зве́зці, звязу, звязеш, звязе; звязём, звезяце; пр. звёз, звезла і звязла, звезла і звязло; зак., каго-што.

1. Возячы, даставіць у адно месца (многае, многіх); пазвозіць. Звезці каменне ў кучу. Звезці сена ў стог.

2. Забраўшы, адвезці куды‑н.; перавезці. Мяшкоў не хапала, каб сабраць, звезці з поля тыя жоўтыя, сакавітыя пачаткі, якія вырасціла дружнае звяно. Бялевіч.

3. Везучы, перамясціць зверху ўніз. Звезці бярвенне з гары ў нізіну.

4. Едучы, узяць з сабою; адвезці куды‑н. «Чаму гэта мне нічога не сказалі пра ордэры? Звезлі на рыбу, каб усё прапала», — трывожачыся, падумаў Андрэй. Шахавец. — Пагранічнік Кузьма дэмабілізаваўся і, едучы працаваць у Мінск, звёз з Брэстчыны маладзенькую чарнявую настаўніцу Марыну. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пра́сла1, пра́сло, пра́смо, пра́сно ’частка агароджы-паркана паміж двума слупамі’ (ТСБМ, Янк. 3., Сцяшк. Сл.; слуц., КЭС, Др.-Падб., Шат., Гарэц., ТС), ’пралёт плота на даўжыню жэрдак’ (Бір. Дзярж.; Шымк., Собр. і Шушк.), ’плот з неабчасанага колля’ (Сл. Брэс.), ’частка сцяны паміж вокнамі’ (Сцяшк. Сл.), ’праход у плоце’ (паўн.-усх. КЭС; Касп.), ’жэрдка, якой закладваюць праход у агароджы’ (Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.), ’частка застаронка’ (Сл. ПЗБ), ’некалькі жменяў зжатага збожжа’ (Сл. ПЗБ), ’вузкі ўчастак зямлі’ (трак., Сл. ПЗБ), ’паласа, якую камбайн займае за адзін раз’ (Сл. ПЗБ), ’пасма пражы пры тканні’ (Др.-Падб.). Рус. пря́сло ’частка калаўроту; частка агароджы, паркана’; укр. пря́слозвяно плятня’, польск. przęsło ’частка паркана паміж двума слупамі; ярус’, чэш. přáslo ’тс’, славен. préslo, préslica ’станок, станіна, да якой прымацоўваецца пража; калаўрот; частка млыну’. Прасл. *pręslo. З *pręd‑slo, звязанага з прасці (Фасмер, 3, 395 і наст.). Роднасныя з лат. sprieslis ’скляпенне’, англ.-сакс. sprindel ’крук’ (Траўтман, 278; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1022; Прабражэнскі, 2, 144). Махэк₂ выводзіць *pręslo з *(s)pręg‑slo, ад кораня, які ў літ. sprengto ’уціскаць нешта да вузкай шчыліны’ і ў слав. *pręgo (гл. упрэгці). Бязлай (3, 115) славен. prẹ́slo ’калаўрот; верацяно’ лічыць амонімам да слоў са значэннем ’звяно плота’, апошняе да *prętslo ад *prętati (гл. пратаць), на думку Куркінай (Этимология–1994–1996, 204), беспадстаўна.

Пра́сла2 ’агульная назва любой агародніны’ (бых., Касп., Янк. Мат.). Семантычны регіяналізм. Ад прасла1, як агародніна ад агарод < гарадзіць, г. зн., ’тое, што за праслам, за агароджай’; параўн. таксама пра́сла ’некалькі жменяў зжатага збожжа’, ’вузкі ўчастак зямлі’ (Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

агле́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; заг. агледзь; зак., каго-што.

1. Акінуць позіркам, разгледзець з усіх бакоў. Агледзеў майстар камень ды выкаваў з яго споднік для млынавых жорнаў. Якімовіч. // Пазнаёміцца, разглядаючы прадмет за прадметам. За дзень звяно ў сталіцы На вуліцах і пляцах Агледзела святліцы, Тэатры і палацы. Аўрамчык.

2. Заглянуць усюды, шукаючы каго‑, чаго‑н. Міколка агледзеў вагон — няма дзеда. Лынькоў.

3. Выпадкова ці знарок адшукаць, напаткаць прыхаванае. Назаўтра раніцай агледзеў.. [Максімку] дворнік і выгнаў мятлою вон. Якімовіч.

4. Абследаваць, вызначыць стан здароўя арганізма або асобнага органа шляхам агляду, выслухвання і пад. Устрывожаная,.. [Граноўская] агледзела нагу. Рана была невялікая. Гурскі.

5. Прывесці ў парадак; падправіць, паднавіць. Агледзеў іх [будынкі] Антось, падправіў І шулы новыя паставіў У гнілы паркан. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́зні, ‑яя, ‑яе.

1. Які набліжаецца да канца (пра норы дня, года, жыцця і пад.). Мікола вярнуўся дахаты познім адвячоркам. Якімовіч. І поле паміж двух лясоў вабіла .. [Колю] ў свежы вецер і жоўтыя колеры позняй восені. Чорны. // Які знаходзіцца на апошняй стадыі, ступені свайго развіцця. Позні рамантызм.

2. Які затрымаўся з наступленнем, запознены. Позні прыход. □ Філістовіча пасадзілі ў самы кут, стары сеў з аднаго боку позняга госця, сын — з другога. Паслядовіч. На позні абед вярнуўся бацька. Паўлаў. Ранняя птушка крылкі цярэбіць, а позняя вочкі трэ. Прыказка. // Які доўга і паволі расце і спее (пра расліны); познаспелы. Увосень, пад поўдзень,.. разгорнецца дзе над каляінай позні, сіратлівы малачайнік. Чорны. Васіль Іванавіч не здзівіўся, калі сустрэў на полі цэлае звяно дзяўчат, якія капалі познюю бульбу. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вяртлю́г ’бугарок у верхняй частцы бядровай косці’; ’злучальнае звяно дзвюх частак механізма, якое дазваляе адной з іх вярцецца вакол сваёй восі’ (БРС, КТС); ’мера пры куплі-продажу’ (Інстр. III); ’невялікае бярэмца сена’ (Бяльк.). Укр. вертлюг ’нерухомы вінт, на якім што-небудзь абарачаецца’; ’бугарок у верхняй частцы сцегнавай косці’, зах.-укр. верклю́г ’прыстасаванне ў выглядзе літары Г для падвешвання кацялка над агнём’, рус. вяц. вертлю́г ’прыстасаванне для ткання ў выглядзе дошчачкі з дзіркамі’; ’пятля і крук’; ’канец восі ў машыне, якая ўстаўлена ў гняздо’; ’непаседа’, ст.-рус. вертлюгъ, вертлугъ ’прыставанне, пры дапамозе якога абарачальны прадмет злучаецца з нерухомым’; ’прыстасаванне, якое забяспечвае рухомасць ствала гарматы’; ’тазасцегнавы сустаў’. Усходнеславянскае ўтварэнне ад назоўніка вьртьлъ > ве́рцель (гл.) і суф. ‑уг (Слаўскі, SP, 1, 68), якое атрымала значэнне ’абарачальны шпень’ (Шанскі, 1, В, 66). Сюды ж дэмінутыў віртлюжок ’скрутачак у выглядзе перавясла’ (Юрч. Фраз. 2). Крукоўскі (Уплыў, 162) мяркуе, што вяртлюг запазычана з рус. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вяры́гі ’жалезныя ланцугі, аковы, якія насілі на целе рэлігійныя фанатыкі’ (БРС, КТС), ст.-бел. верига, вериги ’ланцуг, путы’ (з XV ст.), укр. вериги, рус. вериги ’тс’, арханг. ’смецце ў зерні збожжа’, алан. ’невялікі стог сена’, ст.-рус. верига, вериги ’металічны дрот, ніць’; ’ланцуг’; ’вярыгі’; ’кайданы’ (з XII ст.), славен. veríga ’ланцуг, звяно ланцуга’; ’клямка, засаўка’, серб.-харв. вѐрига ’ланцуг’, вѐриге ’вярыгі’, макед. верига ’ланцуг’; ’горны хрыбет’, балг. верига, веруга ’ланцуг’; ’путы, аковы, кайданы’; ’ланцуг гор’; ’рад падзей’; ’бярозка палявая, Convolvulus arvensis L.’, ст.-слав. верига, утворанае ад вьрѣти (< verti ’звязваць’) пры дапамозе суф. ‑ига (Шанскі, 1, В, 59). Звязана з літ. vérti ’адчыняць, зачыняць’; ’нанізваць’, лат. vērt ’тс’, грэч. ἀείρω ’злучаю, звязваю’. Са ст.-слав. праз ц.-слав. і ст.-бел. слова прыйшло ў сучасную мову. Фасмер (1, 299) звязвае рус. верига са словам верать ’усоўваць, запіхваць, тыцкаць’. Сюды ж прымыкае вярыжны (брація вярыжнаяКТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мяшо́к, ‑шка, м.

1. Тое, што і мех ​1 (у 1 знач.). Мяшкоў не хапіла, каб сабраць, звезці з поля тыя жоўтыя, сакавітыя пачаткі, якія вырасціла дружнае звяно. Бялевіч. // Невялікі мех. Рэчавы мяшок. Парашутны мяшок.

2. Тое, што і мех ​1 (у 2 знач.). Прывезлі [парабкі] з млына воз мліва пудоў з дваццаць — чатыры мяшкі. Бядуля.

3. перан. Разм. Аб непаваротлівым, нязграбным або някемлівым чалавеку.

4. Спец. Поўнае акружэнне войска праціўніка. Праз некалькі дзён немцы блакіравалі ўвесь раён. У мяшку апынулася ўся брыгада Стронгіна. Гурскі.

5. Спец. Прыстасаванне ў жывёл і раслін для змяшчэння чаго‑н. Паветраны мяшок. Зародкавы мяшок.

•••

Залаты мяшок — пра вельмі багатага чалавека.

Каменны мяшок — цесная нізкая турэмная камера, у якой цяжка выцягнуцца на ўвесь рост, а таксама турма наогул.

Купіць ката ў мяшку гл. купіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

частка, часць, доля, доза / састаўная: кампанент, элемент, секцыя / звычайна яда: порцыя / укладзеных у якое-небудзь таварыства сродкаў: пай; часціна (разм.) / частка аплаты: рата (уст.); канец, звяно (перан.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

падабра́цца, падбяруся, падбярэшся, падбярэцца; падбяромся, падберацеся; зак.

1. Аб’яднацца на аснове нейкіх падобных адзнак; утварыцца шляхам падбору. Падабраўся калектыў. Падабралася добрая бібліятэка. □ Добрае, дружнае звяно падабралася ў Грышы. Пальчэўскі.

2. Падлезці пад што‑н. Сабака падняў галаву, прыслухаўся і пачаў пысай шукаць гаспадаровага твару. Але твару ён не знайшоў, не мог падабрацца галавой пад кажух. Галавач. Рахманыя вочы востра звузіліся. Пульхная ніжняя губа падабралася пад верхнія зубы. Караткевіч.

3. да каго-чаго і без дап. Непрыкметна наблізіцца, падкрасціся. Дзед непрыкметна падабраўся кустамі да карнікаў і, высока ўзмахнуўшы дубінай, аглушыў аднаго ў зялёнай касцы. Шчарбатаў. Удваіх і падабрацца да чыгункі лягчэй і ўцячы можна непрыкметна. Новікаў.

4. перан. Разм. Дасягнуць нейкага пункта, узроўню. Хата падабралася пад вокны, і Птах употай цешыцца ёю. Навуменка.

5. Разм. З насцярогай напружыцца, сабрацца. Спачатку .. [Вера] не заўважыла Раміра, адчула толькі востры, пранізлівы позірк чужых вачэй. Уся падабралася. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ла́ўка1 ’лава на вуліцы каля хаты, у парку, памяшканні, вагоне’, ’школьная парта’, ’услон’ (ТСБМ, Сцяшк., Грыг., Шат., Бяльк., Яруш., Касп., Мат. Гом.; паўд.-усх., КЭС, Сл. паўн.-зах., Ян.), ’частка ганка’, ’дошка на рэчцы (возеры), на якой жанчыны мыюць бялізну’, ’пераход праз рэчку, перакінуты з аднаго берага на другі — з дошак ці з бярвення’ (Інстр.), ’частка агароджы’ (уздз., Жд. 2), ’звязаныя адно з адным некалькі бярвенняў для сплаву’, ’адно звяно плыта’ (нёманск., Нар. лекс.; карэліц., З нар. сл.), ’частка плыта, звязаная з 24 бярвенняў’ (гродз., Нар. сл.) ’планка для замацоўвання ножак стала’ (петр., Шатал.). Да лава1, лава2 (гл.).

Ла́ўка2 ’лука, луг’ (Яшк., Бяс.), мядз. ’поле’ (Непакупны, Связи, 122–183). Запазычана з літ. laũkas ’поле’. Сюды ж, відавочна, і лід. ла́ўка ’ўчастак лесу’ (Сл. паўн.-зах.).

Ла́ўка3 ’папярочная баразна’. Да лава1 (гл.).

Лаўка4 ’магазін’ (Сцяшк., Мат. Гом.; в.-дзв., Шатал.; уздз., Жд. 2, Ян.; тур., Выг.). Філін (Происх., 619) адносіць да ўласнарускіх слоў. Аднак існаванне ст.-бел. лав(ъ)ка (з 1561 г.) пярэчыць гэтаму.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)