Тлум1 ’адурэнне, замарачэнне’, ’шум, гоман, сумятня’, ’шумлівы натоўп людзей’ (ТСБМ), ’шум, гоман’ (Нас., Касп., Мядзв., Некр. і Байк., Шымк. Собр.), клум ’шум, галас’ (Гарэц.), сюды ж тлумі́ць ’дурыць галаву; празмерна дакучаць гаворкай, шумам’ (ТСБМ, Касп.), ’дурыць’ (Жд. 2), ’жартаваць, гаварыць лухту’ (Нас.), ’пустасловіць’ (Шымк. Собр.). З польск. tłum ’тс’, якое лічыцца выключна польскім утварэннем (Трубачоў, Труды, 1, 162), інакш Ліўканен (Отглаг. сущ., 172), які далучае сюды рус. смален. талмата́ ’шум, мітусня’ (< *tolmota, параўн. тлумата, гл.); выводзіцца з прасл. *tъlpmъ, звязанага з прасл. *tъlpa ’натоўп’ (Брукнер, 572), гл. таўпа. Борысь (635) дапускае мажлівасць аддзеяслоўнага паходжання ад tłumić ’прыгнятаць, глушыць, прыціскаць’. Ст.-бел. тлумъ ’зборышча, зброд’ вядома з XVII ст., як і тлумити ’супакойваць, стрымліваць’, вядомае з XVI ст., запазычаны са старапольскай мовы (Булыка, Лекс. запазыч., 38, 196).

Тлум2 ’нерастаропны чалавек’ (Сл. рэг. лекс.). Канверсійнае ўтварэнне ад тлумава́ты ’дурнаваты’ (там жа), тлу́мны ’бесталковы’ (Некр. і Байк.), што ад тлум1, тлуміць ’заблытваць, збіваць з панталыку’, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мітусня, мітусяніна, мітусенне, сумятня, таўкатня, таўканіна, штурхатня, штурханіна, валтузня, тлум; беганіна, таўханіна, таўпеханне, крутаверць, мітульга, куламеса, катавасія, садом (разм.); галда, гам, тармаса (абл.); пекла, гвалт (перан.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

*Калды́ба, колдыба ’крывы, кульгавы, які павольна ідзе’ (Нас.), калдыбаць ’кульгаць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.), калдыбыць і кылдыбаць (Юрч. З жыцця), колдыбаць (Нас.), кылдыбаць (Бяльк.), колдыбайло ’кульгавы’, ’павольны ў рабоце’ (Нас.), сюды ж калдыб ’пра цяжкую хадзьбу пры хворых нагах’ (мсцісл., Нар. лекс.: Нас.). Рус. зах. бран. калдыбать ’ісці павольна, кульгаць’, смал. колдыба ’кульгавы’, колдыбка ’скалечаная нага, кукса’, колдыб ’дзеянне па дзеяслову колдыбать’, колдыбай ’кульгавы’, колдыбать ’кульгаць’, кур. колдыбать ’тс’, ’павольна ехаць, ледзь цягнуцца’, разан. ’не мець сталага месца’, колдыбащий ’няўстойлівы, непастаянны, які часта мяняецца’: «Моя жизнь колдыбащая…» (СРНГ, 14, 119). Паводле геаграфіі — інавацыя ў сумежных бел. і рус. гаворках. Што датычыць этымалогіі, рус. колдыбай, колдыбать Фасмер (2, 288) лічыў роднасным колдыка ’кульгавы, які ідзе перавальваючыся’, колдыкать, бел. колдыга (гл.), колдыгаць. Апошнюю групу слоў шматлікія этымолагі разглядаюць у сувязі з гоц. halts ’кульгавы’, грэч. κόλος ’абрублены, надламаны’, арм. kał ’кульгавы’, літ-pa ў Фасмера, там жа. Як відаць, і.-е. семантыцы адпавядае смал. колдыбка ’скалечаная нага, кукса’, аднак гэта суфіксальнае ўтварэнне і няма ніякіх падстаў лічыць яго першасным у параўнанні з іншымі лексемамі гэтай групы. Славянскіх паралелей, якія б дазволілі рэканструяваць праславянскую форму, няма. Як здаецца, бел. і рус. словы ўтвораны не па мадэлі ’абрублены, абрэзаны’ → ’куксаты’ → ’кульгавы’. Параўн. рус. валаг. колдыбашить ’балбатаць, пустасловіць’ (< ’боўтаць’), цвяр. колдыбашиться ’калыхацца, вагацца’, разн. колдыбащий ’няўстойлівы’, колдыбацца ’качаваць, матацца’. Аналагічная версія была прапанавана Бернекерам (1, 660), які рус. колдыкать, колдыбашить і пад. уключыў у артыкул kъltajǫ, kъltati, дзе аб’яднаны лексемы са значэннямі ’кульгаць’, ’рухаць’, ’калыхаць; гайдаць’ і да т. п. Структура дазваляе меркаваць аб архетыпе *kl̥t‑ і яго звонкім адпаведніку *kl̥d‑. Статус гэтых форм не зусім ясны: шэраг рус. дыял. фактаў (пск., цвяр., асташк. колтовня ’чалавек, які таргуецца за кожную капейку’, колтыг ’жмінда’, ’шум, сварка’ і колтыга ў абодвух значэннях) сведчыць аб празрыстай сувязі з адпаведнымі вытворнымі ад колот‑ (развіццё семантыкі: ’хістаць’ → ’хістацца’, ’трэсціся’ або непасрэдна ’трэсці’ → ’трэсціся’ → ’дрыжаць’ → ’скупіцца’ і ў прынцыпе можна дапусціць, што разглядаемая лексіка паходзіць іменна ад гэтай асновы. Параўн. яшчэ колты ’плёткі’ (у Даля без геаграфіі). Што датычыць фанетыкі, можна прывесці як прыблізны адпаведнік бел. кальбель < калыбель. Аднак тое ж развіццё семантыкі магло быць цалкам самастойным; значэнне ’кульгаць’ не зафіксавана ў вытворных ад колотить. Такім чынам, прыведзеныя архетыпы цалкам магчымыя, хоць іх усх.-слав. характар відавочны. Параўн. яшчэ калдыга (гл.).

Калдыба́2 ’цвёрды выступ каля паглыблення на разбітай або мёрзлай дарозе’, ’няроўнае ворыва з ямкамі і выступамі’, ’скіба дзярновай зямлі на раллі’ (слаўг., Яшк.). Рус. разан. колдырь ’вялікі кавалак чаго-н.’, ’нарасць на дрэве’, колтырь ’вялікі кавалак (хлеба і да т. п.)’, да семантыкі параўн. скіба (хлеба) і скіба (зямлі). Аб архетыпе гл. пад калдыба1, семантыка намінацыі не вельмі зразумелая. Магчыма, неабходна суаднесці відавочна ўтвораныя ад асновы колот рус. дыял. колоть ’няроўная, узгорыстая, абледзянелая паверхня дарогі, якая замерзла пасля моцнай адлігі’, ’узгоркі замёрзлай восенню гразі, ледзь пакрытыя снегам’, ’няроўная, ухабістая паверхня дарогі, якая высахла ад летняга спёку’ і да т. п. Параўн. да гэтага пск., асташк., цвяр. колотьсумятня, сварка’, празрыстае вытворнае ад колотить ’сварыцца’. Што датычыць словаўтварэння рус. паралелі і семантыкі намінацыі, параўн. яшчэ пск., асташк., цвяр. колотьба ’няроўная, абледзянелая паверхня дарогі’, дыял. колоткой ’ухабісты, гразкі (аб дарозе)’, колотливый ’тс’, ’(пра сэрца), якое моцна калоціцца’. Параўн. яшчэ арханг., халмаг. колотовка ’глыба мёрзлай зямлі’ і назвы розных прылад, утвораных ад колот‑; ленінгр. колотушка ’палка, якой разбіваюць сухія камкі зямлі на ворыве’. У шэрагу рус. дыял., вытворных ад колб‑, адзначаны колдыбнуть ’моцна стукнуць’, колдыбахнуть ’кінуць што-небудзь з шумам у ваду; баўтнуць’, якія, магчыма, сведчаць на карысць апошняга варыянта тлумачэння. Разам з тым праблема з’яўляецца вельмі складанай, паколькі нельга не параўнаць разглядаемае слова і вялікую групу лексікі, якую рэпрэзентуюць такія рус. дыял. лексемы, як колдыбашина ’выбоіна, ухаба’ (параўн. колдыбашный ’ухабісты’), колдыбина, бел. калдыбіна і да т. п. Аднак відавочная розніца ў семантыцы дазваляе меркаваць, што бел. слова — рэгіянальны наватвор ад калдыбаць (?), наконт семантыкі параўн. нашы меркаванні вышэй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трус1, тру́сік ‘кролік, свойскі грызун сямейства заечых, Lepus cuniculus domesticus’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Гарэц., Др.-Падб., Пятк. 2, Яруш., Касп., Сцяшк., Растарг., Сл. ПЗБ, Арх. Вяр., Бяльк.), трусь ‘тс’ (Нас., Бяльк., Сл. Брэс.; брэсц., ЛА, 1), сюды ж ст.-бел. трусочы ‘кралёвы, кролікавы’ (XVII ст., ГСБМ), паўд.-зах.-бел. тру́сіха, цэнтр.-бел. трусі́ца, цэнтр. і ўсх.-бел. тру́ска ‘самка труса’ (ЛА, 1, Сл. ПЗБ, Касп., Янк. 3., Сцяшк.). Укр. трусь, трус ‘кролік’; рус. трус ‘тс’ (Даль), польск. trusia, truś ‘тс’, ст.-польск. truśka ‘кральчыца’, славац. trus‑trus ‘падкліканне трусоў’. Відавочна, генетычна звязана з трусі́цца ‘трэсціся, дрыжаць’: конь чуе, што подходзяць воўкі, трусіцца (ТС), гл. тру́сі́ць1 ‘калаціць, трэсці’, тады — ‘той, хто трасецца, хто дрыжыць’, што характэрна для кроліка: pałochliwy jak trus (królik) (Пятк. 2, 262). Паўночнаславянскі дэвербатыў, ідэнтычны прасл. *trǫsъ ‘трасенне’ (гл. трус2). Сюды ж у адносінах да чалавека трус ‘баязлівец’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС, Пятк. 2), параўн. укр. трус, рус. трус, польск. trus, trusia ‘тс’, што ўзводзяць да прасл. дыял. *trusъ ‘страх’, звязанага чаргаваннем з *trǫsъ ‘трасенне’ (ЕСУМ, 5, 658), параўн. укр. труса́ ‘страх’. У беларускай літаратурнай мове і ў беларускіх гаворках пашырылася, відаць, з рускай мовы, дзе лексема трус са значэннем ‘баязлівец’ ужываецца з XVIII ст. (Чарных, 2, 267), аднак найменні з зыходнай семантыкай ‘трапятанне, дрыжыкі, боязь’ фіксуюцца ўжо з XII—XIII стст. (СлРЯ, 11-17, 30, 208). Вытворныя трусі́на ‘тс’ (Юрч. СНЛ), тру́ска ‘баязліўка’ (Янк. 3.), трусля́к ‘тс’ (Мат. Маг.), труслі́ву, трусьлі́вы ‘тс’ (ТС, Бяльк.), труса́н, трусі́шча ‘тс’ (Жд. 2), тру́сасць ‘баязлівасць’ (Др.-Падб.), як і ўтварэнні н.-луж. tšuchły ‘сарамлівы, маладушны’, ‘баязлівы’, ‘сумны’, в.-луж. truchły ‘баязлівы’, лат. traušâtiês ‘баяцца’ сведчаць пра магчымасць незалежнага развіцця семантыкі, гл. Фасмер, 4, 110; Арол, 4, 109. Іншая этымалогія слова грунтуецца на выклічніках, якімі падзываюць кролікаў і іншых хатніх жывёл і птушак: трусь-трусь — падзыўныя для кролікаў (Нас.; Горбач, Зах.-пол. гов.), укр. трусь-трусь ‘тс’, рус. трусь-трусь — падзыўныя для кролікаў і цялят, трусе́‑трусе́ — падзыўныя для кароў, тру́сенька‑тру́сенька — падзыўныя для коней, польск. truś‑truś — падзыўныя для кролікаў і індыкоў, trusia‑trusia — падзыўныя для кароў, trusz‑trusz — падзыўныя для кролікаў і інш. (Борысь, 645), якія могуць узыходзіць да тпро, тпру, птрусь (гл.). Сюды ж трусі́ць, атрусі́ць ‘прыводзіць трусянят’, трусыне́тко, трусыня́тко ‘трусянё’ (Сл. Брэс.), трусі́нь пад печ! ‘выгук для адганяння трусоў’ (Юрч. Вытв.), тру́ска ‘самка кроліка’ (Касп.), тру́сік ‘кролік’ (Ласт., Растарг.), трусо́к ‘тс’ (Ласт.).

Трус2 ‘ ваганне зямлі, землятрус’ (ТСБМ), ст.-бел. трусъ ‘тс’ (ГСБМ). Параўн. укр. трус ‘трасенне; сумятня, перапалох’, ц.-слав. трясенье земле, трусъ ‘землятрус’, рус. трус ‘тс’, ‘бура і хваляванне, лютасць стыхій’, стараж.-рус. трусъ ‘трапятанне, дрыжанне, страх’, ‘трасенне’, серб. тру̂с, харв. trûs ‘землятрус’, балг. (земе)тръ́с ‘тс’, ст.-слав. трѫсъ ‘тс’, ‘хваляванне, бура’. Да прасл. *trǫsъ ‘трасенне’ < *tręsti ‘трэсці’ ў выніку мены насавога ǫ на ўсх.-слав. у, гл. тру́сіцца, тру́сіць, трэсці. У сувязі з тым, што лексема *trǫsъ мела некалькі значэнняў, у сучасных славянскіх мовах у значэнні ‘ваганне зямлі’ стаў ужывацца навуковы тэрмін: польск. trzęsienie ziemi, чэш. zemětřesení, рус. землетрясение, балг. земетресене і земетръ́с, макед. земјотрес, серб. зе̏мљотрес, параўн. паэтычнае землятру́с (У. Караткевіч).

Трус3 (trus) ‘ператрус, вобыск’ (Пятк. 3), тру́ска ‘тс’ (Клім.). Да. трусіць1 ‘шукаць’, гл.

Трус4 ‘від бегу каня, трух, трушок’ (Бяльк.), сюды ж тру́сом (бегчы) ‘тс’ (Стан., Бяльк.), труском, трускаля́ ‘тс’ (чач., ЖНС), трусі́ць ‘бегчы трушком’ (ТСБМ), рус. смал. трусь ‘ціхі трух, трушок’, балг. тръ́с ‘тс’. Узыходзіць да прасл. *trǫsъ < *trǫsiti ‘трэсці’, параўн. таксама трух, трушок, гл.

Трус5 ‘смецце, ламачча, жарства, друзачкі’ (Нас., Некр. і Байк.); сюды ж, відаць, тру́сак ‘смецце, чарапкі’ (Нас.), тру́сок ‘сухія галінкі, трэскі’ (Федар. 1), тру́ска ‘парушына, трэсачка’ (Нас., Юрч. Вытв., ТС), трусо́чык ‘дробнае вецце, сухое галлё’ (Бяльк.), труса́ ‘пілавінне’ (ст.-дар., Жыв. НС), трусочка ‘ламачча, буралом’ (Нар. Гом.), тру́сачка ‘парушынка; трэсачка’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр.), ‘дробка, каліва’ (Нас.), тру́снік ‘друз, трэскі’, ‘дробнае ламачча’ (ТС), ‘трэскі’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. укр. тру́со́к ‘дробнае ламачча, сухія трэскі’, ‘дробна парубанае галлё’, рус. трус ‘тс’. Дэвербатыў ад трусіць2 ‘смяціць, церушыць, растрасаць’ (гл.), аднак некаторыя вытворныя дэманструюць сувязь з труск (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)