Ву́згал ’узгалоўе пасцелі’ (Касп.). Ад узгалоўе ’тс’ (прасл. vъz‑golvьje) шляхам адсячэння канцавой часткі слова, успрынятай як паказчык зборнасці, параўн. кусткустоўе зборн. ’кусты’, параўн. таксама іншыя назвы ўзгалоўя — гало́вы, галава́шкі і пад.; дээтымалагізацыяй у выніку дэкампазіцыі, відаць, тлумачыцца і перацяжка націску на пачатак слова, а таксама наяўнасць пратэзы перад націскным прыставачным уз‑, паколькі звычайна пратэза з’яўляецца перад націскным каранёвым у (Нарысы, 139); параўн., аднак, рус. узг ’вугал, край’, узгол ’вугал’, польск. wązg ’пала’, этымалогія якіх няпэўная (Фасмер, 4, 153).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лю́тка, люткі ’гарошак балотны, Lathyrus pratensis L.’ (Кіс., Дэмб. 1, Касп.). Да люцік (гл.). У рус. гаворках лексемай лютик называецца з паўтара дзесятка розных раслін; цвяр., вяц. лютки ’грушанка, Pyrola secunda L. і Pyrola uniflora L.’ У славац. гаворках для гарошка балотнага зарэгістраваны назвы: džuk, ďuk, dźukova nacina, і, калі ўлічыць суседняе ўкр. дюг ’злы дух’, можна меркаваць, што і назва лю́тка звязана з прыметнікам люты ’злы’. Аднак аб сувязі гэтай расліны са злым духам нічога не вядома (Махэк, Jména, 127–128).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Люцэрна ’травяністая кармавая расліна, Medicago falcata L.’ (Кіс., ТСБМ, Бяльк., Сцяшк.). Запазычана з польск. lucerna ’тс’, якое з ням. Luzerne < франц. luzerne ’тс’ < лац. lucerna ’лямпа, ліхтар’ < lūcēre ’свяціць, быць ясным’. Матывацыя наймення не зусім ясная. Слаўскі (4, 362) мяркуе, што насенне яе адрозніваецца жоўтай бліскучай паверхняй, а жоўтыя кветкі выглядаюць яскрава; на пач. XVII ст. была польск. калька kaganiec ’тс’ (Гэтак жа БЕР, 3, 585). Махэк (Jména, 121) выводзіць назву расліны з назвы швейцарскага горада Luzern, параўн. харв. назву люцэрны švajcarska djetelina.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гарбу́з ’гарбуз’ (БРС, Шат., Касп., Нас., Бяльк., Сцяшк. МГ). Укр. гарбу́з ’тс’, рус. арбу́з, гарбу́з ’кавун’, гарбу́з ’гарбуз’, польск. harbuz, arbuz ’кавун’, серб.-харв. ка́рпуза, балг. карпу́з ’кавун’. Запазычанне з усх. моў. У аснове ляжыць кыпч. χarbuz (параўн. тур., крым.-тат. karpuz), якое паходзіць з перс. χarbūza. Фасмер, 1, 83–84. Гл. яшчэ Слаўскі, 1, 403; Брукнер, 168. Аб двух храналагічна розных запазычаннях гэтага слова ў польск. мове гл. у Слаўскага, там жа. Адносна лексемы гарбу́з як назвы стравы гл. Сцяц. Нар., 41.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кані́кулы ’перапынак у занятках для адпачынку навучэнцаў’ (ТСБМ), драг. каніку́лэ ’тс’ (Лучыц-Федарэц., вусн. паведамл.). Відавочна, запазычана з польск. kanikuła ’спякота’ і старое значэнне ’канікулы’, якое з лац. canīcula ’малы сабачка’ (у выражэнні diēs caniculāres) — ад назвы сузор’я Малога Пса і таго перыяду, калі сонца знаходзіцца ў гэтым сузор’і (з 22 ліпеня да 23 жніўня) і стаіць гарачае надвор’е; па гэтай прычыне быў устаноўлены перыяд адпачынку ад заняткаў. Форма мн. ліку на аналогіі з суткі (Фасмер, 2, 180; Шанскі, 2 (К) 44).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аскра́к ’чалавек, у якога заўсёды беспарадак пад носам’ (Янк. Мат.). Укр. оскря́к, віскряк, візгряк ’сапля, сапляк’. У сучаснай мове разумеецца як утварэнне з суфіксам ‑ак, які ўтварае назвы асоб. Тады зыходным трэба лічыць возкрі ’соплі’ (Бяльк.). Гл. возгры, якое мае шмат паралеляў у славянскіх мовах; не выключана, што скрак — каранёвы элемент: *(s)kręk ’студзяністая субстанцыя, напр. жабурынне’. Супрун, Бел.-укр. ізал., 71–73; Вярэніч, Бел.-укр. ізал. 10–11; Шцех, Scando-Slavica, 11, 251–254; іншую літаратуру гл. да артыкула возеры.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бац1 ’пацук’ (Касп., Сцяшк. МГ, Янк. Мат., Інстр. II). Параўн. і бацу́к ’вадзяны пацук’ (Лысенка, ССП). Усё гэта формы з азванчэннем да пацук, пац ’тс’ (гл.).

Бац2 ’малое дзіця, вельмі рухавае’ (Янк. Мат.). Гэта пераноснае ўжыванне слова бац ’пацук’. Магчыма, далей сюды адносяцца таксама (спачатку як пераносныя назвы) бацю́к, бацю́та хлопчык’ (Касп.), бацю́та ’перарослы гарэза’ (Нас.). Але не выключаецца, што апошнія словы — утварэнне ад ба́ця, ба́цька. Параўн. бацю́та, бацю́ля ’сын, які падобны да бацькі тварам ці ўчынкамі’ (Яўс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Магільнік1 ’агатка, Antennaria dioica Gaertn.’ (маг. Кіс., Дэмб. 1). Да магі́ла (гл.). Утворана пры дапамозе суф. ‑нік. Матывацыя: расліна любіць высокія, сухія мясціны, якой і з’яўляецца могільнік. Іншыя назвы гэтай расліны таксама звязаны з паняццем ’сухата’: сухотнік палявы, сухапут.

Магільнік2 ’братаўка лясная, Melampyrum silvaticum L.’ (маг., Кіс.). Да магі́ла (гл.). Матывацыя: росшы ў жыце, гэта расліна, якая мае цёмнае насенне, рабіла хлеб цямнейшым, а змяшчаючы ў сабе ядавітыя гліказіды, была шкоднай і небяспечнай для здароўя, што магло прыводзіць да смерці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Анго́рскі ў выразах ангорская кошка, ангорскі трус, ангорская каза; анго́ры ’ангорскія трусы’ (Сцяшк. МГ). Рус. ангорский, укр. ангорський, польск. angora ’парода коз, авечак, трусоў, кошак’ і г. д. Крыніца слав. слоў — старая форма назвы сталіцы Турцыі Анкары і вілаета (вобласці) — Ангора, адкуль прыметнік; назоўнікі тыпу анго́ры трэба лічыць другаснымі, вытворнымі ад прыметнікаў. Непасрэднай крыніцай для бел. прыметніка з’яўляюцца, пэўна, руская і польская мовы; назоўнік ангоры мог быць утвораны на бел. глебе ад прыметніка ці запазычаны з польск. Гл. Супрун, Зб. Крымскаму, 123.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жлудзь ’картачная масць’ (Нас.). Рус. жлуди ’тс’. Фасмер (2, 58) лічыць форму жлуди ад желуди. Чарнышоў (Избр. тр., 2, 448) лічыў назву жолуда калькай чэш. < ням. назвы, а выпадзенне першай галоснай звязваў (там жа, 452) з формамі ўскосных склонаў мн. л. желуде́й, желудя́м > жлуде́й, жлудя́м, адкуль і другасная форма наз. скл. мн. л. жлуди. Трэба далучыць яшчэ магчымасць уплыву акцэнтнага варыянта жалу́д (гл.), прадстаўленага і ў бел. мове. Формы з мяккасцю апошняга зычнага вядомы і бел. мове (жолудзь, Шатал.). Гл. жолуд.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)