укусі́ць, укушу, укусіш, укусіць; зак.

1. каго-што. Ухапіўшы зубамі, раніць, прычыніць боль. Сабака ўкусіў за нагу. □ Год таму назад я .. замест ментуза неяк схапіў вадзянога пацука, які ўкусіў мяне за палец. Ляўданскі. // Уджаліць. Алена жахліва адступаецца, пазіраючы на .. [Зыгмуся], як на гадзюку, гатовую ўкусіць яе. Колас. // перан. Разм. Прычыніць крыўду, укалоць, задзець за жывое. Васіль адказаў [Паліне] сярдзіта: — ..Жыццё навучыць цябе. Тады ты зразумееш, хто казаў праўду. Я не ўкушу, дык нехта ўкусіць. Савіцкі.

2. што. Зубамі аддзяліць кавалак чаго‑н.; надкусіць. На выгляд .. [фрукты] як быццам свежыя, а ўкусіш яблык ці грушу — смаку няма. Новікаў.

3. чаго і без дап. Разм. З’есці, паесці чаго‑н. — Даўно з паўдня, Андрэй Якаўлевіч, пара ўжо чаго ўкусіць! — узмаліўся Журавінка. Лобан. [Колас:] — Хадзем на веранду, папросім чаго ўкусіць. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пракало́ць, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак.

1. што. Праткнуць наскрозь, навылет чым‑н. вострым, колючым. Мех быў праколаты ля завязкі як нажом: пракалолі, мусіць, немцы, калі выскачылі былі з сосніку. Пташнікаў. Вастраверхія елкі імкнуліся ўгару, нібы хацелі пракалоць блакітнае неба. Чарнышэвіч. // Колючы, пранікнуць куды‑н. або даць выйсце чаму‑н. Пракалоць пухір. // Утварыць (адтуліну) пры дапамозе чаго‑н. вострага, колючага. Хітры Зорах .. непрыкметна пракалоў сцізорыкам дзірку ў мяшку. Бядуля.

2. каго. Раніць каго‑н. колючай зброяй. Пракалоць штыком. □ Як толькі машыніст узяўся за рэгулятар і павярнуў, яго навылёт пракалоў клінок дзянікінца. Барашка. // што. Параніць, зрабіўшы пракол. [Палотны] рассцілалі на росным лузе ці на атаве, і па доўгай палатнянай дарожцы можна было бегчы ва ўвесь дух, не баючыся пракалоць аб іржэўнік ногі. Навуменка.

3. перан.; каго-што. Пранікнуць, прайсці наскрозь; пранізаць. На твары калючая ўсмешка, так і праколе, здаецца, навылет і Зэнку і гаспадара. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тапта́ць1 ’прымінаць нагамі, дратаваць’, ’зношваць абутак’, ’груба зневажаць, прыніжаць’, ’наспех упіхваць, складваць’ (ТСБМ, Ласт.), ’тупаць, мясіць’ (Некр. і Байк.), ’уціскаць, ушчыльняць нагамі’, ’драць абутак’ (Варл.), ’утрамбоўваць, націскаць’, ’выконваць хатнюю працу’ (Сл. ПЗБ), ’есці ўсухамятку’ (Марц.), ’есці’ (Сл. рэг. лекс.), ’выціскаць мёд з сотаў’ (ст.-дар., ЛА, 1), ’заганяць рыбу ў сетку, боўтаючы нагамі’ (полац., З нар. сл.), топта́ць ’утрамбоўваць, ушчыльняць’, экспр. ’есці’ (ТС), ст.-бел. топтати ’наступаць нагой’ (Сл. Скар.), ’нацягваць, націскаць’ (Альтбаўэр). Укр. топта́ти, рус. топта́ть, польск. deptać, чэш. deptati, славац. deptať, в.-луж. teptać, н.-луж. teptaś, славен. teptáti ’наступаць нагамі’, балг. тъптя́, тъ́пча ’тс’, ’пічкаць, есці’, ст.-слав. тъпътати ’ступаць, гнясці’. З прасл. *tъpъtati ’тс’, праз чаргаванне галосных звязана з *tupati ’тупаць’. Гукапераймальны дзеяслоў, паралельны да *topati ’топаць, тупаць’. Далей супастаўляюць са ст.-інд. tupáti, tópati, túmpati, tumpátiраніць’, з грэч. τΰπτω ’б’ю, сяку’, лат. staũpe ’сляды конскіх капытоў’ (Фасмер, 4, 80; Брукнер, 87; Махэк₂, 115; ЕСУМ, 5, 601).

Тапта́ць2 ’апладняць (пра птушак)’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), тапта́цца ’блуднічаць, тварыць пералюбы’ (Ласт.), сюды ж топту́н ’певень’ (Мат. Маг.). Параўн. польск. дыял. deptać ’тс’, каш. deptać, dejptać ’апладняць (пра птушак)’. Эўфемізм, утвораны праз звужэнне або канкрэтызацыю значэння дзеяслова тапта́ць1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калоць1 ’датыкаючыся чым-н. вострым, выклікаць боль; утыкаючы што-н. вострае, рабіць дзірку, адтуліну ў чым-н., праколваць’, ’бадаць, пароць (рагамі); забіваць чым-н. вострым (свіней)’, ’рассякаць на часткі; расшчапляць, раздрабняць’ (ТСБМ). У гаворках адзначаюцца значэнні ’датыкаючыся вострым, выклікаць боль і да т. п.’ (Бяльк., Касп., Нас., Сержп. Прымхі, Яруш.), ’забіваць свінню’ (Сержп. Прымхі), ’забіваць (рыбу) васцямі’ (полац., З нар. сл.), ’рассякаць на часткі, расшчапляць’ (Радч., Юрч.); у форме калоцца ’бадацца’ адзначаюць Мат. Гом.; калоць ’бадаць; забіваць; адчуваць востры боль, шчапаць’ (Сл. паўн.-зах.), калоць ’расшчапляць, калоць дровы; біць рагамі’ (ТС). У іншых мовах: укр. колоти ’калоць, бадаць, забіваць’, ’калоць свіней; расшчапляць, калоць дровы’, рус. колоть ’калоць; раздрабляць; забіваць свіней; калоць дровы і да т. п.’, у гаворках яшчэ і ’бадаць’, ’жаліць’. Польск. kłuć ’калоць; праколваць чым-н. вострым; раніць вочы’, ст.-польск. таксама ’змагацца на турніры’, літар. і дыял. ’забіваць (свінню) і інш.’, ’расшчапляць, калоць дрэве’ і цікавае ў Ліндэ, дыял. ’прарастаць’ (у Карловіча, 2, 377: «Pszenierka się kole»). Шэраг польск. значэнняў (гл. Слаўскі, 2, 275) безумоўна пад беларускім уплывам, параўн. адпаведныя спасылкі ў Карловіча, там жа, в.-луж. kłóć ’калоць; расшчапляць і да т. п.’, н.-луж. kłojś у падобных значэннях, чэш. kłáti ’калоць, забіваць; змагацца на турніры’, чэш. мар. ’бадаць; расшчапляць’, славац. klať ’забіваць (свіней)’, славен. kláti ’калоць; расшчапляць; біць; забіваць; кусаць; мучыць і да т. п.’, серб.-харв. кла́ти ’забіваць; мучыць; калоць; кусаць і да т. п.’, макед. колам ’забіваць, мучыць’, балг. коля ’пераразаць горла або адразаць галаву жывёле, калоць’, дыял. ’разразаць’, ст.-слав. клати ’заколваць, забіваць’. Узнаўляецца прасл. kolti з відавочна даўняй дыферэнцыяцыяй значэнняў на базе ’калоць (біць, датыкацца чым-небудзь вострым’, што давала і ’расшчапляць’ і ’забіваць’ (адкуль ’мучыць’ і інш.), гл. Слаўскі, 2, 275, дзе шырока прыводзіцца ранейшая літаратура. З і.-е. адпаведнікаў звычайна прыводзяць літ. kálti ’каваць, выдзёўбваць’ (цікава, што адпаведнае да слав. kovati літ. káuti мае значэнні ’біць, забіваць’ зусім не кавальскія тэрміны), лат. kalt ’біць’; з улікам іншых і.-е. форм узнаўляюць і.-е. kol параўн. БЕР, 2, 564.

Кало́ць2 ’свідраваць’ (Юрч.). Адпаведнікаў да гэтай лексемы як быццам няма. Магчыма, мясцовы наватвор на базе калоць ’праколваць дзірку’, адкуль ’рабіць дзірку’ > ’свідраваць’.

Кало́ць3 у выразе калоць‑калоць ’ківаць з боку на бок, патрасаючы’ (Нік. Напаў.), да калаціць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́на1 ’пашкоджанне тканак жывога арганізму’ (ТСБМ, Бяльк., Шат., Сл. ПЗБ, Варл., ТС), ст.-бел. рана ’тс’ (Сл. Скар.), ’кара, катаванне’ (Карскі, Труды, 339). Параўн. укр., рус. ра́на ’адкрытае пашкоджанае цела’, польск., н.-луж., в.-луж. rana ’тс’, палаб. råno ’тс’, чэш. rána ’тс’, ’удар, няшчасце’, славац., rana ’адкрытае пашкоджанне цела’, славен. rána ’тс’, серб.-харв. ра̏на ’тс’, балг. ра́на ’тс’, макед. рана, ст.-слав. рана ’тс’. Прасл. *rana, параўн. літ. ronà ’тс’, rõnytiраніць’, ronótas ’з ранамі, ранены’ (запазычанні са славянскіх моў). Роднаснае да ст.-інд. vraṇá‑ ’рана, шчыліна, драпіна’, алб. varrë ’рана’, vras ’забіваю’ (Фасмер, 3, 441; Бязлай, 3, 150). Узыходзіць да і.-е. *u̯er‑ ’раскрыць, разарваць, разадраць’, адлюстраванага ў рус. воро́нка ’лейка’, польск. wrona ’адтуліна, дзіра’ і інш., гл. ESJSt, 12, 748; БЕР, 6, 181 (звяртаецца ўвага на фармальныя цяжкасці пры рэканструкцыі); Глухак, 518; Шустар-Шэўц, 2, 1205.

Ра́на2 ’раніцай, ранкам, уранні, раннім часам, раней пэўнага часу, загадзя’ (ТСБМ, Бяльк., Шат.; ашм., Станк.; Сл. ПЗБ, Ян.), ’ранні час’ (Варл.), ра́но ’тс’ (ТС), ст.-бел. рано ’тс’ (Сл. Скар., Альтбаўэр). Параўн. укр. ра́но, рус. ра́но, ст.-польск. rano ’раннім часам’, польск. rano ’ранкам’ і ’ранак’, палаб. ronü/rånă ’тс’, в.-луж., н.-луж. rano, чэш., славац. ráno ’раніцай, дачасна’, серб.-харв. ра̏но, славен. ráno, балг. ра́но, макед. рано, ст.-слав. рано ’раней пэўнага часу’ і ’ранак’. Слова не мае канкрэтнай этымалогіі. Прыстае тлумачэнне *rano < *radno < з *ordno/*vordno < і.-е. *urōdhno‑ ’час нараджэння сонца’, што мае тую ж аснову, што і *rodъ, адсюль рана ’час нараджэння дня’, параўн. грэч. ὄρορος ’раніцай’, да гэтага ж літ. ritas ’раніца’ (ESJSt, 12, 748 з аглядам версій). Длугаш-Курчабова (429) адзначае, што форма *rano з’яўляецца рэліктавай нячленнай формай прыметніка н. р. адз. л., які субстантывізаваўся, а не адвербіялізаваўся, параўн. прысутнасць склонавых форм яшчэ ў ст.-польск. z rana, po ranu (XVI ст.), а прыкладам далейшай субстантывізацыі польск. rano можна лічыць адсубстантыўнае суфіксальнае ўтварэнне ranek, параўн. бел. ра́нак, раніца (гл.). Паводле заўваг Брукнера (453), польск. z rana узнікла па аналогіі са скланеннем назоўніка zaranie (н. р.) альбо zarań (ж. р.), адсюль польск. z rana памылковае, замест z rania. Параўн. да гэтага рань ’раніца’ (Растарг.), ра́нне ’пачатак дня, раніца, ранак’ (Нас., Байк. і Некр., Растарг., Бяльк., Сл. ПЗБ), ра́не (Сл. ПЗБ, ТС)., з ра́ння́ ’з раніцы’ (Шат., Гарэц.), да ра́ння ’да ўсходу сонца’ (Шат.), параўн. ст.-бел. лежи до ранья (Альтбаўэр), зара́нне, зра́нне ’зранку, вельмі рана’ (Растарг.). Рэйзак (527) лічыць, што *rana з’яўляецца прыслоўем і ўтворана ад прыметніка *ranъ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́ргаць1 ’цягнуць не роўна, а рыўкамі, рэзкімі рухамі’ (ТСБМ, Касп., Сл. ПЗБ, ТС; бялын., Янк. Мат.): то́ргаў трактор трактора з ямы (ТС), ’тузаць за лейцы, прымушаючы каня ісці’ (ТСБМ), то́ргыць ’чапаць’ (Бяльк.), тарга́ць ’цягаць, валачы ў розныя бакі’, ’тузаць, шморгаць’ (Нас.), то́ргаті ’тузаць аснову красён’ (лун., Шатал.), то́ргаць ’кляваць, прыводзіць у рух паплавок’ (ТСБМ, ТС), ’дрыжаць, пацепвацца, перасмыквацца’ (ТСБМ), ’торгаць пры нарыванні (з болем), балець праз аднолькавыя прамежкі часу, тузаць пры нарыванні’ (ТСБМ, Шат., Жд. 2, Жд. 3, Сл. ПЗБ; бялын., Янк. Мат.), то́ргаты ’нарываць’ (бяроз., ЖНС), ’шморгаць, часаць лён’ (Клім., Горбач, Зах.-пол. гов.), ст.-бел. торгати ’тузаць, церабіць, рваць’ (Сл. Скар.), сюды ж то́ргацца ’тузацца’ (Касп.), выклічнік торг: торг‑торг ’тык-мык’ (віл., Сл. ПЗБ). Укр. харк. то́ргати ’тузаць’, рус. то́ргать ’штурхаць’, ’тузаць’, ’тармасіць’, ’цягаць, скубці’, ’ірваць (лён)’, ’вымотваць нервы’; польск. targać ’тс’, ст.-польск. tergać, н.-луж. tergaś ’ірваць, раздзіраць’, ’тузаць’, ’тармасіць’, ’шчыпаць’, ’цягнуць’, ’перакідаць, зносіць’, ’разбіваць’, в.-луж. torhać ’тс’, ’драць’, ’вырываць’, чэш. trhati ’тс’, ’зношваць (адзенне, абутак)’, ’падрываць (скалу)’, ’пацепваць (плячом)’, славац. trhať ’тс’, ’торгаць пры нарыванні’, ’зрываць (адзенне)’, ’рэзаць (слых)’, славен. tŕgati ’рваць, зрываць’, ’расхопліваць (тавар)’, ’разрываць (адносіны)’, ’раздзіраць (адзежу)’, ’адломваць, адрываць’, харв. tȑgati, серб. тр̏гати ’рваць’, ’зрываць (плады)’, ’тузаць пры нарыванні раны’, макед. трга ’торгаць, цягнуць рыўкамі’, ’ад’язджаць’, ’піць з бутэлькі’, ’цярпець, пакутаваць, мучыцца’, балг. тъ̀ргам (Младэнаў, 640), тръ̀гвам, тръ̀гна ’ад’язджаць, рухацца ў дарогу, адыходзіць’, ’лахаць па розных месцах’, ст.-слав. истръгати ’разрываць, перарываць’, истръгнѫти ’вырваць, выцягнуць’, ’адабраць ад каго-небудзь’. Прасл. *tъrgati, звязанае чаргаваннем галосных з *tьrg‑ (Фасмер, 4, 83), *tr̋gati або *trgãti (Сной₂, 782; Рэйзак, 673) ці *tr̥gati (Борысь, 627), роднасныя лац. tergēre ’выціраць, асушаць, чысціць’, ’казытаць’, ст.-грэч. τρώγω ’грызу, хрумстаю, ем’, арм. tʼurc ’сківіца’, тахар. A і тахар. B trask ’жаваць’. Махэк₂ (651) прасл. *tъrgati супастаўляе з лац. stringere ’зрываць з паверхні, абрываць’, ’жаць, касіць’, ’злёгку драпаць, раніць’, ’датыкацца’ (з s‑mobile, якое ў *tьrgati страцілася), сцвярджаючы, што ‑r‑ тут не з’яўляецца каранёвым, звязвае яго з прасл. *tęg‑ ’цягнуць’, а Фасмер (там жа) — са ст.-інд. tṛṇḗḍhi ’расколаты, раздроблены’. Тым не менш Скок (3, 499), як і Борысь, Рэйзак і Сной, мяркуе, што прасл. лексема ўзыходзіць да і.-е. *ter‑ ’церці’, пашыранага фармантамі ‑gh‑ і ‑g̑h‑. Блізкім да то́ргаць (варыянт з азванчэннем пачатковага зычнага?) з’яўляецца до́ргаць ’торгаць’, ’патузваць чым-небудзь’, ’прагна хапаць ежу’, ’ванітаваць’, раздо́ргаць ’стан, калі нападае лютасць, ашалеласць, раз’юшанасць’ (Нас.), дэ́ргаты, да́ргаты ’часаць лён на грэбні’ (Уладз.), якое да прасл. *dьrgati, параўн. укр. де́ргати ’тузаць, торгаць’, дыял. де́рʼгати ’часаць (валакно)’, рус. дёргать ’торгаць’, ’рваць, выцягваць’, ’цягнуць’, ’рабіць рэзкі рух’, смал. дарга́ть ’раздзіраць’, стараж.-рус. дьргати ’торгаць’, польск. dziergać, старое dzierzgać ’фастрыгаваць’, ’вязаць’, н.-луж. źergaś ’часаць лён’, чэш. drhati, ст.-чэш. držěti se ’трэсціся’, drhat ’калыхаць’, dŕhat ’шчыпаць курыцу’, славен. dŕgati ’церці, месці’, dŕzati ’часаць’, ’шчыпаць траву’, балг. дъ́рзам ’мяць лён, трапаць яго’, якія суадносяць з *dьrati пашыраным на ‑g‑ < і.-е. *derH‑gh‑ ’цягнуць, ірваць, торгаць, здзіраць скуру’ (Фасмер, 1, 500–501; ЭССЯ, 5, 221; Сной₂, 124; Махэк₂, 127; ЕСУМ, 5, 603).

То́ргаць2 ’крычаць (пра драча)’ (ТСБМ). Слова пабудавана на гукаперайманні крыку гэтай птушкі, падобнага да дорг! (рус. дёрг!, польск. der‑der!), якое паўтараецца да 15 разоў (Праабражэнскі, 1, 179; Фасмер, 1, 501; Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 103; Струтынскі, Nazwy, 114).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рэ́заць, рэжу, рэжаш, рэжа; незак., каго-што.

1. Чым‑н. вострым раздзяляць на часткі. Рэзаць нажом хлеб. Рэзаць шкло. Рэзаць паперу. □ [Аміля] рэзала вялікім нажом буракі і кідала карове. Чорны. // без дап. Дзейнічаць пры выкарыстанні (пра вострыя прылады). Нажніцы добра рэжуць. Нож тупы, не рэжа. // Пілаваць. Асабліва любіў .. [Віктар Сяргеевіч] займацца хатняй гаспадаркай: рэзаў і калоў дровы, насіў ваду. Якімовіч. // Раніць, пашкоджваць чым‑н. вострым. Сухая асака, купіны да крыві рэзалі рукі, драпалі твар. Шамякін. // Імклівым рухам рассякаць, раздзяляць (паветра, ваду і пад.). Параход мой будзе грозна Рэзаць хваляў грудзі. Купала. Леўкін задзірае галаву. Моўчкі глядзіць на кранаўшчыка, потым прыпадымае крыху руку і імклівым рухам рэжа паветра. Дадзіёмаў. // перан. Праходзячы, пралягаючы, раздзяляць (пра дарогу, рэчку і пад.). У два рады між палёў Роўна рэйкі ляглі, Рэжуць нетры лясоў, Точаць грудзі зямлі. Колас. Перад тым берагам рэзала балота рэчка, цераз якую трэба было перабірацца ўброд. Мележ.

2. Разм. Рабіць аперацыю, разразаць. На твары ў хірурга кроплі поту. Адна з сясцёр узяла марлевы тампон, выцерла твар хірурга. «Спакойна рэжа», — падумаў веставы і выйшаў. Асіпенка.

3. Забіваць чым‑н. вострым. Рэзаць курэй. Рэзаць авечку. □ Гэтых людзей ніхто не біў, не рэзаў, не страляў. Яны перамёрзлі.. у тую завейную ноч. Лынькоў. Усю ноч .. [Койферу] трызнілася, што хтосьці паўзе да дома, рэжа вартавых і лезе праз акно да яго. Шамякін. // Разм. Загрызаць. Воўк рэзаў авечак.

4. Рабіць балюча, непрыемна. То на камень ён [Мікіта] сядзе пры лесе У новай турбоце І рукой у халяву палезе — Рэжа цвік яму ў боце. Куляшоў. Плашч настываў, карабаціўся на холадзе і рэзаў .. голыя рукі. Пташнікаў. Гаркаваты дым поўніў паветра, лез у нос, рэзаў вочы. Васілевіч. / у безас. ужыв. Пакой зноў наліўся яркім святлом, аж пачало рэзаць у вачах. Асіпенка.

5. Разм. Ставіць дрэнную адзнаку на экзамене. З таго часу наш «святы айцец», як пачуе, што [семінарыст] з Мінскай губерні, робіцца вар’ятам, усіх рэжа на экзаменах. Сяргейчык.

6. і без дап. Разм. Гаварыць проста, адкрыта, без хітрыкаў. — А па-другое, я не люблю, калі ў дзяўчыны вось тут вецер. Галя паказвае на Ірын лоб. — У цябе самой вецер! — рэжа Іра. Гарбук. [Алаіза] глядзела, як Піліп распранаўся, прычэсваў на прабор свае валасы, і думала, што сапраўды адчувае прыязнасць да гэтага чалавека, што ёй падабаюцца яго неспакой, шчырасць, з якой ён заўсёды рэжа ўсё, што думае. Арабей.

7. Разм. Рабіць што‑н. з азартам. Азартна рэжуць туз на туз, Чырвоны туз на туз віновы. Аўрамчык. — А помніце яшчэ, як Давыд Агафонаў рэзаў. От ужо граў! І ўсё вальс любіў. Ракітны. Ля машыны ўжо .. скокі, рэжуць гармонікі. Кірэйчык.

•••

Вуха (вушы) рэжа (дзярэ) — рэзка, непрыемна гучыць, раздражняе.

Рэзаць без нажа — губіць, ставіць у безвыходнае становішча.

Рэзаць праўду (у вочы) — гаварыць смела, адкрыта праўду. [Вусаты:] — Тарашкевіч доўга расказваў, праўду рэзаў. Янкоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сту́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Ударыць, звычайна са стукам. [Госць] стукнуў кулаком аб стол так моцна, ажно пасуда зазвінела на розныя галасы. Бядуля. Цар стукнуў сваім царскія посахам аб падлогу. Якімовіч. Але, дапіўшы з конаўкі салодкую цеплыню,.. [стары] нечакана стукнуў посудам па стале і ўстаў. Брыль. / Пра біццё, штуршок сэрца. Толькі ціха стукнула сэрца. Толькі крыкнуў тужлівы птах. Дайнека. // Ударыць каго‑н. Дастаткова .. [Саўку] было самага раз’юшанага быка ўхапіць за рогі, стукнуць кулаком па галаве, як той валіўся на зямлю. Гурскі. Тады .. [Стафанковіч] нацягнуў рукаў свайго кажушка і знячэўку стукнуў Сашку па карку. Чорны. / у безас. ужыв. — Ой, Цэзар, — гаварыла маці. — Быць манцёрам зусім не цікава. Ды і токам можа стукнуць. Ты ў нас будзеш музыкантам! Арабей. // перан.; па кім-чым. Разм. Зрабіць каму‑н. з’едлівыя, колкія папрокі, заўвагі; папракнуць каго‑н. за што‑н. Стукнуць па безгаспадарчасці. // каго. Разм. Забіць або раніць. У асінніку дзіка стукнулі. □ [Злобіч:] — Кожны дзень, кожную ноч дзе-небудзь ды і стукнем [фрыца]. Вось і сёння... М. Ткачоў. — Каюк усім нам, — уголас гаворыць Аўсянік. — Ладуцьку стукнулі, ясна. Навуменка. / у безас. ужыв. Вось тады мяне і стукнула, — [Доўбік] паказаў на сваю пераносіцу. Гроднеў. // перан. Падзейнічаць на галаву або на органы руху. Пракоп даўно ўжо не піў гарэлкі, і хмель наймацней стукнуў яму ў галаву. Колас. / у безас. ужыв. Твар .. [Зосі] пабялеў, стукнула ў вушах. Чорны.

2. Учыніць стук, шум пры ўдары, штуршку. Зноў стукнула брамка. Таня зірнула з-за сцяны. Ішоў Вадзім. Паўлаў. Бабка сярдзіта накінула на сябе світку, моцна стукнула дзвярамі і накіравалася да Лявона Секача. Колас. / у безас. ужыв. Не па возеры стукнула, а недзе ў напрамку Прыпяці. Краўчанка. // Ударыць маланкай, моцна загрымець. Жыла [Фроська] і сумавала, а больш ад страху калацілася: пярун мог стукнуць, нядобры чалавек зайсці. Лобан. Міколку здалося, што ў яліну стукнуў пярун. Лынькоў.

3. Ударыць (у акно, дзверы і пад.), падаючы стукам сігнал аб прыходзе, просьбе ўпусціць і пад. Тройчы стукнуць у акно — такі ўмоўны знак. Кулакоўскі. // Раптоўна, нечакана або з сілай пачацца, пастаць (пра з’явы прыроды). Перад самымі калядамі раптам стукнуў .. мароз. С. Александровіч.

4. каго-што і без дап. Знянацку напасці, раптоўна атакаваць. Рухавей павялі сваю работу ваенныя штабы,.. намацвалі найболей слабыя і балючыя цэнтры свайго праціўніка, камбінавалі, строілі планы, каб увесці яго ў аблуду і пры першым жа зручным выпадку стукнуць па ім там, дзе ён меней за ўсё спадзяецца. Колас. [Архіп:] — У раку [легіянеры] не палезуць. Пусціш у пастку і стукнем з трох бакоў. Грахоўскі.

5. Разм. Наступіць (пра час, падзеі). У кнізе падрабязна разглядаюцца прычыны крызісу каталіцызму: для яго даўно ўжо стукнуў той час, калі бунтуюць не толькі асобныя ўплывовыя тэолагі, але і цэлыя епархіі. «Полымя». // безас. каму. Мінуць, споўніцца (пра гады). Мне стукнула шаснаццаць гадоў, я лічыўся дзесяцікласнікам, мяне кахала самая прыгожая ў класе дзяўчына. Навуменка.

6. Разм. Выпіць (чарку). Рыгор-хурман хадзіў без дзела,.. Хадзіў і лёганька хістаўся: Ён трохі стукнуў — ці не з гора? Колас.

7. Прымусіць стукнуцца. [Рыгор:] — Будзеце задзірацца — стукну ілбамі так, што рогі вырастуць! Ваданосаў.

8. перан. Разм. Перадаць што‑н. пры дапамозе якіх‑н. сродкаў сувязі. [Дзед Астап:] — Ты ўжо стукні па тэлеграфе на раз’езд. Лынькоў.

•••

Палец (пальцам) аб палец не стукнуць — тое, што і палец (пальцам) аб палец не ўдарыць (гл. ударыць).

Стукнуць у галаву; у галаву стукнула каму — нечакана прыйшла думка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)