Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗА... (ад грэч. isos роўны, аднолькавы, падобны), першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае роўнасць, падабенства паводле формы ці прызначэння, напр., ізагамія, ізатэрмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАНСЕ́Й (РУКЮ́) ЖО́ЛАБ,
дэпрэсія дна на З Ціхага ак., якая працягнулася ўздоўж а-воў Нансей (Рукю) амаль на 1500 км. Мае V-падобны папярочны профіль, дно месцамі плоскае, падзеленае парогамі на асобныя дэпрэсіі. Макс.глыб. 7507 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКІ ПАЛА́Ц,
помнік архітэктуры канца 18 ст. Пабудаваны ў 1778—87 у г. Крычаў Магілёўскай вобл. для кн, Р.А.Пацёмкіна, у 1840-я г. рэканструяваны. Мураваны П-падобны ў плане 2-павярховы будынак накрыты пакатым 2-схільным дахам. Арх. вырашэнне гал. фасада мае рысы несапраўднай готыкі: цэнтр вылучаны рызалітам, раскрапаваным гранёнымі пілонамі, вуглавыя пілоны завершаны зубцамі і нагадваюць вежы, аконныя праёмы стральчатай формы. Астатнія фасады расчлянёны пілястрамі. Тарцы бакавых крылаў вырашаны ў строгіх класіцыстычных формах, завершаны трохвугольнымі франтонамі. Інтэр’еры залаў і пакояў мелі багатую ляпную аздобу, мармуровыя каміны, кафляныя печы. Перад палацам быў пейзажны парк (захаваўся часткова), за ім — П-падобны ў плане будынак стайні і пладовы сад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІМІКРЫ́Я (англ. mimicry ад грэч. mimikos пераймальны),
адзін з тыпаў ахоўнай афарбоўкі, формы і паводзін; імітацыйнае падабенства неабароненага арганізма да абароненага або неядомага. Узнікненне М. шляхам натуральнага адбору звязана з выбіральным знішчэннем арганізмаў інш. арганізмамі, якія ў пошуках корму карыстаюцца зрокам.
У жывёл М. выяўляецца ў знешнім падабенстве неабароненых жывёл з прадметамі навакольнага асяроддзя і раслінамі (мімезія), або з неядомымі ці абароненымі жывёламі (міметызм). Адрозніваюць 2 формы М., названых па прозвішчах вучоных, што далі іх апісанне: Г.Бейтса (1862) і ням. заолага Ф.Мюлера (1864). Пры бейтсаўскай М. ядомыя і неядомыя для драпежнікаў жывёлы маюць падобную афарбоўку, як, напр., матылі бялянкі Dismorphia astynome i Perrhybris pyrrha падобны да неядомых ярка афарбаваных матылёў сям. геліканід, што маюць непрыемны пах і смак. Пры мюлераўскай М. некалькі абароненых відаў жывёл маюць падобны выгляд, імітуюць адзін аднаго па афарбоўцы і форме і ўтвараюць «кольца» М. (напр., восы, ядавітыя жукі і інш.). У раслін М. служыць пераважна для прываблівання або адпужвання жывёл і звычайна тычыцца асобных органаў, а не расліны цалкам.
Да арт.Мімікрыя: А — бугай, непрыкметны ў чароце (мімезія); Б — таракан прозаплекта семперы (1), падобны на божую кароўку (2; міметызм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЦЫНА́ЛЬНЫЯ ГРА́НІ (лац. vicinalis ад vicinus суседні, блізкі, падобны),
грані крышталёў, на якіх ёсць спадзістыя пірамідальныя ўзвышэнні (віцынальныя піраміды) або ямкі. Утвараюцца пры росце крышталёў у пункце выхаду вінтавой дыслакацыі. У розных крышталёў маюць розную форму, што дае магчымасць па іх вызначаць сіметрыю ў крышталяграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛА́ТНІК,
умоўная назва першай залатой манеты ўсх. славян часоў Кіеўскай Русі, выпушчанай Уладзімірам Святаславічам у канцы 10 ст. Маса 4—4,4 г.Падобны на сучасныя яму візант. соліды. З 11 вядомых экзэмпляраў З. 6 паходзяць з Пінскага скарбу.
Златнік Уладзіміра Святаславіча [980—1015] з Пінскага манетнага скарбу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСО́Ў,
у беларусаў верхняе расхіннае сял. адзенне з белага даматканага палатна. Падобны на халат, часта з шырокім адкладным каўняром. Апраналі на кашулю, зімою на кажух. Да пач. 20 ст. быў пашыраны ў Віцебскай, на Пн Мінскай і Магілёўскай губ., а таксама на Смаленшчыне і Пскоўшчыне (Расія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫГІНА́Л (ад лац. originalis першапачатковы),
1) сапраўдны, аўтэнтычны твор у адрозненне ад копіі або падробкі, фальсіфікацыі; першапачатковы экзэмпляр дакумента.
2) У выдавецкай справе машынапісны экзэмпляр, рукапіс і графічны матэрыял, з якіх робіцца набор; дакументальная аснова друкаванага твора, напрыклад арыгінал кнігі, артыкула.
3) Не падобны на іншых, самабытны, своеасаблівы чалавек, дзівак.