по́ле, -я, мн. палі́ і (з ліч. 2, 3, 4) по́лі, палёў, н.

1. Бязлесная раўніна.

Гуляць па полі.

2. Засеяны або падрыхтаваны да пасеву ўчастак зямлі.

Кукурузнае п.

Рыхтаваць п. пад бульбу.

3. Вялікая роўная пляцоўка, спецыяльна абсталяваная, прызначаная для чаго-н.

Футбольнае п.

4. Работа, даследчая дзейнасць у прыродных умовах (спец.).

Геолагі летам у полі.

5. Прастора дзеяння якіх-н. сіл (спец.).

Магнітнае п.

Сілавое п.

6. перан., чаго і для чаго. Галіна, сфера дзейнасці, ніва.

Вялікае п. дзейнасці.

7. Асноўны колер, фон пад узорам.

Паркаль у белы гарошак на чырвоным полі.

8. звычайна мн. Чыстая палоса ўздоўж краю ліста ў кнізе, сшытку і пад.

Паметкі на палях сшытка.

9. звычайна мн. Шырокі бераг капелюша.

Капялюш з загнутымі палямі.

◊

Поле бітвы (высок.) — месца, дзе адбываецца бой.

Поле зроку — прастора, якую бачыць вока.

|| прым. палявы́, -а́я, -о́е (да 1—5 знач.).

Палявыя далі.

П. ігрок.

Палявая практыка.

Выплаціць палявыя (наз.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

нелады́, ‑оў; адз. няма.

Разм.

1. Непаразуменні паміж кім‑н.; сваркі. — А ці чулі вы, панічыку, што Курульчука перамяшчаюць ад нас? — Перамяшчаюць? — спытаў Лабановіч. — Чаму ж яго перамяшчаюць? — Нелады ў іх з дарожным майстрам, — растлумачыла старожка. Колас. І пачаліся ў сям’і нелады. Жонкі братоў сварацца, адна адну заядаюць, — рады няма. Такая пайшла між імі калатня, што і мужыкі нічога зрабіць не могуць. Якімовіч.

2. Няўдачы. [Мая:] Доўга штось яго чакаем. Час дамоўлены мінае, Чуе сэрца нелады. [Тамара:] У таемным гэтым краі Недалёка да бяды. А. Александровіч. // Непаладкі. Не лёгка расправіцца з прарывамі, бо не ўсе цэхі механізаваны. У адным цэху нелады, а тармозіцца работа ў іншых цэхах... Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няця́жкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які не патрабуе вялікіх намаганняў, не з’яўляецца цяжкім для ажыццяўлення, вырашэння і пад. І, сказаць жа, работа на лузе няцяжкая. Колас. Самае няцяжкае было — стаяць, маўкліва, ціха, і ні аб чым не думаць. Мележ.

2. Які мае невялікую вагу. Куфэрак быў няцяжкі, але пасля ўчарашняй страшнай ночы ды па такой дарозе несці яго было і цяжка і няёмка. Чарнышэвіч.

3. Не сур’ёзны (пра хваробу, рану, хворага). — Гэты [ранены] — лягчэйшы, — гаворыць Марыя Сцяпанаўна. — Два няцяжкіх пашкоджанні — галава і бядро. Брыль. Амаль кожны дзень я праведваў Грачыка, і ён рады быў таму, што ў яго няцяжкая рана і яго не будуць эвакуіраваць у тыл. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падра́д ​1, ‑у, М ‑дзе, м.

Абавязацельства выканаць якую‑н. работу за пэўную плату, а таксама работа, што выконваецца паводле такога абавязацельства. Прадпрыемец быў — гарадскі памешчык. У вайну ён узяў падрад на шынельнае сукно і нажыўся. Чорны. Салдаты ад нуды бадзяліся па вуліцах, зарланілі песні, пілі гарэлку, бралі падрады на работу. Хомчанка. Такіх падрадаў, як трапіў гэты, на станцыі, Антон яшчэ ніколі не меў. Ракітны.

падра́д ​2, прысл.

Непасрэдна адзін за другім, без перапынку; запар. Дожджык імжыць вось ужо больш тыдня падрад. Галавач. Людміла падумала, што і Іван Іванавіч, мусіць, спіць. Падрад тры аперацыі. Арабей. // (звычайна з займ. «усё», «усе»). Без выключэння, без разбору. Прэміраваць усіх падрад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

про́мах, ‑у, м.

1. Выстрал або ўдар міма цэлі; непападанне ў цэль. Біць без промаху. □ Не ведае промаху куля чэркеса. Броўка. Промах — мяч ляціць у ваду і вось ужо гайдаецца на хвалях, даволі хутка ўцякаючы ад берага. Брыль.

2. перан. Памылка, хіба. У рамястве.. [Васіль] быў здатны, прыкметлівы, а ў гаспадарскіх справах часта спатыкаўся, меў шмат усякіх промахаў і ўсякіх недарэчнасцей. Кулакоўскі. Я не збіраюся ідэалізаваць парторга Абраменкава. Ёсць і ў яго рабоце свае недахопы, промахі: вельмі гэта тонкая і складаная справа — партыйная работа. Дадзіёмаў.

•••

Не промах — лоўкі, кемлівы, які не ўпусціць свайго. [Стары Верас:] Ну, што ж мне сказаць... Як я пагляджу, дык мой хлопец не промах: выбраў сабе дзяўчыну да пары. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пужа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Наводзіць страх, палохаць. Пукатыя вочы, крывая дзюба [пугача] нават цяпер пужаюць. Маўр. Вецер гойсае па пушчы і галлё сухое трушчыць, птушанят малых пужае на яліне у гняздзе. Грахоўскі. // Прымушаць баяцца каго‑, чаго‑н., страшыць кім‑, чым‑н. Пужаць дзяцей бабай-ягой. □ Словы «генеральная рэпетыцыя» здаваліся сялянам нейкім страшыдлам, ім нават пужалі дзяцей. Пшыркоў. // Выклікаць трывогу. Работа не пужала мяне, а пужала беспрасветнасць яе. Скрыган. [Доктар:] — Але скажу вам, што жанчына, якая ніколі не плача, мяне пужае і.. замарожвае. Васілевіч.

2. Спужаўшы, прымушаць падняцца з месца, пабегчы, паляцець. Прыжмурыўшы вока, Міколка ўглядаецца ў далёкую грушу .. — Ізноў нехта бусла пужае... Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сакрэ́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца сакрэтам, невядомы ўсім; тайны. Сакрэтны пакет. □ Любіў [Даніла] таксама патаемна Лісток сакрэтны пачытаць. Колас. [Партызаны] не ведаюць аднаго сакрэтнага слова, ключа ў нямецкі абарваны круг. Брыль. [Гарлахвацкі:] У цябе там у пакоі, здаецца, людзі ёсць?.. Папрасі ўсіх выйсці. Так, размова будзе сакрэтная. Крапіва. // Звязаны з вядзеннем спраў закрытага парадку. Сакрэтная работа. Сакрэтны аддзел. □ Не дарма ўжо праз некалькі дзён паслаў.. [Лялькевіч] Даніка ў Гомель з нейкім сакрэтным заданнем. Шамякін. // Сакрэтна размешчаны. І бамбавозы з сакрэтных баз Прагнуць закрыць наша сонца ў небе... Панчанка.

2. Мудрагелістай канструкцыі, з механізмам, дзеянне якога вядома не ўсім. Сакрэтны замок. □ Хата Паўлюкова была завалена з сярэдзіны сакрэтным завалам. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упрыго́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.

Надаць каму‑, чаму‑н. прыгожы выгляд, зрабіць больш прыгожым, яркім; аздобіць. А колькі розных стужак, грабянёў, Хусцінак яркіх, завушніц прыгожых! Якіх яны красуняў упрыгожаць! Танк. Гарадоў нашых вуліцы, плошчы Упрыгожыла мора сцягоў. Машара. Багата і шчодра ўпрыгожыла вясна зямлю, адзеўшы яе зелянінаю, ярыною і жытамі. Колас. І зноў работа закіпела — аж дух займае ў хлопцаў. Спачатку ля краёў столь узорамі ўпрыгожылі, пасля да сярэдзіны дабраліся. Нядзведскі. // Стаць сведчаннем якіх‑н. заслуг (пра ордэны, медалі і пад.). Ордэн Чырвонага Сцяга ўпрыгожыў сцяг камсамола рэспублікі. «Звязда». // перан. Зрабіць больш поўным, багатым па зместу (жыццё, існаванне). Каб зноў жыццё сваё ўпрыгожыць, — За працу возьмемся хутчэй. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шыфр, ‑у, м.

1. Сістэма ўмоўных знакаў для тайнага пісьма, якое чытаецца з дапамогай ключа. Кастусь быў старшым радыстам: усе сакрэтныя шыфры знаходзіліся ў яго. Ваданосаў. Урэшце прыйшоў [вучоны] на навуковы сход і з гордасцю сказаў: — Я знайшоў ключ да шыфру! Я дабіўся свайго — прачытаў тайнапіс! Дубоўка. // Умоўнае абазначэнне або замена слоў і пад. чым‑н. Думалі, што.. [Луцкевіч] не ведае шыфру перастуквання. Машара.

2. Умоўны знак або знакі на кнігах, рукапісах. падшыўках і пад., якія прымяняюцца пры іх захаванні ў бібліятэцы, архіве і ўказваюць дакладнае месцазнаходжанне. // Умоўнае абазначэнне якога‑н. сакрэтнага дакумента, сакрэтнай работы. Шыфр наверсе стаяў адзін, а работа была розная — для розных цэхаў і гаспадарак. Скрыган.

[Фр. chiffre.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ра́да ’парада, павучанне’, ’сход’ (ТСБМ), ’парада, сродак’ (Нас.), ’парада, дапамога, работа’ (Ян., Бяльк.), ’парада’ (астрав., шальч., віл., маст., мядз., шчуч., в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’спосаб, змова’ (Юрч.), ’нарада родных і сваякоў’ (ТС), ’сродак, выхад’, ’рада’ (Гарэц.), даць ра́ды ’справіцца з чым-, кім-небудзь’ (Калюга), ст.-бел. рада ’парада’, радити, радить, укр. ра́да, рус. дыял. ра́да, польск. rada ’рада, парада’. Лічыцца, што ўсходнеславянскія мовы запазычылі гэтую лексему праз польскую з с.-в.-ням. rât ’рада’, параўн. ням. Rath, rathem ’радзіць’, інд. rādh‑noti ’набываць; атрымліваць карысць’, авест. rāda‑ ’дабівацца чаго-небудзь, мець клопат’ (Фасмер, 3, 429; Брукнер, 452). Бязлай (3, 143) выказвае сумненне ў запазычаным характары слова, рэканструюе прасл. *radъ, што да і.-е. *rōdh‑, параўн. ст.-інд. rādha‑ ’блаславенне, поспех, шчодрасць’. Сюды ж адносяцца серб. ра́дити, харв. ràditi ’рабіць’, гл. рад 2. Дапускаючы такую магчымасць, нельга выключыць змяшэнне са старым запазычаннем праз польскую з нямецкай (Нававейскі, Zapożyczenia, 10) ра́да ’савет, рада (як орган)’ (Гарэц.), параўн. ст.-бел. рада ’орган пры магістраце, які выконваў функцыі гарадской улады і суда па маёмасных і грамадзянскіх справах’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)