прыту́хнуць 1, ‑не; пр. прытух, ‑ла; зак.

1. Зменшыцца, збавіць сваю сілу (пра агонь, святло і пад.); часткова, на некаторы час патухнуць. Кірыла кінуў у касцёр ламачча .. Агонь прытух, і ў цемры ніхто нікога не бачыў. Шамякін. На ўсходзе пасвятлела, зоркі на небе прытухлі. Гаўрылкін.

2. перан. Зменшыцца, страціць сваю вастрыню. Пачуцці прытухлі. □ Прытухнуць ад слёз ясны вочы, Завяне, паморшчыцца твар. Купала. Іменна праз Собіча да гэтага часу яшчэ не прытухла як след .. сварка [Марыны і Ермаліцкага]. Скрыган.

3. Спец. Аслабнуць, часткова або на некаторы час спыніцца. Радыёхвалі прытухлі.

прыту́хнуць 2, ‑не; пр. прытух, ‑ла; зак.

Трохі сапсавацца, стухнуць (пра харчы, корм і пад.). Мяса прытухла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

урадлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які вызначаецца ўрадлівасцю (у 1 знач.). Зямля тут [у Суханах] была ўрадлівая, але, як амаль і ўсюды на Беларусі, цяжкая і працаёмкая. Машара. На спрадвечнай багне, ператворанай рукамі людзей ва ўрадлівыя палі, густою сцяною паднялося жыта. Шахавец. Кірыла ішоў берагам Дняпра па знаёмай дарозе і не пазнаваў некалі ўрадлівых палёў. Гурскі.

2. Тое, што і ураджайны (у 2 знач.). Урадлівы год. □ Па дарозе трапляліся такія ўрадлівыя кусты чарніц, што каб хаця на хвіліну нагнуцца, то поўныя былі б і рот і прыгаршчы. Кулакоўскі. Яшчэ нядаўна гарэлі яркай пазалотай урадлівыя мачужыцкія сады, а сёння яны скінулі апошняе лісце. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кама́ндаваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак.

1. Вымаўляць словы каманды, аддаваць каманду. — Да зброі! — ціха камандуе .. [Рыжы]. Колас.

2. Быць камандзірам чаго‑н. Камандаваць боем. Камандаваць парадам. □ Калі капітан апускаўся ўніз, тады камандаваў яго памочнік. Лынькоў. Кірыла быў унтэр-афіцэрам і камандаваў сапёрным узводам. Паслядовіч. За час адыходу ад заходняй граніцы [Саўчанка] не мог не заўважыць шматлікіх выпадкаў, калі радавы баец або сержант камандаваў батальёнам або ротай. Лупсякоў.

3. перан.; кім-чым, над кім-чым і без дап. Разм. Аддаваць распараджэнне, загадваць. Дзве жанчыны адцягвалі к сцяне лішнюю мэблю, і ўсім гэтым камандавала Валя. Чорны. — Алёша, — камандавала Юлька. — Зараз жа, хоць з-пад зямлі, дастань мне чырвонай фарбы. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́дзвіг1 ’гераічны ўчынак; важнае дзеянне’ (ТСБМ). Бел. слова запазыч. з ц.-слав.; параўн.: май месец пройшоў у холодном подвігу (ТС), што можна растлумачыць як “у змаганні з холадам”. Значэнне “барацьба, змаганне” ў гэтым кантэксце блізкае да значэння ст.-слав. подвигъ. Можна дапусціць, што ў тураўскай гаворцы яно захавалася з часоў непасрэднага ўплыву кірыла-мефодзіеўскай традыцыі (Цыхун, Зб. Талстому, 423). Укр. по́двиг ’подзвіг’, рус. по́двиг, славен. podvíg, серб.-харв. по̏двйг, балг. подвиг ’тс’. Паводле Станкевіча (Зб. тв., 1, 527), у гэтым значэнні — русізм. Гл. наступнае слова.

По́дзвіг2 ’зрух у рабоце’ (мядз., Нар. словатв.), по́двіх ’лямеш у плузе’ (ДАБМ, камент., 827). Рус. по́двиг ’рух; ход, развіццё (справы, падзеяў)’, подвиг ’рух’. Прасл. *podvigъ ад *dvig(a)ti ’падымаць, перамяшчаць’, якое выводзяць ад *dvigъ або *d(ъ)vigъ ’развіліна, раздвоены сук, які служыў сродкам падымання ці перамяшчэння’, роднасны ням. Zweig ’галіна’ (Трубачоў, ЭССЯ, 5, 168). Але Мартынаў (Зб. Крапіве, 211–212) мяркуе, што ўсх.-палес. pódwih ’дубовая галінка для ўмацавання правай паліцы сахі’ выводзіцца з *pod‑vig, дзе другая частка слова звязана з серб.-харв. вигови ’сіло, пута’, виг ’пастка’, што, магчыма, сведчыць пра аманімію формаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

скі́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Зваліцца, упасці з чаго‑н. Кніга скінулася з паліцы. □ І скінуўся [з дуба] на зямлю бедны Кірыла з прабітаю навылет галавою. Колас. Кірык .. спудзіў каня, з якога скінулася і вывіхнула руку паненка. Ляўданскі. // Кінуцца ўніз адкуль‑н. Скінуцца з моста.

2. Сабраць грошы на якую‑н. агульную справу; скласціся. Мужыкі прыціхлі. Закрычалі: — Чалавек ідзе ў такія далі! На дарогу скінемся, браткі!.. — Капшукі з кішэняў даставалі, Мятыя рублёўкі расхіналі, На мяжу ля грушы-дзічкі клалі Ды кідалі грыўні, пятакі. Бялевіч. Рыгор Андрэевіч не паскупіўся — даў чырвонец на выпіўку. На закусь скінуліся па рублю. Мыслівец.

3. Разм. Нарадзіцца дачасна (пра дзіця). Як жа хацела Нюрка, каб тое дзіця скінулася ці нежывое нарадзілася. Арабей.

4. Разм. Згуляць (пра карты). [Кацура:] — Вечары цяпер доўгія. Збяромся, гаворым, у карты скінемся, у шашкі пагуляем. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аб’е́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; ‑едзем, ‑едзеце, ‑едуць; заг. ‑едзь; зак., каго-што.

1. Праехаць вакол каго‑, чаго‑н. Як пабачыў князь, колькі Кірыла лесу аб’ехаў, аж за галаву ўзяўся. Колас.

2. Праехаць збоку, абмінаючы каго‑, што‑н. Аб’ехаць камень. □ Спярша Зося і намервалася гэта зрабіць, але праз момант нібы апомнілася, махнула нядбайна рукою і, не захацеўшы нават напаіць каня, аб’ехала людзей і схавалася за Цішкавай хатай. Гартны.

3. Едучы, пабыць усюды, у многіх месцах. Ад самае Волгі Да сівых Карпат — Паўсвета на ганку Аб’ехаў мой брат. Астрэйка. Калгасаў ці мала Аб’ехаў араты, Чаму ж так удала Патрапіў у сваты. Куляшоў.

4. Апусціцца, з’ехаць уніз. Як толькі ўбачыў [Іван], што з акон шугае полымя, так і аб’ехаў на зямлю. Дуброўскі. Павязка за ноч аб’ехала, намокла на дажджы. Мележ. Цяпер ён [мурашнік] даходзіў да другога сука. І раптам асыпаўся, аб’ехаў. Чорны. На дзіва ўсім, нахілілася і аб’ехала падкапаная гара. Бажко.

5. перан. Схуднець.

•••

На лапці не аб’ехаць — не так проста і лёгка абвесці каго‑н.

Свет аб’ехаць — пабыць усюды, у розных месцах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перавяза́ць, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вяжа; зак., каго-што.

1. Абвязаць кругом, з усіх бакоў, крыж-накрыж. Перавязаць пасылку шпагатам. □ [Цярэшка] зняў папружку і, каб спыніць кроў, перавязаў Нініну нагу вышэй раны. Шчарбатаў.

2. Налажыць павязку на рану, хворае месца. На скорую руку мяне распранулі, перавязалі рану. Адамчык. Вера не разгубілася, сарвала з галавы касынку, пашматала яе і перавязала акрываўленую руку. Дуброўскі. // Разм. Налажыць каму‑н. павязку. Брыгадны доктар Кірыла Антонавіч, які з’явіўся па выкліку з лагера, агледзеў і перавязаў раненых. Ляўданскі.

3. Звязаць, павязаць усё, многае або ўсіх, многіх. Перавязаць усе рэчы. □ «Куркулёў» можна было перавязаць, як сонных куранят. А пакуль дабярэшся назад ды вернешся сюды з чырвонаармейцамі, ачухаюцца і паспрабуюць агрызацца. Грахоўскі.

4. Развязаўшы, завязаць зноў або завязаць, звязаць іначай. Старая на хвіліну змоўкла, перавязала хустку на галаве, сышла з воза, паправіла збрую на кані. Бядуля. [Васіль] перацёр закарэлыя анучы, перавязаў парваныя аборы на лапцях. Мележ. — Не разлічыў! Снапы можна было рабіць значна танчэйшыя. — Давай перавяжам, — прапанавала Таня. Шашкоў.

5. Прывязаць, навязаць на новым месцы. [Верка:] — Ідзі [карову] здаі... На новае месца перавяжы... Абабіла пад нагамі ўсё за ноч... Гразь адна чорная... Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпячы́, ‑пяку, ‑пячэш, ‑пячэ; ‑пячом, ‑печаце, ‑пякуць; пр. прыпек, ‑пякла, ‑пякло; заг. прыпячы; зак.

1. каго-што. Разм. Пратрымаўшы доўгі час на агні, на жары, падпаліць. Прыпячы пірагі. // Трохі, злёгку спячы; апячы. Прыпячы руку правам. □ А запалка дагарэла і — чуць не прыпякла пальцаў — стухла. Баранавых.

2. каго-што і без дап. Моцна прыгрэць (пра сонца). На другі дзень, калі шчодра прыпякло гарачае веснавое сонейка, расада раптам пачала вянуць... Якімовіч. // безас. Пра адчуванне моцнай гарачыні. Наступаў Кірыла так напорыста і рашуча, што ледзь не ўлез у агонь — наблізіўся да кастра так блізка, што яму прыпякло калена. Шамякін. У Каляды тлела гімнасцёрка, але ён не заўважаў гэтага, вёў агонь, аж пакуль добра не прыпякло. Гурскі. // перан.; безас. Прыйсціся цяжка, крута. Чаго ж.. [Томчак] даў цягу адтуль у Польшчу? Відаць, прыпякло. Бажко. — На тваім месцы і я каго-небудзь супакойваў бы. А калі самому прыпякло... Асіпенка.

3. што. Прыкласці што‑н., змазаць чым‑н. едкім, пякучым (для лячэння, дэзінфенкцыі); прыпаліць. Прыпячы парэз ёдам.

4. што і чаго. Разм. Спячы дадаткова, у дадатак да ўжо спечанага. Прыпячы хлеба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак.

1. каго. Даць магчымасць увайсці, дазволіць пасяліцца ў вялікай колькасці. Напусціць людзей у пакой. Напусціць жыхароў у кватэру.

2. чаго. Даць доступ куды‑н. вялікай колькасці чаго‑н. Ілья напусціў у ванну халоднай вады, пачапіў на кран сваю авоську і старанна памыў рукі. Васілёнак. — Заходзь, Ваня, заходзь! Чаго стаіш на парозе? Ды зачыняй дзверы, а то холаду напусціш! — зашаптаў камбрыг. Карпюк.

3. што. Спусціць, апусціць на што‑н. Напусціць на лоб валасы. Напусціць шапку на вочы.

4. што і чаго. Разм. (часта са словамі «на сябе»). Надаць сабе, сваім паводзінам нейкі выгляд, характар. Напусціць на сябе важнасці. □ Дзядок перш здзіўлена вылупіў вочы, потым хацеў усміхнуцца, але абдумаўся і замест гэтага напусціў на сябе дзелавы выгляд. Зарэцкі. Кірыла напусціў на сябе выгляд вінаватага — не павітаўся з рэдактарам за руку, ціха сеў насупраць Тукалы, панурыў галаву: вось я, карайце! Шамякін.

5. каго. Разм. Накіраваць для нападу. Напусціць сабак на звера. // перан. Падбіць, падгаварыць да дзеяння супроць каго‑, чаго‑н. [Віктар:] — Цяпер каб адных бежанцаў напусціў на гэтыя маёнткі, то.. за адзін дзень усё ператрушчылі б. Лобан.

6. што. Ва ўяўленні забабонных людзей — з дапамогай нейкай вышэйшай сілы наслаць на каго што‑н. Ніколі ў Курганішчы не было так ціха, як цяпер.. Нібы нейкі чараўнік напусціў сон на гэты шумлівы хутар. Бядуля.

7. што і чаго. Дадаць, павялічыць у памерах пры раскроі. Кравец напусціў на два пальцы паводле меркі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бляск, ‑у, м.

1. Яркае, асляпляльнае святло; водбліск. Майскае сонца высока стаяла ў ясным небе, кідала на зямлю снапы гарачых праменяў і залівала асляпляючым бляскам увесь свет. Колас. Люблю раку за рух няспынны, А зоры — за іх вечны бляск. Прануза. Ад снежнага бляску мроілася ў вачах. М. Стральцоў. // Святло, якое адбіваецца на чым‑н. Палазы шліфуюць дарогу да бляску шкла. Бядуля. Белы вясёлы бляск цынкавага даху заўсёды радаваў вока. Мележ. Грыша глядзеў на панскія хромавыя боты, начышчаныя да бляску. Пальчэўскі.

2. Святло ў вачах як выражэнне ўнутранага стану. Пацямнеў свавольны бляск вачэй. Звонак. Кірыла Пракопавіч зноў падхапіўся, задумаўся... У яго сіняватых, незвычайна жвавых вачах столькі бляску! Кухараў. Дулеба паволі падняўся, і ў яго вачах Бярозін заўважыў сухі і рашучы бляск. Шчарбатаў.

3. перан. Раскоша, багацце; усё, што ёсць лепшага. Фальварак пана Чарнецкага ніколі не бачыў такога бляску, не чуў такой музыкі, не меў такой радасці, як у гэты вечар. Бядуля. У чыстай палавіне [хаты] сабраны ўвесь бляск Гвардыянавага багацця і культуры. Зарэцкі. // Глянец на чым‑н. І спяшае кожны бляск навесці Перад тым, як стаць у строй. Пысін. // Знешняя бліскучасць, знешні глянец. [Вольга:] — Вы [Выхвалінскі] усё каб для вока было, стараецеся. Усё на вонкавы бляск глядзіце. Краўчанка. Але ў ім [Сцяпане] бляску нестае — Ён нейкі непрыкметны муж, звычайны. Корбан.

4. перан. Пра яркае выяўленне чаго‑н. Бляск таленту, розуму. □ «Палескія аповесці» — першы буйны празаічны твор, дзе ва ўсім сваім багацці і бляску заззяла беларуская мова. Навуменка.

•••

З бляскам — вельмі добра, выдатна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)