усхо́д 1, ‑у, М ‑дзе, м.

1. З’яўленне над гарызонтам (нябеснага свяціла, зары). Не ноч, а дзень прыносіш нам, свяціла. Люблю ўсход твой ясны сустракаць... Пушча. Усход сонца афарбаваў акно ў спальні Крушынскага. Бядуля. // Час, калі сонца ўзыходзіць, падымаецца над лініяй гарызонта. Даніла ў гэты дзень устаў яшчэ да ўсходу сонца. Краўчанка. // Частка гарызонта, дзе ўзыходзіць сонца. Усе позіркі былі звернуты на ўсход. А там, на спакойным снегавым гарызонце, ледзь-ледзь, адным краёчкам, выглядала ярме сонца. Бяганская. Калі мы выязджалі з двара, на чыстым ясным усходзе ўжо зацяплілася неба. Якімовіч. // Вогненна-чырвоная афарбоўка неба над гарызонтам у тон час, калі ўзыходзіць сонца. Штодня глядзеў я, Безнадзейны, На ўсход і захад залаты. Колас.

2. Адзін з чатырох напрамкаў свету, процілеглы захаду. Каляровыя палосы перасякалі неба з захаду на ўсход. Шамякін. // Напрамак, процілеглы захаду. [Жанчына:] — Учора двое сыноў у ваенкамат пайшлі: Платон і Гараська. Думала, на станцыі пабачуся з імі яшчэ разочак.. Але дзе там, на станцыі нікога. На ўсход усе падаліся... Кавалёў. Неўзабаве атрад Сахарава рушыў на ўсход. Грахоўскі.

3. Мясцовасць, частка краіны, дзяржавы, размешчаная ў гэтым напрамку. Усход краіны за кароткі тэрмін быў ператвораны ў асноўную базу ваенна-прамысловай вытворчасці. «Звязда».

4. (з вялікай літары). Краіны, размешчаныя ў гэтым напрамку і супрацьпастаўленыя Заходняй Еўропе. Блізкі Усход. Сярэдні Усход. Далёкі Усход.

•••

Паўднёвы ўсход — а) напрамак паміж поўднем і ўсходам; б) мясцовасць, частка краіны, дзяржавы, размешчаная ў гэтым напрамку.

Паўночны ўсход — а) напрамак паміж поўначчу і ўсходам; б) мясцовасць, частка краіны, дзяржавы, размешчаная ў гэтым напрамку.

усхо́д 2, ‑у, М ‑дзе, м.

Верхняя больш высокая частка ступні; пад’ём. Боты ціснуць на ўсходзе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запанава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак.

1. над чым. Устанавіць сваю ўладу, сваё панаванне. — А ўсё ж, брат, — папрасіў Кастусь, — растлумач ты мне ясней: чаму князі і каралі запанавалі над народам? Якімовіч.

2. Пачаць панскае, бяздзейнае жыццё. — Паны, якіх мы прагналі адсюль, а іх маёмасць і зямлю вам, сялянам, аддалі, ізноў хочуць прыйсці сюды, каб запакаваць у сваіх маёнтках. Нікановіч. // перан. Зажыць заможна і шчасліва. Блізка той дзянёк, калі Шчасна запануем, Станем самі мы людзьмі І край адбудуем. Купала.

3. Настаць, устанавіцца. Калі паднялося сонца, вялікая цішыня запанавала на зямлі. Чорны. Бацька ўкруціў кнот газоўкі, каб яна не вельмі свяціла, і ў хаце запанаваў нейкі казачны паўзмрок — святло газоўкі змяшалася з месячным. Сабаленка.

4. перан. Зрабіцца пануючым, вырашальным. У вершах запанавала задумлівая элегічнасць. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Со́нца ‘нябеснае свяціла’, ‘святло, цяпло, якое вылучаецца гэтым свяцілам’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Касп., Сл. ПЗБ), со́нцэ ‘тс’ (ТС, Пятк. 2), со́нцо ‘тс’ (Сержп.), со́нейка памянш.-ласк. ‘тс’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ), со́нейко ‘тс’ (Сержп., ТС, Федар. 4), со́ўнейко ‘тс’ (ТС). Укр. со́нце, рус. со́лнце, стараж.-рус. сълньце, польск. słońce, в.-луж. słónce, в.-луж. słónco, н.-луж. słyńco, чэш. slunce, славац. slnce, серб.-харв. су̑нце, славен. sọ̑nce, балг. слъ́нце, макед. сонце, ст.-слав. слъньце ‘тс’. Прасл. *sъlnьce ‘з’яўляецца дэмінутывам да *sъlnь (параўн. рус. по́солонь ‘па сонцу’, славен. soln ‘бляск у вачах’) < *sŭl(n)‑; утварэнне аналагічнае сэрца (гл.). Роднаснае літ. sáule ‘сонца’, лат. saũle, ст.-прус. Saule, ст.-інд. svar‑, гоц. sauil ‘тс’, грэч. ήλιος; далей гоц. sunnō, ст.-в.-ням. sunna ‘сонца’; і.-е. аснова *sau̯el‑/*sūl‑/*sun‑ на ‑l/‑n; гл. Фрэнкель, KZ, 63, 168; Траўтман, 251; Мюленбах-Эндзелін, 3, 773; Фасмер, 3, 710–711 з іншай літ-рай; Махэк₂, 558; Шустар-Шэўц, 1305; Бязлай, 3, 290; Борысь, 558; ЕСУМ, 5, 354.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вышыня́, ‑і; мн. вышыні, вышынь і вышыняў; ж.

1. Адлегласць ад асновы да вяршыні. Вышыня вежы. Вышыня паверха дома. □ Насып каля моста меў пяціметровую вышыню. Шамякін. // Адлегласць ад зямлі ўверх да чаго‑н. Вышыня палёту. Вышыня зрэзу расліны. □ На вышыні больш чым тысячы метраў бліснулі ў ранішнім сонцы.. самалёты. Лынькоў.

2. Высокая прастора над зямлёй. Завоблачная вышыня. □ Луналі чайкі ў сінім паднябессі І крыкам нас віталі з вышыні. Аўрамчык.

3. Узвышша, пагорак. Заняць вышыню. □ На безыменнай вышыні Зноў разгарэўся бой. Танк.

4. Велічыня, памер, узровень чаго‑н. Вышыня ціску паветра. Вышыня голасу.

5. Перпендыкуляр, апушчаны з вяршыні фігуры на яе аснову. Вышыня трохвугольніка, трапецыі.

6. Вугал стаяння свяціла над гарызонтам.

•••

Быць на вышыні гл. быць.

З вышыні птушынага палёту — з вышыні, на якую падымаюцца птушкі.

Узняць на належную вышыню гл. узняць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Свідзі́на1 ‘дрэва Cornus sanguinea’, ‘кустовая або дрэвавая расліна сямейства кізілавых, Cornus sanguinea’ (ТСБМ, Маш., ТС, Кіс.), сві́дзіна ‘тс’ (Касп.), сві́дніца, саві́давае дзерава ‘расліна Thelycrania sanguinea Four.’ (Кіс.), свідзі́на ‘бружмель лясны, Lonicera xylosteum L.’ (Кіс.), свід ‘крушына, Frangula Mill.’ (Інстр. 2). Укр. свид, свиди́на, рус. свиди́на ‘Cornus sanguinea’, польск. świdwa, świdnina, в.-луж., н.-луж. swid, палаб. swaid, чэш. svíd, славац. svíb ‘тс’, серб, сви̏ба, харв. svȉba (< *svidъve; Глухак, 598), славен. svíba ‘кізіл’, балг. дыял. свит (свид) ‘свідзіна’. Прасл. *svidъ, *svidy, Р. скл. svidъve (Міклашыч, 330 і наст.; БЕР, 6, 558). Фасмер (3, 577) звязвае з серб.-харв. сви̑бань ‘май’, славен. svíbən ‘тс’, чым тлумачыцца канцавое б(в). Таму што дрэва мае чырвоныя галінкі, дапускаюць роднасць з літ. svidùs ‘бліскучы, светлы’, svidéti, svidú ‘блішчаць’, ст.-прус. sidis ‘свідзіна’, ст.-англ. sviotol ‘ясны, яўны’, магчыма, лац. sīdusсвяціла’ і г. д., гл., напрыклад, Траўтман, 296; Голуб-Копечны, 363. Супраць Махэк (Jména, 171), які параўноўвае з ням. шваб. Weinholz ‘свідзіна’ (wein < wih) і лічыць слова праеўрапейскім. Трубачоў (Этимология–1970, 7) рэканструюе *svidva < і.-е. *(s)u̯ei̯du̯‑, дзе ‑du̯‑ магло трансфармавацца ў ‑dъv‑, а ў выніку асіміляцыі ў некаторых славянскіх мовах даць ‑b‑. Гл. таксама Сной у Бязлай, 3, 350; ЕСУМ, 5, 189 (*svidy > *svidъva > *svidba > svib).

Свідзі́на2 ‘касільна’ (саліг., ДАБМ, камент., 833). Магчыма, роднаснае ўкр. свид ‘вялікая добра завяленая палка’, далей сувязі няясныя; магчыма, сюды ж укр. у свид (у свид жати жито — недаспелым), свидо́ви́й, свидува́тий ‘недаспелы, зеленаваты’, ‘малады, малажавы’ або выводзіцца з папярэдняга слова — ‘цвёрды, як свідзіна’, параўн. ЕСУМ (5, 190), а таксама азначэнні: свідзіна слізка і моцна (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

блі́зкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца, адбываецца на невялікай адлегласці; проціл. далёкі. Вось-вось пакажацца сонца над блізкім лесам. Лынькоў. У блізкай вёсцы ўсхліпнуў, заспяваў гармонік. Бядуля. // Які мае невялікую працягласць у прасторы; кароткі. Усе [байцы] стралялі з блізкай дыстанцыі. Чорны.

2. Які аддзяляецца невялікім прамежкам часу. Свяціла сонца, .. зыркае і прамяністае: дыхала блізкаю вясною. Гартны. Яшчэ трымалася цеплыня над зямлёй, але чуліся блізкія халады. Чорны. Мацнела.. [Сашына] вера ў блізкую перамогу. Шамякін.

3. Звязаны пачуццямі сімпатыі, дружбы, кахання; дарагі. Зоня стала такой блізкай і каханай, што без яе не знойдзеш цяпер сілы жыць. Кулакоўскі. І ніколі так моцна, як у гэтыя моманты, не ныла.. [Крамарэвічава] душа па Алесі, Ганцы, Толю і ёй, добрай яго жонцы, такой блізкай і роднай жанчыне. Чорны. / у знач. наз. блі́зкі, ‑ага, м. Праўду кажуць, пачуцці ў маўчанні глыбеюць. Блізкі блізкага гэтак паўней разумеюць. Лужанін. // Цесна звязаны з кім‑, чым‑н. Блізкі да дыпламатычных колаў.

4. Які мае кроўныя сувязі; родны. Дзецям нашым — самым блізкім кроўна — Мы даём жыццё навечна ў дар. Гілевіч. / у знач. наз. блі́зкія, ‑іх, мн. Мае вы блізкія, мой бацька, маці. Як рад я кожнай вестачцы ад вас. Астрэйка.

5. перан. Добра вядомы, дарагі. Нам волжскі край стаў самым дарагім; І пах бароў, і шум вады вясенняй — Здаецца ўсё тут блізкім нам такім, На той зямлі, дзе нарадзіўся Ленін. Прыходзька. / у знач. наз. блі́зкае, ‑ага, н. Лёгкі смутак па чымсьці неасэнсаваным, але блізкім, неабходным для жыцця і шчасця, крануў.. [Таццяніна] сэрца. Шамякін.

6. Падобны. Блізкія па значэнню словы. Блізкія тэмы.

•••

Блізкі свет; не блізкі свет; за блізкі свет гл. свет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ззяць, ззяю, ззяеш, ззяе; незак.

1. Вылучаць ззянне; ярка свяціць. Зоркі — бліскучыя, ззяюць, пераліваюцца. □ Высока ззяла ў небе сонца, прыветліва шумела пад ветрам маладая бярозка. Гамолка. // чым і без дап. Быць ярка асветленым, залітым святлом. Справа, у лесе, высокія санаторныя будынкі ззяюць агнямі і тушаць над сабою зоры. С. Александровіч. Золатам ззяе ўсход. Танк. // перан. Быць, паяўляцца ва ўсёй велічы, славе, бляску. У выдатным сузор’і вялікіх сыноў рускага народа ярка ззяе слаўнае імя.. Суворава — фельдмаршала і генералісімуса рускай арміі. «Беларусь». // чым і без дап. Вылучацца яркім колерам, чысцінёй, навізной. Ззяе фарбаю новай Кабінетны раяль. Бачыла. Два ордэны ззяюць яго баявыя, Яны за Бярозу, за Мінск і за Кіеў. Хведаровіч.

2. Блішчаць, зіхацець, адбіваючы святло, прамяні. Як хораша пад месяца святлом Прайсціся полем ціхім, Звонкім гаем Ці паўз раку, што ззяе серабром. Астрэйка. Бліскучаю сталёваю стужкаю ззяе Прыпяць. Колас. // перан.; чым. Вылучацца якімі‑н. заслугамі, вартасцямі. [Язва:] І вы сёння ззяеце водбліскам славы, як спадарожнік гэтага вялікага свяціла. Крапіва.

3. Блішчаць ад радасці, шчасця (пра вочы); свяціцца ад радасці, шчасця (пра твар). Упершыню паглядзеў ён на бацьку вачамі, якія ззялі ад шчасця і захаплення. Мележ. Твары.. [людзей] ззялі радасцю. Кавалёў. // перан.; чым. Паказваць сваім выглядам пачуццё радасці, шчасця (пра чалавека). Мала таго, што гаварыла .. [Вераніка] выразна, правільна будуючы кожны сказ, у яе яшчэ быў надзвычай прыемны голас, і сама яна ў гэты час ззяла нябачаным хараством... Навуменка. // перан. Ярка праяўляцца ў чым‑н. (пра пачуцці). Радасць ззяла ў вачах людзей. □ Юнакоў, дзяўчат усмешкі Ззяюць водбліскам зарніц. Жычка.

4. Быць адкрытым, паказваць глыбіню, правал (пра яму, рану і пад.). Ля падножжа гары ззяў уваход у пячору. Шыцік. Яшчэ здалёк хлопцы ўбачылі, што частка даху дэпо знесена і ў адной з сцен ззяе велізарная прабоіна. Шчарбатаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Луна́1 ’зарава’ (Бес.), у выразе: хадзіць па луне ’быць лунацікам’ (віл., Сл. ПЗБ), луна́ ’рэха’ (Растарг.), ’маладзік’ (добруш., Бел. хр. дыял.). Укр. луна́ ’водбліск, зарава’, ’рэха, водгулле’, рус. луна́ ’месяц’, ’водбліск на небе’, ’промень святла’, ’асветленае праменямі святла неба’, паўд. ’рэха’; польск. łuna ’водбліск моцнага святла, вялікага агню’, ’святло’, ’вясёлка’, ’чырвонае неба’, ’чырвань на шчоках’, каш. łu̇na, łǫna ’чырвань агню’, палаб. lau̯nǝ, lai̯nǝ ’месяц’, чэш. і славац. (паэтыч.) luna, ст.-чэш. luna ’промень, святло, бляск’, ’месяц’, славен. lúna ’месяц’, młȃdạ, pȍu̯nạ łȗnạ ’маладзік’, серб.-харв. чак. lunȁ, дуброўн. lȗna ’вясёлка’, макед. (паэтыч.) луна і серб.-харв. лу́на ’месяц’, балг. луна́ ’тс’, ст.-слав. лоуна ’тс’, ц.-слав. ’святло месяца’. Прасл. luná ’бляск, водбліск’, ’месяц’, ’вясёлка’, якому адпавядаюць: ст.-прус. lauxnos ’свяцілы’, лац. lux ’святло’, lūna ’месяц’ (у больш старажытным напісанні losna), авест. raōχšmā‑ ’святло, бляск’, ст.-ірл. lūan ’тс’, ’месяц’, ст.-грэч. λευκός ’светлы’, λύχνος ’свяцільнік, ліхтар’, ст.-в.-ням. liehsen ’ясны’, арм. lusin ’месяц’, тах. lukśanu ’які свеціцца’. І.‑е. праформа *louk‑s‑nāсвяціла’, ’якая свеціцца’ суадносіцца з дзеясловам *leuk‑/*louk‑ (Бернекер, 745; Фасмер, 2, 533; Слаўскі, 5, 308–311; Мее, Études, 130, 442, 444; Скок, 2, 330–331; Махэк₂, 344; БЕР, 3, 509–510; Аткупшчыкоў, Из истории, 234). Мартынаў (Балта-слав.-іт. ізагл., 30) мяркуе, што прасл. luna з’яўляецца інфільтрацыяй іт. louksnā на зах.-балт. арэале.

Луна́2 ’ленасць, гультайства, нерухавасць’ (КЭС, лаг.). Да лунь3 ’гультай’ (гл.). Магчыма, тут назіраецца пэўны ўплыў на семантыку з боку лексем лунацік, хадзіць па луне́.

Луна́3 ’невялікая хмарка’ (гродз., бяроз., Сл. ПЗБ), ваўк. лунёк ’хмарка’ (там жа). Першапачаткова было лунь (ці ⁺лунъ), а жаночы род з’явіўся пад уплывам лексемы хмара (а, магчыма, і луна ’водбліск’), параўн. лунь, лунёк ’невялікая дажджавая хмара’ (віл., Жыв. сл.), ’здань, прывід’, луні́ ’кучаравыя воблакі’ (віл., Нар. лекс.), лунь ’белы балотны туман’ (ТСБМ). Названа паводле бела-шэрага колеру, бледнага водбліску. Генетычна да лупа́1 (гл.). Сюды ж луні́сты ’хмарны’ (віл., Сл. ПЗБ).

Луна́4 ’незарослае вадзяное месца ў балоце, якое адсвечваецца’ (зах.-бел., Яшк.). З лума́ > лу́міна (гл.). Відавочна, сема ’водбліск’ і вызначыла фіналь, аформіўшы яго ў ‑на, як ⁺луна́ (гл. луна́1), якое зафіксавана ў в.-дзв. гаворках у мн. ліку: луны́ ходзюць ’блішчаць, пераліваюцца, льсняцца’ (Сл. ПЗБ). Параўн. таксама лу́нка, лу́нька (гл.).

Луна5 ’няшчасце, бедства’ (Шат.). Генетычна роднаснае да укр. лун, лунь у выразе лу́на пійма́ти ’памерці’, рус. луна́ ’смерть’ і, магчыма, да балг. лу́на ’моцны вецер з віхром’, лу́на і лу́ня ’бура’ (Дурыданаў, Болг. русистика, 1979, 4, 32–34), а таксама чэш. кіёўск. luňák ’хуткі вецер’. Утвораны пры дапамозе старога суфікса ‑на (< прасл. ‑na) ад асновы лу‑, якую Буга (Rinkt, 2, 373), Фасмер (2, 533), разглядаючы рус. луна́ ’смерць’, бачаць у роднасных літ. lavónas і liavónas ’труп’, liáujuosi gyvenęs, прус. au‑laũt ’памерці’, liáutis, paliáuti ’спыняць’, лат. ļaũt ’дапускаць, дазваляць’; сюды ж прасл. lěviti: укр. ліви́ти ’слабець’, чэш. leviti ’палягчаць’; гоц. lēwjan ’аддаваць на што-небудзь’. Сюды ж лу́нуць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; заг. сып; незак.

1. што. Прымушаць падаць куды‑н., паступова выпускаючы (што‑н. сыпкае ці дробнае). Сыпаць соль у кашу. Сыпаць збожжа ў мяшок. □ [Данік] сыпаў ім крошкі хлеба, і, здавалася, рыбкі ядуць. Брыль. — Сып на зямлю, я ўсё падбяру! — крычаў Мірон. Маўр. Яніна падстаўляе насоўку, і Леснічыха штосьці сыпле ёй у насоўку з паперкі. Козел. // Асыпаць. Прамоклыя наскрозь дрэвы сыпалі на бліскучы асфальт, на рабыя лужыны вялае парыжэлае лісце. Адамчык. Бічы кладуцца так рытмічна, Само гудзенне іх музычна; Снапы не ўлежаць, скачуць самі І сыплюць жыта пад бічамі. Колас.

2. што. Рабіць, узводзіць з якога‑н. сыпкага матэрыялу. Насып сыпалі высокі Па-над Днепрам сінім, Каб відаць было далёка Па ўсёй Украіне. Купала. [Загадчык клуба:] — Гэта шафёры з суседняга раёна... Дарогу тут сыпалі. Нядзведскі. // Засыпаць для захоўвання што‑н. сыпкае. Да ям з вёскі не было дарогі, да іх пад’язджалі кожны раз полем, калі вазілі ўвосень сыпаць бульбу і ездзілі даставаць вясной. Пташнікаў.

3. што, чым і без дап. Кідаць, раскідваць (што‑н. сыпкае, дробнае). Сухое вецце хвоі патрэсквала ў полымі і сыпала ўгору снапы іскраў. Лынькоў. Пілы, туга нацягнутыя ў раме, скачуць і скачуць з прысвістам, грызуць сасну і сыплюць фантанчыкам белае пілавінне. Дуброўскі. Вецер насіў па вуліцах абрыўкі газет і папер, сыпаў пяском у вочы. Навуменка. / у перан. ужыв. Зрэнкі .. [Ігналя] пачалі іскры сыпаць, як у дзікага затраўленага звера. Бядуля. / Пра частыя, дробныя гукі. Чыстым срэбрам сыплюць у празрыстых гаях пеначкі. Ігнаценка. / Пра святло сонца, месяца. Вясновае сонца сыпала на зямлю золата промняў. Сабаленка. Поўнае начное свяціла стаяла над садам і шчодра сыпала сіняе срэбра ўніз. Хомчанка.

4. Ісці, падаць (пра дробны, часты снег, дождж). Дробны дождж ціха сыпаў з цёмнага вячэрняга неба. Ваданосаў. Сыпаў снег, густы, калючы, ды мацней свістаў вецер. Алешка.

5. перан.; што, чым. Пасылаць, накіроўваць на каго‑н. у вялікай колькасці; шчодра надзяляць чым‑н.; асыпаць. Сыпаць удары. □ — Здалося нам, Што вораг сыпаў Вакол фугасам і свінцом. І. Калеснік.

6. перан.; што, чым і без дап. Разм. Гаварыць, вымаўляць што‑н. хутка, бесперапынна, адно за адным. Сыпаць лічбамі. □ [Лёнька] знарок сыпаў такімі тэхнічнымі тэрмінамі, што наўрад ці зразумеў хто яго тлумачэнні. Пянкрат. Жонка .. сыпала на .. [Тамаша] ўвесь запас лаянак, які толькі ведала. Бядуля. [Пан] увесь час сыпаў тупыя жарты і танныя досціпы. Машара. — Вечар добры, вечар зорны, дарагія мае землякі! — сыпаў .. [Язэп] ледзьве не ў рыфму. Кавалёў.

7. перан.; што. Разм. Рабіць што‑н., звязанае з частымі ўдарамі, хуткім бесперапынным рухам. Жар факстрот! Сып чарльстон На раялі ў трыццаць тон! Крапіва.

8. перан. Разм. Імкліва бегчы, ісці, ехаць. Зіма. Грудам сыплюць па вуліцы хлопчыкі. Гарэцкі. [Конюх:] — Плугі і пастронкі на возе. Там жа і пута. Запрагай і сып. Шчаслівай дарогі! Якімовіч.

9. каго-што і без дап. Разм. Выдаваць каго‑н., расказваць пра што‑н. сакрэтнае. [Гэля:] — Павел!.. Я іначай не магла... Арыштавалі Гадлеўскага з мясакамбіната. Ён сыпле ўсіх, з кім быў звязан... Навуменка. [Аляксей:] — Чуваць, што Казючок сыпле ў дэфензіве. Пестрак.

10. каго-што. Разм. Даваць прыплод у вялікай колькасці, несці яйкі і пад. [Мар’я:] — На развод — куры трэба... Вунь у мяне рабая ёсць, самая нясучая. І зімой яйкі будзе сыпаць... Паўлаў.

•••

Сыпаць бісер перад свіннямі — дарэмна гаварыць аб чым‑н. ці даказваць што‑н. таму, хто не здольны або не хоча зразумець гэта.

Сыпаць макам — а) пісаць дробнымі літарамі; б) дробна скакаць, танцаваць; в) гаварыць вельмі хутка.

Сыпаць соль на раны — рабіць каму‑н. балюча, хваляваць, засмучаць каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыня́ць, прыму, прымеш, прыме; пр. прыняў, ‑няла, ‑няло; заг. прымі; зак.

1. каго-што. Прыбраць, занесці, пераставіць у іншае месца. — Дар’я, — паклікаў Лявон сваю жонку. — Прымі са стала зелле. Як у бальніцы якой. Глядзець не магу. Ермаловіч. Вуля азіраўся, шукаў, дзе сесці. Тады падышоў, прыняў ад Раманавага ложка табурэтку і паднёс, паставіў ля акна. Пташнікаў.

2. каго-што. Узяць у рукі што‑н. ад таго, хто аддае, дае. Хведар пасунуў па стале брусок, Лявон прыняў яго, падаў пад пілу. Кудравец. Гэля няўмела прыняла букет, уткнулася тварам у росны бела-ліловы ахапак. Лось. // Атрымаць што‑н. у сваю ўласнасць. Я прыняў дарунак мілы Перад боем уначы. Глебка. Саша з захапленнем прыняў веласіпед, хутка навучыўся ездзіць на ім. Марціновіч. // Узяць з якой‑н. мэтай. [Толя] толькі цяпер успомніў, што ён жа не ведае ні імені дзедавага, ні прозвішча. Значыць, перадачы ў яго для невядомага дзеда не прымуць... Якімовіч.

3. каго-што. Узяць у сваё распараджэнне ад таго, хто здае. Прыняць тавар па накладной. Прыняць змену. □ Назаўтра Міця прыняў касу. Былы касір Міша Сяўрук .. пераводзіўся ў бухгалтары. Навуменка. // Прызнаць выкананым, гатовым для эксплуатацыі, узяць пад свой нагляд, у сваё распараджэнне. Прыняць работу. Камісія прыняла новы жылы дом. // Правесці праверку чыіх‑н. ведаў. Прыняць экзамен. Прыняць залік.

4. што. Узяць пад сваё начальства, камандаванне. Прыняць брыгаду. □ Марыя Хведараўна прыняла Палеткаўскі ўрачэбны ўчастак і рабіла аб’езд вёсак. Марціновіч. // Заняць (пасаду, вакантнае месца).

5. каго-што. Уключыць у склад чаго‑н. Прыняць камсамольца ў партыю. Прыняць у інстытут. □ — Вы так цікава расказваеце, Андрэй Пятровіч, што мне ўжо хочацца пусціцца з вамі ў дарогу, калі прымеце ў сваю кампанію. Колас. Петруся прынялі ў Лепельскае вышэйшае пачатковае вучылішча, дзе ён правучыўся тры гады. С. Александровіч. // Уключыць у якое‑н. выданне (рукапіс, артыкул і пад.); дапусціць да пастаноўкі (оперу, п’есу і пад.). Прыняць артыкул да друку.

6. каго-што. Сустрэць каго‑н. (звычайна ў сябе дома) пэўным чынам; аказаць каму‑н. пэўны прыём. Прыняць гасцей. □ Іван — хлебасол вялікі, любіў прыняць людзей з форсам, з размахам, каб пілі, елі, гулялі колькі душа пажадае. Навуменка. [Мотэль:] — Ну, ты там як сабе хочаш, але ж прыняць чалавека трэба, трэба і пагутарыць з ім. Лынькоў. // Дапусціць к сабе для перагавораў, для размовы. Прыняць наведвальніка. □ Лаўрыновіч прыняў .. [Шэмета] адразу, як толькі ён паказаўся ў прыемнай. Лобан. // Агледзець, выслухаць (хворага).

7. каго-што. Змясціць у сябе; даць прытулак. Гасцініца прыняла звыш нормы дзесяць чалавек. □ [Касцючэнку] прыняла да сябе адзінокая бабулька. Мележ. // Даць згоду або дазвол на прыбыццё каго‑, чаго‑н. Порт не прыняў карабля. □ Бывалі выпадкі, што прыходзілася падаваць гэтым самалётам адмоўныя сігналы, бо ніяк нельга было прыняць груз. Кулакоўскі.

8. каго-што. Аказаць дапамогу пры нараджэнні дзіцяці або дзіцяняці якой‑н. жывёлы. Прыняць роды. □ Апанаску толькі цяпер прыйшло ў галаву, што гэта ж ён прывёз Дору з раённага гарадка, каб прыняла яго першынца. Даніленка. Цяпер нават тыя, хто з дыпломам, не прымуць лепш за дзядзьку Мішу ацёл, апарос, не зробяць лепш за яго ўкол. Палтаран.

9. што. Праявіць якія‑н. адносіны да чаго‑н., успрыняць што‑н. пэўным чынам. Толькі бабка Наста па-свойму прыняла гэту весць аб падзеях у Ганусах. Колас. Самабытны, сапраўдны народны танец журы прыняло без захаплення. Сабаленка. // Згадзіцца з чым‑н., аднесціся да чаго‑н. станоўча. Прыняць параду. □ Дзед упэўнен, што Букрэй прыме такую змену ў .. маршруце. Колас. Мы прынялі запрашэнне і далучыліся да вясёлай студэнцкай грамады. В. Вольскі. // Зацвердзіць што‑н. (звычайна галасаваннем). Прыняць рэвалюцыю. Прыняць пастанову.

10. што. Выслухаўшы (паведамленне, данясенне і пад.), улічыць, даць згоду выканаць. Прыняць рапарт. // Улавіць і зафіксаваць пры дапамозе спецыяльнай апаратуры якое‑н. паведамленне, сігнал і пад. Прыняць радыёграму. □ — Толькі што наш радыст прыняў свежую, нечарговую зводку. Кулакоўскі.

11. што. З некаторымі назоўнікамі ўтварае спалучэнні са значэннем дзеяння, характар якога вызначаецца сэнсам назоўніка. Прыняць рашэнне (рашыць). Прыняць смерць (памерці). Прыняць прысягу (прысягнуць). □ Зубрам сапраўды давялося аднойчы прыняць актыўны ўдзел у барацьбе з ворагам. В. Вольскі.

12. што. Стаць паслядоўнікам (рэлігіі, вучэння), падданым (якой‑н. дзяржавы). Прыняць каталіцтва. Прыняць савецкае грамадзянства. □ [Сурвіла] усю дарогу ўгаворваў Леапольда Гушку, што яму адно і астанецца — прыняць падданства. Чорны.

13. што. Набыць які‑н. выгляд, якія‑н. асаблівасці. У цемры .. [Букрэй] прыняў падабенства да страшнай пачварнай жанчыны. Колас. Маленькі столік у кутку цеснай каморкі прыняў выгляд чарцёжнага стала. Гартны. // Засвоіць што‑н., пераняць што‑н. у каго‑н. [Стафанковічык] бачыў: стаяць каля яго людзі, абураныя на палякаў .. і ён адразу прыняў у сябе іхні настрой. Чорны.

14. што. Перажыць, вынесці што‑н. Гусціна маці прыняла многа пакут, каб смех яе дзяцей быў звонкім і шчаслівым. Васілевіч. Наша гордасць і слава у іх сівізне, і за нас прынялі яны раны, каб свяціла і сонца над намі ясней, каб не зналі ніколі мы папа. Дубоўка. // Уступіць у бой, пачаты па ініцыятыве ворага. Беларусь адна з першых прыняла на сябе ўдары гітлераўскай ваеннай машыны. Залескі.

15. што і чаго. Выпіць, праглынуць (звычайна лякарства). [Крушыны] дастаў з шафы каробачку з лякарствам і прыняў таблетку валідолу. Пальчэўскі. [Сідар] стаў скупы, адмовіўся ад чаркі, якую любіў прыняць у выхадны дзень. Чарнышэвіч.

16. што. Падвергнуць сябе якой‑н. працэдуры, працэдурам. Прыняць душ. Прыняць курс лячэння.

17. каго-што за каго-што. Памылкова палічыць за другое (другога). Па шапцы .. [маладога Крулеўскага] можна прыняць за афіцэра чужога войска. Колас. Каля ракі нешта ўзвышалася. Паўлік спачатку прыняў гэта за стог парыжэлага сена. Беразняк.

18. Разм. Ухіліцца, пасунуцца трохі ў якім‑н. напрамку. Яшчэ здалёку шафёр даў сігнал, калона прыняла ўправа. Гурскі.

•••

Ласку прыняць — аказаць гонар, уважыць (зайшоўшы, завітаўшы і пад.).

Прыняць да сэрца (сэрцам) — а) успрыняць што‑н. з павышанай чуллівасцю, занадта перажываючы што‑н.; б) вельмі зацікавіцца чым‑н.

Прыняць за чыстую манету — палічыць праўдай, успрыняць усур’ёз.

Прыняць пад увагу — улічыць, паабяцаць выканаць.

Прыняць у долю — даць магчымасць ўдзельнічаць у якой‑н. справе, прадпрыемства.

Прыняць у разлік — улічыць.

Прыняць у штыкі — сустрэць варожа.

Прыняць эстафету ад каго, у каго — прадоўжыць чые‑н. пачынанні, традыцыі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)