пяву́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які многа спявае, любіць спяваць, здольны пець. Пявучая птушка. Пявучы народ. □ Прывет табе, зямля Тараса, Зямля пявучая братоў. Танк. // Які выклікае жаданне пець. Пявучы настрой.

2. Меладычна-працяжны, падобны на спеў. Пявучы акорд. Пявучая гаворка. □ Зоры далёкія, зоры бліскучыя Ціха гараць над зямлёй. Крыкі знаёмыя, тоны пявучыя Льюцца вячэрняй парой. Колас. Расія.. словам Пушкіна пявучым з дзяцінства ўскалыхала нас. Броўка. Я чуў яе [Іры] пявучыя словы: — Макарка, як добра, як хораша нам на нашай вуліцы. Сабаленка. // перан. Які ўтварае працяжныя манатонныя гукі. Вецер, рэзкі і пякучы, заскуголіў пад акном. Машара. Над Дзвіною бары пявучыя. Бураўкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парале́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Спец. Які знаходзіцца на ўсім працягу на аднолькавай адлегласці ад якой‑н. лініі (плоскасці) і пры прадаўжэнні не перасякаецца з ёю. Паралельныя лініі.

2. Які размяшчаецца ў адным напрамку, знаходзіцца на ўсім працягу прыблізна на роўнай адлегласці ад чаго‑н. Калі апошні вагон праплыў перад Віцевымі вачыма, хлопец заўважыў, што на паралельным пуці стаіць новы састаў. Нядзведскі. Далёка наперадзе і паралельнымі дарогамі снавалі разведчыкі. Лынькоў.

3. Які дубліруе, паўтарае што‑н.; аднолькавы, падобны. Паралельныя функцыі. Паралельныя граматычныя формы. □ Няўжо гэта той хлопчык-задзіра з паралельнага «Б» класа? Гарбук.

4. Які адбываецца адначасова, побач з кім‑н. Паралельнае чытанне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

снегавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да снегу; з снегу, з снегам. Снегавыя сумёты. Снегавая лінія. Снегавыя хмары. □ Тысячамі дарог і ў розных кірунках збягае вясною снегавая вада. Колас. Шмат дзён было такіх — хмурных, снегавых і мокрых. Чорны. // Зроблены з снегу, у снезе; снежны. Зрабіць снегавую гару. Снегавая хатка. Снегавая баба.

2. Пакрыты снегам. Высокія горы са снегавымі вяршынямі. □ Бязлюднае снегавое поле супакойвала. Гарэцкі.

3. Прызначаны для збірання і пад. снегу. Снегавы шчыт. Снегавая машына.

4. Падобны колерам на снег. З чупрынай белаю, як лунь, І з барадою снегавою, Зямлёй прапах[л]ы і сасною, Ён [мужык] пільна ўсё глядзіць на рунь. Багдановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сп’яне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Стаць п’яным, ап’янець. Пасля пакурылі [Астаповя і Блецька], яшчэ выпілі па шклянцы, сп’янелі і яшчэ мацней пачалі гаварыць. Чорны. [Змітрок] выпіў адну чарку, потым другую, вельмі хутка забыўся на свой сорам і сум, разам з усімі смяяўся, жартаваў з Кузьмы, бо той неўзабаве зусім сп’янеў і заснуў проста за сталом. Сачанка. // Прыйсці ў стан, падобны да стану ап’янелага чалавека (ад пахаў, стомленасці і пад.). Мы проста сп’янелі ад гэтых кніг, ад усяго багацця, ад усяго хараства, пра якое, зразумела, раней не маглі і ў сне сасніць... Дубоўка. Гляджу я, — шаман ад песні больш, чым ад гарэлкі, сп’янеў; усе павесялела. Багдановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сябро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.

Дзяўчынка, дзяўчына або жанчына, якая сябруе з кім‑н. [Пятро:] — Сёння скардзілася мне [Вольга], што вы [Лена] хоць і сяброўка ёй, але робіце нешта такое не па-сяброўску. Што вы не падзялілі? Ваданосаў. Дзяўчаты былі сяброўкамі, хаця вучыліся па розных факультэтах і не былі падобны адна на адну сваімі характарамі. Шахавец. Абкружыў яе [Кацярыну] жаданы круг сябровак дарагіх... Броўка. / у перан. ужыв. Золь асенняя, туман. Шэпчуць жоўклыя лісты. Ноч — сяброўка партызан, Друг іх верны — лес густы. Крапіва. // Пра каханую жанчыну. Каханнем першым І шчырым, і непаўторным Цябе я, сяброўка, кахаў. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цмо́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Утвараць губамі гук, падобны гуку ўсмоктвання. Толік спаў і час ад часу смачна цмокаў губкамі. Пальчэўскі. Цмокалі на коней мужчыны, грукалі і скрыпелі вазы... Чорны. Каля плакатаў спыняліся людзі, чыталі, цмокалі языкамі, пасмейваліся. Броўка.

2. каго-што. Разм. Гучна цалаваць. Перш чым прыўзняцца, .. [Артур] ветліва і прыязна адразу ж пачаў цмокаць.. [Марыі] руку і тут жа падаў кветкі. Гроднеў. Ганна Макараўна гучна цмокала.. [Мішку] ў пульхную шчочку, туліла да сябе. Марціновіч.

3. што. Разм. Раскурваючы люльку, смактаць цыбук. Дзядзька Пракоп спяшліва хапаецца за сваю люльку, якая ледзь не пагасла, хуценька цмокае яе. Быкаў. Губы цмокалі цыбук. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ку́ка1 ’вялікі драўляны малаток’ (ТСБМ, Касп., З нар. сл., Нар. словатв., Нар. лекс.). Параўн. літ. kúokas, лат. kúoks ’драўляны молат для гульні або глушэння рыбы’. Беларускае слова (значэнне ’для глушэння рыбы’ зафіксавана, напр., у Касп., 170) запазычана з балтыйскіх дыялектаў (БСЭ, 5, 13–14; Лаўчутэ, Балтизмы, 144).

Ку́ка2 ’фіга’ (Нас., Сл. паўн.-зах., Бяльк.). Рус. кука ’кулак’. Параўн. балг. кука ’крук’, серб.-харв. ку̏ка ’тс’. Параўн. літ. kukà ’дубінка’, kúoka ’тс’, лат. kùoks ’палка’. Іншыя індаеўрапейскія паралелі менш надзейныя (Бернекер, 639; Фасмер, 2, 404).

Ку́ка3 ’дзіцячая болька’ (Сцяц., Нар. лекс.), ’тое, чым палохаюць дзяцей’ (Жыв. сл.). Крыніцай беларускіх слоў лічацца літ. kaũkas ’дамавік, чорт’, лат. kauks ’тс’. Запазычанне адбылося да манафтангізацыі дыфтонгаў (Лаўчутэ, Балтизмы, 47).

Ку́ка4 ’стары танец, падобны да карагода’ (ТС). Няясна. Да ст.-грэч. κύκλος ’карагод’? Якімі былі шляхі пранікнення?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калбаны́ ’луг з купінамі’ (Касп.). Адпаведнікаў да бел. слова ў іншых мовах як быццам няма. Можна суаднесці з усх.-слав. колб‑, узнавіўшы яго на базе такіх фактаў, як рус. вяц. колба ’фігура ў форме шара’, дыял. ’абрубак дрэва’, укр. ковбан ’кароткі тоўсты абрубак дрэва’, ковбаня ’катлавіна або яма, напоўненая вадой’, рус. калуж. калбина ’невялікае возера’, семантыка якіх дазваляе лічыць бел. слова роднасным гэтай аснове, але наяўнасць у прыведзеных лексем значэнняў ’яма’, ’вадаём’ гаворыць пра магчымы перанос ’посуд’ > ’вадаём’. Не выключана, што падобны ці нават больш складаны працэс быў у выпадку з разглядаемым словам, таму неабходна суаднесці калбаны і калбан ’гладыш’. Верагоднасць такога супастаўлення пацвярджаецца геаграфіяй, аднак фармальнае і семантычнае падабенства да калдабан ’выбоіна’ дазваляе меркаваць аб утварэнні калбаны з калдабаны (выпадзенне складу, магчымы ўплыў іншых лексем), хаця і такая версія не з’яўляецца бясспрэчнай. Адносна ўсх.-слав. колб‑ гл. падрабязней пад каўбух.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зарасці́, ‑расту, ‑расцеш, ‑расце; ‑расцём, ‑расцяце; пр. зарос, ‑расла, ‑ло; зак.

1. чым і без дап. Пакрыцца, парасці якой‑н. расліннасцю. За апошнія гады дзялянка зарасла маладым бярэзнікам, які быў ужо вышэй рослага чалавека. Шуцько. // Пакрыцца валасамі, поўсцю і пад. Твар .. [камандзіра брыгады] асунуўся, пацямнеў, зарос за час блакады густой барадою. Шамякін. [Андрэй] амаль не падобны быў сам на сябе: твар густа зарос, скроні ўпалі і быццам бы пасівелі. Кулакоўскі.

2. Разм. Зажыць, зарубцавацца (пра рану). І ў чалавека раны зарастуць, Але рубцы навечна застануцца. Свірка.

•••

Зарасці (парасці) быллём — адысці ў нябыт, забыцца. Ліха тое сёння Адышло далёка, Зарасла быллём. Колас.

Зарасці граззю — без догляду вельмі забрудзіцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

металі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Зроблены з металу. Металічныя канструкцыі. □ Пагарэльскі здымае з рамы цяжкую накрыўку і ў зямлі відно, як ляжаць металічныя мадэлі. Скрыган. Рэч хутчэй нагадвала ружжо, са ствала якога выглядала вострая металічная страла. Шашкоў.

2. Які мае адносіны да металу, звязаны з апрацоўкай металу. Дзіўна выглядалі тады белыя, надзвычайна чыстыя кветкі.. на яго [Захарыя] шырокай далоні, цёмнай ад металічнага пылу, ад машыннага масла. Самуйлёнак.

3. Уласцівы металу, падобны на метал. [Хвалі] былі сінява-чорныя з глухім металічным бляскам. Зарэцкі. // перан. Які нагадвае гукі ўдару аб метал. Металічны голас. □ Рыжая асака, не кранутая ў свой час касой, стаяла напаўроста ў вадзе і пазвоньвала пад ветрам металічным звонам. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)