трэ́нькаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Найграваць (на струнным шчыпковым музычным інструменце), брынкаць. [Антон] паклаў сабе на калені мандаліну, на якой толькі што ціха трэнькаў, і слухаў далёкае пагрукванне. Савіцкі. У хаце ёсць мандаліна, на якой даволі прыстойна трэнькаюць. Навуменка.

2. Гучаць, утвараць адрывістыя, брынклівыя гукі (пра шчыпковыя музычныя інструменты). У кухні перасталі трэнькаць струны мандаліны. Карпюк. // Звінець. Гараць кастры, усюды гамонка, галасы, коні пасвяцца пад ляском і трэнькаюць званкамі. Ракітны. // Утвараць гукі, падобныя на брынканне струн (пра птушак, насякомых). За абедам збіралася ўся сям’я. Дзеці сварыліся з-за кавалкаў мяса. Дамавіта трэнькаў цвыркун пад печчу. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Турлы́каць ‘мармытаць’ (Мат. Гом.), турлы́чыць ‘бубніць’ (чач., ЖНС), ‘неразборліва гаварыць’ (Юрч., Мат. Гом.), ‘гаварыць пустое’ (Сцяшк. Сл.), ‘спяваць (пра жаўрука)’ (Юрч.). Параўн. укр. дыял. турли́кати ‘павольна ехаць, ісці’, рус. турлы́кать ‘буркаваць, квакаць; прысоўваць, шумець’, польск. дыял. turlikaćзвінець, брынчаць’. Гукапераймальнае ўтварэнне, генетычна звязанае з папярэднім (Фасмер, 4, 124; ЕСУМ, 5, 682; Праабражэнскі, 2, 20). Сюды ж турлы́чка ‘разумова адсталая асоба з неразвітай мовай’ (Юрч. Вытв.), турлы́чык ‘разумова абмежаваны чалавек, звычайна дзіця’ (Юрч. СНЛ); турлы́чыньне ‘неразборлівая гаворка’, ‘спеў жаваранка’ (Юрч.); турлы́чыньнік ‘той, хто гаворыць невыразна’ (Юрч. СНЛ). Параўн. з палаталізаваным цюрлюва́ць ‘спяваць (пра спеў жаваранка)’ (ТС), гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́начка ’птушка атрада вераб’іных, Phylloscopus’ (ТСБМ). Укр. пі́ночка, рус. пе́ночка ’тс’, дыял. ’малінаўка’, польск. pienka ’сітаўка, (жоўтая) пліска’, ст.-польск. ’шчыгол’, ’зяблік’, н.-луж. pěnica, чэш. pěnice, славац. penica, славен. pẹ́nica, peníca ’валасянка’. Няма адзінай думкі наконт паходжання. Сной (Бязлай, 3, 25) зыходзіць з прасл. *pě(g)nica/*pęga ’невялікая пеўчая птушка’, пацвярджаючы супастаўленне Міклашыча (245) з літ. spigti ’свістаць, шчабятаць’, speñgtiзвінець, гудзець, шумець’. Махэк₂ (443) мяркуе, што pěnice паходзіць з *pěhnice < pěhza ’валасянка’, паходжанне якога няяснае. Брукнер (409) звязвае польск. pienka з пянька́ (каноплі), Мараўскі (Sprawozdania Poznańskiego TPN, 1, 1928, 37) і Сакалоўскі (Ptaki ziem pol., 2, W-wa. 1952, 162) выводзяць слова з гукапераймання pink‑pink, якое стала падставай нават для ням. Fink (ст.-в.-ням. fincho ’зяблік’), англ. finch, італ. pincione, грэч. σπίγγος ’тс’, гл. Струтыньскі, 95, які мяркуе, што pěnъka узнікла на слав. глебе. Беларуская назва, хутчэй за ўсё, запазычана з рускай мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зык1 ’рэзкі гук’ (ТСБМ). Рус. зык, укр. зик ’тс’. Серб.-луж. zyk, zuk ’гук’, чэш. zuk ’кароткі гук здзіўлення’, серб.-харв. зи̑к ’піск’. Ст.-рус. зыкъ (XVII ст.). Верагодна, прасл. дыял. zy‑kъ уключае суфікс ‑k‑ъ (як znakъ), а аснову трэба рэканструяваць, як *zy‑ < і.-е. gʼhū‑ (гл. Покарны, 1, 413), варыянт *gʼhau‑, gʼhau̯ǝ‑ ’крычаць, зваць’, да якой узыходзіць zъvati (параўн. рык і раўці): авест. zuta‑ ’пазваны’, арм. n‑zovkʼ ’пракляцце’. Фасмер, 2, 109. Іначай, як гукапераймальны, тлумачаць корань Праабражэнскі (1, 259) і Шанскі (2, З, 115) (пад зыкать, але пад зычный дапускае сувязь з звук, звать, зуд, зуёк). Міклашыч (404) звязваў са звінець. Тэрміналагічнае (лінгв.) ужыванне зык ’гук’ адносіцца да пачатку XX ст. Красней, Лекс. і грам., 19. Лоеў. зык ’нагавор’ (Янк.) — развіццё значэння ад ’гук’.

Зык2 ’від авадня’, ’перыяд і стан узбуджэння кароў ад укусаў насякомых’ (Сл. паўн.-зах.; гарадоў, Нар. лекс.), зыкі́ ’беганне кароў ад укусу аваднёў’. Рус. зах. бранск., дан., краснадар. ’авадзень’, варонеж., кур., калуж., кубан., смал. ’непакой жывёлы ад укусаў аваднёў’, смал. зыки́ ’перыяд узбуджэння жывёлы ад свербу, выкліканага аваднямі’, кур., смал. зык ’гудзенне насякомых’, укр. дзиз ’авадзень’. Параўн. рус. дыял. бзык ’дзіўныя паводзіны; непакой ад укусу аваднёў; авадзень’, бзык, зик ’тс’. Гукапераймальнае (на што ўказвае, між іншым, варыянтнасць зык, бзык, зик, дзиз, бзык), верагодна, аформленае суфіксам ‑к (параўн. бык); развіццё значэння, відаць, ’гудзенне’ > ’суб’ект гудзення’ > ’стан жывёлы’ (праз выраз тыпу напаў зык) > ’час такога стану’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гусці́, гуду, гудзеш, гудзе; гудзём, гудзяце, гудуць; пр. гуў, гула, ‑ло; заг. гудзі; незак.

1. Утвараць роўны, густы, працяжны гук, гул. Усю ноч гула за вёскай малатарня. Брыль. Маторы гулі роўна, манатонна, штурмуючы тоўшчу воблакаў. Новікаў. // Завываць (пра вецер, мяцеліцу, завіруху і пад.). Не змаўкаючы, гула завіруха. Мележ. Часам вецер наганяў хмары, і тады гула мяцеліца. Арабей. // Звінець крыламі (пра пчалу, чмяля і пад.). Гудуць, бзыкаюць, перавальваючыся з гронкі на гронку грэчкавага цвету, пчолы. Ермаловіч. // безас. Пра адчуванне шуму, гулу. Галава хілілася да стала, нібы налітая свінцом. У вушах цяжка гуло. Лынькоў. // Поўніцца мноствам галасоў. Школа, паўнютка набітая людзьмі, гула, як пчольнік. Сабаленка. А клуб аж гудзе, — у ім столькі людзей, Спраўляе свой слаўны Ігнат юбілей. Хведаровіч. // Манатонна гаварыць, расказваць. [Салдат] гуў сабе пад нос павольна, з одумам, слова за словам. Чорны. // Крыкам, галасамі выказваць не задавальненне (пра ўсіх, многіх). Мікуцічане гудуць. Выплываюць розныя крыўды, непаразуменні, успамінаюцца старыя прарэхі сялянскага жыцця, аб грэблі перастаюць зусім гаварыць. Колас. // перан. Пашырацца, распаўсюджвацца. Вялікая, радасная вестка гула, перакатвалася. М. Ткачоў. // перан. Бурна працякаць, інтэнсіўна праяўляцца. Работа ў калгасе кіпіць і гудзе. // перан. Хутка, спорна расці. Гудзе, буяе ў садзе квецень У звонкім ззянні кропель-рос. Кляўко.

2. Утвараць працяжны, рэзкі гук (пра сігнал, гудок). Гудзе завадскі гудок. □ Гулі паравозы, вішчалі тармазы, ляпалі прылады аўтасчэпкі. Васілёнак.

3. Разм. Бесперапынна ныць, ламаць (пра болі ў касцях, у целе). Рука ў лубках гудзе надаедлівым болем. Брыль. Скроні гулі і балелі. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пля́скаць, пляска́ць, пля́скыць ’удараць’, ’біць, хвастаць, сцёбаць’, ’стукаць далонню аб далонь ці па чым-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Бяльк., Яруш., Шат.; ашм., Стан.), ’апладзіраваць’ (ельск., хойн., Мат. Гом.); ’пляскаць па вадкасці’ (Шат., Сл. ПЗБ); ’плямкаць, чмякаць пры ядзе’ (сміл., Стан.; Шат.), пля́цкаць ’тс’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ); пляска́ць ’біць молатам’ (Касп.), ’таптаць, дратаваць’ (зэльв., Сл. рэг. лекс.); пля́скаць ’барабаніць, звінець (аб лыжках і місцы)’ (воран., віл., Сл. ПЗБ), экспр. ’касіць нізкую рэдкую траву’ (шальч., Сл. ПЗБ), ’рабіць, майстраваць’ (карм., Мат. Гом.); плеска́ць ’ляскаць, пляскаць’ (ТС); пля́скаць ’біць па твары далонню’ (Нас.; Бяльк.: жлоб., Мат. Гом.). Укр. пля́скаты, пле́скати ’біць у далоні’, ’плёхаць па гразі’, ’гаварыць многа і абы-што’, ’кляпаць’, а таксама бойк. пля́цкати ’плямкаць, еўшы’, польск. plaskać ’гучна удараць далонню’, ’выдумляць, нагаворваць’, дыял. паморск. płaskac, plaskac ’пляскаць далонню на вадзе’, чэш. мар. pláskati, ляш. pľaskať ’пляскаць, шлёпаць’, славац. pľasknúť ’пляснуць па шчацэ, спіне’, ’бразнуць (дзвярыма)’, ’лопнуць (пра пупышку)’, ’пляснуцца (у гразь)’; славен. plȃskati ’пляскаць, апладзіраваць’, ’падрубаць’, ’крычаць’, plaskati, plaskáti ’біць у далоні’, серб.-харв. чак. пљаска̏ти ’пырскаць, пляскаць па вадзе’, макед. пласка ’удараць далонню’, ’вярзці лухту’, ст.-слав. плесклти ’ляскаць, ляпаць’. Прасл. *plaskati, варыянт *ploskati, роднаснае літ. ploskúoti ’пляскаць (рукамі), чмякаць’, ’бразгаць’ < і.-е. plok‑sk‑ ’плоскі’, ’біць, таўчы’ (Сной–Бязлай, 3, 49). Банькоўскі (2, 598) выводзіць польск. plaskać з прасл. plěsk‑a‑ti, якое з’яўляецца ітэратывам да *pleskati > бел. пле́скаць (гл.). Сюды ж з пераносным значэннем пля́ска́ць ’гаварыць многа і абы-што’ (Нар. Гом.; Шат.; Касп.), ’плявузгаць, малоць языком’ (Сл. ПЗБ), пляска́ч ’пустаслоў, пляткар’, ’які гаворыць абы-што’ (Скарбы), ’балбатун’ (Сцяшк. МГ), пля́скыньнік ’тс’ (Юрч. СНЛ), пляскава́ць ’плявузгаць, несці лухту’ (ігн., Сл. ПЗБ), параўн. чэш. pleskati ’тс’, славац. pleskotať ’тс’, паморск. plesk​uotac ’неразумна ілгаць’, якія Фурлан (JS, 39, 4, 123) узводзіць да *ple‑sk‑ < і.-е. *(s)pele‑, параўноўваючы з літ. pleškė́ti, лат. plekšet ’ілгаць’, што неабавязкова.

Пляска́ць ’рабіць пляскатым, плюшчыць’ (ТСБМ, Касп.), ’абабіваць лапатай’ (Сцяшк. Сл.), плыска́ты ’пляскаць (пра метал)’ (драг., Жыв. сл.), пляску́шка ’невялікі, расплясканы кавалак металу’ (Юрч. Вытв.). Да пля́скаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́цень (тру́цінь, тру́цянь, тру́тэнь) ‘самец у пчалінай сям’і’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Байк. і Некр., Сцяшк., Бес., ТС, Сержп. Грам., Сл. ПЗБ; слаўг., Нар. сл.) і пераноснае ‘гультай’ (Нас., Бяльк., Байк. і Некр., Пятк. 2, Сцяшк.), ст.-бел. трутень ‘пчаліны самец’. Укр. тру́тень, трут, рус. тру́тень ‘самец пчол’, ‘дармаед, паразіт’, польск. truteń, старое trucień, таксама дыял. trudeń, tręteń ‘тс’, trętnie ‘трутні’; з XV ст. ст.-польск. trąd/trąt/tręt/trut ‘труцень’, каш. trǫd і tron , н.-луж. tšut, в.-луж. truta, чэш. trubec, ст.-чэш. trúp, мар. trút, truť ‘тс’, trout ‘шкодныя насякомыя на капусце’, славац. trúd, otrôt і trubec, славен. trôt, харв. trût ‘труцень’, trūtanj ‘чмель’; серб. тру̂т, макед. трут ‘труцень’, балг. тъ́ртей (параўн. у Бярынды: трꙋтій: трꙋтень), серб.-ц.-слав. троуть ‘аса, чмель’. Прасл. *trǫtъ (дыял. *trǫtъnjь ‘труцень’), роднаснае літ. trãnas, лат. trans ‘труцень’ (Фасмер, 4, 111), якія з індаеўрапейскай гукапераймальнай асновы *tren‑, звонкі варыянт *dren‑: ‘гусці, гудзець’, ‘шумець, звінець’, адсюль ст.-в.-ням. treno, с.-в.-ням. trëne, ст.-англ.-сакс. drān, drǣn, англ. drone, ням. Drohne ‘труцень’, гоц. drunjus ‘гук’, ст.-грэч. υρωναξ, ‘шэршань’, τεν‑υπήνη ‘сляпні, дзікія пчолы’, υρηνος ‘элегія’ (Сной₂, 788). Паводле ЕСУМ (5, 660), Каруліса (2, 420) і Борыся (645), звонкі варыянт падаецца як *d​hren‑. Паводле Махэка₂ (654), не ясна, як выглядала праславянская форма: *trǫtъ ці trǫdъ. Ён ставіць пад сумненне першапачатковасць літ. trãnas, лат. trans ‘труцень’ і дапускае, што яны маглі быць запазычаны з нямецкай мовы. Прынамсі, Мюленбах-Эндзелін (1, 489) мяркуюць, што дыялектныя латышскія формы з d‑ (drans, dranis ‘тс’), хутчэй за ўсё, запазычаны з с.-ням. drane або сугучныя з ім. Калі меркаваць, што праславянская форма *trǫdъ, то фанетычна ёй адпавядаюць літ. trandìs і trandė ‘моль’. Аднак не выключае, што гэта форма другасная, якая ўзнікла ў выніку збліжэння з *trǫdъ ‘назва хваробы; губа’ (Борысь, 646) або фанетычным шляхам, параўн. палес. тру́дні мн. л. (Арх. Вяр.). Меркаванні пра зыходны паралелізм формаў слова гл. SEK, 5, 175.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)