Пну́цца ’напружвацца, натужвацца, пяцца’, лезці, праціскацца праз натоўп наперад’ (Гарэц., Шат., Касп., Сцяшк. МГ, ТС, Растарг., Стан.), ’сердаваць, злавацца’ (Ян.), пнуць ’перці, напіраць’ (Растарг.), ’штурхнуць, піхнуць’ (Ян., ТС). Укр. пнутися (< пʼя́сти) ’нацягваць’, рус. пнуть, пинать ’даваць выспятка, штурхаць, удараць нагою’, стараж.-рус. пяти, пнути ’штурхануць’, польск. piąć (się) ’звязваць’, ’караскацца уверх, лезці’, ’віцца (аб раслінах)’, ’рушыць, накіравацца’, н.-луж. pěś, в.-луж. pjeć ’нацягваць, напружваць’, ’злучаць’, чэш. pnouti se ’ўзвышацца’, ’віцца, паўзці’, славац. pnúť sa ’тс’, славен. pẹ́ti ’цягнуць’, ’імкнуцца’, pẹ́ti se ’ўзыходзіць, паднімацца’, серб.-харв. пе́ти се ’паднімацца, лезці ўверх, узыходзіць (на гару)’, макед. напне се ’нацягнуцца’, ’напружыцца’, ’націснуць, наваліцца’, балг. пъ́на ’нацягваю’, напъ́на се ’напружыцца’, ст.-слав. съ‑пинати ’звязваць’. Прасл. *pęti (), pьnǫti, роднасныя літ. pìnti ’плясці’, лат. pît ’заплятаць’, ’путаць (каня)’, літ. pynė̃ ’каса (валасоў)’, арм. hanum ’тку, сшываю’, ст.-грэч. πένομαι ’(цяжка) працую’, гоц. spinnan ’прасці’, нова-в.-ням. spinnen, spannen ’нацягваць’, ’напружвацца’, тахар. A pänw‑, тахар. B pänn‑ ’цягнуць’, ’напружваць’ (Фасмер, 3, 292; Махэк₂, 464–465; Бязлай–Сной, 3, 31).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слюз1, слюс, слюш ‘слізь’, ‘плесня’ (беласт., віл., воран., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), слюз ‘слізь’ (ТС; рас., Шатал.), ‘слізкае гнойнае рэчыва на сапсутым мясе ці сапрэлым целе’ (Варл.), ‘слімак’ (лельч., Нар. лекс.), слюж ‘смоўж, слімак’ (Жыв. св.), сюды ж слю́зкі ‘слізкі’ (ТС), слю́знуць ‘прэць, гніць’ (Варл.), слю́за ‘слізь’ (бяроз., Сл. ПЗБ), слюзь, слюсь ‘тс’ (в.-дзв., шчуч., ашм., Сл. ПЗБ). Укр. слюз ‘слізь’, рус. слюз ‘тонкая скурка, скурачка’, слуз ‘тс’, ст.-рус. слузъ ‘слізь; макрота’, польск. śluz ‘слізь , серб.-харв. slȗz, slȗza ‘слізь; макрота’, славен. slȗz ‘слізь’, балг., макед. слуз ‘тс’, ст.-слав. слоузъ ‘страўнікавы сок’. Прасл. *sluzъ параўноўваюць з літ. šliū̃žes ‘санны след’, šliužaĩ ‘канькі’, šliauũtiпаўзці, слізгацца’, швейц.-ням. slûche ‘цягнуцца’, гал. sluiken ‘падкрадвацца’, што да і.-е. *sel‑, якое, на думку Глухака (565), узыходзіць да гукапераймання (імітатыву). Паводле Борыся (Czak. stud., 43), зыходным для назоўнікаў з розным вакалізмам з’яўляецца дзеяслоў *sliziti ‘выдзяляць з сябе, сачыць вільгаць, вільготную клейкую субстанцыю’, гл. слізь, сляз, слізіць. Гл. таксама SEK, 4, 312; Глухак, 564; ЕСУМ, 5, 312. Гл. склізкі, слізкі.

Слюз2 ‘шлюз’ (ТС), ст.-бел. слюза ‘тс’ (Ст.-бел. лексікон). Гл. шлюз.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

След ‘адбітак ступні нагі, капыта, лапы’, ‘знак уздзеяння’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Некр. і Байк., Сцяшк., ТС, Пятк. 2, Сл. ПЗБ), ‘права, прычына, падстава’ (Нас.), ‘дарога, сцежка; часовая мяжа на сенажаці паміж участкамі (Яшк.), ст.-бел. следъ ‘мера зямлі’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. слід, рус. след, стараж.-рус. слѣдъ, польск. ślad, в.-луж., н.-луж. slěd, чэш., славац. sled, серб.-харв. сли̏јед, славен. slẹ̑d, балг. следа́, макед. следа, ст.-слав. слѣдъ. Прасл. *slědъ. Роднасныя літ. slidùs ‘гладкі, склізкі’, лат. sliēds ‘след, каляіна’, ст.-прус. slidenikis ‘сабака-сышчык’, с.-в.-ням. slîten ‘слізгацець’, ст.-в.-ням. slito ‘сані’, нова-в.-ням. Schlitten ‘тс’, грэч. ολισθανω ‘я слізгаю’; гл. Траўтман, 269; Торп, 539; Мюленбах-Эндзелін, 3, 932, 957–958; Фасмер, 3, 668; БЕР, 6, 858; Махэк₂ (553) літ. slidús лічыць запазычаннем з польскай. Сной₁ (579) узводзіць да і.-е. кораня *(s)lei̯dh‑ ‘слізгаць; паўзці’ з першасным значэннем для прасл. ‘каляіна, санная дарога’. Прасл. таксама *slěditi, працяг яго ў слядзі́ць, укр. сліди́ти, рус. следи́ть, польск. śledzić, в.-луж. slědźić, н.-луж. ślěźiś, чэш. slíditi, славац. sliediť, серб.-харв. слијѐдити, славен. sledíti, балг. следя́, макед. следи; гл. Фасмер, там жа; БЕР, 6, 862.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ле́зіва1 ’плеценая з сырамяці вяроўка, якой бортнікі карыстаюцца, калі лазяць па дрэве да калод з пчоламі’ або ’вяроўка, на якой паднімаюць калоду пчол на дрэва’ (Эрэміч., Очерки, 8; рэч., Мат. Гом.), ле́зва ’тс’ (Маш.; гродз., Сл. паўн.-зах.), лельч., ельск. лезьва (Мат. Гом.). Ст.-бел. лезиво, лезыво (1507 г.). Укр. лезиво, лізиво, рус. лезиво (лезево), польск. leziwo ’лезіва’, а ў XVI ст. — ’борць’. Паўн.-слав. lěz‑ivo. Да лазіць, лезці (гл.). Няма патрэбы гаварыць пра запазычанне з польск., як сцвярджае Булыка (Лекс. Запазыч., 94).

Ле́зіва2 ’лязо’ (Нас.), ле́зьвіе, лезвіг, лезка ’тс’ (лаг., Шатал.; браг., Мат. Гом.; паўд.-усх., КЭС), лязо ’вострая частка рэжучай ці сякучай прылады’ (ТСБМ, Шат., Касп., Гарэц.; мін., Шн. 2, КЭС, лаг., Бяльк.), ’тонкая стальная пласцінка для галення’ (Сцяшк.), лэзо, лезо, лёзо ’вастрыё сякеры’ (Тарн.). Укр. ле́зво, уманск., валынск. ле́зо, харкаўск. лі́зко ’лязо’, рус. лез, лёз ’струг для апрацоўкі клёпак’, калін. ’вастрыё касы’, казан., ніжнегар., уладз. леза, лёза, іркуцк. лезвище ’вастрыё касы’, паўн.- і паўд.-рус. лезьё ’лязо’. Паводле Варбат (Этимология–1964, 41–43), гэты даволі позні прасл. дыялектызм генетычна суадносіцца з дзеясловамі lěztilaziti > лезці (гл.), семантыка якіх змянялася наступным чынам: ’паўзці, прабірацца’ > ’расчысціць, выраўняць, каб прайсці’ і ’узлезці, каб вычысціць, выразаць’ > ’рубаць, выраўноўваць, рэзаць’ > ’тое, што рэжа’. Застаецца няясным канец формы лезвіг. Іншыя менш імаверныя версіі гл. Фасмер, 2, 476.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

слі́згаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Рухацца па гладкай, слізкай паверхні, не адрываючыся ад яе. Лёгка і мякка слізгаюць палазы, пакідаючы за сабой па некранутай белі дзве раўнюткія палосы. Машара. Конь пляцецца нага за нагу, і сані слізгаюць амаль нячутна. Асіпенка. // Не мець устойлівасці, слізгацца, саслізгваць. Косцік абхапіў рукамі камель і, перабіраючы нагамі, пачаў карабкацца на хвою. Спачатку справа ішла на лад, але там, дзе пачынаўся гладкі ствол, рукі слізгалі і нельга было лезці далей. С. Александровіч.

2. перан. Плаўна, лёгка рухацца, перамяшчацца. Шпарка слізгаюць лодкі па вадзе. В. Вольскі. Павольна слізгае ўніз па Белай баржа. Данілевіч. / Пра самалёты, пра птушак. Ён [планёр] ледзь пагойдваў крыллямі і бязгучна слізгаў над вяршынямі стромкіх елак. Даніленка. У суладным сваім палёце .. [статак вераб’ёў] імкліва слізгае ўбок, пасля ўвесь разам — у другі. Быкаў. // Пры перамяшчэнне руху, надзенні дакранацца да чаго‑н., кранаць што‑н. Вудзільна пра[соўва]ецца праз кальцо, якое затым слізгае ўніз па лёсцы і сваёй вагой ударае па кручках. Матрунёнак. Фанера на спецыяльных петлях слізгала па дроце плаўна, без рыўкоў. Шыловіч. // Паўзці (пра паўзуноў). Лясных палохаючы птахаў, Слізгаў маланкай, гнуткі, ён [вуж]. Грачанікаў.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Плаўна пераходзіць з прадмета на прадмет (пра святло, цені і пад.). Моцны прамень пражэктара слізгае па бліскучых рэйках, выхоплівае з цемры дзівосныя малюнкі навакольнага пейзажу. Васілёнак. Позірк агранома то загрымліваўся на экспанатах сельскагаспадарчых культур, то слізгаў па партрэтах Герояў Сацыялістычнай Працы. Стаховіч.

•••

Слізгаць па паверхні чаго — не паглыбляцца ў сутнасць чаго‑н., абмяжоўвацца знешнім бокам з’яў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чу́йны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Здольны востра чуць, тонка адчуваць (органамі пачуццяў або пра органы пачуццяў, звычайна слыху). [Тарасюк:] — Хто сёння пільнуе? [Адам:] — Марынчук. — Ну, то спакойна кладзіся спаць. У старога вока добрае і вуха чуйнае... С. Александровіч. Чуйныя ноздры [доза] раздражн[яе] церпкі пах конскага поту. Самуйлёнак. Самы нязначны рух можа спалохаць чуйных самак, якія ідуць з аленем. В. Вольскі. // Які хутка адказвае на ўздзеянне, лёгка адгукаецца. Не варухнуць зялёным пер’ем пад чуйнай вудай трыснягі. Вялюгін. Вось барада моцна прыцялася да верхняе дэкі, левае вуха насцярожана стаілася ля чуйнага задняга грыфа, галоўка скрыпкі апусцілася на калена, і смычок пачынае паволі паўзці па струнах. Карамазаў.

2. да чаго і без дап. Які асабліва востра адчувае, перажывае, рэагуе. У каравулцы па-ранейшаму было цёмна, але, чуйны да часу, старшына згадваў, што хутка ранак. Быкаў. За ўсе разы гора сваё выплакала тады Стэфа. Пасля ўжо не плакала так, не кідалася — маўклівага дакору Язэпавага баялася. Чуйная яна ў яго, уважная надта... Хадановіч. Я ледзь не чырванеў ад .. [Сушкевічавых] слоў — гэтак яны ўзрушылі маё чуйнае да пахвалы сэрца. Радкевіч. // Насцярожаны, асабліва ўважлівы. [Ганна] бразнула клямкаю, выскачыла на двор і, чуйная, пільная, з такім адчуваннем, быццам за ёй сочаць, пайшла на вуліцу. Мележ.

3. Які лёгка перарываецца; неглыбокі. Нарэшце мяне ахапіла дрымота, але я не заснуў, а ўпаў у нейкае чуйнае забыццё. Гаўрылкін. Люблю цыбатых возікаў чародкі, Бабулек па-над імі чуйны сон. Лойка. // Які лёгка нарушаецца самымі нязначнымі гукамі, шорахамі (пра цішыню). А паслухайце, якая чуйная, поўная цудоўнай гаючай сілы цішыня пануе гэтай парой у полі. Краўчанка.

4. Які чуецца, адчуваецца. Ледзь чуйны ветрык прагульваўся па вершалінах дрэў і зноў сціхаў. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сушы́ць, сушу, сушыш, сушыць; незак., каго-што.

1. Рабіць сухім (што‑н. сырое, вільготнае, мокрае), трымаючы на паветры або ў цёплым месцы. Сушыць бялізну. □ Палажы сушыць валёнкі — Сам адпачывай. Астрэйка. Волька сядзела на печы — сушыла галаву пасля жыцця. Васілевіч. // і без дап. Рабіць празмерна сухім, пазбаўляючы неабходнай вільгаці. Сонца паліла няшчадпа, сушыла апошнія жнівеньскія травы. Шамякін. [Ліда] сама і не чула б, здаецца, таго, што ад рання сушыла смага. Брыль. / у безас. ужыв. А ў той год вельмі сушыла. Зямля, як жывая, енчыла, прасіла піць. Хомчанка. Ад смагі баляць патрэсканыя губы. Сушыць у роце. Сяргейчык. // Рабіць асушэнне, адводзячы ваду. А старыя і чуць не хацелі: — Не, не можна балота сушыць!.. Багун. // Выдаляць (ваду, вільгаць); асушаць. А як паднялося вышэй .. [сонца] і пачало сушыць расу на траве, тады павуціна доўгімі бліскучымі ніткамі пачала паўзці ў паветры. Нікановіч.

2. Нарыхтоўваць у запас, выдаляючы вільгаць з раслін, пладоў і пад.; высушваць, засушваць. Сушыць грыбы. □ Збіраў .. [Лявон] таксама розныя расліны і ягады, сушыў іх, потым даваў людзям ад розных хвароб. Кулакоўскі. Мяса .. [марскія людзі] не прывыклі запасіць надоўга, напрыклад, сушыць. Маўр.

3. перан. Разм. Падрываць здароўе, даводзячы да худзізны, знясілення. Гарачка сушыла сілы, як спякотлівы летні дзень высушвае расу. Асіпенка. Абхадзіў я за плугам палетак, Хоць яшчэ быў зусім малалетак. Працаваў аж да сёмага поту, Заядала, сушыла работа. Хведаровіч. // Мучыць, мардаваць. Твар [дзяўчынкі] быў учарнелы і завостраны. Вялікі неспакой сушыў яго. Чорны.

4. перан. Рабіць сухім, чэрствым, нячулым. У глыбокім маўчанні з прыроднаю сілай Зліваюцца душы, Збліжае нас час да [вячэрняга] схілу — А сэрцаў не сушыць! Буйло.

•••

Сушыць вёслы — трымаць вёслы над вадой, кінуўшы веславаць.

Сушыць галаву (мазгі) — клопатам, думкамі займаючы галаву, падрываць сабе здароўе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тачы́ць1 ’вастрыць, завострываць’, ’вырабляць што-небудзь на такарным станку’, ’дзіравіць, пашкоджваць (пра насякомых, грызуноў; пра дзеянне вады, ветру)’; ’неадступна мучыць, пазбаўляць сіл (пра хваробу, думкі, пачуцці і пад.)’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’вастрыць’, ’рыць; грызці’ (Сл. ПЗБ), ’вастрыць’ (Бяльк.; ашм., Стан.; Сержп. Прык.), ’дзіравіць, прагрызаць’ (Нас.), ’наточваць’ (Ласт.), точы́ць ’грызці, рыць; усоўваць’ (ТС), точы́ть ’вастрыць’ (Вруб.); сюды ж тачы́цца ’лезці, рабіць хады’ (Федар. 4), точы́цца ’лезці, чапляцца’ (ТС). Укр. точи́ти ’вастрыць; апрацоўваць’, ’грызці, праядаць’; ’пазбаўляць сіл, здароўя’, рус. точи́тъ ’вастрыць; грызці’, стараж.-рус. точити ’праядаць’, польск. toczyć ’вастрыць’, в.-луж. točić ’вастрыць; грызці’, н.-луж. tocyś ’тс’, чэш. točit ’вастрыць, выточваць’, славац. točiť ’тс’, серб.-харв. то̀чити ’вастрыць; грызці’, балг. то́ча ’вастрыць’, макед. точи ’тс’. З прасл. *točiti ’вастрыць, абточваць’, якое звязана з *točiti ’гнаць, прымушаць бегчы’ > ’абточваць, паварочваючы’. З падобным развіццём семантыкі літ. tekė́ti ’бегчы’ і ’вастрыць’ (Брукнер, бі). Славянскія словы збліжалі з арм. tʼekʼem ’кручу, пляту, намотваю’, лац. texere ’ткаць, плесці’ (ЕСУМ, 5, бі 1; Фасмер, 4, 90; Брукнер, 573; Голуб-Ліер, 478; Махэк₂, 637–638).

Тачы́ць2 ’наліваць’ (Сл. ПЗБ), ’ліць, цадзіць’ (Нас., Байк. і Некр.), ст.-бел. точити ’выдзяляць, раздаваць’, ’рассыпаць’, войну точити ’ваяваць’ (Ст.-бел. лексікон), сюды ж тачы́ць вайну́ ’сварыцца, вадзіцца’ (Сл. ПЗБ), тачы́цца ’ліцца, вылівацца’ (Байк. і Некр.), ’ліцца; сыпацца патрохі’ (Нас., Стан.), ’працякаць’ (Ян.), ’паўзці, імкліва пранікаць’: мухі ў хату точуцца (в.-дзв., Сл. ПЗБ), вада точыцца (ашм., Сл. ПЗБ), ’рухацца, перамяшчацца’: рак точыцца назат (гродз., Сл. ПЗБ), точы́цца ’сачыцца’ (ТС). Укр. точи́ти ’ліць, выпускаць (вадкасць), цадзіць’, точи́тися ’цячы, выцякаць’, рус. точи́ть ’выпускаць (вадкасць)’, стараж.-рус. точи́ти ’выдзяляць вільгаць; праліваць’, польск. toczyć ’разліваць’, чэш. točiti ’ліць, цадзіць’, славац. točiť ’цадзіць, наліваць’, славен. točiti ’ліць’, серб.-харв. то̀чити ’наліваць, ліць; цячы, ліцца’, балг. точа ’цадзіць, наліваць, разліваць’, макед. точи ’тс’, ст.-слав. точити ’выпускаць (вадкасць); гнаць, пераследаваць’. З прасл. *točiti ’пускаць, бегчы, цячы; гнаць’, каўзатыва ад *tekti ’цячы’ (ЕСУМ, 5, 610; Чарных, 2, 254; Фасмер, 4, 90; Брукнер, 573; Голуб-Ліер, 478; Махэк₂, 637–638). Паводле Борыся (637), аднаго паходжання з папярэднім словам (гл.), пры гэтым прасл. *točiti мела агульнае значэнне ’рабіць так, каб нешта цякло, плыло’, ’перамяшчаць нешта, надаючы яму вярчэнне’, ’апрацоўваць прадмет, верцячы яго’. Параўн. і тачаць, гл.

Тачы́ць3 ’падаўжаць, сточваць адно з адным’ (калінк., Сл. ПЗБ), точы́ць ’тс’ (ТС). Гл. папярэдняе слова; у аснове значэнне ’круціць, віць’.

Тачы́ць4 ’расціраць, церці’: тачылі ягады на машынку (рагач., Сл. ПЗБ). Гл. тачы́ць1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)