лінейка’. Разгляд літ-ры гл. Фасмер, 2, 180–181.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́тар ’насмарк’ (БРС, ТСБМ, Нас., Касп., Шат.). Рус. ката́р ’тс’, укр. ката́р. Запазычанне з еўрапейскіх моў; магчымыя крыніцы: польск. або ням. мова ў XVII ст. Шатэрнік меркаваў толькі аб польскай крыніцы слова (гл. яго слоўнік). Польск. katar ’тс’, ням. Katarrh, па крыніцах, якія прыводзіць Шанскі, 2, К, 92, з’яўляюцца непасрэднымі запазычаннямі з лац. (< грэч.). Але паводле Клюге, 356, ням. Katarrh узята прама з грэч. katárrhūs. Невядома ў якіх адносінах да формы ка́тар знаходзяцца іншыя варыянты назвы гэтай хваробы. Так, у Насовіча знаходзім ка́тарг (каторгъ) ’насмарк’, а ў Каспяровіча ка́тарга. Можна меркаваць, што тут, магчыма, адлюстроўваецца лац. перадача грэч. назвы (тыпу katárrhūs).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́фля ’керамічны выраб для абліцоўкі сцен і печаў у выглядзе пліткі, вугла, часткі карніза’ (ТСБМ, БРС), ка́фля, ка́хля (Сл. паўн.-зах.), ка́хля ’кафля’ (Сцяшк. МГ, Нас., Бяльк., Касп., Шат.). Ужо ў ст.-бел. мове назіралася варыянтнасць форм гэтага слова. Гл. у Булыкі, Запазыч., 144: кафель, кафля, кахель, кахля ’кафля’. Параўн. рус. ка́хля, ка́фля (Фасмер, 2, 212). Непасрэднай крыніцай запазычання для слав. слоў з’яўляецца польск. kafel, kachel, kafla, kachla < ням. Kachel (далей крыніцай ням. слова было лац. *caccalus ’гаршчок’). Гл. Фасмер, 2, 212, Кюнэ, Poln., 61; Слаўскі, 2, 20, Шанскі, 2, К, 101–102; Булыка, Запазыч., 144.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́чка ’вадаплаўная птушка сямейства качыных з шырокай пляскатай дзюбай і кароткімі шырока расстаўленымі лапкамі’ (ТСБМ, БРС, Касп., Нас. і інш.). У бел. мове гэта слова зафіксавана ў помніках як запазычанне з польск. kaczka на пачатку XVI ст. (гл. Булыка, Запазыч., 144). Як адзначае Слаўскі (2, 14), у польск. мове, як ва ўсіх зах.-слав. мовах (акрамя н.-луж.), не засведчана наогул старая назва качкі *ǫtу. Зах.-слав. *kačьka выводзіцца некаторымі даследчыкамі ад імя *Katerina (Бернекер, 1, 465; Брукнер, 212; Фасмер, 2, 214; Кюнэ, Poln., 61 і інш.). Паводле Слаўскага, там жа, 15, хутчэй трэба думаць аб гукапераймальным паходжанні слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)