узо́р, ‑у, м.

1. Малюнак, у якім спалучаюцца ў поўным парадку лініі, колеры, фігуры і пад. На стале, засланым абрусам з адмысловымі ўзорамі, роўнымі слупкамі ляжалі кнігі. Шамякін. [Дзед] замыславатымі тоненькімі інструментамі выбіваў на медзі разнастайныя ўзоры. Бядуля. Шура зрэзаў дзве арэшыны, аздабляе палкі ўзорамі. Навуменка. // Пра перапляценне, размяшчэнне чаго‑н. (святла, ценю, ліній і пад.), якое ўтварае ці нагадвае такі малюнак. Узоры маршчынак на твары. □ Цені ад .. [дрэў] клаліся на густую траву дзіўным узорам. Чарнышэвіч. А гэтым часам пры сасонцы Гадзюка грэецца на сонцы, — Блішчыць на ёй узор лускі. Крапіва. Валя з уздыхам загортвае вокладку, доўга ў задуменні глядзіць у расшытае срэбнымі марознымі ўзорамі акно... Васілевіч.

2. Паказальны або пробны экземпляр якога‑н. вырабу, прадмета і пад. Узоры тканін. Узоры паперы. □ Вось і шыльда майстэрні з залатымі літарамі на цёмна-зялёным шкле. Побач — невялікая люстраная вітрына, поўная ўзораў жаночага ўбрання. Машара. Мінеральныя злучэнні, узоры якіх Бурмакоў і Павел прынеслі з сабой, аказаліся падобнымі да зямных. Шыцік. Вёз бацькавага пісьма, без узору яго почырку нельга было рабіць якія-небудзь вывады. Шыловіч.

3. Паказальны прыклад чаго‑н. (якіх‑н. якасцей, дзеянняў і пад.). І вось зноў Крамлёўскі палац. На гэты раз яго запоўнілі жанчыны. Іх было многа-многа, з усяе краіны. Гэта ўсе тыя, хто паказвае ўзоры працы. Сабаленка. Я. Колас напамінаў .. пра «вялікі моўны запас, які незаслужана забыты намі». Сваёй пісьменніцкай практыкай ён паказаў узор творчага падыходу да скарыстання гэтага запасу. Юрэвіч. // Што‑н. дасканалае, вартае пераймання. І. Мележ шырока абапіраецца на традыцыі класічнага і савецкага раманаў, на лепшыя ўзоры нацыянальнай прозы. Гіст. бел. сав. літ. А. Александровіч бярэ за ўзор вершы Купалы. «Полымя». // Увасабленне якой‑н. якасці, уласцівасці. Але ў цэху ведаюць: калі Галя ставіць кляймо моўчкі, — гэта значыць, што дэталь з’яўляецца ўзорам дакладнасці. Васілёнак. Новы манеўр .. [Пацяроба] мог быць за ўзор геніяльнае прастаты і рашучасці. Зарэцкі.

4. Форма, від якога‑н. прадмета. Паміж сучасных архітэктурных ансамбляў, .. дзе пануе шкло і бетон, раптам праглядвае невялікі дом дарэвалюцыйнага ўзору. «Маладосць». Ішлі немаладыя ўжо дзядзькі з вінтоўкамі самых розных узораў, ішлі разведчыкі з аўтаматамі, медыцынскія сёстры з сумкамі цераз плячо. Дзенісевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзі́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца на першабытнай стадыі развіцця (пра людзей). Дзікія плямёны. // Не прыручаны, які жыве на волі ў адрозненне ад свойскага (пра жывёл і птушак). Дзікая каза. Дзікія гусі. □ Дзікі япрук рые зямлю ў глухіх закутках. Чорны. Час ад часу пачуеш вурчанне дзікіх галубоў, відаць, таксама стомленых спякотай. Брыль. // Не культываваны, які расце на волі ў адрозненне ад садовага, агароднага (пра расліны). Дзікая канюшына. Дзікая груша. □ Варвара прысела на лаўку ў альтанцы, апавітай дзікім вінаградам. Васілевіч. // Не крануты рукой чалавека; недаступны; нязведаны (пра абшары, прасторы). Дзікія нетры. Дзікія джунглі. Дзікія горы. □ Кіпіць, булькоча вада, старанна варочаючы скрылікі бульбы, а неўзабаве засквірчыць, запахне па-хатняму сала з цыбуляй — адзнака таго, што гэты бераг з усёй сваёй .. дзікай прыгажосцю абжыты гаспадаром, зямлі. Брыль. Бездань сініх вышынь, Дзікай Арктыкі лёд Добра нам вядомы. Колас.

2. Незаселены, неабжыты; глухі, запушчаны. [Зося] мінула гэтае ціхае цяпер, пустое.. дзікае месца. Чорны. — Каб гэты дзікі кут не быў добрым прытулкам для звяроў, — сказаў Віктар, — тады і нам не прыйшлося б тут сядзець. Маўр.

3. Нястрымны, неўтаймаваны, шалёны. Твар .. [Стафанковіча] завастрыўся, вочы глядзелі з дзікай зайздрасцю. Чорны. Дрыжачымі пальцамі зноў замацоўваў Мікола лыжы, у душы яго кіпеў нейкі дзікі гнеў. Навуменка.

4. Які пераходзіць межы нармальнага; неверагодны. Дзікі крык. □ Залямантавала бабка, але тут жа і сціхла, быццам гэты доктар сваімі рукамі зваліў з яе старых знясіленых плеч цэлую гару дзікага болю. Васілевіч. Пра, дзікія .. гулянкі [пана Скірмунта] з нечалавечымі ўчынкамі склаліся жудасныя легенды. Чарнышэвіч. // Жорсткі, зверскі, люты. Дзікае забойства. Дзікая расправа. □ .. [Нор] не хоча вяртацца.. у тую краіну дзікіх законаў.. Бацьку яго лінчавалі, маці памерла, шукаючы работы. Шамякін.

5. Дзіўны, незвычайны, недарэчны. Дзікая думка. □ І ніхто не разважыў, што гэта вясна Напляла дзікіх планаў, каторых не здзейсніць. Глебка.

6. перан. Які дзічыцца, пазбягае людзей; недаверлівы, нелюдзімы. Дзікі хлапчук. □ Мне ўжо і бабы казалі: «Дзікі якісь твой госць. Усё адзін, адзін». Вышынскі.

7. Не звязаны з пэўнай арганізацыяй; нелегальны. — Слухай, Пятро Макаравіч, хто ў нас пазірае за будаўніцтвам прыватных дач? .. Я маю на ўвазе дачы дзікія, што растуць у другіх месцах як грыбы. Шамякін. Пляж зваўся «дзікім», і людзей на ім ніколі не бракавала. Васілёнак.

•••

Дзікае мяса гл. мяса.

Дзікім голасам гл. голас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

другі́, ‑ая, ‑ое.

1. Ліч. парадк. да два (у 1 знач.). Другі па парадку. Другі дом з краю. Другая дзея п’есы. □ Дрэва хіснулася раз, другі; за трэцім разам гучна трэснула каля кораня і ўпала. Колас. На другой старонцы [газеты] быў надрукаваны ўказ аб прысваенні пачэсных званняў настаўнікам. Корбан. // Які робіцца або адбываецца паўторна. На гэтых папялішчах і пачалося другое нараджэнне калгаса. Якімовіч. // Ужываецца ў спалучэнні «адзін — другі» пры проціпастаўленні, пералічэнні. І хаты няроўныя тут, як і людзі: адна большая, другая меншая. Колас. [Барада] няроўная ў .. [дзеда] — адна палавіна густая, другая — рэдкая. Лынькоў.

2. Не такі, інакшы, непадобны да гэтага або ранейшага. Зусім другі голас чуе Паўлік — дабрадушны, ласкавы. Сташэўскі. За край небасхілу пралезла раўніна, І воблік зямлі стаў адменны, другі. Танк. // Процілеглы. Пераехаць на другі бераг ракі. □ Павел загадаў двум рабочым перайсці на другі бок пакгауза. Лынькоў.

3. Не гэты, іншы. Людзі гавораць, кахае Хлопца дзяўчына другая. Прыходзька. — Другім разам прыходзьце. Зараз няма калі. Спяшацца трэба. Кандрусевіч. / у знач. наз. другі́, ‑ога, м.; друга́я, ‑ой, ж. Другога слухай, а свой розум май. Прыказка. Сам не гам і другому не дам. Прымаўка. // у знач. наз. другі́я, ‑іх. Астатнія, іншыя. Штось новае кожны бачыў І сам у сабе і ў другіх. Колас. О, не хадзі к другім за радай, — У пушчы сонца не шукай! Купала.

4. Які замяняе першага, сапраўднага. Другая радзіма. Быць другім бацькам для дзяцей.

5. перан. Не галоўны, другарадны. На другіх ролях. На другім плане. // Які выконвае дапаможную партыю. Другая скрыпка. // Ніжэйшы, горшы па якасці за першы. Другі сорт. Каюта другога класа.

6. Разм. Некаторы, іншы, які-небудзь. І зробіць яшчэ Сцёпка такія выбрыкі ў паветры, што і артыст другі пазайздросціць. Колас. Была Марылька такая смелая, што і хлопец другі не дакажа. Якімовіч.

7. у знач. наз. друго́е, ‑ога, н. Страва, якая падаецца пасля першай. — Што там у цябе сёння на другое? — адставіўшы пустую талерку і адсопваючыся, спытаў Харытон Ігнатавіч. Васілёнак.

8. у знач. пабочн. друго́е. Па-другое. — А другое, усе мы гарапашнікі, неўзабаве будзем мець уласныя надзелы зямлі. Бажко.

•••

Адзін другога варты гл. адзін.

Адзін за другім гл. адзін.

Адна нага тут, другая там гл. нага.

Другая маладосць гл. маладосць.

Другая натура гл. натура.

Другі раз; другім разам гл. раз.

Другое дыханне гл. дыханне.

З другой оперы гл. опера.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каці́цца 1, качу́ся, ко́цішся, ко́ціцца; незак.

1. Верцячыся, рухацца ў адным напрамку (пра што‑н. круглае, шарападобнае). Маленькая пацешная постаць цягнулася наперад, да гэтага капрызнага мяча, які можа так слаўна скакаць па траве, а потым раптам сарвацца куды-небудзь убок і каціцца, каціцца, каціцца... Лынькоў. Колы стукаліся аб карэнне, плюхалі па гразі і каціліся бокам. Колас. // Саслізгваць, з’язджаць па нахіленай плоскасці. То коціцца камень з высокай гары, То птушка крычыць спрасоння. Свірка. Нарэшце дэтанатар падагнаны пад рэйку, і Тоня першая коціцца з насыпу. Шчарбатаў. // перан. Разм. Апускацца, станавіцца горшым у якіх‑н. адносінах. — Мы коцімся, коцімся ўніз. Дакаціліся ўжо да таго, што жонка друга не верыць нам, баіцца нас. Брыль.

2. Ехаць, пасоўвацца (пра сродкі перамяшчэння на колах). Была ўжо восень з першымі прымаразкамі, і таму павозка лёгка кацілася па гладкіх сухіх каляінах. Якімовіч. Паволі коціцца па няроўнай дарозе трохтонка. Ваданосаў. // Хутка ехаць па слізкай паверхні. Гонка, гонка, з горкі, з горкі Санкі коцяцца мае. Кірэенка. // перан. Хутка ісці (пра нізкага, тоўстага чалавека). [Гамрэкелі], уздымаючы пыл, каціўся па вуліцы, круглы, як мяч. Самуйлёнак. // перан. Хутка рухацца, перамяшчацца (пра вялікую колькасць, масу людзей). У гэты час рэшткі разбітых часцей ворага сапраўды каціліся назад па шляху, што ляжаў кіламетраў за тры ад вёскі. Якімовіч. // перан. Разносіцца, раздавацца (пра гукі). Гулкі стрэл коціцца па Прыпяці і глухне ў прыбярэжных травах і чаротах. Колас. Водгулле грымотаў кацілася імкліва і бурна, бы гул рэактыўнага самалёта. М. Стральцоў.

3. Цячы, струменіцца (пра ваду і пад.). Жоўтая вада з шумам і бульканнем шпарка кацілася ў бок рэчкі, пакідаючы шматкі бруднай пены. Шамякін. Крыніца крышталёвая ў траве Булькоча, ў рэчку коціцца ля бору. Бялевіч. Хутка я ўвесь прамок, а па твары каціліся буйныя кроплі поту. Анісаў. // Расцякацца, плаўна перамяшчацца (пра туман, дым і пад.). Туман коціцца ў даліне, Змоўкла птушка на галіне. Бядуля.

4. Плаўна рухацца па небасхіле. Агніста-чырвонае сонца хутка кацілася за небасхіл. Васілёнак. І месяц коціцца румяны Па-над пуховай гладдзю стрэх. Гаўрусёў. // перан. Ісці, рухацца (пра час, жыццё і пад.). Над разбураным краем Бурна каціўся Ўстрывожаны час. Глебка. Устанаўліваўся мір, і жыццё зноў кацілася той жа дарогай. Васілевіч.

5. заг. каці́ся (каці́цеся). Разм. Ідзі (ідзіце) адсюль.

каці́цца 2, ко́ціцца; незак.

Нараджаць дзіцянят (пра авечку, казу і некаторых іншых жывёл).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

куды́, прысл.

1. пытальнае. У якім напрамку?, у якое месца? — Куды, дзядзька, ідзеш? — спытаў яго вартавы салдат. Якімовіч. — А цяпер куды? — спытала Святланка. — Дзе тое метро? Васілёнак. // У пытальна-клічных сказах, калі імкнуцца спыніць каго‑н. — Куды лезеш? Назад!

2. пытальнае. Разм. На што?, для якой мэты? Куды столькі грошай патрацілі?

3. неазначальнае. Разм. У якое-небудзь месца, куды-небудзь. — Дзе хлопцы? — Пайшлі ў кіно, а можа яшчэ куды падаліся.

4. адноснае. Ужываецца ў якасці злучніка: а) у даданых сказах месца (часам з суадноснымі словамі «туды», «там» у галоўным сказе). Святлела неба, і недзе там, куды бег паравоз, разгараўся ўжо новы дзень. Асіпенка. Куды вецер вее, туды галлё гнецца. З нар.; б) у даданых дапаўняльных сказах (часам з суадносным словам «тое» ў галоўным сказе). — Хто ведае, куды вядзе вось гэта шэрая вузкая дарога? Галавач; в) у даданых азначальных сказах. Усе чамусьці павярнулі галовы ў той бок, куды накіраваўся Грышка. Чарот; г) у даданым уступальным сказе ў спалучэнні з часціцамі «ні», «б ні». [Пытляваны:] А мяне куды ні пастаў, дык я ўсюды харош. Крапіва.

5. у знач. часціцы. Разм. У спалучэнні з вышэйшай ступенню прыметнікаў і прыслоўяў абазначае: значна, намнога. Гэта кніга куды цікавейшая за тую. □ — Гляджу я на нашу моладзь, і сэрца радуецца, — кажа ён. — Такія ўмовы для яе ўсюды створаны. Нам было куды цяжэй... «Звязда».

6. у знач. часціцы. Ужываецца пры пярэчанні або пры ўнясенні паправак да сваіх слоў (звычайна з паўтарэннем слова, якое аспрэчваецца). — Паедзеш у горад? — Куды там у горад! Працаваць трэба. // З давальным склонам асабовага займенніка і звычайна з інфінітывам ужываецца для вырашэння немагчымасці чаго‑н. Куды вам да яго! □ — Ай-ёй, куды яму беднаму без нагі... — пачала маці, але Міхась перапыніў яе. Брыль. А яму, дзеду Лукашу, куды было цягнуцца пехатою за блізкі свет. Якімовіч.

•••

Куды вочы глядзяць гл. вока.

Куды груган касцей не занясе гл. груган.

Куды каторы гл. каторы.

Куды ні кінь вокам гл. кінуць.

Куды ногі нясуць гл. нага.

Куды папала гл. папасці.

Не ведаць, куды (дзе) дзецца (падзецца) гл. ведаць.

Хоць куды (у знач. вык.) — добры ва ўсіх адносінах, да ўсяго прыгодны. Гэта ж не дом, а звон. Ды і астатнія пабудовы — хоць куды. М. Ткачоў.

Хто куды гл. хто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спі́на, ‑ы, ж.

1. Задняя (у жывёл — верхняя) частка тулава ад шыі да крыжа. Рыбак, які нёс сеці, выпрастаў нарэшце спіну і паварушыў плячыма. В. Вольскі. Гуз паморшчыўся — ён абдзёр спіну і плячо, калі лез пад нары. Шашкоў. Заклаўшы рукі за спіну, .. [Булай] задаволена пазіраў на квяцісты графік. Шыцік. Я схапіў сачок, ускочыў у ваду .. і ўбачыў побач з сабою доўгую цёмную спіну шчупака. Якімовіч. / у перан. ужыв. Рыбак зморана шпарыў па шырокай спіне пагорка, пакутна цямячы, што галоўнае цяпер — адбегчыся як мага далей. Быкаў. Хвалі паўзуць няўмольна, Калматыя спіны іх гнуцца. Свірка. Сонца аглядае развітальным позіркам [в]острыя спіны стрэх. Крапіва.

2. Тое, што і спінка (у 3 знач.). Старая выцягнула са свайго падгалоўя брудную, працёртую на спіне кашулю. Брыль.

•••

Вецер у спіну каму гл. вецер.

Вывезці на спіне гл. вывезці.

Выехаць на чужой спіне гл. выехаць.

Гнуць спіну гл. гнуць.

Ездзіць на чыёй спіне гл. ездзіць.

За спінай — а) каго, чыёй, у каго таемна, без ведама каго‑н. [Джвучка:] — Вы мне тут сёння ўвесь вечар чаўплі, што за маім старшынствам жыццё было. Каму? Вам! Вы нажываліся за маёй спінай. Пташнікаў; б) каго, чыёй, у каго на чые‑н. сродкі; пад апекай каго‑н. [Якуб] жа робіць вялікую справу — адвучвае такіх лайдакоў, як ты, жыць за чужой спінай. Васілёнак; в) у мінулым. У Куляшова ўзлятаюць да зорак людзі, якія маюць за спінай вялікі, вопыт барацьбы за зямлю. Бярозкін; г) за сабой, ззаду. За спінаю ў мяне апынуўся горад, а наперадзе поле. Кавалёў. [Да салдат] дайшла вестка аб тым, што непадалёку, можна сказаць, за іх спінаю, размясціліся танкавая брыгада і полк «кацюш». Сіўцоў.

За спінай каго; з-за спіны каго — ззаду каго‑н., з-за каго‑н. Стоячы за спінай свайго незнаёмага таварыша, Сцёпка то ўсміхаўся, то паціскаў плячыма, калі чуў няправільныя адказы. Колас. Уся Падвалока паказалася Івану з-за спіны старога і паплыла, паплыла, паплыла ўправа. Брыль.

Мароз па спіне ідзе (прайшоў, прабег) гл. мароз.

Мурашкі забегалі (бегаюць, пабеглі, пайшлі) па спіне гл. мурашка.

Не разгінаючы спіны гл. разгінаць.

Нож у спіну гл. нож.

Павярнуцца спінай да каго-чаго гл. павярнуцца.

Стаяць за спінай чыёй, у каго гл. стаяць.

Удар у спіну гл. удар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; заг. набяры; зак.

1. што і чаго. Паступова беручы, узяць нейкую колькасць чаго‑н. Набраць бярэмя дроў. □ Раніцою Галіна з мужам пайшла ў ток. Трэба было ссыпаць у мяшкі звеяны ўчора авёс і набраць авечкам мурагу. Галавач. // Назбіраць нейкую колькасць чаго‑н. Набраць у лесе ягад. □ Гэта той самы бярэзнік, дзе летась наш дзядзька, ходзячы па грыбах, напаў на неруш і набраў цэлую сявеньку выдатных баравікоў-бярозавікаў. Колас.

2. каго-што і чаго. Узяць, захапіць з сабою. Набраць у машыну пасажыраў. □ [Грэчка] зойдзе да жонкі, набярэ хлеба, сала і перасядзіць навалу. Мележ. // Зачарпнуць, напоўніць чым‑н. Набраць вядро бензіну. □ Часавы раздзеўся, набраў у кварту вады і стаў умывацца. Чорны. Мікодым, зірнуўшы на дзіця, спалохаўся, хуценька набраў на рыдлёўку зямлі і засыпаў ёю лужынку. Сабаленка. // Уцягнуць, увабраць у сябе. [Андрэй] набраў як мага больш, паветра ў лёгкія і апусціўся на дно. Скрыпка.

3. што і чаго. Прыняць, узяць у нейкай колькасці. Набраць заказаў. Набраць работы на дом.

4. чаго. Купіць, набыць. Набраць матэрыі на касцюм. Набраць гавару на боты. □ [Люба:] — А глядзі, якую мы з таткам табе ляльку прывезлі і якую сукенку набралі! Васілевіч.

5. каго-што. Навербаваць, наняць, прыняць. Набраць рабочых. Набраць вучняў. // Вярбуючы, наймаючы, стварыць. Набраць войска. Набраць атрад. Набраць групу.

6. чаго (пераважна з адмоўем). Здабыць, набыць, знайсці, каб хапіла на што‑н. Нам грошай столькі не набраць. □ Дзе ж мне набраць было сіл На гучную песню мажору. Глебка.

7. што і чаго. Дасягнуць якой‑н. ступені ў сваім развіцці, руху і г. д. Вясенні дождж сады абмыў, І цвет набрала вецце. Пушча. І раптам — думка: а што, калі віхура набярэ сілы, сарве кран з упораў і перакуліць. Гарбук. Машына лёгка адарвалася ад узлётнай паласы і імкліва набрала вышыню. Алешка.

8. што. Скласці з асобных частак што‑н. цэлае. Набраць паркет. □ Такі букет восенню ў лесе можа набраць толькі дзявочая рука. Пташнікаў. // Саставіць з некалькіх лічбаў. знакаў. [Андрэй] падышоў да тэлефона, узяў трубку, набраў нумар. Васілёнак. Міхал падышоў да стала і, спяшаючыся, набраў патрэбны нумар тэлефона. Карпаў. // Скласці з друкарскіх літар (тэкст). Набраць кнігу. □ [Купала:] Рабочыя набралі.. [артыкул] зноў. Вітка.

9. чаго і што. Атрымаць у выніку спаборніцтва, экзаменаў і пад. Набраць найбольшую колькасць ачкоў. Набраць патрэбную колькасць балаў.

•••

Набраць сабе ў галаву — тое, што і убіць сабе ў галаву (гл. убіць).

Як вады ў рот набраць — нічога не гаварыць, маўчаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страх, ‑у, м.

1. Пачуццё і стан вельмі моцнага спалоху; боязь. Калаціцца ад страху. Умлець ад страху. □ Грыша раптам прыгадаў бацькоў і здрыгануўся: яго апанаваў страх. Пальчэўскі. Карн ніколі не ведаў пачуцця страху, ніколі не думаў аб смерці. Шамякін. А дужасцю славіцца той, Хто можа любою парой — Хоць радасць, хоць гора ці страх — Трымаць сябе моцна ў руках! Непачаловіч. Алень, адчуўшы на сабе драпежніка, ад болю і страху памчаў, як шалёны. В. Вольскі. // Выражэнне, праяўленне трывогі, неспакою, боязі. І з кожным пытаннем голас у Васіля змяняўся: то ў ім гучэў малады задор, то чуўся страх утраты любай дзяўчыны. Колас. У .. вачах [жанчыны] быў страх. Мележ. // звычайна мн. (стра́хі, ‑аў). Разм. Тое, што страшыць, выклікае трывогу. Юстын плакаў. Ніколі ён яшчэ не бачыў столькі страху. Няхай. Аб .. [Радзівіле] старац шмат страху казаў, Ажно з жалю сціскаліся грудзі, Як ён вёскі паліў, мужыкоў забіваў, Як бязвінную кроў лілі людзі. Чарот. / у вобразным ужыв. [Бабка Ягася:] — Ціха, дзіцятка, спі, Лізанька, я страхі прэч прагнала, яны больш не вернуцца. Арабей. У страха вочы лупатыя і лыжка здаецца лапатаю. Грахоўскі.

2. у знач. вык. Разм. Страшна, жах. [Маці:] — Юрку Пакамісяваму хоць бы што, а Шуру ноччу так разварыла — проста страх. Ставер.

3. у знач. прысл. Разм. Вельмі, надзвычайна. А колькі зелені там летам! Як у вяночку, стаіць хата. Грыбоў і ягад — страх багата!.. Там выгад болей, чалавеча!.. Колас. [Дзед Нічыпар:] — Наадварот, гэта я вам дзякаваць павінен: страх не люблю адзін па дарогах ездзіць. Васілёнак. // (у спалучэнні са словам «колькі»: страх колькі). Вельмі многа, вельмі моцна. Цераз верх плота па снягу лазілі зайцы. Шмат — страх колькі — папсавалі прышчэпаў. Баранавых.

•••

Набрацца страху — нейкі час быць у стане моцнага спалоху.

Нагнаць страху на каго гл. нагнаць (у 6 знач.).

На свой страх — тое, што і на сваю рызыку (гл. рызыка).

Не вялік (і) страх — не мае значэння, няважна.

Не за страх — свядома, па сваёй волі; вельмі старанна, добрасумленна (рабіць што‑н.). Мы не за страх — за сваё рабілі. Куляшоў.

Пад страхам чаго — пад пагрозай.

Страх бярэ (браў, узяў) — а) становіцца (станавілася, стала) страшна. Не было начной рашучасці, і млявасць была ў нагах, у руках. Аж брыдка, браў страх... Мележ; б) становіцца (станавілася, стала) неспакойна, дзіўна. [Фрэйда:] — Вучыцца ён добра, і ў яго такі сталы розум, што мяне аж страх бярэ. Бядуля.

Трымаць у страху (пад страхам) каго — поўнасцю падначаліць сабе, падпарадкаваць пагрозамі каго‑н.

Увагнаць у страх каго — тое, што і нагнаць страху (гл. нагнаць у 6 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суд, ‑а і ‑у, М ‑дзе і ‑дзе, м.

1. ‑а, М ‑дзе. Дзяржаўны орган, які разглядае і вырашае грамадзянскія спрэчкі і крымінальныя справы. Народны суд. Прыгавор суда. // Памяшканне, у якім знаходзіцца такі орган. У судзе свецяцца вокны. // зб. Суддзі. Нарада суда. □ І кідае [Варывода] строга свой зрок. — Суд ідзе! — грыміць урачыста! І вочы скіроўвае ўбок, Пранізвае імі фашыста. Колас. — Што вы маўчыце? — пытаецца суддзя. — У вас заўвагі да складу суда ёсць? Адводы, прапановы? Дадзіёмаў.

2. ‑а, М ‑дзе. Судовы працэс, разбор грамадзянскай або крымінальнай справы. Выступаць на судзе. □ Паведамілі, што пракурор патрабуе тэрміновага суда над браканьерам .. і хоча зрабіць гэты суд паказальным на ўвесь раён. Краўчанка. Суд цягнуўся два гады. Выйграў пан. Бядуля. Жук атрымаў учора павестку на суд з Мікітам за Марылін пасаг. Брыль. [Зося:] — На судзе мне трэба было ўсё, як было, расказаць. Чорны. / У складзе некаторых устойлівых выразаў. Папасці пад суд. Чыніць суд. // Пакаранне каго‑н., кара. Павел зразумеў, што няма больш страшнага суда, чым суд уласнае памяці. Васілёнак. [Міхалка:] — Мы .. [Ігналю] лепей сваім судом, — адсцёбаем гэтымі лейцамі і годзе. Ён болей красці не будзе. Бядуля.

3. ‑а, М ‑дзе; чаго або які. Грамадскі орган, які выбіраецца з членаў якога‑н. калектыву для разгляду спраў, звязаных з непрыстойнымі паводзінамі каго‑н. Суд гонару. Грамадскі суд. □ Праўленне вырашыла ўчыніць таварыскі суд над тымі, каго злавілі за руку. Дуброўскі.

4. ‑у, М ‑дзе. Думка, меркаванне аб кім‑, чым‑н.; ацэнка каго‑, чаго‑н. Суд гісторыі. □ Мінаў час, старое забывалася, яно з-за даўнасці не падлягала і суду Андрэевага сумлення. Шахавец.

•••

Вярхоўны суд БССР — найвышэйшы судовы орган БССР.

Надворны суд — судовы орган дваран у Расіі 18–19 стст.

Страшны суд — паводле рэлігійных уяўленняў — божы суд пад усімі людзьмі, калі наступіць «канец свету».

Суд Лінча — у ЗША жорсткая расправа з актыўнымі дзеячамі прафсаюзнага, негрыцянскага. антыімперыялістычнага і камуністычнага руху; лінчаванне.

Суд прысяжных — суд з удзелам прысяжных засядацеляў.

Таварыскі суд — грамадскі суд, утвораны на прадпрыемствах, ва ўстановах для разгляду спраў, звязаных з парушэннем працоўнай дысцыпліны або грамадскага парадку.

Трацейскі суд — разбор якога‑н. канфлікту кім‑н. трэцім, не зацікаўленым у гэтай справе.

Шамякаў суд — несправядлівы, прадузяты суд (ад імя суддзі Шамякі з старой рускай аповесці).

Аддаць на суд каму гл. аддаць.

Аддаць пад суд гл. аддаць.

Ісці пад суд гл. ісці.

Пакуль суд ды справа — пакуль адбываецца, робіцца што‑н. Загоншчыкі падаліся ў абход. А мы, стралкі, пакуль суд ды справа, на прасецы ў лінію пасталі. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нагна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак.

1. каго-што. Ідучы, едучы і пад., дагнаць каго, што‑н. Каля самага лесу партызан нагнала нямецкая бронемашына. Ставер. [Багдановіч] набавіў кроку і нагнаў пярэдні воз. Мікуліч. // перан. Дагнаўшы, папасці. Нагнала яе куля вось тут, ля стажка. Вартавыя камсамольцы беглі на крык Алесі і не паспелі. Пестрак.

2. перан.; каго-што. Дагнаць каго‑н. у поспехах, развіцці, выніках. Нагнаць таварышаў па вучобе. □ Да зімовых канікул.. [Грыша] нагнаў прапушчанае. Пальчэўскі.

3. што і без дап. Выканаць тое, што не было зроблена ў свой час. Юзік адлажыў прачытаную газету і ўзяўся за другую. У будні дзень часамі няма калі і глянуць у газету, дык трэба нагнаць хоць у свята. Крапіва. Пасля няўдалага вячэрняга палявання на качак мы заначавалі на лузе, спадзеючыся зранку нагнаць упушчанае. Ігнаценка.

4. што. Разм. Зберагчы час у параўнанні з вызначаным. Феадора Іванаўна ні на хвіліну не выпускала з-пад увагі рух цяжкавагавага эшалона. Вось дзяжурны па станцыі Радашковічы паведаміў, што эшалон.. [прайшоў] станцыю на 5 мінут раней графіка. Са станцыі Аляхновічы далажылі, што Забалотны нагнаў яшчэ 6 мінут. Васілёнак.

5. каго-чаго. Сагнаўшы, сабраць у адным месцы ў вялікай колькасці. Немцы пачалі перашываць чыгунку. На мясцовую сілу не спадзяваліся, нагналі палякаў. Навуменка. // часцей безас. што і чаго. Прыгнаць, нанесці (пра дождж, снег і пад.). Яшчэ з вечара паўночны вецер нагнаў дробных хмурынак. Якімовіч. Старшыня з трывогай пазіраў цяпер на неба: не нагнала б дажджу. Сіняўскі. // пераважна безас., каго. Разм. Аб з’яўленні каго‑н. нечаканага, нежаданага. — Нагналі чэрці сабаку... — вылаяўся бацька, калі лесніковыя крокі заціхлі ў гушчары лесу. Дамашэвіч.

6. перан.; што і чаго. Унушыць якое‑н. пачуццё, давесці да нейкага фізічнага ці псіхічнага стану. Нагнаць страху. Нагнаць бяссонніцу. □ Бочка зусім пахіснулася і, пакаціўшыся з грукатам наніз, нагнала вялікага перапалоху на каменданта. Лынькоў. Чаму ж, вецер, думкі злыя Ты ў душу маю нагнаў? Колас.

7. што і чаго. Выклікаць рэзкае павелічэнне якім‑н. спецыяльным прыёмам. Чырвоны, як рак, угнуўшы галаву, падаваўся Пракоп на ніз, бо такой гарачай пары, якой нагналі цяпер калгаснікі, ён, з непрывычкі мыцца ў лазні, не мог перанесці. Я. Колас.

8. што і чаго. Нацерці. Колькі мазалёў нагнаў Грыцко, пакуль зрабіў гэты буданчык! Кулакоўскі. // што. Нажыць якую‑н. хваробу ў выніку хуткага бегу. [Спіцын:] — Паглядзіце, як.. [конь] будзе бегчы дадому, прыйдзецца стрымліваць, каб не нагнаў дыхавіцы. Гурскі.

9. што. Набіць што‑н. на што‑н. Нагнаць абруч на бочку.

10. чаго. Перагонкай нагатаваць у нейкай колькасці. Нагнаць вядро спірту.

•••

Аскому нагнаць (набіць) — а) адчуць аскому ў роце ад чаго‑н. кіслага; б) перан. вельмі надакучыць каму‑н. чым‑н.

Нагнаць (набіць) цану — вельмі павысіць цану на што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)