Багла́й ’гультай, абібок, лежабок, непаваротлівы чалавек’ (Нас., Бяльк., Інстр. лекс., Др.-Падб., параўн. Гарэц.). Рус. дыял. багла́й ’гультай, дармаед’, укр. багла́й, баглі́й. Фасмер (1, 102) лічыць, што зыходзіць трэба з *багла́й ’кавалак дрэва’ (адносна семантыкі параўн. дуб ’дрэва; дурны чалавек’), і параўноўвае гэта слова з баго́р, рус. бага́й, бага́н ’жардзіна з кручком; доўгая жардзіна’ і г. д. Але ўся гэта група слоў не мае надзейнай этымалогіі. Анышкевіч (Словарь, 64) параўноўвае з серб.-харв. ба̏гља ’звязак сена, саломы’, рум. а se bâhlí ’псавацца, гнісці’. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Базі́каць ’гаварыць тое-сёе; плясці глупства, пустасловіць’ (Нас.), базы́каць ’гаварыць абы-што’ (Бяльк.). Слова не вельмі яснага паходжання. Параўн. рус. дыял. базли́ть, базла́нить, база́нить ’крычаць’, бази́кать, базю́кать ’плявузгаць, гаварыць і г. д.’, укр. базі́кати ’плявузгаць’, базувать ’гаварыць’, ба́зі ’гутарка, базіканне’. Версій вельмі многа (агляд гл. Фасмер, 1, 106, параўн. і Бернекер, 47), але найбольш верагоднае, відаць, гукапераймальнае паходжанне гэтых слоў, як і грэч. βάζω ’базікаю, гавару’ (аб грэч. слове. гл. Фрыск, 1, 206–208, таксама Покарны, 91–92). З базі́каць, магчыма, звязана і базла́ць ’моцна крычаць’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жлу́кціць1 ’запарваць бялізну’ (Нас., Сл. паўн.-зах.). Рус. дыял. смал., паўд., зах., бранск. жлу́ктить ’тс’, укр. уст. жлу́ктити ’тс’ (Грынч.), польск. żłukcić ’тс’. З літ. žlùgti ’мачыць бялізну ў шчолаку’. Літ. гл. пад жлукта1.

Жлу́кціць2, жлуктаць ’многа піць’ (ТСБМ). Рус. дыял. смал., кур., арл. жлуктить ’тс’, укр. жлу́ктити, жлукті́ти ’тс’. Перанос значэння жлукціць1 у адпаведнасці з семантычнымі адносінамі жлукта1, жлукта2. Врачу (Лекс. балтызмы, 6) параўноўвае жлу́кціць ’піць’ з літ. žlùgti ’праваліцца, згінуць’, хаця літ. семантыка не зусім суадносная з усх.-слав.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жу́чыць ’дакараць’ (Нас., Сл. паўн.-зах.). Рус. жу́чить ’тс’. Параўн. серб.-харв. жу̏чити, жу́чити ’рабіць горкім, мучыць’ (відаць, ад жу̑ч ’жоўць, злосць’). Праабражэнскі (1, 239) звязваў жучить з жгут, што неверагодна. Мала верагодна і дапушчэнне Фасмера (2, 68) пра сувязь з жуда, жуткий. Шанскі (1, Д, Е, Ж, 301, ЭИРЯ, 3, 65) лічыць звязаным з рус. дыял. жук ’сварка, шум’ (у СРНГ не зафіксавана) і жу́ка́ть ’дакараць, спрачацца, сварыцца, гаварыць ціха’. Гэта этымалогія мае больш падстаў. Ці не з польск. zuczyć ’навучыць’ (у рус. тады з бел.)?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зухва́л ’свавольнік’ (Нас.). Укр. зухва́лець ’тс’, зухва́лий ’свавольны’, польск. zuchwały ’свавольны, смелы’. Верагодна, зухва́лы ’дзёрзкі’, ст.-бел. зуфалы і іншыя з польск. (Булыка, Запазыч., 124). Андзел (Укр. слов’янознавство. З, 113) лічыць, што зуфальство ў Скарыны з чэш. Магчыма. Зухвал утворана шляхам адсячэння суфікса ‑ец/‑ца ці ад прыметніка на бел. глебе (націск!). Польск. zuchwały, zuchwalec, н.-луж. zuchwały, zufały, ст.-чэш. zúfalý, zúfalec ’тс’. Паводле Брукнера (657), польск. з *z‑upwały ’такі, што страціў давер’ (upwę, ufanie), дзе корань *pъw‑ той самы, што ў пэўны (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кажамя́ка ’гарбар, кушнер’ (БРС, Бяльк., Гарэц., Грыг., Касп., КЭС, лаг.; Нас., Шат., Яруш.). Укр. кожомʼяка, рус. кожемяка (у Даля без геаграфіі, ёсць зах.-бран., пск., цвяр.). Утворана на базе ўсх.-слав. словазлучэння мяти кожу; недахоп даных з рус. і ўкр. моўных тэрыторый прымушае меркаваць аб літаратурным характары слова або ва ўсякім разе яго вандроўным культурным характары. Магчыма, гэта ўтварэнне часоў Кіеўскай Русі; не выключана, што экспансія магла ажыццяўляцца на фальклорным (міфалагічным) узроўні. Аб гэтым сведчыць ст.-інд. carmamña, аналагічнае па структуры, гл. Фасмер, 2, 266.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калоддзе ’калоды, бярвенне’ (БРС, ТСБМ, Нас., Шат.), калодздзя ’тс’ (Сл. паўн.-зах.), калодзье (ТС). Сюды ж зафіксаванае Насовічам колодзико ’невялікія абрубкі дрэва’ і, магчыма, наступная лексема ў Радчанкі, 240: «Тольки буду по снитку ходить, По снитку, по лебеду, По колодью, по выколодью». Слаўскі (2, 259) звяртае ўвагу на магчымасць рэканструкцыі праслав. koldbje на базе польск. kłodzie, чэш. мар. kládi, укр. колоддя, бел. фіксацыі (у Насовіча), славен. kládje. Да гэтых прыкладаў неабходна дадаць і рус. смал., арханг., анеж. і інш. колодье (ёсць і форма колодьё) ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́тэдра ’кафедральная царква; прапаведніцкі амбон, кафедра’ (Нас.). У ст.-бел. мове адзначаецца на пачатку XVI ст. (гл. Булыка, Запазыч., 143). Лічыцца, што непасрэднай крыніцай бел. слова з’яўляецца польск. katedra. Апошняе ўзята з лац. cathedra; першакрыніцай, бясспрэчна, трэба разглядаць грэч. καθέδρα ’сядзенне, крэсла’, яно вядома ў многіх еўрапейскіх мовах (параўн. у слав.: чэш., славац. katedra, укр. дыял. кате́дра, балг. кате́дра, серб.-харв. ка̀тедра і інш.). Таксама запазычана ў некаторых зах.-еўрап. мовах (напр., ням. Katheder). Гл. яшчэ ка́федра. Слаўскі, 2, 102; Кюнэ, Poln., 63; Клюге, 357.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каха́нак ’любы, каханы’ (ТСБМ, Сцяшк. МГ, Нас. і г. д.), каха́нка ’любая, каханая’. Гэтыя словы засведчаны ўжо ў ст.-бел. мове: коханка, коханокъ. Дзеяслоў кохати ў ст.-бел. мове Булыка (Запазыч., 173) адносіць да паланізмаў. Зразумела, што і вытворныя, якія маюць адпаведнасці ў польск. (kochanek, kochanka), хутчэй за ўсе таксама запазычанні. Няясна, з якіх прычын коханка, коханокъ Булыка адносіць да ўтварэнняў, якія ўзніклі ўжо ў бел. мове (гл. с. 15, дзе гаворыцца, што пасля экземпліфікацыі прыводзяцца дэрываты, утвораныя на бел. глебе). Параўн. Кюнэ, Poln., 66.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Саж ’сажалка’ (Нас.), ’невялікі хлеў’ (Мат. Гом.), ’маленькі хлявок для парасят, які выгароджваецца ў хляве’ (Ян.), ’садок для рыб’ (ТС), ’азярцо паблізу прытока ракі, якое служыць садком для рыбы перад замаразкамі зімой’, ’скрынка для трымання ў рацэ жывой рыбы’ (Яшк.). Укр. саж ’хлеў, дзе зачыняюць жывёліну для адкормлівання’, ’плецены кош для захоўвання злоўленай рыбы’, рус. кур. саж ’хлеў або перагародка для свіней’, польск. sadz ’скрынка з адтулінамі для захоўвання ў вадзе злоўленай рыбы’. Паўн.-прасл. *sadjь < *saditi ’садзіць’, г. зн. ’тое, у што садзяць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)