тава́рыш, ‑а, м.

1. Чалавек, блізкі каму‑н. па агульнасці поглядаў, дзейнасці, умовах жыцця і пад. Школьны таварыш. Таварыш па працы. Таварыш па барацьбе. □ З маленства .. [Віктар і Мірон] былі суседзямі і таварышамі, таксама як іхнія бацькі. Маўр. Над свежай магілай .. Таварыша, друга і брата Журботна галовы мы схілім. Колас. Юлька пакінула таварыша з братам, а сама пабегла па кухню. Даніленка.

2. Грамадзянін, чалавек у савецкім грамадстве. [Пацяроб:] — На запытанні адкажа ў заключным слове таварыш дакладчык. Зарэцкі. // У тым жа значэнні пры прозвішчы, назве пасады, прафесіі і пад. [Канягін:] І прыняць .. [людзей] я зараз не магу: таварыш Бывалаў выклікае... Крапіва. — На мітынг! — Начальства застыла ў здзіўленні, А вестка, як ток, Ад салдата к салдату: — Да нас прыязджае таварыш Ленін!.. Арочка. / У складзе зваротка або як зваротак. Таварыш мой любы! Не той малады, Хто злічыць па пальцах Свае ўсе гады. Гілевіч. [Мясцкомавец:] — Таварышы, пачынаем мітынг. Чорны.

3. Чалавек аднаго ўзросту з кім‑н.; равеснік. Сярод іншых арыштаваных і катаваных у польскай турме ёсць і яго [Янкі] таварышы дзіцячых гульняў — Сцёпка Карчук з вёскі Чаромхі. Бядуля.

4. каго. Уст. У назвах службовых асоб — памочнік, намеснік. Таварыш міністра. Таварыш пракурора.

•••

Таварыш па няшчасцю — той, хто разам з кім‑н. папаў у якую‑н. бяду, у якое‑н. непрыемнае становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штат 1, ‑а, М штаце, м.

1. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў некаторых буржуазных і федэратыўных дзяржавах, якая карыстаецца пэўнай ступенню самакіравання. Аўстралійскія штаты. □ Працяглая барацьба рабочага класа за скарачэнне рабочага дня прывяла да таго, што ў ЗША ў многіх штатах былі выдадзены законы аб 8‑гадзінным рабочым дні. «Звязда».

2. толькі мн. (шта́ты, ‑аў). Назва саслоўна-прадстаўнічых устаноў, якія існавалі ў Нідэрландах і Францыі. Генеральныя штаты.

[Ад ням. Staat — дзяржава.]

штат 2, ‑у, М штаце, м.

1. звычайна мн. (шта́ты, ‑аў). Дакумент, які вызначае склад супрацоўнікаў якой‑н. установы і ўказвае іх пасаду і аклад. Зацвярджаць штаты. Рэгістраваць штаты. Пераглядаць штаты.

2. Пастаянны, зацверджаны, устаноўлены склад супрацоўнікаў якой‑н. установы. Штат гасцініцы невялікі. Адна дзяўчына — адміністратарка, яна ж і бухгалтар, і касір. В. Вольскі. [Зубараў:] — Вельмі рад мець у сваім штаце такую чароўную жанчыну. Новікаў. Намеснік старшыні Цяцера (Па штату ён — і аграном) Малюе табель — на фанеры Выводзіць лічбы за сталом. Калачынскі. // Разм. Колькасць, склад асоб, якія маюць дачыненне да каго‑н. — О, не, — прамовіў Лабановіч, — я лічу, што ў завітанскай чараўніцы і так вялікі штат кавалераў, і мая там прысутнасць ніколечкі не павялічыць яе вагі. Колас.

3. У ваенна-марскім флоце — нарукаўны знак адрознення матросаў па спецыяльнасці.

•••

Належыць па штату — пра тое, што адпавядае службоваму, грамадскаму становішчу, заслугам і пад. каго‑н.

[Ням. Staat.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Паса́д1 ’снапы, раскладзеныя ў рад для малацьбы цэпам’ (паўсюдна, апрача Зах. Палесся і Зах. Віцебшчыны — ДАБМ, к. 285; ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Янк. БП, Некр., Сцяшк., ТС, Янк. 2, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ’колькасць снапоў, высушаных у ёўні за адзін раз’ (Касп., Шатал.), ’месца на таку для абмалочвання снапоў’ (паст., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’будынак для абмалочанага збожжа’ (Мат. Гом.). Укр. поса́д, рус. поса́д ’род або круг снапоў’, том. насад ’тс’, уладз. ’рад дамоў з аднаго боку вуліцы’, польск. posad, posot, posou̯t ’снапы на таку для абмалоту’, славен. pósad, násad, nasàd, серб.-харв. на́сад, макед. насад ’тс’. Прасл. posadъ. Да садзі́ць ’насаджваць’ (гл.). Першапачаткова, відаць, снапы насаджвалі на нешта ці ўсаджвалі (напр., у азярод), калі малацьба была больш прымітыўнай. Параўн. малацьбу ў Сярэдняй Азіі і на Каўказе, дзе малацілі пры дапамозе дошак з вострым) зубамі (Основы этнографии, M., 1968, 168).

Паса́д2 ’трон, прастол уладара’, ’месца (звычайна дзяжа, пакрытая кажухом), дзе сядзіць маладая на вяселлі’ (ТСБМ, Нас., Шат., Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Маш., Мал., Касп.; КЭС, лаг.; ТС, Бяльк.), ’рознае дабро, рэчы’ (паўн.-усх., КЭС), ’вышка’ (Яруш.), ’як каравай дзеляць, тады ета пасад, маладой расплятаюць касу’ (Мат. Гом.), садзіць на пасад ’садзіць маладую на воз да маладога’ (паўн.-усх., КЭС). Яшчэ ў X ст. пасад — ’гандлёва-рамесная частка горада за крапасной сцяной’, ’прыгарад, прадмесце, пасёлак’ (ТСБМ). Укр. посад, рус. посад, ст.-рус. посадъ, польск., ст.-польск. posad(a) ’тс’. Да пасадзіць < па‑ і сад, садзі́ць (Ягіч, AfslPh, 13, 300; Фасмер, 3, 338). Брукнер (432) выводзіць з posagъ (гл. паса́г). Сюды ж пасажа́нка, паса́дная маці ’пасаджоная маці’, паса́жаны бацька ’сват’ (Сцяшк., Сл.), паса́жаны, пасаджоны (бацька, маці) ’хросныя’ (Бір.), пасаднікнамеснік князя’, ’выбраны вечам правіцель горада ў Старажытнай Русі’ (ТСБМ), пасадзі́ць ’усадзіць у зямлю’, ’паставіць у гарачую печ’, ’прымусіць сесці’, ’арыштаваць’, ’пакінуць знак’, ’прывесці ў нягоднасць’, ’змясціць у вулей рой’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

экано́мія, ‑і, ж.

1. Ашчаднасць, беражлівасць пры расходаванні чаго‑н. Вялікая ўвага ўдзяляецца на заводзе эканоміі матэрыялаў. «Звязда». Разам з камуністамі, усімі працоўнымі камсамольцы і моладзь рэспублікі актыўна працуюць на буйнейшых новабудоўлях, з вялікай упартасцю змагаюцца за тэхнічны прагрэс і павышэнне прадукцыйнасці працы, за паляпшэнне якасці прадукцыі і зніжэнне яе сабекошту, эканомію і беражлівасць, укараненне ў вытворчасць дасягненняў навукі і перадавога вопыту, за далейшы рост сельскагаспадарчай вытворчасці і павышэнне дабрабыту і культурнага ўзроўню працоўных. Машэраў. // Выгада, атрыманая ў выніку такой беражлівасці, ашчаднасці. — Гледзячы, што вас цікавіць, — глыбакадумна пачаў Анатоль. — Скажам, разец «зорачка» маёй канструкцыі дае эканомію часу да дзесяці хвілін у гадзіну. Ваданосаў. За год унесена больш за тры тысячы рацыяналізатарскіх прапаноў, якія далі заводу шэсць мільёнаў эканоміі... Карпаў.

2. Уст. Тое, што і эканоміка (у 1, 2 знач.). І тут Маркс бярэ не індывідуальную, а масавую з’яву, не дробную часцінку эканоміі грамадства, а ўсю гэтую эканомію ў сукупнасці. Ленін.

3. Уст. Памешчыцкая гаспадарка капіталістычнага тыпу. Крыху пазней.. [горад Слонім] стаў каралеўскай эканоміяй, тут жыў каралеўскі намеснік. «Помнікі». // Разм. Кантора, сядзіба гаспадаркі. Падпаліўшы эканомію, палонныя салдаты ўцякаюць на радзіму, каб тут па ленінскаму закліку ладзіць новае жыццё. Бугаёў.

4. У дарэвалюцыйнай Расіі — назва некаторых дзяржаўных устаноў, якія ведалі гаспадарчымі справамі. Дэпартамент Дзяржаўнай эканоміі.

5. Навука, якая вывучае грамадскія адносіны вытворчасці і размеркавання на розных ступенях развіцця грамадства.

•••

Палітычная эканомія — навука аб развіцці грамадскае вытворчасці і адносінах людзей у працэсе вытворчасці.

[Ад грэч. oikonomia — кіраванне гаспадаркай.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэ́сці, трасу, трасеш, трасе; трасём, трасяце; пр. трос, трэсла; незак.

1. каго-што. Тузаць, штурхаць, хутка рухаць туды і назад або ўверх і ўніз. Была вайна. Была бяда. За грудзі маці часта трэсла І пагражала: — Бацька дасць Табе, хай толькі прыйдзе, неслух... Ляпёшкін. // Ціснуць, паціскаць руку, рукі каму‑н. у знак прывітання, падзякі, віншавання і пад. Камандзір зразумеў, усміхнуўся, падбег да высокага чалавека, схапіў яго за руку і пачаў трэсці. Чорны. — Здарова, Ганька! — трасе аберуч маю руку Лазоўскі. Васілевіч. // Выклікаць дрыжанне чаго‑н. (моцным ударам, выбухам і пад.). [Насця:] — У нас тут дома неспакойна — Падходзіць фронт, бягуць усе, Гарматны гук зямлю трасе. Колас. І раптам адзін, другі, трэці выбух трасе сцены тэатра і срабрыстыя калоны падаюць, трушчачыся, на гледачоў. Мікуліч. // Калоцячы дрэва, прымушаць падаць плады. Чутно, непадалёку ходзіць лівень — Гром мячыкі качае па страсе. А тут такі сухмень, што жнівень Зялёныя антонаўкі трасе. Чэрня. / Пра вецер, буру і пад. Парывісты вецер трос прысады ля хаты, гнаў перад сабой пыл. Паўлаў. Узорную лістоту ясеня суха трос вецер. Савіцкі.

2. (звычайна безас.), каго-што і без дап. Падкідваць, хістаць (пры яздзе па няроўнай дарозе). [Янкель:] — А вы, жанчынкі, прагуляліся б да хвойнічку, пашукалі б грыбкоў!.. А то дарога калдобістая, будзе трэсці, без прыпынку аж да вёскі Касачы паедзем! Гурскі. Алеся вязе Рыгора з сабою — сена мяккае, духмянае, поўны воз наклаў яго ў дарогу сябра Лявон, каб не трэсла. Скрыган.

3. чым. Часта махаць, ківаць чым‑н. Трэсці нагою. Трэсці кулаком. □ — Цяпер усё, — трос барадой дзед. — З унукам пастараліся. Не будзе больш шастаць дзе не след. Даніленка. Коні, і тыя трасуць галовамі, прынюхваюцца і падаюцца бліжэй да вогнішча. Васілевіч. // Размахваць чым‑н. Бачыць лётчык — там унізе Нехта шапкаю трасе, Просіць помачы на крызе, А вада яго нясе... А. Александровіч.

4. што. Перамешваючы, прыгатоўваць што‑н. [Гвардыян:] — Як прыйдзе Папас — хай ідзе [трушанку] трэсці. Зарэцкі.

5. што. Разм. Іграць, танцаваць з элементамі патрэсвання. Трасе «трасуху» на старой скрыпцы дзядзька Цімох. Гарэцкі.

6. каго-што і без дап. Разм. Рабіць вобыск. [Бабка Наста] расказала і пра стажок і пра дзедаву бяду, пра ўварванне ў хату сярод ночы палякаў. Як іх тады калацілі, як трэслі! Колас. У Вілюгі на другі дзень пасля арышту Сяргея быў вобыск. Трэслі ў хаце, у хляве. Навуменка. Жаўнеры шукалі зброю, трэслі вазы, забіралі жывёлу, пускалі ў ход шомпалы і бізуны. С. Александровіч. // перан. Дасканала, дэталёва вывучаць што‑н. Трэслі пільна мы навук законы і трактаты розных мудрацоў, скідвалі паэтаў ненадзённых і часамі ўзносілі іх зноў. Русецкі.

7. каго. Выклікаць дрыжыкі (пра холад, ліхаманку, страх і пад.). Крыху раней, дні за чатыры, цяжка захварэў .. намеснік [Маскаленкі], якога пачала трэсці малярыя. Мележ. — Скрыдлаўскія маладзіцы завіхаюцца ля яго, — ціха засмяяўся Мітрафан, — завіхаюцца і радуюцца, што секвестратара ліхаманка трасе. Бажко. // безас. Пра дрыжыкі, зведаныя кім‑н. Усяго .. [Хвашча] трэсла, і ён нават падумаў: ужо ж ці не трасца прычапілася да яго. Лупсякоў.

8. перан.; каго-што. Выклікаць змены, пазбаўляць ранейшага спакою. Не для гэтага бура Імперыю трэсла, Каб змяніць рэвалюцыю Мірненькім маршам Ад прастола цара Да прэм’ерскага крэсла. Глебка. // Разм. Часта турбаваць каго‑н., не даваць спакою. Тут і пачалі нашага старшыню з усіх бакоў трэсці. У газетах аб ім пішуць, па радыё гавораць, на розныя сходы запрашаюць. «Вожык».

9. што. Разм. Узмахваючы чым‑н., ачышчаць ад чаго‑н. [Маці:] — Лён трэсці будзем. М. Ткачоў.

•••

Латамі трэсці — а) бедна жыць, хадзіць у падранай вопратцы; б) наўмысна паказваць беднасць.

Трэсці (калаціць) кішэні — выдаткоўваць грошы, выдаткоўвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)