аблы́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Апавіць, абвязаць, абматаць што‑н. вяроўкай, дротам і пад. [Ніне] здавалася, што калючы дрот аблытаў, апутаў, як павуцінне, увесь горад. Мележ.
2. перан. Пазбавіць каго‑н. свабоды дзеянняў; падпарадкаваць сабе. Лазун хацеў бы валодаць усёй вёскай, трымаць яе ў сваіх руках, аблытаць павуцінай даўгоў, зрабіць залежнай ад сябе. Хромчанка.
3. перан. Збіць з толку, увесці ў зман. [Мелех:] Аблыталі мяне ліхія людзі, і я вялік грэх мог на душу ўзяць. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заняво́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.
Пазбавіць волі, незалежнасць закабаліць. Ніколі, мой народзе, ты не схіляў галавы перад тым, хто калі-небудзь імкнуўся заняволіць цябе. Купала. І асабліва людзі беларускага Палесся выявілі свой гераічны патрыятызм цяпер, у час Вялікай Айчыннай вайны, калі самы найзлейшы на ўсе вякі, самы крывавы і паганы вораг уварваўся на беларускую зямлю, каб прысвоіць яе сабе, навекі яе заняволіць і ўздзець на наш народ ланцугі рабства. Чорны. // Падпарадкаваць сваёй уладзе, паставіць у залежнае становішча.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зачарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.
Уздзейнічаць чарамі, магічнымі словамі; заваражыць. — А ты не бядуй, уцешыла дзяўчынка Косціка. — У наступны раз я навучу цябе, як зачараваць гарлачык. Даніленка. Ой, трыпутнічак, Трыпутнік!.. Зелле-зеллейка жывое!.. Ты цвіцеш Ды пры дарогах, — Зачаруй майго мілога!.. Трус. // перан. Падпарадкаваць свайму ўплыву; паланіць, прывабіць. [Міцьку] зачаравала суровасць ракі, яе патаемная сіла, якой ён раней зусім і не заўважаў. Лупсякоў. Тонкая, чарнявая, з касою — Пра такіх Кабзар пісаў не раз — Светлаю дзявочаю красою Ты тады зачаравала нас. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
забра́ць, -бяру́, -бярэ́ш, -бярэ́; -бяро́м, -бераце́, -бяру́ць; -бяры́; -бра́ны; зак.
1. каго-што. Узяць, захапіць.
З. з сабой рэчы.
З. у палон.
З. грошы.
2. што. Адняць, прымусіць патраціць.
Работа забрала многа часу.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан., каго. Авалодаць кім-н., падпарадкаваць сабе (разм.).
Мяне забраў страх.
З. за жывое.
4. што. Увабраць, засунуць (пра адзенне) або зменшыць у шырыні або даўжыні пры шыцці.
З. штаны ў боты.
З. рукаў.
|| незак. забіра́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
|| наз. забіра́нне, -я, н. (да 1, 2 і 4 знач.) і забо́р, -у, м. (да 1 знач.; спец.).
Забор вады.
Забор пробы.
|| прым. забо́рны, -ая, -ае (да 1 знач.; спец.).
Заборная канструкцыя.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
асядла́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Прымацаваць сядло на спіне каня. Прачнуўся Дубяга далёка да дня, Хутчэй асядлаў баявога каня. Танк.
2. Разм. Сесці верхам на што‑н. Асядлаць бервяно. □ [Сцёпка] нарэшце ўхапіўся за галіну, падцягнуўся і асядлаў яе. П. Ткачоў. // Размясціцца па абодва бакі чаго‑н. Асядлаць дарогу. □ Танкавы корпус асядлаў абедзве шашы: на Смаленск і Сураж. Асіпенка.
3. перан. Разм. Поўнасцю падпарадкаваць сабе, прымусіць дзейнічаць па свайму жаданню. [Міхась:] — З нейкімі косамі ўсе ды з мянташкамі — па старым парадку. А мы са шваграм тэхніку асядлаем. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уціхамі́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.
1. Прымусіць супакоіцца, суняцца. [Васіль:] — Прымай, Янук, гасцей ды ўціхамір свайго барбоса! Зайсці трэба! Шашкоў. // Аслабіць, зменшыць сілу праяўлення чаго‑н. Цяпер яму [Кліму] захацелася ўціхамірыць гэтую злосць на Сідары. Галавач. У выканкоме вырашылі падзяліць [кватэры] загадзя, каб уціхамірыць непакой і хваляванне. Мележ.
2. Сілай супакоіць каго‑н.; задушыць (бунт, паўстанне і пад.). [Гена:] — Няхай пан не хвалюецца, мы ўціхамірым бунтаўшчыкоў. Жычка.
3. Падпарадкаваць сваёй волі; утаймаваць. Тры дні змагаліся геолагі і нафтавікі, каб уціхамірыць стыхію. В. Вольскі. Грознага [быка] ўсё-такі ўціхамірылі і зноў навязалі на ланцуг. Дайліда.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
авало́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. Захапіць, узяць сілай; завалодаць. Спроба ворага з ходу авалодаць пераправай.. не ўдалася. Брыль. // перан. Падначаліць сабе, падпарадкаваць свайму ўплыву. Авалодаць увагай.
2. Ахапіць, апанаваць (пра стан, думкі, пачуцці). Цяжкая стома авалодала ўсім целам, не хапала паветра. Гамолка. «Глупства ўсё гэта, не можа быць», — суцяшаў сам сябе Казімір, як бы баючыся таго новага пачуцця, што авалодала ўсёй яго істотай. Краўчанка.
3. Трывала засвоіць што‑н., навучыцца карыстацца, кіраваць чым‑н. Авалодаць англійскай мовай. Авалодаць агратэхнікай. Авалодаць станком.
•••
Авалодаць сабой — вярнуць страчанае самамавалоданне. Госць падаўся да дзвярэй, але зноў авалодаў сабою і спакойна сеў. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
палані́ць, ‑ланю, ‑лоніш, ‑лоніць; зак. і незак., каго-што.
1. Захапіць, узяць у палон. Зграя варожая злева і справа Іх паланіла для жорсткай расправы. Звонак. // Заваяваць, захапіць якія‑н. землі, краіны і пад. У кожным слове Соніных бацькоў гучала нянавісць да чужынцаў, якія паланілі родны край. Новікаў.
2. перан. Прывабіўшы, падпарадкаваць свайму ўплыву. Хацеў знайсці да ісціны ключы, А паланілі формулы і словы. Грахоўскі. Сэрца стала паслухмяным, — любы словам паланіў. Машара. // Зачараваць. Спявалі [дзяўчаты] зладжана, прыгожа, але асабліва паланіў адзін цудоўны голас. Шамякін. Хутка песні і вясёлая музыка паланілі атрад. Лынькоў.
3. Разм. Ахапіць, запоўніць сабой. Водбліскі цямнелі, гаслі, знікалі і зноў успыхвалі з новаю сілай, паланілі ўсё неба. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ла́па, -ы, мн. -ы, лап, ж.
1. Ступня або ўся нага ў некаторых жывёл і птушак.
Каціная л.
2. Аб руцэ або назе чалавека (разм.).
Вялізная л.
Брыдкія лапы.
3. Галіна хвойнага дрэва.
Пышныя лапы ялін.
4. Расплюшчаны і загнуты канец у некаторых інструментах для выдзірання цвікоў, а таксама інструмент з такім канцом (спец.).
5. Шып на канцы бервяна (спец.).
Рубіць у лапу.
◊
Даць у (на) лапу — падкупіць каго-н. (разм.).
Налажыць лапу на што-н. — захапіць што-н., падпарадкаваць свайму ўплыву (разм.).
Папасціся ў лапы каму-н. — апынуцца ў залежнасці ад каго-н. (разм.).
У лапах каго-н. — быць у поўнай залежнасці.
Хадзіць на мяккіх лапах — хадзіць цішком; выслужвацца перад кім-н. (разм., неадабр.).
|| памянш. ла́пка, -і, ДМ -пцы, мн. -і, -пак, ж. (да 1—3 знач.).
|| прым. ла́пны, -ая, -ае (да 1, 3 і 4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
аблама́ць, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; зак., каго-што.
1. Ломячы, аддзяліць частку, кавалак чаго‑н. Абламаць сук. □ Конь абламаў капытамі тонкі лядок ля самага берага, ступіў колькі крокаў па халоднай вадзе і, коўзаючыся, узышоў на паром. Чыгрынаў. // Паабломваць усё або многа чаго‑н. Абламаць парасткі на ствале дрэва. □ Выбраў [Міканор] з кучы галля, складзенага зімой, добры, моцны дручок, зламаў верх і абламаў сучкі. Мележ.
2. перан. Пазбавіць каго‑н. сілы, волі, мужнасці. [Лагута:] Будуць вызваляць ад старшыні... За тое, што авёс згнаіў.., што не даўся яму ў рукі, а ён [Верамейчык] хацеў абламаць мяне і зрабіць паслухмяным... Губарэвіч. // Разм. Схіліць каго‑н. на ўступку, дабіцца ад каго‑н. згоды; уламаць.
•••
Абламаць (зламаць) зубы — пацярпець няўдачу, імкнучыся асіліць што‑н.
Абламаць (пазбіваць) рогі — уціхамірыць, утаймаваць, падпарадкаваць каго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)