вяршо́к 1, ‑шка, м.

Мера даўжыні, роўная 4,4 см, якой карысталіся да ўвядзення метрычнай сістэмы.

вяршо́к 2, ‑шка, м.

1. Верхняя частка чаго‑н.; верх, верхавіна. Вяршок дрэва. □ Здалёк бабкі здаваліся прысадзістымі белымі кустамі з завостранымі вяршкамі. Якімовіч. Маладыя яблынькі адно самымі вяршкамі выглядалі паверх жыта. Чорны.

2. толькі мн. (вяршкі́, ‑оў). Тлусты верхні слой на малацэ, якое адстоялася; смятанка. [Нявестка:] — Кожны дзень хтосьці з’ядаў вяршкі ў збанках з малаком. Пальчэўскі.

•••

Збіраць вяршкі з чаго гл. збіраць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

селядзе́ц, ‑дца, м.

1. Марская рыба сямейства селядцовых, якая ўжываецца ў ежу ў салёным ці вэнджаным выглядзе. Селядзец быў тлусты, сакавіты, мяккі і духмяны. Новікаў. На стале стаялі прыгатаваныя селядзец з гарнірам, а поруч міска з гарачай сопкай бульбай, марынаваныя грыбы, кількі, шпроты, чорная ікра, фаршыраваная рыба, цяляціна, дамашняя свіная каўбаса, ад якой пахла ядлоўцам, паляндвіца і шмат іншай закускі. Гурскі.

2. Абл. Шабля. У земскага торгаюцца бровы, ён хапаецца рукою за свой «селядзец». Якімовіч.

•••

Як у бочцы селядцоў — пра вялікую колькасць людзей у цесным памяшканні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ту́сцень ‘бабровы тлушч’ (Ласт.). Магчыма, роднаснае серб. ту̏ска ‘вытапкі, выжаркі’, гл. туск. Аднак больш верагодна ўзыходзіць да прасл. *tъlstъ (*tl̥stъ), якое ў шэрагу беларускіх гаворак рэалізавалася як туст‑: ту́сты ‘тоўсты, тлусты’ (Цыхун, ЈФ, 56, 1386–1387), параўн. за́таўка або за́тука ‘заправа стравы з якога-колечы туку, найчасцей расцёртага сала’ (Ласт.), серб. ту̏ст, харв. tȕst ‘тучны, тоўсты’. Архаізм, праформу якога можна прадставіць як *tl̥stъ‑enь; адносна суфікса як індаеўрапейскай спадчыны гл. Слаўскі, SP, 1, 125.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сыты, тлусты, укормлены, адкормлены, раскормлены; поўны, распаўнелы, паўнацелы, пухлы, гладкі, круглы (разм.) □ у целе, аж блішчыць

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Тыць ‘таўсцець’ (Скарбы): razumny sochnie, a durny tyje (ваўк., Федар. 4), ты́яць ‘тлусцець, паўнець’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. укр. ти́ти ‘тлусцець’, рус. ты́ти, стараж.-рус. тыти ‘сыцець, паўнець, гладчэць’; польск. tyć ‘тс’, н.-, в.-луж. tyś ‘квітнець’, чэш. týt, славац. tyť, серб. ти̏ты ‘паўнець, тлусцець’, ‘буйна разрастацца’, харв. tȉti ‘тс’, балг. ту́чентлусты’, макед. тучентлусты’, ‘урадлівы’, ст.-слав тыти ‘паўнець’. Прасл. *tyti ‘гладчэць’, ‘набухаць, набрыньваць’ роднаснае літ. tùkti ‘тлусцець’, лат. tȗkt ‘пухнуць, набрыньваць’, вал. tyfu ‘расці’, лац. tumēre ‘быць раздутым’, ст.-інд. tū‑ya‑ ‘моцны, хуткі’, авест. tavás‑ ‘моцны’ < і.-е. *teu̯(ə)‑/*tou̯‑/*tū̆‑ (Фасмер, 4, 144; Скок, 3, 475; Брукнер, 587; Махэк₂, 655; Голуб-Копечны, 399; Борысь, 657; ЕСУМ, 5, 575; ESJSt, 17, 1003). Параўн. таксама тыл, тук. Апафанічны варыянт прасл. *tyti ў форме *toviti захаваўся ў харв. tòviti ‘адкормліваць жывёлу’, otâva ‘другі сенакос’ (Скок, 3, 475; Куркіна, Этимология–1976, 25), гл. атава і, магчыма, товіст ‘тоўсты’ (гл.), вывядзенне якога з *tl̥stъ (гл. Карскі 1, 257) выклікае пэўныя фармальныя цяжкасці, у такім выпадку значэнне магло быць ‘адкормлены’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зало́м 1, ‑а і ‑у.

1. Дзеянне паводле дзеясл. заломваць — заламаць ​1 (у 1 знач.).

2. ‑а. Заломленае месца на чым‑н. Залом на суку. // Круты, рэзкі выгіб, паварот чаго‑н. [Адась Гушка] знік за заломам акопа. Чорны. Строга звёўшы тонкія, з сярдзітым заломам бровы,.. [Малання] азірнулася. Мележ.

3. ‑а. Зблытаны і заламаны чараўніком пук жытніх сцяблоў, які, па ўяўленню забабонных людзей, мог наклікаць бяду на гаспадара нівы. Вядзьмар і шэпча, і заломы вырывае, і ўсялякім чарадзействам займаецца. Якімовіч.

•••

Заламаць залом гл. заламаць ​1.

зало́м 2, ‑а, м.

Буйны і тлусты каспійскі селядзец. Ужо запаўняюць шырокія бочкі Срабрыстыя омулі, сыты залом. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Без мяса і малака, не скаромны. Вячэра мусіла быць посная, але ж трэба было згатаваць нямала-нямнога: дванаццаць страў! Мележ. — Сядай, сынок... Нічога лепшага ў мяне няма... Капуста посная. Чарнышэвіч.

2. Не тлусты. Посная свініна.

3. перан. Хмурны, сумны (пра выраз твару, усмешку і пад.). Малашкін сядзеў выпрастапы, з посным тварам чакаў голасу сакратара. Пестрак. Гаспадар пакоя неяк знячэўку ўстрапянуўся, ураз сагнаў ўсмешку з твару, які стаў ад таго сумны і посны. Быкаў.

4. перан. Прытворна сціплы, ханжаскі. Парэчкус злажыў рукі і падняў угару посны твар, як на маленні. Броўка.

•••

Посны дзень гл. дзень.

Посны цукар гл. цукар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́шлы1 ’нізкі ў маральных адносінах, пазбаўлены духоўных інтарэсаў і запатрабаванняў’ (ТСБМ). З рус. по́шлый ’тс’ < по + ходить, шел (Праабражэнскі, 2, 119; Фасмер, 3, 349).

По́шлы2 ’дужы, моцны’ (Крыўко, вусн. паведамл.; ушац., Пан.), параўн. таксама няпо́шлы ’малы, худы, кволы’ (Пан.), недапо́шлы ’кволы’, абнепашле́ць ’зрабіцца слабым, нядужым’, рус. дыял. по́шлый ’поўны, тоўсты чалавек’, ’сыты, тлусты (пра жывёлу)’, ’спелы, узмужнелы, у гадах’. Даль тлумачыць яшчэ як до́шлый, г. зн. той, хто дасягнуў фізічнай і духоўнай кандыцыі, што сведчыць пра зыходнае дайшо́ў, гл. ісці, хадзіць. Параўн. нядошлы (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слі́мень ‘мядзянка, вераценніца’ (ТСБМ, Ласт., ТС, Ян.), ‘земнаводнае Angulis fragulis L.’ (Янк. 3., Пятк. 2, Жыв. св., Сл. ПЗБ), сліме́нь ‘тс’ (Сцяшк.), ‘тоўсты, тлусты, сыты (чалавек)’ (Ян., Юрч.), слі́мень ‘смоўж (ТС, Мат. Гом.), сляме́нь ‘невялікая змяя, Anguis fragilis L.’ (Касп.). Параўн. каш. slëḿėń ‘земнаводнае Anguis fragilis L.’, ‘слімак’ (беспадстаўна трактуецца ў SEK, 4, 311 як “выключна кашубскае”), балг. радоп. cе́лʼменʼ, со́лʼменʼ ‘слімак’. Прасл. *slimenь утворана пры дапамозе суф. ‑en‑ ад асновы *slim‑ ‘слізкі’ па тыпу *golenь ад *golъ, параўн. слімак, слім (гл.). Першаснае значэнне, відаць, ‘слімак, слізень’, перанесенае на мядзянку ці вераценніцу па матывах табу.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жлу́кта1 ’драўляная пасудзіна’. Рус. дыял. смал., паўд., зах., кур., белгарад. жлу́кта ’тс’, укр. жлу́кто ’тс’, польск. żłukto з літ. žlùgtas, žlùktas ’пасудзіна, у якой мыюць бялізну’ і ’намочаная бялізна’ (Буга, Rinkt., 2, 685–688; Міклашыч, 412; Фасмер, 258; Кіпарскі, Аткупшчыкоў, Талстой у кн. Лексічныя балтызмы 14, 32, 48; Урбуціс, Baltistica, V, 1, 60). Сумненні Праабражэнскага (1, 234–235) пра балт. паходжанне слова наўрад ці апраўданы. Пра этымалогію балт. слова гл. Фрэнкель, 1318.

Жлу́кта2 ’той, хто многа п’е’ (ТСБМ). Рус. дыял. кур., смал.тлусты, неахайны чалавек; хто многа п’е’. Перанос значэння з жлукта1 (гл.). Ва ўкр. засведчана такая магчымасць шляхам параўнання (Сл. укр. мови): круглий, як жлу́кто.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)