Вары́згацца ’займацца пустымі размовамі; доўга з чым-небудзь вазіцца’ (Мядзв.), вораскаться ’тс’ (Мядзв.), вары́згаць ’гаварыць бязглузда і недарэчна’ (КЭС). Параўн. рус. дыял. вары́згать ’паспешна, неакуратна есці’, вара́згаться ’рабіць што-небудзь няўмела, доўга вазіцца’. Параўн. далей бел. варзе́каць ’размазваць што-небудзь густое’, рус. варза́кать ’рабіць што-небудзь наспех, сяк-так; дрэнна, неахайна пісаць’, укр. варзя́кати, верзя́кати ’балбатаць, вярзці’. Паколькі ў адным слове часта аб’яднаны значэнні ’пагана рабіць’ — ’балбатаць, гаварыць пустое, вярзці’ (параўн., напр., рус. вара́кать ’дрэнна рабіць, пэцкаць; гаварыць абы-што, вярзці’), то можна зыходзіць з *vьrz‑ti (вярзці́, укр. верзти́), да слав. *vьrz‑ ’плесці’. Форма вары́згацца (< варазгацца; параўн. варыхацца < варахацца) — гэта нібы экспрэсіўнае «паўнагалоссе» (vьrz‑ > верз‑ > вараз‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́мзаць ’паволі есці, жаваць’ (Нас.). Зыходным значэннем для гэтай групы слоў (якая ўваходзіць да вельмі разгалінаванага семантычна сямейства з асновай *gъmъz‑ у слав. мовах) з’яўляецца ’рабіць паволі, капашыцца і да т. п.’ Семантыка ’есці, жаваць паволі’ — гэта канкрэтызацыя больш агульнага значэння Далей сюды адносяцца гамзіць ’есці, уплятаць’ (Нас.), гамзі́ць ’рабіць неакуратна’ (Бяльк.). Аб іншых словах, якія адносяцца да *gъmъz‑, гл. гамза́ць1, гамза́ць2, гамзе́ць. Да га́мзаць адносіцца і ўкр. го́мзатися ’варочацца, капашыцца’ (Грынч.), рус. гомзи́ть ’кішэць’, гомози́ть ’мітусіцца’. Аб гэтым вялікім сямействе слав. слоў гл. у Фасмера (1, 435: пад гомоза́, гомза́ть) і асабліва ў Слаўскага, 1, 277–278. Вельмі падрабязны агляд гл. Трубачоў, Эт. сл., 193–195.

Гамза́ць1 ’біць штуршкамі, калаціць’ (Нас.), гамзі́ць ’ціскаць каленямі або біць кулакамі’ (Нас.). Да вялікага сямейства слоў, якія разгледжаны пад ге́мзаць, гамзе́ль, гамзе́ць, гамзі́ць (гл.). Бел. словы гамзі́ць ’біць, есці’ і гамзі́ць ’рабіць неакуратна’. Трубачоў (Эт. сл., 7, 194–195) пад праформай *gъmъziti () разглядае з іншымі словамі з розных слав. моў, не высвятляючы развіцця семантыкі ў бел. лексемах. Магчыма, ’капашыцца’ ← *’капашыцца, турбаваць’ ← ’турбаваць, біць’ ← ’біць’.

Гамза́ць2 ’гнусавіць’ (БРС, Шат., Касп.). Параўн. вытворныя: гамза́ты ’той, што гаворыць у нос’ (Шат., Касп., Бяльк.), гамзу́н ’тс’ (Шат., Касп.), гамза́тка ’жанчына, што гаворыць у нос’ (Бяльк.), гамзаце́ль, гамзаце́нь ’гамзаты’ (Бяльк.). Бясспрэчна, гэта слова адносіцца да прасл. *gъmъz‑, г. зн. да вялікай групы слоў, разгледжаных пад га́мзаць, гамзе́ль, гамза́ць, гамзі́ць і г. д. Але развіццё семантыкі растлумачыць не вельмі лёгка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Малаха́й1 ’шапка з шырокімі навушнікамі’, ’шырокі кафтан без пояса’ (ТСБМ), малахайка ’зімовая шапка’ (Касп.). Укр. малахай, рус. малаха́й ’шырокае мешкаватае адзенне без пояса’, ’доўгі халат з футра’, ’неакуратна апрануты чалавек’, ’разява, расцяпа’, ст.-рус. малахай ’шапка з футрам’ (XVII ст.). Запазычана ва ўсх.-слав. мовы з тат. malaxai, марыйск. malaxai, якія з калмыц. maχlä, манг. malagai ’шапка’ (Фасмер, Этюды, 127; Яго ж, 2, 562; Аткупшчыкоў, Из истории, 208).

*Малаха́й2, молоха́й ’хвароба ў авечак’ (мазыр., З нар. сл.). Няясна. Недастатковасць інфармацыі аб сутнасці названай хваробы дае магчымасць зрабіць толькі некаторыя дапушчэнні адносна паходжання лексемы. Можна дапусціць, што яна звязана з навагрэч. μαλακός ’мяккі’, μαλακώνω ’паслабляю, размякчаю, сціхаю’, μαλάκυνσις ’размякчэнне мозга’, якія ўзыходзяць да ст.-грэч. μαλαχία ’слабасць’. Параўн. таксама лац. malacia ’вяласць, бяздзейнасць’, ’адсутнасць апетыту’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

звярну́ць, звярну́, зве́рнеш, зве́рне; звярні́; зве́рнуты; зак.

1. Памяняць напрамак руху.

З. у завулак.

З. гутарку ўбок (перан.).

2. каго-што. Накіраваць у які-н. бок ад дарогі (каня, машыну і пад.).

З. машыну з дарогі.

3. каго-што. Варочаючы, зрушыць з месца (разм.).

З. вялікі камень.

Горы з. (перан.: зрабіць вельмі многа).

4. што. Пералажыць, зваліць (віну, правіннасць і пад.) на другога (разм.).

З. усё на невінаватага.

5. што. Схіліць, павярнуць набок, убок (разм.).

З. галаву набок.

6. што. Неакуратна скідаць, зваліць у адно месца многія прадметы (разм.).

З. усё ў кучу.

Звярнуць на сябе ўвагу — вызначыцца чым-н., зацікавіць сабой.

Звярнуць увагу каго на каго-што — паказаць каму-н. на каго-, што-н., прымусіць заўважыць.

Звярнуць увагу на каго-што — заўважыць каго-, што-н., зацікавіцца кім-, чым-н., улічыць што-н.

|| незак. звярта́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е (да 5 знач.), зваро́чваць, -аю, -аеш, -ае (да 1—4 і 6 знач.) і зварача́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е (да 1—5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Настра́мак ’невялікі воз (сена, канюшыны, саломы)’ (Янк. 1, Жд. 3, ТС, Ян.), nastràmak, nastràmacz ’малы воз сена — палова або чвэрць нармальнага воза’ (Пятк.), укр. настря́мок ’невялікая колькасць, невялікі воз сена, саломы, дроў’. Відаць, ад настрамі́цьнеакуратна налажыць, накідаць абы-як’, параўн.: Як накласць, то много ўлезе на воз, а так настромі́ў, настромі́ў — то мало дроў (ТС, 3, 163); параўн. таксама астра́мак (гл.). Усё да прасл. *stramъ/stromъ з шырокай семантыкай, звычайна ў адносінах да «тырчачых», выступаючых дэталей і частак, параўн. стром ’завіслае дрэва’, чэш. strom ’дрэва’, польск. stram ’капыл (у санях)’, славен. strama ’вертыкальны апорны брус у санях’, славац. stram ’від саней’, серб.-харв. stràmica ’прыстаўная лесвіца, драбіна’ і г. д. Параўн. Фасмер, 3, 166 (пад остро́мок з развіццём семантыкі ад ’стог сена вакол шаста’ да ’кладзь сена ў адзін воз’); Махэк₂, 583; Бязлай, Eseji, 119; Борысь, SFPS, 24, 1987, 115–126. Гл. стромак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Барса́ць ’працягваць аборы ў лапці’ (Гарэц., Касп.; барса́ць|варса́цьШат.), ’кідаць’ (Гарэц.). Сюды ж з іншым вакалізмам: бэ́рсаць ’блытаць (ніткі), блытаць, разматваць у беспарадку, рабіць неакуратна; пароць ежу і не есці; пісаць; нячыста жаць’ (Шат., БРС, Бір. Дзярж., Сцяшк. МГ, Сцяц., Янк. Мат.). Укр. бо́рса́ти (часцей з прэфіксамі) ’працягваць вяроўку ў вушка лапця; кідаць’; бо́рсатися ’кідацца ў розныя бакі, вазіцца, валтузіцца’. Слова цёмнага паходжання. Януў (Зб. Развадоўскаму, 2, 277) выводзіў з ob‑vors‑ati (пры гэтым корань *vors‑ не тлумачыўся). Райхэнкрон, ZfslPh, 17, 148–149 (без бел. матэрыялу) выводзіў з рум. мовы (няпэўна). Параўн. яшчэ Рудніцкі, 178 (няма бел. слоў). Магчыма, ёсць сувязь з групай слоў тыпу рус. броса́ть (аб гэтых словах Фасмер, 1, 218; Шанскі, 1, Б, 201–202): параўн. значэнне ’кідаць’ у бел. і ўкр. слоў. Так Трубачоў, Этимология, 1965, 383. Гл. яшчэ барсні́. Львоў (Зб. Петравічу, 315–318) лічыць, што ўкр. бо́рсатися і рус. бара́хтаться неяк звязаны. Гл. бэ́рсаць, варса́ць, абарсаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

развалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.

1. Распасціся, разбурыцца (пра што‑н. сабранае, складзенае). Нашым вачам нечакана адкрыўся непрыемны малюнак: разваліўся воз сена. Ракітны. // Раскалоцца, разламацца на асобныя часткі ад удару. На чацвёртым удары палена развалілася, крыва абышоўшы сук. Быкаў. Гэ-эх! Надвая развалілася вялізная стракатая глыба. Лом гулка звінеў. Савіцкі.

2. Разм. Разбурыцца, ператварыцца ў руіны. Каплічка, здавалася, ледзь ліпела і гатова была кожную мінуту разваліцца. Колас. — Больш чатырох паленцаў не кладзі ў грубку, хлопча... Разваліцца яшчэ. Капыловіч. // Падрацца, знасіцца. Янка паглядвае на боты і думае: «Прыйдзецца аборынай звязаць, каб зусім не разваліліся». П. Ткачоў.

3. перан. Дайсці да поўнага заняпаду; разладзіцца, распасціся, перастаць існаваць. Ні бомбы, ні газы, ні напалм не адновяць каланіяльныя імперыі, якія разваліліся. «Звязда».

4. Разм. Сесці або легчы неакуратна, шырока раскінуўшы рукі і ногі. [Ігнат] разваліўся ў траве, спадзеючыся заснуць, але сон не ішоў. Мележ. Наводдаль ад усіх, распанела, з мяккай старэчай грацыяй разваліўся ў крэсле стары Вежа. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ро́хля ’неахайны’ (Нас.), ’чалавек, неакуратны наогул і ў быце’ (шкл., КЭС), ’неахайны, брудны’ (маладз., КЭС; Мат. Маг.), ’вялы, неахайны’ (Байк. і Некр.), ’неахайная жанчына’ (мазыр., Мат. Гом.), ’неахайная гультаяватая жанчына’ (Сцяшк. Сл.; в.-дзв., Шатал.), ’неахайная, нязграбная і дзікаватая жанчына’ (мсцісл., З нар. сл.), рахле́й ’вельмі неахайны і нязграбны чалавек’ (там жа), ро́хля, ро́хліна, ро́хлішча ’неахайная асоба’, ро́хліцца ’рабіць неакуратна’, ро́хленне ’неакуратная работа’ (Юрч. СНЛ), ро́хля ’тоўстая непаваротлівая жанчына’ (ТС), ’празмерна тоўстая разлезлая баба’ (слонім., Жыв. НС), рахэ́ля ’неахайная жанчына’ (Сл. рэг. лекс.). Рус. ро́хля ’разява’, ’тупіца’; ’неахайны чалавек’, калуж. ’гультаяватая і тоўстая жанчына’, балг. ро́хла ’кабета або жанчына з непрычэсанымі валасамі’. Звычайна звязваюць з роднаснымі лексемамі ры́хлы, ру́шыць (Праабражэнскі, 2, 218); апошняе (ру́шыць) лічаць ітэратывам ад незафіксаванага ў слав. мовах *rusti ’рыць’, ад асновы якога *rou̯s‑ утварыўся дзеепрыметнік *ruxlъ, *ruxlʼa > польск. дыял. ruchla ’свіння’ (Фурлан у Бязлай, 3, 209), параўн. літ. raũsti, ràust ’рыць, капаць’, лат. rušināt ’разрыхляць’, ’перамешваць жар’, чэш. ruchati ’араць’ (Махэк₂, 525). З семай ’свіння’ звязана этымалогія Якабсона (IJSLP, 1, 268): ро́хля < ро́ха ’свіння’, ро́хкать ’рохкаць’ (Фасмер, 3, 508). Мацэнаўэр (LF, 17, 199) параўноўвае лексему з славен. ráhel ’рыхлы’, ’кволы’. Аднак можна сумнявацца наконт адпаведнасці вакалізма ra‑ і *ry. Сной₂ (599) выводзіць яго з дзеепрыметніка *raxlъ < *ra̋sti ’рыць, грэбці, штурхаць’ > славен. rášiti ’тс’, макед. рошка ’рыцца, корпацца, кешкацца’, балг. ро́хав, рохкав ’рыхлы, мяккі, пяшчотны’, ре́ша ’часаць, прычэсваць’. Гл. таксама Бярнар (Бълг. изсл., 248–249), які выводзіць балг. ро́хла з ро́хав, ро́хлест ’непрычасаны, ускудлачаны’, што звязаны чаргаваннем з ре́хав ’калматы, рыхлы’, апошняе да ря́дък ’рэдкі’. Неславянскае паходжанне прапануе Масковіч (Зб. Талстому, 355), ад яўрэйскага ўласнага імя Rokhl/Rukhl.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

звалі́ць 1, звалю́, зва́ліш, зва́ліць; зак., каго-што.

1. Ударам або штуршком паваліць, заваліць. Вецер зваліў дрэвы. □ Сушчыцкі хацеў абараніцца нажом, але не паспеў, — пагранічнік спрытна зваліў яго. Пальчэўскі. // Спілаваць, ссячы (дрэва, лес). — Сляды прывялі ў гэты двор, — зычна пачынае [Драгун]. — Самаўпраўная парубка. Гаспадар гэтага дома зваліў дзве сасны. Навуменка. // Зрэзаць, скасіць (пра траву). Зваляць, бывала, луг у пракосы, сена зграбуць, а хмарка пакажацца — прыслухоўваюцца да далёкага грому людзі. Бялевіч. // Прымусіць упасці, забіўшы або падстрэліўшы. — Біў я ў цэль. Калі б не я яго, дык ён мяне зваліў. Гурскі. // перан. Пазбавіць улады, пасады; скінуць. «Ты думаеш, так і зваліш Бабейку? Пачакай, пабачым яшчэ, хто каго...» Хадкевіч.

2. перан. Адолець, асіліць каго‑н. (пра сон, хваробу і пад.). Сон зваліў. □ Гарачка зваліла .. [Аляксея Мартынавіча] на нары. Грамовіч.

3. Скінуць (што‑н. вельмі цяжкае). Зваліць мех з плячэй. // перан. Збавіць сябе ад чаго‑н. цяжкага, непрыемнага. Зваліць з сябе клопат.

4. перан.; на каго-што. Пералажыць на каго‑н. (свае абавязкі, справы і пад.). Малодшы сын рашыў астацца дома і памагаць брату па гаспадарцы, бо старэйшы не глядзеў яе зусім, усё зваліў на старога бацьку. Дамашэвіч. // Несправядліва прыпісаць каму‑н. чужую віну, учынак. — Ты ж вінаваты... Толькі, мусіць, усё роўна на мой узвод зваляць. Мележ.

5. Неакуратна скідаць, беспарадкава злажыць куды‑н. у адно месца. Зваліць дровы ў кучу.

•••

Зваліць з ног — а) прымусіць упасці. [Саўку] нагналі і аглушылі калом, звалілі з ног. Колас; б) прымусіць злегчы (пра хваробу, працу, гора і пад.). Хваляванні, бяссонныя ночы, думы пра лёс камуны звалілі .. [Вераб’ёва] з ног. Дуброўскі.

Зваліць з плячэй — збавіцца ад чаго‑н. непрыемнага, цяжкага.

Зваліць з хворай галавы на здаровую — перакласці віну з вінаватага на нявіннага.

звалі́ць 2, звалю́, зва́ліш, зва́ліць; зак., што.

Зрабіць з шэрсці, пуху і пад. шляхам валення. Зваліць валёнкі. Зваліць сукно.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звярну́ць, звярну, звернеш, зверне; зак., каго-што і без дап.

1. без дап. Сысці або з’ехаць з дарогі, мяняючы напрамак руху. Валодзя пайшоў налева, Сяргей — прама, а Міша звярнуў направа. Курто. Каб не ісці вуліцай, дзе — яна ведала — яе будуць сустракаць і распытваць, Таццяна звярнула са шляху на сцежку і пайшла гародамі. Шамякін. // Змяніць напрамак (пра дарогу, сцежку і пад.). А грэбля крывая, Як той паясок, То зверне направа, То зверне набок. Бядуля. // Перайшоўшы якую‑н. мяжу, павярнуць на другую пару сутак (пра нябесныя свяцілы). На чыстым небе сонца даўно звярнула з паўдня. Алешка.

2. каго-што. Накіраваць у які‑н. бок ад дарогі (каня, машыну і пад.). Звярнуць машыну з дарогі. □ Звярнуў [мужык] каня ў лес, прывязаў да дрэва. Якімовіч. / у перан. ужыв. І ніхто цябе не зверне Са шляхоў прасторных. Купала.

3. Разм. Варочаючы, зрушыць з месца або скінуць што‑н. цяжкае. Звярнуць камень з дарогі. Звярнуць воз пяску. // Ударам, штуршком збіць набок, паваліць. Машына звярнула слуп.

4. перан. Перавесці гаворку, думкі і пад. на іншы прадмет, тэму. Сэрца з сэрцам гаварыла Цеплынёю шчырых слоў, Пачалі пра лён гаворку, А звярнулі на любоў. Русак. І ў вагоне ўжо зноў гутарку звярнулі на коласаўскіх Сцёпку і Алёнку. Васілевіч.

5. Разм. Пералажыць, зваліць (віну, правіннасць і пад.) на другога. Я расказаў Беразняку ўсё па парадку: як Усцім прывёз у млын субар, як яны з Леўкам укралі два мяхі і ўсё звярнулі на бацьку. Сабаленка.

6. Аддаць назад, вярнуць што‑н. узятае. Тут жа ляжыць і адозва акупацыйнай польскай улады да абшарнікаў, каб яны варочаліся і займалі свае «законныя» маёнткі і сядзібы, а сяляне каб звярнулі ім розны набытак, забраны імі ў часе рэвалюцыі і ўлады Саветаў. Колас.

7. Разм. Схіліць, павярнуць набок, убок. Звярнуць галаву набок. / у безас. ужыв. — Табе ж цяжка рукі завярнуць, каб табе.. яндоўку тваю на патыліцу звярнула. Крапіва.

8. Разм. Неакуратна скідаць, зваліць у адно месца многія прадметы. Звярнуць дровы ў кучу.

•••

Звярнуць горы — выканаць вялікую, цяжкую работу.

Звярнуць на сябе ўвагу — вызначыцца чым‑н., зацікавіць сабой.

Звярнуць увагу каго на каго-што — паказаць каму‑н. на каго‑, што‑н., прымусіць заўважыць.

Звярнуць увагу на каго-што — заўважыць каго‑, што‑н., зацікавіцца кім‑, чым‑н., улічыць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)