Малаха́й1 ’шапка з шырокімі навушнікамі’, ’шырокі кафтан без пояса’ (ТСБМ), малахайка ’зімовая шапка’ (Касп.). Укр. малахай, рус. малаха́й ’шырокае мешкаватае адзенне без пояса’, ’доўгі халат з футра’, ’неакуратна апрануты чалавек’, ’разява, расцяпа’, ст.-рус. малахай ’шапка з футрам’ (XVII ст.). Запазычана ва ўсх.-слав. мовы з тат. malaxai, марыйск. malaxai, якія з калмыц. maχlä, манг. malagai ’шапка’ (Фасмер, Этюды, 127; Яго ж, 2, 562; Аткупшчыкоў, Из истории, 208).

*Малаха́й2, молоха́й ’хвароба ў авечак’ (мазыр., З нар. сл.). Няясна. Недастатковасць інфармацыі аб сутнасці названай хваробы дае магчымасць зрабіць толькі некаторыя дапушчэнні адносна паходжання лексемы. Можна дапусціць, што яна звязана з навагрэч. μαλακός ’мяккі’, μαλακώνω ’паслабляю, размякчаю, сціхаю’, μαλάκυνσις ’размякчэнне мозга’, якія ўзыходзяць да ст.-грэч. μαλαχία ’слабасць’. Параўн. таксама лац. malacia ’вяласць, бяздзейнасць’, ’адсутнасць апетыту’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)