накало́ць, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак.

1. чаго. Раскалоць пэўную колькасць чаго‑н. Накалоць дроў. □ Паколькі дошак не было, накалолі плашак, абчасалі іх. Шашкоў. Дома Шкробат накалоў лучыны, занёс яе ў хату і ўжо да ночы больш нікуды не пайшоў з сваёй хаты. Галавач.

2. каго. Колючы, забіць у нейкай колькасці. Накалоць свіней.

3. што. Пашкодзіць, параніць чым‑н. вострым. Гораў трапіў нагою па калена ў ваду, балюча накалоў руку на сухую і вострую, як косць, лазіну ў гушчары. Караткевіч.

4. што. Пракалоць паверхню чаго‑н. у многіх месцах. Накалоць слівы для варэння. // Наколваючы, зрабіць узор, малюнак. Накалоць контуры карт.

5. каго-што на што. Насадзіць, нанізаць на што‑н. вострае. Накалоць матыля на шпільку.

6. што. Раскалоць, расшчапіць што‑н. не да канца; надкалоць. Накалоць гарбуз. Накалоць калодку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., што.

1. Садзіць некаторы час.

2. Разм. Марна зрасходаваць, патраціць. Прасадзіць грошы. □ [Ярошка:] Будзеш збіраць-збіраць, капіць-капіць, а потым прасадзіш усё за адзін раз у марным месцы. Дамашэвіч. // Прагуляць (у якой‑н. гульні). — Вот угадае паставіць, — здзівіўся банкір, адлічваючы тры рублі. — Я ж табе чатыры прасадзіў. Колас.

3. Разм. Прабіць, пракалоць, праткнуць. Прасадзіць нагу. □ Выжлятнік .. стаў дзічыцца, палохацца дрэў, што, здавалася, нагінаюць увачавідкі дзіды, каб праткнуць — прасадзіць яму навылёт нутро. Пташнікаў. На нагах — лапці, сплеценыя спецыяльна для рыбалкі, каб не прасадзіць пад вадою нагу аб якую патырчаку. Місько.

4. Прасунуць што‑н. праз што‑н. Хлопчык прасадзіў руку між дротам і шкрабануў па шыбе. Кулакоўскі. Свіння, не бачачы ратунку, рынулася ў плот, каб выскачыць у свой агарод, але плот быў моцны, і яна, прасадзіўшы галаву, ніяк не магла выцягнуць другой палавіны. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праця́ць, пратну, пратнеш, пратне; пратнём, пратняце; зак., каго-што.

1. Пракалоць, праткнуць чым‑н. колючым наскрозь; прарэзаць. Пакуль салдаты пілі, яна безупынку шчабятала. І ўсё пра свайго мужа нябожчыка Рыкарда. Што, калі б яго не працяў рагамі раз’юшаны бык, Рыкарда таксама абараняў бы рэспубліку. Беразняк. Раменная плётка са свістам працяла паветра і апякла брату цела. Карпюк. // перан. Пільна ўгледзеўшыся, пранікнуць куды‑н. У цыгана быў погляд глыбокі, уедлівы, нібы ён стараўся ім працяць мяне. Чыгрынаў. Зірнула .. [жанчына] на мяне так, нібы хацела позіркам працяць навылёт. Сабаленка.

2. перан. Пранізаць усю істоту (пра вецер, холад, боль і пад.). Бацька пасядзеў на ганку, услухоўваючыся ў наваколле, пакуль яго не працяў перадранішні халадок. Марціновіч. Нешта цяжкое навалілася на плечы, востры боль наскрозь працяў шыю. Шахавец. / у безас. ужыв. Імгненным страхам працяло ўсё цела. Навуменка. // Моцна, раптоўна падзейнічаць, зрабіць глыбокае ўражанне. Маўчанне зацягвалася. Вера не ўмела парушыць яго. Здавалася, тут патрэбны словы, каб працялі чалавека наскрозь. Асіпенка. Хрысціна устрапянулася, нейкая здагадка іскрай радасці працяла яе ўсю. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праніза́ць, ‑ніжу, ‑ніжаш, ‑ніжа; зак.

1. каго-што. Пракалоць, праткнуць наскрозь чым‑н. вострым. Немец не паспеў крыкнуць, як вострае джала нямецкага штыка наскрозь пранізала яго. Кавалёў. Іголка так і пранізала наскрозь палец. Васілевіч.

2. перан.; каго-што. Праткнуць, прайсці праз што‑н. Сонечнае святло пранізала тоўшчу вады аж да самага дна. Хомчанка. Сонца толькі што ўзышло і пранізала праменямі голыя кроны дрэў. Дуброўскі. Агонь выцягнуўся доўгім языком, лізнуў ім высокую купу ельніку, пранізаў яе навылёт. Васілевіч.

3. перан.; каго-што. Пранікнуўшы ўнутр каго‑, чаго‑н., выклікаць якія‑н. фізічныя адчуванні (пра холад, вецер, боль і пад.). Сцюжа пранізала .. [Рахмільку] да самых касцей. Бядуля. [Хлопец] падняўся і паспрабаваў узняць руку, але востры боль пранізаў усё яго цела. Шчарбатаў. // Рэзка, моцна падзейнічаць. Усю .. [Любу] пранізала нейкая здранцвеласць, ногі не слухаліся яе. Краўчанка. Ганна раптам засмяялася. Смех гэты пранізаў сэрца. Мележ.

4. што. Нізаць некаторы час (гл. нізаць у 1 знач.). Пранізаць каралі ўвесь дзень.

•••

Пранізаць вачамі — пільна, уважліва паглядзець на каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пе́рці1, перць ’ісці, лезці куды-небудзь, не зважаючы на перашкоды (ТСБМ), ’гнаць, выганяць’ (ТСБМ; Нас.; сміл., Станк.), ’хутка ехаць, бегчы’ (Шат.), ’прагна есці’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’падаць (пра снег)’, (петрык., Мат. Гом.), ’напіраць, груба сунуць з сілай; перамяшчаць з энергіяй, рухацца з імпэтам’ (мсцісл., З нар. сл.), ’ісці (пра дым, пыл)’ (дзятл., Сл. ПЗБ), пе́рцца, пе́рца ’ціснуцца, пхнуцца’ (Бяльк.), ’выходзіць масай, напорам (пра дым, пару)’ (Юрч. СНЛ), пе́рціся ’выбівацца на паверхню (пра расліны)’ (ТСБМ). Укр. пе́рти ’перці, напіраць; гнаць; рухацца, ісці’, ’выпіраць (паветра, дух)’, пе́ртися ’лезці, напіраць’; рус. пере́ть ’ісці, прасоўвацца праз перашкоды; бегчы’, ’хутка ехаць’, ’напіраць, ціснуць’, ’есці’, польск. przeć ’напіраць, націскаць’, ’імкнуцца да чаго-н., настойліва дамагацца’, ’пяцца, тужыцца’, славен. pẹ́riti ’устаўляць зубы ў граблі, спіцы ў кола, шчаціну ў дратву’, серб.-харв. (на)пѐрити ’накіраваць, навесці’, ’утаропіцца’, ’намерыцца’, макед. (па)пери ’накіраваць, рушыць’, (на)перкува ’напіхваць’, балг. (па)пе́ря, (па)пе́рвам ’узвышацца’, ц.-слав. (на)перитипракалоць, прабіць, прадраць’. Прасл. *perti, *periti, роднаснае ст.-грэч. πείρω (< *perі̯о), περάω ’прарываюся, пранікаю, праходжу’, περόνη ’востры канец, джала, вастрыё’, πόρος ’праход’, ст.-інд. píparti ’перавозіць, суправаджае’, гоц. farjan ’ехаць’, лац. portus ’прыстань’ і інш. (Траўтман, 215; Покарны, 816; Фасмер, 3, 240; Бязлай, 3, 26 і 130–131; Куркіна, Этимология–1968, 95). Сной (гл. Бязлай, 3, 26) мяркуе, што прасл. *periti, хутчэй за ўсё, з’яўляецца дэнамінатывам.

Перці2 ’несці з цяжкасцю, везці што-н. цяжкае’ (Нас., Серб., ТСБМ, ТС, Юрч. Сін.; міёр., Нар. лекс.; сміл., Станк.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’хутка несці цяжкую ношу на вялікую адлегласць’ (Растарг.), драг. прэ́тытэ ’тс’ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.); параўн. славен. pŕitati ’ўзяць/браць ношу на спіну; напружвацца, рабіць намаганні’, ’няўклюдна лезці’, серб.-харв. пр̏тити ’несці на спіне’. Апошнія суадносяць (Сной, гл. Бязлай, 3, 13 1) з прасл. *pъrtъ/*pьrtъ ’кавалак палатна’, а таксама ’вяроўка, рэмень’, параўн. славен. pŕča ’вяроўка, якой прывязваюць скаціну на пашы’, чак. op̏rta ’вяроўка з ліпавага лыка’. Скок (3, 58) серб.-харв. пр̏тити звязвае з пр̏тен ’ільняны, палатняны’ і pratež ’тавар, багаж’, для якіх аднаўляе корань і.-е. *per‑ з пашыральным суф. ‑t‑. Куркіна (Этимология–1975, 19–23) для групы слоў вакол серб.-харв. пр̏тити прапануе ў якасці зыходнай аснову *pъrtъ ’вяроўка, шнур, рэмень’, збліжаючы яе з літ. spartas ’стужка, завязка, абруч’, ст.-грэч. σπάρτον ’ліна, канат, вяроўка’. Тады развіццё семантыкі праходзіла наступным шляхам: ’вяроўка, шпур, рэмень’ > ’груз, ноша’ > ’цягнуць’.

Перці3 ’праць бялізну’ (глыб., Сл. ПЗБ), пе́раць ’тс’ (карэліц., бяроз., чэрв., там жа), перць ’тс’ (ветк., Мат. Гом.). Да праць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)