Баго́р. (Бяльк.). Рус. баго́р, укр. баго́р. Вельмі няяснае слова. Насуперак Фасмеру, 1, 102, відаць, усё-такі не славянскае. Але адкуль? Нічога не дае параўнанне (Гараеў, 8; Ільінскі, ИОРЯС, 24, I, 121) з рус. бага́й, база́н ’шост’ і ст.-англ. becca ’кірка’, с.-в.-ням. bicke (Ільінскі, там жа; Фасмер, 1, 102, параўн. і Ван–Вейк, IF, 24, 232). Шмат версій пра запазычанне (Мікала, Berühr., 80; Мацэнаўэр, Cizí sl., 100; параўн. і Карловіч, Wyrazy obce, 21; Праабражэнскі, І, 11; агляд гл. Фасмер, 1, 102). Праеўрапейскім лічыць гэта слова Махэк₁, 22, але яго параўнанне з ням. Felge не пераконвае. Насуперак Бернекеру, 38, Праабражэнскаму, 1, 11, Фасмеру, 1, 102, Махэку₁, 22 і Шанскаму, 1, Б, 7, іншага паходжання ўкр. ба́гор, славац. bahor і г. д. ’частка вобада кола’ (усё гэта з славац. мовы, дзе bahor < běhor да běgъ, běgati, параўн. Краўчук, Бел.-укр. ізал., 39).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Батла́чык, батланчык ’расліна батлачык, Alopecurus L.’ (Кіс., 13). Рус. батлачи́к ’Alopecurus; Sagittaria sagittifolia; Trapa natans (таксама батла́чик, мадлачи́к, батманцу́к, батманчук, батлан, батланцук і г. д., гл. Мяркулава, Очерки, 134), укр. батлачик, батлачок ’Alopecurus’. Мяркулава, там жа, лічыць, што ўсё гэта запазычанне з тат. мовы (тат. назва для вадзяных арэхаў Trapa natans — batmancьq < batman ’гаршчок’). Для варыянта батланчык параўн. укр. і паўд.-рус. батланцук, якія адлюстроўваюць, відаць, адпаведную цюрк. форму. Не выключаецца, што батланчык — кантамінацыя форм тыпу батлачык і батланцук. Назва, відавочна, сапраўды з цюрк. моў. Але можна даць і іншую этымалогію. Усё гэта расліны, што растуць у вадзе, каля вады і наогул там, дзе ёсць вільгаць. Параўн. яшчэ ўкр. назвы для балотных траў: батлау́к, батлаву́к, батлау́ка. Таму як крыніцу можна лічыць і тур. batak, bataklık ’балота, багна’. Батлау́к (> батлак, батлачик) можа паходзіць ад тур. bataklık otu ’балотная расліна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жаламу́сцік ’расліна бружмель, Lonicera L.’ (Касп.), жы́маласць ’тс’ (Кіс.), жаламу́дзіна (Касп., Яшкін), жы́ламаць ’расліна ядловец, Juniperus L.’ (Нас., Юрч.). Рус. жи́молость ’бружмель’, арханг. желому́дина, желомут(ник), желому́стник, калін. желому́дник, желому́стина, пск. желому́дняк, укр. жи́молость, польск. zimołza, чэш. zimolez ’бружмель’, славен. zimolę̀z ’кізіл’, серб.-харв. зи̏мољист ’каліна’. Формы жаламусцік і жымаласць тлумачацца, відаць, метатэзай зычных; гэта і іншыя змены выкліканы пошукам унутранай формы назвы расліны, маюць народна-этымалагічны характар. Этымалогія слова няпэўная: зводзяць да *зимолистъ (Праабражэнскі, 1, 233), *zimozel(en) (Махэк, Jména rostl., 223), *ži‑molztь < ži‑mlza, дзе ‑ml̥z‑ з *ml̥zǫ ’даю, ссу’ (Трубачоў, Дополн., 2, 56), звязваюць з жы́ла (Гараеў, Доп., 2, 12; Шанскі, 1, Ж, 291). Гл. яшчэ Фасмер, 2, 55. Ці не трэба лічыць, прынамсі, для жы́ламаць крыніцай або вытокам уплыву літ. žalùmas, žãlymas ’зялёная расліна, зеляніна’? Гл. яшчэ Трубачоў, ZSl, 3, 5.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жупа́н ’даўнейшае верхняе мужчынскае адзенне’ (ТСБМ), жу́піца ’тс’ (Сл. паўн.-зах.), жу́па́ ’дзіцячая вопратка’ (КСТ). Рус., укр. жупа́н ’тс’, польск. żupan ’тс’, в.-луж., чэш., славац. župan, серб.-харв. жу̀па̄н, балг. жупан ’тс’. Ст.-рус. (з XVI ст.) жупанъ ’тс’. У бел. (ст.-бел. жупанъ (з 1578 г.), Булыка, Запазыч., 115), як і ўкр., з польск., рус. < бел. укр. Польск. < іт. giuponne ’сялянскі пінжак з грубай тканіны’ < giuppa ’кофта, кабат’ < араб. džubban ’сукня з воўны’. Жупіца (з 1538 г.) таксама з польск., дзе zupica ’камізэлька’. Той самы корань у юбка, шуба (гл.). Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 298; Фасмер, 2, 66; Брукнер, 668; Махэк₂, 731; Бернекер, 1, 460; Міклашыч, 413; Мацэнаўэр, 381; Гютль–Ворт, For. Words, 72. Глогер (Encyklopedia staropolska, 4, 1978, с. 518–520) звязваў назву адзення з назвай старых ’кіраўнікоў жупы’ — жупанаў што, недастаткова абгрунтавана.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жураві́на, журавіны ’ягада Oxycoccus’ (ТСБМ), жураўлі́ны (Сл. паўн.-зах.; гродз., Нар. лекс., 42, 158), журахлэны (камян., Бел. мова і літ. у ВНУ, 1971, с. 203). Рус. дыял. журави́на, журави́ны, журави́ка, журавли́на, укр. журави́на, журавли́на, польск. żurawina, żurachwina, памор. žuraina, žurainə ’тс’, н.-луж. žorawina, žorawa ’журавіна’. Ст.-рус. журавина ’тс’. Лат. dzērvene ’журавіны’. Параўн. англ. cran berry ’тс’, ням. дыял. Kronsbeere, Kranzbeere (пры англ. crane, ням. Kranich ’журавель’). Янкоўскі (Бел. мова₃, 230–231) тлумачыць журавіны як ягады на імшыстых балотах, дзе вадзіліся журавы, жураўліныя ягады, з чым трэба згадзіцца. Фасмер, 2, 67; Брукнер, 666. Слова мае паўн.-слав. характар. Памор. знач. žuraina ’шчаўе’ ўказвае на разуменне слова ў сувязі са смакам і са словам žur ’жур’ і ’шчаўе’. Параўн. яшчэ чэш. žíravina (< žuravina) ’едкі матэрыял’. Аб невыключанасці такой версіі гл. Супрун, Бюлетин за съпост. изследване…, 1976, 5, 78–79.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жэ́рці ’прагна і многа есці’, жару́ (I ас.). Рус. жрать, укр. же́рти, польск. żerać, żreć, в.-луж. žrać, žeru, н.-луж. žraś, žeru, чэш. žráti, žeru, славац. žrať, žerú, славен. žreti, žrèm, серб.-харв. ждѐрати, жде̏рем ’жэрці’. Ст.-рус. жрати ’жэрці’ (XIV–XV стст. у копіі XVI ст.). Літ. gérti, лат. dzer̃t ’піць’, ст.-інд. giráti ’паглынаць’, арм. keri ’я еў’, грэч. βορά ’корм’, лац. voro ’паглынаю’. Прасл. *žer‑ti ці *žьr‑ti, *žьr‑a‑ti, *žьr‑ǫ з і.-е. кораня *g​er‑ ’паглынаць’. Праабражэнскі, 1, 236; Фасмер, 62–63 (дзе падкрэсліваецца іншы корань у ст.-слав. жьрѣти ’ахвяраваць; гл. жрэц); Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 296; Брукнер, 666–667; Махэк₂, 730 (не адлучае ст.-слав. жрѣти, дае тлумачэнні зменам вакалізму); Голуб-Копечны, 447; Скок, 3, 673–674; Пятлёва, Этимология, 1967, 178; Траўтман, 89; Покарны, 1, 474–475.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зіма́ ’халодная пара года’. Рус., укр. зима́, польск. zima ’тс’, серб.-луж. zyma, палаб. zaimă, чэш. zima, славац. zima ’зіма, холад’, славен. zíma, серб.-харв. зи́ма ’тс’ балг. зѝма ’пара года’, макед. зима ’тс’. Ст.-слав. зима, ст.-рус. зима. Прасл. zima ’зіма’ < і.-е. *gʼhei‑m‑ ’зіма’ літ. žiemà, лат. zìema, ст.-прус. semo ’зіма’, грэч. χεῖμα ’зіма, холад’, хец. gimmanza ’зіма’. І.‑е. корань суадносіцца з *gʼheu‑ ’ліць’, г. зн. зіма першасна была часам, калі ліў дождж, а потым ’час снегу’ (Трубачоў, ВСЯ, 2, 29–31). Фасмер, 2, 97; Шанскі, 2, З, 92; ESSJ, пробны сшытак, 103–111 (дзе ўказваецца на сувязь з zęb‑); Махэк₂, 715; Скок, 3, 655; БЕР, 1, 641; Траўтман, 367–368; Покарны, 425. Пра зима ў ст.-рус., укр. гл. Вялкіна, Исслед. по словообр и лекс., 200; Качарган, Мовознавство, 1970, 6, 48.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́начы ’ноччу, уночы’ (ТСБМ, Касп.), ’апоўначы, сярод ночы’ (Сл. ПЗБ), по́начы ’тс’ (ТС), ’цёмна’ (Клім., Жыв. НС), по́вночы ’тс’ (Жыв. НС). Укр. по́ночі ’цёмна’, ’у цемры’. Ад *па пачы ’ўначы’, з далейшым развіццём семантыкі да ’цёмна’, дзе па/по мае значэнне ’пры’, параўн. по́дню ’ў дзённы час’, г. зн. ’пры дзённым святле’ (Варл.). Цікавую паралель уяўляе серб. дыял. по̏ноћи ’ноччу’, паводле якога ўтворана по̏дне(в)и ’днём’ (Мілеціч, СДЗб, 9, 434); параўн., аднак, по́ноћ ’сярэдзіна ночы’, што адпавядае прасл. *polъnoktь (гл. поўнач), на думку Вукавіча (ЈФ, 17, 77) — другаснае, утворанае ад поноћи. Да ноч (гл.), параўн. яшчэ *паначота (гл.). Інакш Цыхун (Загароддзе–2, 112), за зыходную прымае форму з паў- (пов‑): по́внучэ на улыцэ, першапачаткова ’поўнач, сярэдзіна ночы’, з якога развілося значэнне ’цёмна’, чаму пярэчыць ЕСУМ (4, 470): укр. по́вночі з по́ночі пад уплывам пі́вніч ’сярэдзіна ночы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пражмо́1 ’паджаранае на агні калоссе недаспелага жыта’ (Нас., Бяльк., Юрч., Мат. Маг., Мат. Гом., Сцяшк. Сл.). Рус. смал. пря́жмо ’калоссе жыта, пражанае на масле’, польск. prażmo. ст.-чэш., суч. дыял. pražma (відаць, мн. л.) ’паджаранае на агні калоссе недаспелага жыта’. Прасл. *pražьmo. Ад *pražiti (гл. пражыць) з суф. ‑mo (Адносна суф. гл. Слаўскі, SP, 2, 15). Махэк₂, 482 падкрэслівае, што слова можа лічыцца старажытным ужо з прычыны даўнасці такога спосабу ўжывання ў ежу калосся ў час неабходнасці. Гл. яшчэ Брукнер, 434.

Пражмо́2 ’адлегласць паміж слупамі ў клеці, дзе складваюць збожжа’ (Касп.). Не зусім ясна. Відаць, дэрыват ад ‑прагу (гл. запрагаць, упрагаць) з суф. ‑ьмо, г. зн. прастора, якая звязваецца, спалучаецца (рус. сопрягается) слупамі. Няясна, ці сюды адзначанае ў Даля бесар. пря́жина ’лінейная мера’ (= 3 сажням 12 вяршкам) і ўкр. закарп. пра́жина ’від зямельнай меры’, якія таксама не маюць пэўнай этымалогіі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прына́дзіць ’прыцягваючы ўвагу чым-небудзь (звычайна кормам), прымусіць наблізіцца (птушку, рыбу, жывёл); прыцягнуць да якой-небудзь справы’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб., Растарг., Шатал., ТС), прына́дыты ’прыцягнуць, завабіць’ (Клім.); сюды ж зваротнае прына́дзіцца ’пайсці на прынаду (пра птушак, рыб, жывёл)’; разм. ’прызвычаіцца быць, бываць дзе-небудзь; панадзіцца, унадзіцца’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр.; маг., Янк. 2, Ян.; пух., Сл. ПЗБ), таксама перан. прыно́дзіцца ’ўладкавацца, прыстасавацца, прыладзіцца’ (палац., Жыв. НС), ст.-бел. принажоный ’прываблены’. Верагодна, да прасл. *prinaditi (), прэфіксальнага ўтварэння ад *naditi (гл. на́дзіць). Стараж.-рус. принадити ’прыбавіць, далучыць; прыцягнуць, прывязаць’, рус. смал., бранск. прина́дить ’прынадзіць жывёлу (звычайна кормам-прынадай)’, дан. ’прывабіць, прыцягнуць да сябе ўвагу’, укр. прина́дити ’прынадзіць, прывабіць’, прина́дитися ’панадзіцца’ прина́дність ’прывабнасць; прыгажосць’, прина́дний ’спакуслівы, прывабны’, прина́дно ’спакусліва, прынадна, прывабна’. Параўн. польск. przynęcić ’тс’ (< *nǫtiti > nęta) ’прынада’, якое можна параўнаць з нуціць ракі ’прынаджваць, лавіць ракаў’ (Ласт., пад словам рак).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)