плака́т, ‑а, М ‑каце, м.
1. Каляровы насценны малюнак з кароткім агітацыйным тэкстам; від выяўленчага мастацтва. Да нарады раённая газета выдала плакат, на якім былі паказаны поспехі ўсіх калгасаў і лепшых даярак. Шчарбатаў. На сценах віселі розныя плакаты і лозунгі адпаведна патрэбам часу. Колас. Досыць часта кампазіцыя плакатаў будавалася на кантрасце: станоўчым вобразам чырвонаармейцаў, салдат супрацьпастаўляліся адмоўныя вобразы ворагаў рэвалюцыі. Шматаў. // Напісаная або надрукаваная аб’ява аб чым‑н. На грудзях у яго [Ружэ] вісеў кароткі, выразны плакат-пытанне: «Ці падпісаліся вы пад Адозвай міру?» Шамякін.
2. Гіст. Пашпарт, які выдаваўся сялянам і мяшчанам у дарэвалюцыйнай Расіі.
[Ад лац. placatum — пасведчанне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́пісаць, ‑пішу, ‑пішаш, ‑піша; зак., каго-што.
1. Спісаць адкуль‑н. Выпісаць цытату.
2. Зрабіць заказ у пісьмовай форме на выдачу, высылку чаго‑н. Выпісаць кнігу з кнігасховішча. Выпісаць газету. // Вызваць пісьмом, тэлеграмай і пад. каго‑н. Пан Вальвацкі зрабіў так, як рабіў не адзін пан, заводзячы культурную гаспадарку: ён выпісаў немца спецыяліста. Крапіва.
3. Выключыць са спісаў, са складу чаго‑н. Выпісаць хворага з бальніцы.
4. Напісаць для каго‑н. дакумент. Выпісаць ордэр, чэк, пропуск, квіток.
5. Кніжн. Старанна апісаць сродкамі мовы, стварыць што‑н. філіграннае; намаляваць. Выпісаць вобразы дзеючых асоб. Выпісаць узор.
6. Разм. Зрасходаваць пісаннем. Выпісаць чарніла з аўтаручкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хранало́гія, ‑і, ж.
1. Навука, якая вывучае гісторыю летазлічэння. // Дапаможная гістарычная дысцыпліна, што ўстанаўлівае гістарычныя даты, час з’яўлення дакументаў і пад.
2. Пералік падзей у іх часавай паслядоўнасці. Храналогія беларускай гісторыі.
3. Паслядоўнасць паяўлення чаго‑н. у часе. Храналогія падзей. □ Цыкл гэтых твораў будзе ісці не толькі па лініі храналогіі, а адначасна і па лініі ідэ[йн]ых катэгорый (носьбітамі і творцамі якіх ёсць чалавечыя вобразы): бацькаўшчына, уласнасць, закон, сваяцтва і г. д. Чорны. Знаходка ўнікальнага экземпляра «Малой падарожнай кніжыцы» ў капенгагенскай бібліятэцы ўносіць істотную папраўку ў храналогію скарынінскіх выданняў. «Помнікі».
•••
Геалагічная храналогія — устанаўленне перыядаў узнікнення розных пластоў Зямлі.
[Ад грэч. chronos — час і logos — вучэнне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бле́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Без натуральнага румянцу; бяскроўны. Госць быў увесь бледны ад хвалявання. Бядуля. Твар.. [маці] незвычайна бледны, змораны. Якімовіч.
2. Афарбаваны ў светлы, няяркі колер. Стомленыя вочы падслепавата жмурыліся на бледную палоску блізкага світанку. Лынькоў. Кіламетры два мы плылі непраходным купчастым балотам, на якім раслі тоненькія бярозкі і бледныя асіны. Бядуля. // Слабы, няяркі. Бледнае святло фары няярка асвятляла дарогу. Краўчанка. // Які свеціць няяркім святлом. Па-асенняму бледнае сонца асвятляла вёску. Хадкевіч. Па спалавеламу небу рассыпаліся бледныя зоры. Алешка.
3. перан. Нецікавы, бедны, няяркі. Бледныя вобразы. Бледная мова. □ На бледным фоне местачковай штодзённасці праявы рыжскага рабочага жыцця выступалі багатымі яскравымі прасветамі. Гартны.
4. Як састаўная частка некаторых батанічных і інш. назваў. Бледная паганка. Бледная немач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сканцэнтрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.
1. Сабраць, згрупаваць у адным якім‑н. месцы. Сканцэнтраваць на малацільных таках пажарную тэхніку. □ [Бярозін:] — Загадваю сканцэнтраваць сілы вашых брыгад у раёне навасёлкаўскай грэблі і сёння ў дваццаць чатыры нуль-нуль распачаць прарыў у кірунку Навасёлак. Шчарбатаў. // Скіраваць у адно месца (пра ўдар, націск і пад.). У дваццатых чыслах красавіка, раніцою на світанні, гулка загрукацелі чырвоныя батарэя, сканцэнтраваўшы агонь на польскіх пазіцыях. Колас. // Увасобіць, змясціць у сабе. Напластоўваючы вобразы, каб сканцэнтраваць сутнасць рэальных фактаў жыцця Антанюка, .. пісьменнік ідзе дарогай, што вядзе да эстэтычнага ідэалу. «Полымя».
2. перан. Скіраваць на што‑н. (увагу, думку і пад.). Усю ўвагу [Ваня] сканцэнтраваў на прылізаным чалавеку, што сядзеў каля акна. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перапіса́ць, ‑пішу, ‑пішаш, ‑піша; зак.
1. што. Напісаць якое‑н. слова, тэкст нанава, яшчэ раз. Перапісаць рукапіс. Перапісаць сачыненне. // Зрабіць копію з якога‑н. тэксту; спісаць. Перапісаць верш з кнігі ў альбом. // Перапрацаваўшы, напісаць нанава, інакш. Ён [А. Маўзон] фактычна перапісаў усю п’есу, у выніку чаго ўдасканаліўся не толькі вобраз Заслонава, але і вобразы яго бліжэйшых паплечнікаў і сяброў. Рамановіч.
2. каго-што. Скласці спіс, рэестр каго‑, чаго‑н.; запісаць усіх, многіх або ўсё, многае. Перапісаць прысутныя. Перапісаць інвентар.
3. што. Аформіць, перааформіць дакумент на перадачу або перавод чаго‑н. каму‑н. другому. Перапісаць маёмасць на сына. □ [Пятро:] — Цікава, ці перапісаў стары дом на Васіля? Даніленка.
4. чаго. Напісаць многа або многім. Упершыню за два гады сказаў [пра каханне], хоць пісем перапісалі, хоць паперы звялі мы — вазы! Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сцэні́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сцэны (у 1 знач.); з’яўляецца сцэнай. Сцэнічныя падмосткі.
2. Звязаны з тэатрам, тэатральнай дзейнасцю, тэатральным мастацтвам. Сцэнічная дзейнасць. □ Станіслаўскі лічыў, што раўнадушша акцёра да аўтарскага тэксту, якое настае раней, чым паспеў нарадзіцца спектакль, заўсёды згубнае для гэтага спектакля і яго сцэнічнага даўгалецця. «Маладосць». // Які мае адносіны да паказу на сцэне; характэрны для сцэны; прыняты на сцэне. Сцэнічны эфект. Сцэнічныя прыёмы. □ Усім сваім артыстам .. [пан Вашамірскі] прыдумваў сцэнічныя імёны. Бядуля. // Які ствараецца на сцэне, у тэатры. Сцэнічны партрэт героя. □ Сцэнічныя вобразы, створаныя Ірынай Ждановіч, сагрэты і апаэтызаваны яе выключным драматычным талентам. «Полымя». // Прызначаны для сцэны, тэатра. Сцэнічны жывапіс. Сцэнічны варыянт рамана.
3. Які мае патрэбныя для сцэны, тэатра якасці; прыгодны для сцэны, тэатра. Сцэнічная п’еса. □ [Самуйлёнак:] — Напісаць сцэнічны твор не так лёгка. Хведаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
умо́ўнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць умоўнага (у 1–5 знач.). Умоўнасць прысуду. Умоўнасць сюжэта. // Сукупнасць асаблівасцей, уласцівых чаму‑н. умоўнаму, заснаванаму на ўмоўным паказе рэчаіснасці. Тэатр стварыў цікавы спектакль, у якім спалучаюцца яркія рэалістычныя вобразы і дэкаратыўная ўмоўнасць. «ЛіМ». Праз фантастыку, праз умоўнасць Купала дае тыпова рамантычную .. інтэрпрэтацыю буржуазнага свету. Бярозкін.
2. Агульнапрынятая, хоць і непатрэбная сістэма звычак, норм паводзін. Адразу адпалі ўсе фармальнасці і ўмоўнасці. Мы маглі гаварыць пра ўсё на свеце. Шамякін. У прасторнай зале .. стаіць той шматгалосы тлум, які сведчыць, што весялосць у разгары, што госці даўно перайшлі мяжу ўмоўнасці і не вельмі зважаюць адно на другога. Навуменка. Старасветчына была і сплыла не толькі ва ўкладзе жыцця. Сучасны чалавек тым і розніцца ад продкаў, што стаіць вышэй над умоўнасцямі. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наплы́сці, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. наплыў, ‑плыла, ‑плыло; зак.
1. Плывучы, наткнуцца на што‑н. Наплысці на корч. Наплысці на камень.
2. Прыплыўшы, набрацца ў нейкай колькасці. Наплыло шмат смецця.
3. Нацячы на паверхню чаго‑н. На вочы наплылі слёзы. На параненае месца наплыла кроў.
4. Набліжаючыся, насунуцца, закрыць сабой (пра хмары, воблакі, туман і пад.). Наплылі аднекуль хмары, закапаў дождж. Лупсякоў. На раку, На лугі Туманы наплылі. Кляшторны. // Пра гукі, пах. Здалёк наплыў гул гармат. У акно наплыў водар бэзу. // перан. Ахапіць, з’явіцца (пра думкі, пачуцці, успаміны, вобразы і пад.). Наплылі ўспаміны. □ На душу наплыло пачуццё шчасця. Пестрак. Андрэй хацеў сказаць мужыкам цэлую прамову, але так многа наплыло ўсякіх думак, што ён не ведаў, з чаго пачаць. Колас.
5. Разм. Трапіць куды‑н. Наплыла вада ў пограб.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стаго́ддзе, ‑я, н.
1. Прамежак часу ў сто гадоў; век. Дваццатае стагоддзе. Мінулае стагоддзе. □ [Гопкель] ведаў характар людзей, якім даюць .. адказныя заданні. Не дарма ж ён вывучаў іх на працягу чвэрці стагоддзя. Шамякін. Літаратурнай дзейнасць Змітрака Бядулі пачалася ў пачатку дваццатага стагоддзя. Каваленка. Дрэвы — да сонца, Людзі — да волі Цягнуцца праз усе стагоддзі. Барадулін. // Вялікі, неакрэслены прамежак часу; глыбокая даўніна. Ну што ж, я і з гэтым міруся, Вайне не стагоддзі грымець. Астрэйка. Можа гэта казка ці паданне Нашай фантастычнае зямлі... Паміж стэпаў у стагоддзях даўніх Скіфы легендарныя жылі. Панчанка. Закрыеш вочы і дзіўныя вобразы адзін за адным лунаюць у карагодзе бясконцым, у карагодзе, сатканым з красак стагоддзяў. Лынькоў.
2. Стогадовы юбілей каго‑, чаго‑н. Стагоддзе універсітэта. Стагоддзе завода. □ Усё прагрэсіўнае чалавецтва ўрачыста адзначыла стагоддзе з дня нараджэння У.І. Леніна. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)