Ме́шкацца ’марудзіць, рабіць памалу’ (пін., З нар. сл.; ТС). Рус. мешкать ’тс’, урал. ’чакаць’, кіраў. ’разважаць’, ст.-рус. мѣшькати ’чакаць, марудзіць’, ’жыць, пражываць, быць падданым’, мѣшаный ’павольны, вялы’ (паводле Махэка₂, 361, павінна было пісацца ме‑), польск. mieszkać ’марудзіць’, ’забыць, не звяртаць увагі’, ’жыць, прабываць, знаходзіцца’, ’заставацца’, ’быць у адносінах з кім-небудзь’, nieomieszkać ’не занядбаць’, в.-луж. mješkorić ’марудзіць’, чэш. meškati ’марудзіць’, ’знаходзіцца, перашкаджаць у рабоце’, славац. meškať ’спазняцца, адставаць’, славен. mečkati ’паволі працаваць’. Не зусім яснае слова. Найбольш імаверна, што яно паходзіць з мѣшати > мяшаць (гл.) у выніку нарашчэння асновы. Укр. мешкати ’пражываць’, як і ст.-бел. мешкати, мяшкати ’жыць, знаходзіцца’ (XIV ст.), запазычана са ст.-польск. mieszkać ’жыць’ (Жураўскі, SlOr, 10, 1961, 40; Булыка, Лекс. запазыч., ЕСУМ, 3, 455–456.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

чака́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; незак.

1. каго-чаго, з дадан. і без дап. Знаходзіцца, заставацца дзе-н., разлічваючы на чый-н. прыход, з’яўленне і пад. каго-, чаго-н. ці здзяйсненне чаго-н.

Ч. таварыша.

Аўтобус чакаў пасажыраў.

2. чаго, з дадан. і з інф. Спадзявацца, прадбачваць што-н., разлічваць на што-н.

Ён ужо нічога добрага не чакаў.

Ч. вясцей.

Ён не чакаў сустрэць тут знаёмага.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), каго-што. Быць наканаваным каму-н., прадбачыцца.

Яго чакалі непрыемнасці.

Ніхто не ведае, што яго чакае.

4. заг. чака́й(це). Ужыв. як папярэджанне, пагроза: як я табе дам! Я табе пакажу! і пад.

Зноў падмануў? Ну чакай жа!

Не чакай дабра — пра магчымасць бяды, непрыемнасці ад каго-, чаго-н.

Чакаць з мора пагоды (разм., неадабр.) — спадзявацца, разлічваць на што-н., застаючыся пасіўным; безнадзейна чакаць.

Чакаць не дачакацца (разм.) — з нецярпеннем, прагна чакаць.

|| наз. чака́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

юрыды́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з заканадаўствам, прававымі нормамі і іх практычным прымяненнем. Юрыдычнае пытанне. Юрыдычны доказ. Юрыдычная практыка. □ Пакуль школа не была яшчэ здадзена, Лабановіч адчуваў пад нагамі нейкі юрыдычны грунт, меў законную падставу заставацца там. Колас. // Звязаны з вывучэннем і навуковай распрацоўкай правазнаўства, юрыспрудэнцыі. Юрыдычная адукацыя. Юрыдычны факультэт. Юрыдычная тэрміналогія.

2. Такі, які мае афіцыйнае, фармальнае права на што‑н. Юрыдычны ўладальнік.

3. Які мае адносіны да юрыста, складаецца з юрыстаў. Юрыдычная грамадскасць.

•••

Юрыдычная асоба гл. асоба.

Юрыдычная кансультацыя — установа з калегіі адвакатаў для аказання юрыдычнай дапамогі насельніцтву і растлумачэння дзеючага заканадаўства.

Юрыдычны акт — рашэнне дзяржаўнага органа, якое ўстанаўлівае пэўныя правы і абавязкі грамадзян, калектываў, арганізацый, ажыццяўленне якіх забяспечваецца дзейнасцю дзяржаўнага апарату і судоў.

[Ад лац. juridicus — судовы.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падста́ва 1, ‑ы, ж.

Прычына, абставіны, якія даюць тлумачэнне, робяць зразумелымі ўчынкі, паводзіны і пад. каго‑н. Пакуль школа не была яшчэ здадзена, Лабановіч адчуваў пад нагамі нейкі юрыдычны грунт, меў законную падставу заставацца там. Колас. Былі ўсе падставы для таго, каб хвалявацца, але, упэўнены ў сваіх ведах, Міхась быў спакойны. Шахавец. // Абставіны, якія могуць быць асновай для чаго‑н. Але як зняць.. [Машу] з пасады брыгадзіра, Максім не мог прыдумаць. Не было падстаў. Шамякін. // Дакумент, распараджэнне, на аснове якога адбылося пэўнае афіцыйнае дзеянне, мерапрыемства. Падстава: выпіска з пратакола сходу.

•••

На падставе чаго — зыходзячы з чаго‑н., абапіраючыся на што‑н.

падста́ва 2, ‑ы, ж.

Уст. Зменныя коні ў дарозе, а таксама месца змены коней. Ноч спалі ў.. вазку, а ля Дошчыцы сустрэлі трэцюю падставу і зноў пераселі ў сёдлы, хаця з Кастуся быў і не зусім добры яздок. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ляпі́ць ’ствараць фігуры з пластычнага матэрыялу’, ’будаваць, майстраваць, карыстаючыся ліпкім, вязкім матэрыялам’, ’прыклейваць, прылепліваць’, ’з сілай ісці (пра мокры снег)’, ’рабіць соты’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Анох.; пух., паст., Сл. ПЗБ), лепі́ць ’тынкаваць’ (ТС), ляпі́цца ’прыляпляцца’, ’цесна прымыкаць’, ’лезці ў цеснату’, ’прыставаць’ (Нас., ТСБМ, ТС; іўеў., паст., Сл. ПЗБ). Укр. ліпи́ти, рус. лепи́ть, польск. lepić, н.-луж. lěpiś, в.-луж. lěpić, чэш. lepiti, славац. lepiť, славен. lẹpíti, серб.-харв. lijèpiti, ле́пити, макед. лепи(се), ляпи, балг. лепя, ст.-слав. при‑лѣпити. Прасл. lepiti () — каузатыў да lьpěti > ліпе́ць2 (гл.). Другая ступень чаргавання галоснай кораня — ліпкі, ліпнуць (Слаўскі, 4, 164; Фасмер, 2, 484). Роднасныя і.-е. адпаведнікі: ст.-інд. lēpayati, iimpáti ’ён мажа’, lipyatē ’прыліпае’, lēpas ’мазь’, répas ’пляма’, ст.-грэч. λίπος ’тлушч’, літ. lìpti ’прыклейвацца’, лат. lipt ’тс’, літ. каузатыў lipýti, лат. lipinât ’прыклейваць’, алб. laparós ’запэцканы’, гоц. bilaibjan ’пакідаць’, aflifnanзаставацца’, ст.-в.-ням. laiba ’скарынка’, тахар. lip‑ ’тс’, хецк. lip‑ ’мажу’. І.‑е. *loip‑, *lep‑ (Міклашыч, 178; Бернекер, 1, 712; Траўтман, 161; Скок, 2, 297–298; Трубачоў, Ремесл. терм. 188; Эт. сл., 14, 217–219; Бязлай, 2, 134; БЕР, 3, 365–367).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зае́сці, ‑ем, ‑ясі, ‑есць; ‑ядзім, ‑ясце, ‑ядуць; пр. заеў, ‑ела; зак., каго-што.

1. Кусаючы, грызучы, давесці да смерці; загрызці. Воўк заеў каня. // Даняць, замучыць укусамі (пра насякомых). Камары чуць не заелі.

2. чым. З’есці што‑н., каб заглушыць непрыемны смак ад з’едзенага ці выпітага раней. Заесці лякарства цукрам. □ У часе вячэры любіў [Гендарсан] прапусціць кілішак спірту, заесці смачнай кілбасой. Чарнышэвіч.

3. перан. Разм. Замучыць, дапячы папрокамі, прыдзіркамі і пад. — А не паступлю [у інстытут], дык цяпер паеду! Каб вы мяне тут не заелі да смерці! Мехаў. // перан. Аказаць згубны ўплыў на каго‑н. Нуда заела. □ — Не, брат Янка, нельга доўга заставацца на адным месцы, бо яно цябе заесць і ашальмуе. Колас.

4. безас. Зашчаміць, перакасіць, перашкаджаючы руху. Руль заела. □ У кулямёце, відаць, нешта заела, партызан злосна стукаў кулаком па дыску. Жычка.

5. безас. Разм. Балюча крануць, глыбока ўсхваляваць. Яшчэ Валодзьку заела, што Надзя за два дні столькі грошай растранжырыш. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трыва́ць, трыва́ці ‘вытрымліваць, цярпліва пераносіць боль, непрыемнасць, цярпець’ (ТСБМ, Нік. Очерки, Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Гарэц., ТС, Сл. ПЗБ, Варл.; ашм., Стан.) ‘працягвацца пэўны час’ (ТСБМ, Вруб.), ‘доўга захоўваць прыдатнасць, трымацца’ (Нас., ТСБМ), ‘быць, існаваць, перабываць’ (Нас., Некр. і Байк.), трва́ць ‘перабываць, працягвацца; трымацца’ (Нас.), тырваць ‘цярпець’ (Бяльк.). Ст.-бел. трвати (з 1507 г.) запазычана са ст.-польск. trwać ‘быць, існаваць працяглы час, заставацца без змен’ (Булыка, Лекс. запазыч., 197), аднак адаптаваная форма търывати ‘быць, працягвацца’: сесь листъ нашъ маетъ търывати вѣчно и непорушно (ГСБМ, 34, 56), зафіксавана ў 1438 г., што, магчыма, сведчыць аб яе існаванні яшчэ да запазычанай формы адначасова са ст.-чэш. trvati, чэш. trvat, славац. trvať, н.-луж. trwaś, харв. дыял. trvat, што ўзыходзяць да прасл. *trъvati ‘трываць, цярпець’, якое ўжывалася побач з *trajati ‘працягвацца, цягнуцца’, ‘насіцца (пра адзенне)’, зафіксаванае ў формах: славен. trâjati ‘тс’, харв. trȁjati, серб. тра̏јати, макед. трае, балг. тра́я ‘трываць, цярпець’, ст.-чэш. tráti, traju ‘трываць, заставацца, вытрымліваць’, ‘жыць, існаваць’, в.-луж. trać, traju, н.-луж. traś, trajom ‘трываць’, і роднаснае ст.-інд. tárati ‘захоўвае, прыбірае, хавае’, ‘пераадольвае, перамагае’, trāyáte ‘ахоўвае, беражэ’, іран. *tarvaya < *trva‑, авест. taurvaya ‘пераадольваць ворагаў’ (Трубачоў, Этимология–1965, 58–61), ст.-грэч. τρανης, τρανώς ‘ясны, вызначаны’, ‘ясна’, лац. intrāre ‘ўвайсці’, хец. tarhzi ‘перамога’ < і.-е. *terh₂ ‘прайсці праз што-небудзь, пераступіць, перамагчы’ (Сной₂, 775–776). А праславянская форма *trъvati (< *trǔu̯‑a < trū‑ā‑) суадносіцца са ст.-інд. tū́rvati ‘перамагае’ — усе да і.-е. *ter‑/*trá‑/*teru ‘пераходзіць, пранікаць праз што-небудзь’ (Борысь, 646; Скок, 3, 488–489). Махэк₂ (655) мяркуе, што прасл. *tъvati з’яўляецца адыменным утварэннем ад прыметніка *trъvъ, які адпавядае ст.-інд. *dhruvá‑ ‘трывалы, пэўны, пастаянны’, лац. dūrus ‘цвёрды, непадатлівы’ і ням. dauern ‘працяглы’, ‘моцны’; гэтаксама Голуб-Ліер (491). Гл. таксама Брукнер, 578; ЕСУМ, 5, 635. Сюды ж шматлікія дэрываты: трыва́лы ‘які моцна не паддаецца разбурэнню, псаванню’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк.), ‘моцны, дужы, здаровы’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 5), ‘вынослівы, цягавіты’ (Шат., Байк. і Некр., Гарэц., Варл.), ‘здольны многае вынесці, перажыць, стойкі, загартаваны’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Нас.), ‘які не мяняецца, надзейны, устойлівы’ (ТСБМ; шальч., Сл. ПЗБ), трыва́льшы ‘мацнейшы, дужэйшы’ (Ян.), трыву́шчы(й) ‘вынослівы, жывучы’ (Сцяшк., Сл. Брэс.), трыва́л ‘пажыўны’: пры хлебе й квас трывал (Сержп. Прык.), трывалкі ‘тс’ (Гіл.), трыва́нне ‘цярпенне’ (Касп.), трыва́ласць ‘вынослівасць, цягавітасць’ (Байк. і Некр.), трыва́ючы ‘моцны’ (Нас.), трыва́льны ‘тс’ (навагр., іўеў., валож., ЛА, 5), трыва́ла ‘моцна’ (Ласт.), ст.-бел. трывалый, тривалый ‘сталы, надзейны’, трвалый ‘устойлівы’, ‘сытны, пажыўны (пра яду)’, трванье, трыванне ‘захаванне, працяг’ (ГСБМ). Параўн. рус. вытрывалый, гл. Анікін, РЭС, 9, 204.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бума́гаI в разн. знач. папе́ра, -ры ж.;

бума́га в лине́йку папе́ра ў ліне́йку;

изложи́ть на бума́ге вы́класці на папе́ры;

чертёжная бума́га чарцёжная папе́ра;

папиро́сная бума́га папяро́сная папе́ра;

бума́га предпи́сывает папе́ра прадпі́свае;

мне ну́жны́ ва́ши бума́ги мне патрэ́бны ва́шы папе́ры;

об э́том свиде́тельствует и э́та бума́га аб гэ́тым све́дчыць і гэ́та папе́ра;

це́нные бума́ги кашто́ўныя папе́ры;

деловы́е бума́ги дзелавы́я папе́ры;

остава́ться на бума́ге застава́цца на папе́ры.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

прастая́ць, ‑стаю, ‑стаіш, ‑стаіць; зак.

1. Правесці які‑н. час стоячы. Гадзіны са дзве прастаяў дзядзька Марцін каля дзвярэй. Колас. Хлопцы прастаялі пад ялінай хвілін дзесяць, а мо і больш. Шашкоў. // што. Прабыць на нагах да канца чаго‑н., адстаяць. [Жанчына] прастаяла імшу, не думаючы ні пра бога, .. ні пра што іншае. Чорны. // за чым. Правесці які‑н. час на якой‑н. рабоце, якая патрабуе стаячага становішча. Прастаяць усё жыццё за станком.

2. Прабыць на стаянцы, у лагеры і пад. які‑н. час. [Лейтэнант:] — У лагерах на станцыі Друць мы цэлае лета прастаялі. Васілевіч. / Пра поезд, параход і пад. У Оршы, на забітай вагонамі станцыі, эшалон прастаяў тры дні. Навуменка.

3. Прабыць які‑н. час без дзеяння, не функцыяніруючы. — Паехалі — сказаў Міхась, спрытна ўскочыўшы на сядзенне трактара. — І так доўга прастаялі. Шахавец. Замест трох дзён паравоз прастаяў у рамонце тры гадзіны! Зуб.

4. Заставацца без змен на працягу якога‑н. часу. Пагода прастаяла з месяц. // Праіснаваць які‑н. час, не разбураючыся. Пра такія хаты гавораць, што яна прастаіць вякі і ніколі не спарахнее. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

е́хаць, еду, едзеш, едзе; едзем, едзеце, едуць; заг. едзь; незак.

1. Рухацца па сушы, па вадзе пры дапамозе якіх‑н. сродкаў перамяшчэння. Ехаць чыгункай. Ехаць у трамваі. Ехаць вярхом. Ехаць на лодцы. □ Паабапал і ззаду карэты ехала чалавек з трыццаць коннікаў. Лынькоў. Наклалі вазы ды едуць дахаты: бацька на адным возе, сын — на другім. Якімовіч. // Рухацца, каціцца (пра сродкі перамяшчэння). Гасцінцамі ехалі то туды, то сюды вайсковыя абозы. Чорны.

2. Накіроўвацца куды‑н., выкарыстоўваючы якія‑н. сродкі перамяшчэння; ад’язджаць; рабіць паездку. Ехаць за граніцу. Ехаць на фронт. □ Пан падлоўчы, выпіўшы шклянку, устаў, папрасіў прабачэння, што не можа больш заставацца, што ён мусіць ехаць па службе, і выйшаў. Колас.

3. перан. Разм. Выкарыстоўваць у сваіх інтарэсах, атрымліваць выгаду з каго‑, чаго‑н. — На татку едуць, пакуль татка не з’ездзіцца, — сказаў, як стары, Вова недзе чутыя словы. Гурскі. — Склалі дзесяць год таму назад сякі-такі планік і з таго часу едзем на ім. Кулакоўскі.

4. Ссоўвацца, саслізгваць са свайго месца. Шапка едзе на вочы.

•••

Далей (ехаць) некуды гл. некуды.

На тройках ехаць — вучыцца пасрэдна, без асаблівага старання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)