хро́ніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.

1. Запіс гістарычных падзей у храналагічнай паслядоўнасці; летапіс. Варта было б успомніць, што сто гадоў назад П. Гільтэбрант надрукаваў урывак са Слуцкай хронікі; хроніка гэта ў той час захоўвалася ў Нясвіжскім архіве Радзівілаў. «Полымя». Жанр летапісу ці хронікі даўно ўжо склаўся ў біяграфічнай літаратуры. Г. Кісялёў.

2. Літаратурны твор, у якім паслядоўна выкладаецца гісторыя грамадскіх, палітычных і іншых падзей. Выдатнае месца сярод старажытных помнікаў пісьменнасці беларускага народа займаюць летапісы і хронікі. Чамярыца. // Гісторыя якога‑н. роду, сям’і. Сямейная хроніка Нявады-Лукашэвіча перапыняецца хронікай сям’і Сымона Ракуцькі. Дзюбайла. // Гісторыя якіх‑н. падзей, чыіх‑н. прыгод. [Ігналя] давай, як па кнізе, чытаць хроніку пройдзенага дня ад самага рання. Бядуля. Я коратка расказаў Зіне «хроніку» свайго жыцця, пачынаючы з ваенных гадоў. Васілевіч.

3. Кароткая інфармацыя аб бягучых падзеях (у газеце, часопісе, па радыё). Цяпер жа не падлягала сумненню, што ў барацьбе з народам брала верх самаўладства. Варта было.. зірнуць на хроніку, што змяшчалася на старонках тагачасных часопісаў, на царскія загады, на розныя цыркуляры, каб пераканацца ў гэтым. Колас. // Аддзел інфармацыі аб мясцовым бягучым жыцці (у газеце, часопісе).

4. Дакументальны фільм аб падзеях бягучага жыцця. Пеця авалодаў пакуль што самымі элементарнымі ведамі кінатэхніка.. Аднойчы яму нават пашанцавала самастойна прапусціць хроніку! Стаховіч.

[Грэч. chroniká.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шко́да 1, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Пашкоджанне, урон, страта. Ваганаў так сумеў паставіць свае гарматы і так спрытна мяняў іх месцы, што агонь праціўніка не рабіў ніякае шкоды. Колас. Атрад сарваў планы немцаў на ўчастку фронту, многа зрабіў ворагу шкоды. Чорны. І каб не нарабіць са сваёй стрэльбай якой шкоды, дзед абкруціў анучай куркі ды зверху ўмацаваў яшчэ наглуха дротам. Лынькоў. // Дрэнны, небяспечны ўчынак, дзеянне; тое, што небяспечна дрэннымі вынікамі. [Міна Міхайлавіч:] — Думаю я, такі гэта цуд, што працаваць на карысць жыцця ў чалавека сілы патройваюцца, а на шкоду і рукі не падымаюцца. Во як... Краўчанка.

2. Страта, прычыненая жывёлай; патрава. Ходзіць певень па гароду, У гародзе робіць шкоду. Муравейка. Паплаўнічы лавіў выпадкам перабегшую ў лес карову і накладаў штраф за шкоду. Гартны. // Месца на полі, у лузе, у лесе і г. д., дзе жывёла можа зрабіць патраву. Хлопчык так задумаўся, што не заўважыў, як Красуля і цялушка-пярэзімак убіліся ў шкоду. С. Александровіч. Я памог прагнаць статак [цялят] каля шкоды. Місько.

шко́да 2, безас. у знач. вык.

Тое, што і шкада. [Галена:] — Шкода таго часу і сілы, што я патраціла за тыя часы, пакуль мяне.. дапытвалі з-за.. брахні. Чорны. [Маці:] — Багатаму шкода карабля, а беднаму — кашаля! Мележ. Не так шкода, як невыгода. З нар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шча́сце, ‑я, н.

1. Стан поўнай задаволенасці жыццём, пачуццё найвялікшай радасці і задавальнення. Народнае шчасце. Сямейнае шчасце. □ Але толькі вольная праца на вольнай зямлі ёсць шчасце чалавека. Клімковіч. Шчасцю іх [бацькоўскаму] канца не было, як угледзелі яго ў чорных суконных вопратках з бліскучымі гузікамі, — якраз асэсар. Бядуля. Усюды маладую пару ветліва сустракалі, усе былі ім рады, жадалі жыцця і шчасця. Ермаловіч. // Пра знешняе праяўленне такога стану, пачуцця. Упершыню паглядзеў.. [Слава] на бацьку вачыма, якія ззялі ад шчасця і захаплення. Мележ. — Зірні, здорава! — Сцёпка аж свяціўся ад шчасця. Хомчанка.

2. Удача, поспех у чым‑н. Мне выпала шчасце быць запрошаным на ХХ з’езд ЛКСМБ. «Маладосць». // Шчаслівы выпадак, шчаслівае спалучэнне акалічнасцей. Але дарэшты спарахнелі снасці, і здрадзіла зусім старому шчасце. А. Вольскі. // у знач. безас. вык. Добра, удала. Якое шчасце, што мы ўжо дома. // у знач. вык. Пашанцавала, пашчаслівіла, пашэнціла каму‑н. Яго шчасце — бабка са мной побач, а то я паказаў бы.. [Пецьку] дарогу. Сяркоў.

3. Лёс, доля. Камбедаўцы на кожным надзеле забівалі калкі і на залысінах ставілі нумары. Пад вечар з вялікай Усавай шапкі кожны цягнуў сваё шчасце. Грахоўскі.

•••

Бог шчасця не даў гл. бог.

На шчасце — а) каб былі поспех, удача ў каго‑н., каб шанцавала каму‑н. (даць, зрабіць, сказаць што‑н.); б) (у знач. пабочн.) выражае задавальненне з выпадку чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бу́хта1 ’заліў’. Рус. бу́хта, укр. бу́хта. Запазычанне (у рус. мове з Пятроўcкай эпохі) з ням. Bucht ’тс’ (а гэта вытворнае ад biegen гнуць, выгібаць’, гл. падрабязна Клюге, 107). Фасмер, 1, 256; Рудніцкі, 277; Шанскі, 1, Б, 241–242. З даўнейшай літ-ры параўн. Корбут, PF, 4, 501.

Бу́хта2 ’глыбокае месца ў рацэ на самым яе павароце, вір’ (Яшкін); ’выкручаная вадой яма на дарозе, на лузе ў час разводдзя’ (Яшкін), ’шырокае і глыбокае месца на рацэ’ (Сцяшк. МГ). Наўрад ці ад бу́хта ’бухта’ (< ням. Bucht). Хутчэй трэба думаць пра сувязь з слав. дзеясловам гукапераймальнага паходжання *buxъtěti (гл. бухцець). Мабыць, таго ж паходжання і рус. дыял. (паўн.) бу́хта ’вада са снегам на паверхні лёду’, якое Фасмер, 1, 256 (услед за Кілімам) няўпэўнена выводзіць з фін. uhku. Параўн. бу́кта, бу́кча, бо́хат. Гл. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 68.

Бу́хта3 ’круг складзенага каната’. Рус. бу́хта, укр. бу́хта. Запазычанне з гал. мовы (параўн. гал. bogt ’тс’; ССРЛЯ, 1, 712; Рудніцкі, 278; Сл. ин. сл. прыводзіць bocht). Але магчыма і запазычанне з ням. Bucht ’тс’.

Бухта4 ’буркун’. Гл. бухцець.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ласкір, ласкірка ’гусцяра, Blicca Bjoerkna L.’ (прыпяць, Жук., Інстр. 2), маз. ласкір, пласкір ’тс’ (Крыв.), гом. ласкер (зборн.) ’плоткі’ (Мат. Гом.), полац. ласкуръна ’вялікая гусцёрка’ (З нар. сл.). Укр. адэс. лѣскир, палт. лоскіір, ровен. ласкура, пласкура, зах.-укр. ласкнря, лоскира, падняпр. лоскір(к)а, паднястр. лоскііря, ласкир(к)а, плоскиря, зах.-укр. (b)łiskawka ’тс’, ласкар ’ёрш’, рус. ласкута, плоскуйіа, ласкиръ, пласкира, пласкирия, плоскиря, лискирка, лоскирка ’тс’, лыскарь ’лешч’, ласкира ’плотва’, польск. лодз. blazgur, славац. pťaskurka, балг. цецявенск. плоскай, плоске, літ. pläkis, plaskirka, лат. plake, plaskira, plascerka, plaskirs ’гусара’. Паводле Фасмера (Этюды, 118), звязана з рус. лыскарь, лыскырь, лыскоръ ’жалезная рыдлёўка’ (параўн. таксама бел. віц. лускар ’тс’), якое Меліяранскі (ИОРЯС, 10, 4, 124) выводзіць з казах. лескер, крым.-тат. ülüskär ’матыка’, а Фасмер (там жа) са ст.-грэч. λισγάρι (ον) < λίσγος ’кірка’, што, аднак, таксама цяжка абгрунтаваць з фанетычнага боку. Частка вышэй пералічаных слав. лексем з’яўляецца першапачатковай; іншыя ж — вынік народнай этымалагізацыі, самастойнага ўтварэння пры дапамозе суф. ‑urъ, ‑uša, ‑ačь, ‑yrь — з рознай матывацыяй (’блішчэць’, ’пляскаць’, ’быць плоскім’ і інш.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́сы, ласый ’ахвочы да ласункаў’ (Нас., Яруш., ТСБМ, КЭС, лаг., Сл. паўн.-зах., Растарг.), ’прагны’ (Бес., Бяльк., Шат.), ’смачны, прынадны’ (ТСБМ, Янк. БП, Нік. Очерки). Укр. ласий, рус. ласый, польск. łasy ’тс’. Паўн.-слав. lasъ ’прагны, ласы’ — роднаснае з прасл. las‑ka, lasiti sę (Слаўскі, 5, 30–31). Бернекер (1, 692), Бартоламе (IF, 3, 195), Мее₄ (342), Траўтман (150), Покарны (654), Махэк₂ (321), Фасмер (2, 464) збліжаюць прасл. lasъ са ст.-інд. láṣati ’жадае’, abhi‑lāṣas ’жаданне’, ст.-грэч. λιλαίομαι ’жадаю’, λαστη πόρνη ’насмешка’, лац. lascivus ’гарэза’, гоц. lustus, ст.-в.-ням. lust ’радасць’. Сюды ж ла́саваць ’парушаць недазволенае з ласункаў’ (Нас., Гарэц.), ’частаваць ласункамі’, ла́савацца, ла́соваті ’атрымліваць асалоду’ (ТС), ласейшы ’смачнейшы’ (Сл. паўн.-зах.), ласун, ласонік, ласік, ласько, ласунчык ’той, хто любіць паласавацца’ (ТС, Гарэц., Нас., Яруш., Клім., Бяльк., Касп., Шат., Мат. Гом., КЭС, лаг.), ласоўка, ла́саўка, ласуння, ласоха, ласу́ха ’ласуха’ (Бяльк., ТС, Яруш., Касп., Нас.; віл., паст., драг., Сл. паўн.-зах., З нар. сл., Шат., КЭС, лаг.), ласунак, ласункі (ТСБМ; пух., Сл. паўн.-зах.), ласонікі (КЭС, лаг.) светлаг. ла́саўка (Мат. Гом.), ласікі (Нас.), ла́саўства ’ласунак’ (Касп.), ’ласая ежа’, ’прысмакі’ (Касп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ві́лы ’ручная сельскагаспадарчая прылада ў выглядзе доўгага дзяржання з рагулінай або зубцамі на канцы’ (КТС, БРС, Нас., Бяс., Сцяц. Словаўтв.); ’прылада вымаць гаршкі з печы’ (Сцяшк., Др.-Падб., Інстр. I); ’верхняя частка сахі калодзежа’ (ДАБМ, Шатал., КЭС, лаг.); ’раздвоеныя ногі, пояс’ (Некр., КЭС, лаг.); ’раздваенне дарогі’ (КЭС, лаг.), ’месца, дзе зліваюцца рэкі’ (Сцяшк. МГ), перан. экспр. ’адмаўленне’; ’кукіш’ (Нас.). Укр. ви́ла, рус. ви́лы, польск. widły, н.-луж., в.-луж. widły, чэш. vidle, славац. vidly, славен. víle, серб.-харв. ви̏ле, макед. вила, балг. вила. Прасл. vidla. Утворана пры дапамозе суф. Nomen instrumenti ‑dl‑o ад vi‑ti ’віць’ (Праабражэнскі, 1, 84; Брукнер, 613; Фасмер, 1, 314; БЕР, 1, 147; КЭСРЯ, 81). Першапачатковай функцыяй вілаў было навіванне пражы (Махэк₂, 688). Мейе (Études, 418), Уленбек (296) і Младэнаў (66) суадносяць лексему vidla са ст.-інд. vētráḥ ’від чароту’. Іншыя версіі: vidla < з лац. vīdutus ’плецены кош’ і ст.-інд. vēdás ’мяцёлка сочнай травы’ (Петэрсан, AfslPh, 1916, 36, 152), vidla < *u̯i‑dhē‑ ’рас-стаўляць’, як *u̯i‑dh‑ewa ’ўдава’- ‑раз‑дзеленая (Кноблах, Зб. Пізані, 2, 604), vidla < лац. fibula < *u̯ei‑dhtā (Хаас, Elem., 41).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кале́ць ’зябнуць, мерзнуць’ (БРС, ТСБМ, Нас., Шат.), ’дубець, карчанець’ (Нас.), ’здыхаць’ (Яруш.). Рус. бран., смал., цвяр., пск., наўг., вяц. і інш. колеть ’цвярдзець’ (у Даля без геаграфіі), (смал.) ’здыхаць’. Відаць, інавацыя ў бел. і шэрагу рус., пагранічных з беларускімі гаворках. Утворана аналагічна дубець, карчанець і да т. п. ад кол (гл.). Што датычыць семантыкі, асноўнае значэнне ’станавіцца цвёрдым’, адкуль і ’мерзнуць’ і ’здыхаць’. З вытворных слоў звяртае на сябе ўвагу калелая ў выразе калелая бярэ (Янк. БП), бадай яго каліэлая ўзела (Сержп. Грам.). У Насовіча калёлая тлумачыцца як наз. жан. р. са значэннем ’холад, дрыжыкі’: «Колѣлая цебе берець, на печь лѣзсшъ» (Нас., 242), колѣлый ’замёрзлы, азяблы’. Думаецца, што можна меркаваць пра беларускую інавацыю, паколькі дакладны адпаведнік быў адзначаны толькі Дабравольскім: колелая ’дрыжыкі, ліхарадка’. Не выключана, што тут эўфемістычная назва хваробы, параўн. рус. дыял. назву ліхаманкі колотуха. У такім выпадку значэнне магло развіцца натуральна на базе семем ’зябнуць’ і ’дрыжаць, трэсціся’ (параўн. і трасца ў аналагічных выпадках). Да статуса інавацыі параўн. рус. том. колеться ’зябіць, ліхаманіць’: «колется тебе всё, колется, хворатся».

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каўчэ́г1 ’каўчэг, судна, у якім згодна з біблейскім паданнем, выратаваўся ад «сусветнага патопу» Ной з сям’ёй і жывёлай’ (ТСБМ, БРС). Рус. ковче́г, укр. ковче́г, ст.-рус., ст.-слав. ковъчегъ, балг. ковче́г, серб.-харв. ко̀вче̑г ’скрынка, скрыня’. Слова, якое, як мяркуюць, паходзіць з усх. моў. Звычайна параўноўваюць з чагат. kopur ’пасудзіна’, koburčak ’скрынка’ і г. д. Менш верагодным лічыцца вывядзенне слова з тур. мовы (параўноўваюць з тур. kapčyk, kapčuk ’футарал’). Яшчэ больш няпэўным з’яўляецца вывядзенне з грэч. крыніцы або са ст.-рус. ковъ ’пасудзіна’ (апошняе прапанаваў Ільінскі, ИОРЯС, 23, 2, 230; цікава, што яшчэ Даль прапанаваў вывядзенне слова ковчег ад ковать).

Каўчэ́г2 ’скрынка для захоўвання асабліва каштоўных рэчаў; скарбонка’ (ТСБМ); ’пенал’ (Касп.). Бясспрэчна, звязана з назвай каўчэга, на якім плыў біблейскі Ной. Даль адзначае, што каўчэгам сталі называць дзіўнага выгляду судны, караблі і нават калымагі, далей ківот для абразоў. Каўчэгам называлі таксама скрыначку для захоўвання каштоўнасцей царквы, царскіх грамат, а таксама пячацей, якія былі прымацаваны да грамат, дыпломаў і г. д. Пазней слова гэта стала азначаць больш простыя рэчы, напр., пенал.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ару́д1 ’засек’, гару́д (Гіст. мовы, 2, 59), ару́да (Яруш.). Рус. зах. ару́д ’тс’, польск. вільн. (h)orud ’тс’. Ст.-бел. орудъ (Гіст. лекс., 148). Беларускае (як і польскае) з літ. arúodas (Грынблат, Белор., 152; Кіпарскі, Лекс. балт., 14; Аткупшчыкоў, Лекс. балт., 32; Курс суч., 159 — у форме аруда; Гіст. лекс., 148; Урбуціс, Baltistica, V (I), 1969, 47–48). Карскі (Труды, 391) адзін з першых высунуў думку пра літоўскае паходжанне бел. аруд, лічыў беларускае слова рэдкім, без пратэтычных в або г і з неславянскім коранем. Адзначым, што ў не так ужо рэдкага беларускага слова ёсць і форма з пачатковым г‑, а таксама, што ў старабеларускай на пачатку пісалі о‑; этымалогію літоўскага слова нельга лічыць бездакорнай. Параўн. рус. орудница ’кладоўка зброі’ (ці не орудий?). Гл. Супрун, Балтийские яз., 42.

Ару́д2 ’парушальнік грамадскіх правіл паводзін’ (КЭС, брэсц.). Магчыма, бязафіксны назоўнік ад дзеяслова арудаваць, параўн. укр. дыял. оруда ’праца, кіраўніцтва’ (застар.), ’клопат’, орудар ’верхавод’, ці не сюды ж прозвішча Арудко (Бірыла, Бел. антр., 242). Параўн. смал. а́ред ’шум, непарадак’, магчыма, звязанае з а́ред ’стары чалавек, чорт’, сувязь аруд са словам аред няпэўная (адрозненні ў фанетыцы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)