накало́ць, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак.
1. чаго. Раскалоць пэўную колькасць чаго‑н. Накалоць дроў. □ Паколькі дошак не было, накалолі плашак, абчасалі іх. Шашкоў. Дома Шкробат накалоў лучыны, занёс яе ў хату і ўжо да ночы больш нікуды не пайшоў з сваёй хаты. Галавач.
2. каго. Колючы, забіць у нейкай колькасці. Накалоць свіней.
3. што. Пашкодзіць, параніць чым‑н. вострым. Гораў трапіў нагою па калена ў ваду, балюча накалоў руку на сухую і вострую, як косць, лазіну ў гушчары. Караткевіч.
4. што. Пракалоць паверхню чаго‑н. у многіх месцах. Накалоць слівы для варэння. // Наколваючы, зрабіць узор, малюнак. Накалоць контуры карт.
5. каго-што на што. Насадзіць, нанізаць на што‑н. вострае. Накалоць матыля на шпільку.
6. што. Раскалоць, расшчапіць што‑н. не да канца; надкалоць. Накалоць гарбуз. Накалоць калодку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)