Доўг ’доўг’ (БРС). Рус. долг, укр. дыял. довг, ст.-рус. дългъ, длъгъ, дълъгъ, долгъ, чэш. dluh, славац. dlh, польск. dług, балг. дълг, дыял. длъг, серб.-харв. ду̑г, ст.-слав. длъгъ. Прасл. *dъlgъ ’доўг’ (так у Трубачова, Эт. сл., 5, 179; у Фасмера, 1, 524, і іншых праформа *dьlgъ. Аргументацыя Трубачова: «Праформа слав. *dьlgъ, якую пры гэтым дапускалі, трэба сказаць, занадта блізка падводзіць нас да вядомага прыметніка ’доўгі’, каб гэту блізкасць ігнараваць»). Слова даволі цёмнае па этымалогіі. Лічылі роднасным з гоц. dulgs ’доўг’, ірл. dligid ’доўг’ (гл. Фасмер, 1, 524; Бернекер, 1, 224; Траўтман, 55 і наст.). Не вельмі абгрунтаванымі былі версіі аб запазычанні з герм. моў або кельцкіх. Лічыцца няпэўным і збліжэнне з прыметнікам ’доўгі’ (*dьlgъ), якое прапанавалі Праабражэнскі, 1, 188–189, і Брукнер, 90. Агляд версій гл. яшчэ ў Трубачова, 5, 180.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́верзня ’бесталковы, хлуслівы’, накаверзнічаць ’схлусіць’ засведчаны ў Барысаўскім р‑не (Жакава, Совещание по ОЛА, 1975, 199). Укр. каверза ’хітрыкі, штука’, каверзник не выглядае як народнае, аднак Грынчэнка з паметай «Лебед. у.» прыводзіць слова каверзякати ’верзці лухту’. Рус. каверза вядома ў літар. мове (з 1641) і ў гаворках: пск., асташ., цвяр. каверза ’пра чалавека, які прыносіць іншым непрыемнасці’, перм., алан., арх. ’пляткар, пляткарка’, валаг. ’штукар’, алан. ’назола’, смален. кавирзу сплесть ’схлусіць, сказаць плётку, узвесці паклёп’. Усх.-слав. утварэнне ад коверзати ’плесці’, гл. кавярзаць. Семантыка празрыстая, параўн. рус. сплетня, польск. plotki. Бел. каверзь ’лухта’ можна параўнаць з рус. пск., асташ., цвяр. каверзь ’дрэнь, брыдота’ (параўн. адзначанае на той жа тэрыторыі каверзяниться ’пэцкацца’), ’пра пустога, нікчэмнага чалавека’; бел. каверзня ’пра бесталковае, хлуслівае’ з рус. пск., асташ., цвяр. каверзня ’неверагоднае, або такое, якое не заслугоўвае даверу, апавяданне’. Гл. кавярзень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калма́ты ’пакрыты густымі скудлачанымі валасамі, поўсцю, касматы, кудлаты’, ’зроблены са скуры з доўгай густой поўсцю; з доўгім ворсам’, ’аброслы валаскамі, пушынкамі; нягладкі’ (БРС, ТСБМ). У гаворках: ’ускудлачаны, непрычасаны; касматы’ (Мал., Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Шат.). Ёсць таксама форма камлаты ’тс’ (івац., Бір., Працы ІМ, 6; саліг., Нар. словатв.; Сл. паўн.-зах., ТС, Федар. I). Дакладных адпаведнікаў да гэтага слова як быццам няма. Сустракаецца яно толькі ў с.-бел. гаворках; сказаць цяжка, ці вядома шырэй; таксама з дзвюх форм цяжка выдзеліць першасную. Відавочная інавацыя або архаізм, нельга таксама выключыць запазычання слова. Калі зыходзіць з архетыпу калм‑, можна прывесці некаторыя паралелі з суседніх рус. гаворак (гл. калмач і камлак), аднак у лінгвагеаграфічным аспекце яны неістотныя. Для такой структуры можна меркаваць аб праформе kl̥m‑, магчыма, паралельную да kl̥t‑ і да т. п. (параўн. калдыга і інш., гл. вышэй). Аб імавернасці такога меркавання сведчыць зах.-бран. калманоги ’кульгавы’, у такім выпадку можна думаць аб даўняй семантыцы ’боўтаць’, ’боўтацца’ і ’кульгаць’ (’хадзіць, перавальваючыся’?). Не выключана, што сюды можна аднесці і ўкр. калмичити ’змочваць снапы ў вадкай гліне перад пакрыццём даху’. Калі зыходзіць з першаснай формы камл‑, неабходна мець на ўвазе магчымасць утварэння такой асновы і з больш ранняй *кабл‑. Такая магчымасць уяўляецца тым не менш малаверагоднай, хоць выключыць яе поўнасцю нельга (параўн. камлук, каблук). Можна меркаваць аб магчымай сувязі з лахматы. Калі метатэза халматы сапраўды мела месца, наступнае азванчэнне зычнага не здаецца неверагодным. Апрача ўсяго гэтага, тут мог рэалізавацца субстратны ўплыў (параўн. жанікжаніх і інш. у бел. зоне моцнага балтыйскага ўплыву). У такім выпадку лёгка можна вытлумачыць параўнальна вузкі арэал распаўсюджання бел. слова. Адносна запазычання нічога пэўнага сказаць нельга. Таксама няясна, ці ёсць падставы лічыць разглядаемае слова архаізмам, паколькі нельга падмацаваць такое меркаванне надзейнымі доказамі. Адносна формы калматы параўн. яшчэ полац. хамлак (гл. падрабязней пад калмык).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ва́жкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае значную вагу пры невялікім аб’ёме. Жыта стаяла, як лес, і кожны колас важкі, нібы наліты золатам. Хадкевіч.

2. перан. Важны па свайму значэнню, значны. Важкі працадзень. // Змястоўны. Вельмі скупы на эпітэты, паэт выбіраў найбольш важкія словы, якія надавалі вершу энергічнасць, вялікае сэнсавае папаўненне і пластычнасць. Шкраба.

3. перан. Пазбаўлены лёгкасці; цяжкі. Важкія крокі. □ І прыносіш ты туды, вадзіца, Важкі сум ад сэрца Кацярыны. Багдановіч.

4. перан. Пераканаўчы. Важкія довады. □ [Прафесар] нешта запісваў у свой блакнот, відаць, збіраўся сказаць сваё важкае слова. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

Разм.

1. Вырвацца, зайсці далёка наперад (у час атакі, наступлення і пад.). [Зімін:] Не вытрымалі, халеры, пяткі паказалі! Пагнаў.. [немцаў] Марасян, але боязна, каб не зарваўся. Губарэвіч. // перан. Зайсці далёка ў чым‑н., перайсці ўсякія межы. — Мала што я магу сказаць! Хіба ты ўсё павінен слухаць? Ты ж павінен паправіць мяне, калі я дзе зарваўся! Лобан.

2. Абарвацца ўнутры чаго‑н. (пра нітку). Нітка зарвалася ў клубку.

3. Раптоўна спыніцца, абарвацца. Мар’яна нібы атупела, Зарваліся голас і слёзы. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зваро́т, ‑у, М ‑роце, м.

1. Вяртанне адкуль‑н. назад, на ранейшае месца. Зварот на радзіму. □ Я толькі магу адно сказаць, што па звароце ў Мінск.. — мае самыя лепшыя думкі будуць аб пралетарскім чырвоным Полацку. Купала.

2. Просьба, заклік, выступленне, звернутыя, накіраваныя да каго‑, чаго‑н. Зварот партыі да народа. □ У кішэні ў .. [Бінке] ляжала лістоўка са зваротам рускага камандавання да нямецкіх салдат. Шамякін.

3. Група слоў, якія ўтвараюць пэўнае адзінства; слоўны выраз. І калі ўдаецца .. [ксяндзу Пацяйкоўскаму] які-небудзь надзвычай трапны сказ, зварот, ён паўтарае яго ўголас. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змаро́зіць 1, ‑рожу, ‑розіш, ‑розіць; зак., каго-што.

Пашкодзіць (якую‑н. частку цела), не ўкрыўшы ад моцнага марозу, холаду. Заснуў быў [Завішнюк], змарозіў і рукі, і ногі, і твар. Пташнікаў. // Прымусіць азябнуць, прамерзнуць, пратрымаўшы доўга на марозе, холадзе. Вядзі дзяцей у хату, бо змарозіш, на холадзе.

змаро́зіць 2, ‑рожу, ‑розіш, ‑розіць; зак., што.

Разм. Сказаць што‑н. недарэчнае, неразумнае. Піліп некаторы час думае, потым падымае руку: — Дзед Архімед! Скажыце, за што вам медаль далі? — Усе заміраюць і сядзяць, нібы мышы пад мятлой. І трэба ж такое змарозіць! Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

і́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які існуе, маецца ў рэальнасці. Цяпер ужо Каралькоў крычаў на ўсё поле, абвінавачваючы мяне ва ўсіх грахах, існых і выдуманых. Шамякін.

2. у знач. наз. і́снае, ‑ага, н. Тое, што існуе ў рэальнасці. Прымаць жаданае за існае. □ Нават маўклівы матэматык Рамашка не стрымаўся, каб не сказаць колькі слоў у абарону дакладных навук, без якіх, як ён адзначыў, нельга ўявіць нічога існага на зямлі. Дамашэвіч.

3. Сапраўдны, рэальны. — У нас ёсць адзін селянін, Шкробат Тарэнта. Ён самы існы п[рыхільнік] справядлівасці. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абвінава́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што ў чым і без дап. Лічыць каго‑н. вінаватым у чым‑н. А супярэчыў.. [Сцяпан Варанец], так сказаць, прынцыпова: не можна, бачыце, абвінавачваць чалавека, калі добра не ведаеш. Крапіва. // Устанаўліваць віну каго‑н. у судовым парадку; лічачы вінаватым у чым‑н., прыцягваць да судовага разбору. Думкі перабіў ураднік. — У чым жа вас абвінавачваюць? — запытаў ён. — За што судзяць? Колас. // Папракаць, асуджаць за што‑н. Абвінавачваць у неаб’ектыўнасці.

2. без дап. Выступаць у якасці судовага абвінаваўцы, пракурора. Малады пракурор абвінавачваў упершыню.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

без’язы́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Які не валодае мовай, нямы. Пакута плёскае праз край! А ты глядзі і не зважай! А ты маўчы, як без’языкі! Колас. // Які дрэнна, невыразна гаворыць.

2. перан. Які не ўмее прыгожа і дасціпна гаварыць, трапна адказаць. Праўда, і сам.. [Алесь] быў далёка не без’языкі, — і перакінуўся з ёю ветліва-вострым слаўцом, і пасмяяўся разам з хлопцамі, але ж і злосны быў на тую... падумаеш! — німфу, пакуль, нарэшце, не прыехалі хлопцы з музыкамі... Брыль. // Які не можа, не адважваецца сказаць што‑н. каму‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)