Калма́ты ’пакрыты густымі скудлачанымі валасамі, поўсцю, касматы, кудлаты’, ’зроблены са скуры з доўгай густой поўсцю; з доўгім ворсам’, ’аброслы валаскамі, пушынкамі; нягладкі’ (БРС, ТСБМ). У гаворках: ’ускудлачаны, непрычасаны; касматы’ (Мал., Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Шат.). Ёсць таксама форма камлаты ’тс’ (івац., Бір., Працы ІМ, 6; саліг., Нар. словатв.; Сл. паўн.-зах., ТС, Федар. I). Дакладных адпаведнікаў да гэтага слова як быццам няма. Сустракаецца яно толькі ў с.-бел. гаворках; сказаць цяжка, ці вядома шырэй; таксама з дзвюх форм цяжка выдзеліць першасную. Відавочная інавацыя або архаізм, нельга таксама выключыць запазычання слова. Калі зыходзіць з архетыпу калм‑, можна прывесці некаторыя паралелі з суседніх рус. гаворак (гл. калмач і камлак), аднак у лінгвагеаграфічным аспекце яны неістотныя. Для такой структуры можна меркаваць аб праформе kl̥m‑, магчыма, паралельную да kl̥t‑ і да т. п. (параўн. калдыга і інш., гл. вышэй). Аб імавернасці такога меркавання сведчыць зах.-бран. калманоги ’кульгавы’, у такім выпадку можна думаць аб даўняй семантыцы ’боўтаць’, ’боўтацца’ і ’кульгаць’ (’хадзіць, перавальваючыся’?). Не выключана, што сюды можна аднесці і ўкр. калмичити ’змочваць снапы ў вадкай гліне перад пакрыццём даху’. Калі зыходзіць з першаснай формы камл‑, неабходна мець на ўвазе магчымасць утварэння такой асновы і з больш ранняй *кабл‑. Такая магчымасць уяўляецца тым не менш малаверагоднай, хоць выключыць яе поўнасцю нельга (параўн. камлук, каблук). Можна меркаваць аб магчымай сувязі з лахматы. Калі метатэза халматы сапраўды мела месца, наступнае азванчэнне зычнага не здаецца неверагодным. Апрача ўсяго гэтага, тут мог рэалізавацца субстратны ўплыў (параўн. жанікжаніх і інш. у бел. зоне моцнага балтыйскага ўплыву). У такім выпадку лёгка можна вытлумачыць параўнальна вузкі арэал распаўсюджання бел. слова. Адносна запазычання нічога пэўнага сказаць нельга. Таксама няясна, ці ёсць падставы лічыць разглядаемае слова архаізмам, паколькі нельга падмацаваць такое меркаванне надзейнымі доказамі. Адносна формы калматы параўн. яшчэ полац. хамлак (гл. падрабязней пад калмык).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каламу́ціць ’муціць, рабіць каламутным’ (ТСБМ), ’выклікаць неспакой, уносіць беспарадак, блытаніну’ (ТСБМ). Укр. каламутити ’муціць; бунтаваць’, каломутити ’тс’, рус. варонеж., зах.-бран. каламутить ’муціць ваду’, кур., зах.-бран. ’выклікаць разлад, смуту; баламуціць’, польск. kołomącić ’муціць, баламуціць, круціць’, kalamacić ’муціць (напр., ваду), баламуціць’ (там жа), kałamucać ’муціць, боўтаць’ з усх.-слав. фанетыкай; сведчыць, магчыма, аб больш шырокім распаўсюджанні слова ў бел. мове, славац. zkolomutit ’закрануць, падражніць, пашавяліць’. На поўдні славянскай тэрыторыі адзначана серб.-харв. каламу́тити (у Вука), якое RHSJ (4) суадносіць з kalabúriti. Адносна першага слоўнік мяркуе, што яно магло ўтварыцца ў выніку кантамінацыі kalabúriti і дзеяслова mutiti; адносна другога — ад kalabàluk ’вялікая колькасць людзей, шум, мітусня’, якое з тур. galabalyk. Відаць, такое меркаванне нельга прыняць, паколькі ёсць дакладныя адпаведнікі ў паўн.-слав. мовах. Цікава і серб.-харв. калабу́рити, якое суадносіцца з прасл. buriti са значэннем ’хваляваць’ і да т. п. Звернем яшчэ ўвагу на дзеяслоў buniti ў дэфініцыі як на вельмі сімптаматычны (параўн. Трубачоў, Эт. сл., 3, 99: «buriti… родственно *bura, а также глагольно-именной паре *buna‑ *buniti…». Наяўнасць у слав. мовах фанетычна розных лексем (першая частка ‑kala‑ і ‑kolo‑) зацямняе этымалогію. Слаўскі (2, 371) мяркуе аб злучэнні *kolomǫtiti ’муціць навокал’, як аргумент прыводзяцца паралельныя чэш. (у Юнгмана) kolotáceti se ’круціцца’, рус. колобродить, дыял. колобродить, бел. каламесіць. Надзейнасць гэтых прыкладаў не вельмі высокая, аднак структура такая з’яўляецца магчымай: параўн. укр. коломыя ’яма, вымытая вадой’, серб.-харв. kolòvada («složeno od kolo osnove glagola voditi…», RHSJ, 5, 214), рус. коловодиться ’вазіцца, многа займацца чым-н. і да т. п.’, магчыма, рус. маск. коломыка ’пляткарка і да т. п.’ Фанетычныя недакладнасці Слаўскі тлумачыць ад’ідэацыяй першай часткі да kalъ ’гразь’ і да *balamutiti ’муціць’. Махэк₁ (419). Махэк₂ (514) мяркуе аб праформе *kalomǫtiti, дзе першая частка паходзіць ад kalъ ’гразь і да т. п.’ Фанетыку слав. утварэнняў ён тлумачыць наступным чынам: форма kala магла быць вынікам прагрэсіўнай асіміляцыі (укр. каламутити), а польск. і чэш. рэгрэсіўнай. Такое тлумачэнне не вельмі добра спалучаецца з паралельнымі формамі koło‑ і kało‑ ў польск. дыял. словах, а семантыку слав. прыкладаў нельга звесці да семантыкі kalъ. Параўн., у прыватнасці, бел. дыял. каламут ’вір’ і сінонімы; рус. дыял. коловерть, коловорот, круговорот. Аднак, калі прыняць версію Слаўскага, відавочна, што нельга проста вытлумачыць серб.-харв. прыклады, паколькі на поўдні ўтварэнні з першай часткай bala‑ не адзначаюцца. Гэта значыць, што на серб. лексемы або сапраўды ўплывалі семантычна падобныя турцызмы, або тут дзейнічалі ўласна фанетычныя працэсы. Не выключана, што прапанаваныя этымалогіі наогул няпэўныя і больш верагодна бачыць тут кампозіт, у якім першая частка ўспрымаецца як экспрэсіўны фармант. Так разглядаў Кноблах (JC, 1969 (2), 141) лексемы балагур, баламут і інш. Найбольш істотным момантам такой версіі з’яўляецца магчымасць утварэння экспрэсіўнага фарманта на базе слова. Тады змяненне фанетыкі лёгка вытлумачыць як натуральнае для экспрэсіўнай лексікі або фармантаў. Не выключана, што з такімі фармантамі ўтвораны рус. бран. коломат ’крык, шум’, аб другой частцы гл. Мартынаў, Бел.-рус. ізал., 70; укр. усх.-палес. калабушить ’ласкатаць’, магчыма, бел. каланытка (гл.) і інш. Параўн. славац. galamuta ’змяшэнне, смута’ і balamuta ’тс’, што сведчыць, па-першае, аб блізкай семантыцы ўтварэнняў з рознымі фармантамі ў пачатку слова, па-другое, аб змяненні фанетыкі. Звяртае на сябе ўвагу і той факт, што нельга выключыць уплыву паўн.-слав. balamǫtiti на разглядаемую групу лексікі, аднак характар гэтага ўплыву не вельмі ясны. Магчыма, balamǫtiti ўласна славянскае ўтварэнне (гл. агляд версій Трубачоў, Эт. сл., 1, 146–147), не выключана, што паралельнае да kalamǫtiti. Версія аб запазычанні слова (баламуць) з манг. balamut больш верагодная, калі прыняць пад увагу аргументацыю Папова (Из истории, 35, заўвага 4), які адзначае, што ў іранскіх дыялектах Паміра balāmū́t ’віхор’. Робіцца таксама слушная заўвага, што складанасць лексемы і семантыка не дазваляюць меркаваць аб выпадковым супадзенні. Аднак апошнія прапановы не праясняюць справу, хоць лінгвагеаграфія і не пярэчыць версіі аб магчымым запазычанні слова (ва ўсякім разе слова баламут). Таксама не вельмі ясным з’яўляецца словаўтварэнне, калі дапускаць славянскае паходжанне слоў. Тут можна бачыць складанне назоўнік + дзеяслоў, або дзеяслоўны назоўнік (гл. прыклады вышэй).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Калды́ба, колдыба ’крывы, кульгавы, які павольна ідзе’ (Нас.), калдыбаць ’кульгаць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.), калдыбыць і кылдыбаць (Юрч. З жыцця), колдыбаць (Нас.), кылдыбаць (Бяльк.), колдыбайло ’кульгавы’, ’павольны ў рабоце’ (Нас.), сюды ж калдыб ’пра цяжкую хадзьбу пры хворых нагах’ (мсцісл., Нар. лекс.: Нас.). Рус. зах. бран. калдыбать ’ісці павольна, кульгаць’, смал. колдыба ’кульгавы’, колдыбка ’скалечаная нага, кукса’, колдыб ’дзеянне па дзеяслову колдыбать’, колдыбай ’кульгавы’, колдыбать ’кульгаць’, кур. колдыбать ’тс’, ’павольна ехаць, ледзь цягнуцца’, разан. ’не мець сталага месца’, колдыбащий ’няўстойлівы, непастаянны, які часта мяняецца’: «Моя жизнь колдыбащая…» (СРНГ, 14, 119). Паводле геаграфіі — інавацыя ў сумежных бел. і рус. гаворках. Што датычыць этымалогіі, рус. колдыбай, колдыбать Фасмер (2, 288) лічыў роднасным колдыка ’кульгавы, які ідзе перавальваючыся’, колдыкать, бел. колдыга (гл.), колдыгаць. Апошнюю групу слоў шматлікія этымолагі разглядаюць у сувязі з гоц. halts ’кульгавы’, грэч. κόλος ’абрублены, надламаны’, арм. kał ’кульгавы’, літ-pa ў Фасмера, там жа. Як відаць, і.-е. семантыцы адпавядае смал. колдыбка ’скалечаная нага, кукса’, аднак гэта суфіксальнае ўтварэнне і няма ніякіх падстаў лічыць яго першасным у параўнанні з іншымі лексемамі гэтай групы. Славянскіх паралелей, якія б дазволілі рэканструяваць праславянскую форму, няма. Як здаецца, бел. і рус. словы ўтвораны не па мадэлі ’абрублены, абрэзаны’ → ’куксаты’ → ’кульгавы’. Параўн. рус. валаг. колдыбашить ’балбатаць, пустасловіць’ (< ’боўтаць’), цвяр. колдыбашиться ’калыхацца, вагацца’, разн. колдыбащий ’няўстойлівы’, колдыбацца ’качаваць, матацца’. Аналагічная версія была прапанавана Бернекерам (1, 660), які рус. колдыкать, колдыбашить і пад. уключыў у артыкул kъltajǫ, kъltati, дзе аб’яднаны лексемы са значэннямі ’кульгаць’, ’рухаць’, ’калыхаць; гайдаць’ і да т. п. Структура дазваляе меркаваць аб архетыпе *kl̥t‑ і яго звонкім адпаведніку *kl̥d‑. Статус гэтых форм не зусім ясны: шэраг рус. дыял. фактаў (пск., цвяр., асташк. колтовня ’чалавек, які таргуецца за кожную капейку’, колтыг ’жмінда’, ’шум, сварка’ і колтыга ў абодвух значэннях) сведчыць аб празрыстай сувязі з адпаведнымі вытворнымі ад колот‑ (развіццё семантыкі: ’хістаць’ → ’хістацца’, ’трэсціся’ або непасрэдна ’трэсці’ → ’трэсціся’ → ’дрыжаць’ → ’скупіцца’ і ў прынцыпе можна дапусціць, што разглядаемая лексіка паходзіць іменна ад гэтай асновы. Параўн. яшчэ колты ’плёткі’ (у Даля без геаграфіі). Што датычыць фанетыкі, можна прывесці як прыблізны адпаведнік бел. кальбель < калыбель. Аднак тое ж развіццё семантыкі магло быць цалкам самастойным; значэнне ’кульгаць’ не зафіксавана ў вытворных ад колотить. Такім чынам, прыведзеныя архетыпы цалкам магчымыя, хоць іх усх.-слав. характар відавочны. Параўн. яшчэ калдыга (гл.).

Калдыба́2 ’цвёрды выступ каля паглыблення на разбітай або мёрзлай дарозе’, ’няроўнае ворыва з ямкамі і выступамі’, ’скіба дзярновай зямлі на раллі’ (слаўг., Яшк.). Рус. разан. колдырь ’вялікі кавалак чаго-н.’, ’нарасць на дрэве’, колтырь ’вялікі кавалак (хлеба і да т. п.)’, да семантыкі параўн. скіба (хлеба) і скіба (зямлі). Аб архетыпе гл. пад калдыба1, семантыка намінацыі не вельмі зразумелая. Магчыма, неабходна суаднесці відавочна ўтвораныя ад асновы колот рус. дыял. колоть ’няроўная, узгорыстая, абледзянелая паверхня дарогі, якая замерзла пасля моцнай адлігі’, ’узгоркі замёрзлай восенню гразі, ледзь пакрытыя снегам’, ’няроўная, ухабістая паверхня дарогі, якая высахла ад летняга спёку’ і да т. п. Параўн. да гэтага пск., асташк., цвяр. колоть ’сумятня, сварка’, празрыстае вытворнае ад колотить ’сварыцца’. Што датычыць словаўтварэння рус. паралелі і семантыкі намінацыі, параўн. яшчэ пск., асташк., цвяр. колотьба ’няроўная, абледзянелая паверхня дарогі’, дыял. колоткой ’ухабісты, гразкі (аб дарозе)’, колотливый ’тс’, ’(пра сэрца), якое моцна калоціцца’. Параўн. яшчэ арханг., халмаг. колотовка ’глыба мёрзлай зямлі’ і назвы розных прылад, утвораных ад колот‑; ленінгр. колотушка ’палка, якой разбіваюць сухія камкі зямлі на ворыве’. У шэрагу рус. дыял., вытворных ад колб‑, адзначаны колдыбнуть ’моцна стукнуць’, колдыбахнуть ’кінуць што-небудзь з шумам у ваду; баўтнуць’, якія, магчыма, сведчаць на карысць апошняга варыянта тлумачэння. Разам з тым праблема з’яўляецца вельмі складанай, паколькі нельга не параўнаць разглядаемае слова і вялікую групу лексікі, якую рэпрэзентуюць такія рус. дыял. лексемы, як колдыбашина ’выбоіна, ухаба’ (параўн. колдыбашный ’ухабісты’), колдыбина, бел. калдыбіна і да т. п. Аднак відавочная розніца ў семантыцы дазваляе меркаваць, што бел. слова — рэгіянальны наватвор ад калдыбаць (?), наконт семантыкі параўн. нашы меркаванні вышэй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калду́н1 ’вядзьмар, чараўнік’ (пух., КЭС; Мат. Гом., Сержп., Сержп. Грам., Сержп. Прымхі, Сіг.; ганц., Сл. паўн.-зах.), калдунка ’вядзьмарка’ (барыс., Шатал.), калдуньнік ’вядзьмар’ (малар., Сіг.), калдуха ’чараўніца’ (рэч., Мат. Гом.; браг., Шатал.), сюды ж калдаваць (Сержп.), калдуваты, калдунство (Сіг.). Калдун ’гульня’ (гом., Мат. Гом.; гродз., Нар. словатв.), вет., маг. і рэч. калдун ’вядзьмар’. Зах.-палес. лексемы паводле фанетычнага крытэрыю лічыць спрадвечнымі нельга; Сержпутоўскі фіксуе гэта слова ў казках, аднак часцей ужываюцца лексемы ведзьмак і знахор, хоць, паводле іншых яго прац, на Случчыне і блізкай да яе тэрыторыі слова ўжываецца. Статус апошняга, як і наогул статус бел. слова, падазроны, аднак выключыць магчымасць захавання архаізма на поўдзень ад Мінска і на ўсх.-палес. тэрыторыі нельга. Паводле даных ЛАБМ (пытанне 3016), лексемы калдун, калдаваць і да т. п. адзначаюцца ў розных рэгіёнах Беларусі. Статус гэтых фіксацый (а іх нямала) не вельмі ясны, паколькі ў тых жа пунктах запісваюцца звычайна і больш пашыраныя знахар або чараўнік. Больш-менш кампактныя арэалы ўтвараюць гэтыя лексемы на поўначы і ўсходзе беларускай тэрыторыі. Шанскі (2, K, 196) прыводзіць як роднасныя серб.-харв. колдовати, славен. koldováti ’жабраваць’, што неверагодна, паколькі гэтыя словы разам з колдуш ’жабрак’ адносяцца да венг. koldus ’тс’. Параўн. тэрыторыю — славен., харв. (кайк., паўн.-чак.) і значэнне, якое супадае з венг. Меркаванне, быццам значэнне ’жабраваць’ утвараецца з ’жаліцца, плакаць’ < ’гаварыць’, нельга прыняць, паколькі венг. слова не запазычана з слав. моў, параўн. MESz, 2, 524. Адносна славен. і серб.-харв. слоў гл. яшчэ Скок, 2, 124; Безлай, 2, 55 (разглядаюцца як запазычаныя з венг. мовы). Такім чынам, слова як спрадвечнае надзейна можна кваліфікаваць толькі для рус. мовы, а бел. слова як магчымую бел.-рус. інавацыю. Пра запазычанне рус. лексемы з венг. мовы пісалі Міклашыч, 123; Бернекер, I, 544, што, як слушна адзначае Фасмер (2, 288), неверагодна — рус. слова шырока распаўсюджана і значэнне яго іншае. Даволі папулярнай з’яўляецца даўняя версія Ільінскага, РФВ, 62, 250 і наст., што роднаснымі да рус. з’яўляюцца літ. kalbà ’мова’, лат. kalada ’шум, спрэчка’, лац. calō, calāre ’выклікаць, склікаць’, грэч. χαλέω ’клікаць, заклікаць’, χέλαδος ’шум’; фармальныя цяжкасці (‑д‑ у рус. адпаведніку) відавочныя, апрача таго, вельмі няяснай з’яўляецца адсутнасць паралелей у іншых слав. мовах. Калі дапусціць, што слова ніякай сувязі з адзначанымі іншаславянскімі лексемамі не мае, бачыць у ім архаізм праславянскага перыяду малаверагодна. Версія аб інавацыі (рус.?, бел.-рус.?) здаецца таксама не вельмі імавернай. Семемы слова ў рус. гаворках (’вядзьмар’, ’махляр’, ’чалавек, які нешта бурчыць сабе пад нос’) як быццам адносяцца да ’вядзьмар’, а значэнне ’знахар’ не з’яўляецца першасным. Так, рус. кастрам. колдун ’у дзіцячай гульні палка, якая доўга застаецца пад вадой, калі яе кідаць канцом у ваду’, разан. колдовина, колдовица ’нарасць на дрэве’, ’горб’: «На спине видала какая колдовица, с голову ведь сидит у горбатого» (СРНГ, 14, 116). Такім чынам, першапачатковая семантыка слова калдун магла быць ’той, хто гадае з дапамогай нейкіх сакральных прадметаў’, ’чалавек з нейкімі фізічнымі недахопамі’ > ’чалавек, які знаецца з нячыстай сілай’, ’вядзьмар’). Магчыма, іменна так неабходна разумець бел. колдыга ’парода лесуна’ (Кірк.), якое можна суаднесці з калдыга ’кульгавы чалавек’. Сярод шэрагу іншых варыянтаў найбольш цікавым уяўляецца наступны. Апрача форм тыпу калдун у бел. мове ёсць і лексемы з ‑г‑, параўн. тураў. голдун і голдунка. Не выключана, што гэта звычайны позні звонкі дублет у гаворках, аднак можна думаць, што тут даўні варыянт лексемы. Ва ўсякім разе ў рус. мове зафіксаваны дэрыват ад галдеть галдун ’той, хто любіць крычаць’, ’хто любіць ужываць непрыстойныя выразы’. Паводле семантычнага крытэрыю такое меркаванне таксама здаецца не вельмі надзейным. Вярэніч (БЛ, 2, 1972, 72–73) гаворыць аб сувязі бел. каўтун ’Plica polonica, хвароба’ і калдаваць, калдун. Сапраўды, даволі пашыранай на бел. тэрыторыі з’яўляецца форма калдун ’хвароба каўтун’. Форма калдун ’каўтун’ у рус. гаворках, за выключэннем некаторай часткі смаленскай (уласна беларускіх), не сустракаецца. Больш імавернай з’яўляецца думка Вярэніча (там жа і БЛ, 10, 1976, 57), што калдун ’каўтун’ < калдун ’чараўнік’. Але і тут лінгвагеаграфія перашкаджае, паколькі колдун ’чараўнік’ няма падстаў лічыць праславянскім, у той час як карп. і каш. назвы адпаведнай хваробы, відавочна, з’яўляюцца старымі. Паводле вусн. паведамл. Мартынава, ‑ун‑ суфіксацыя магла разумецца як аналагічная да суфіксацыі ў ведун ’знахар’, што пры адпаведным збліжэнні семантыкі прывяло да ўтварэння новай лексемы. Наступная ірадыяцыя і шырокая яго экспансія ў гаворках для слова такога роду — цалкам натуральная (напрыклад, з фальклорам, у працэсе знахарскай практыкі і да т. п.). Што датычыць пэўных фармальных цяжкасцей (суадносіны назоўніка колдун і дзеяслова колдовать), можна спаслацца на яўна другасны паўдн.-слав. дзеяслоў koldovati пры запазычаным з венг. назоўніку (гл. вышэй). Тэарэтычна таксама нельга выключыць, што гэта ўтварэнне на базе дзеяслова колтати або колтити, для якога можна рэканструяваць значэнне ’боўтаць, чараваць ваду для сурокаў’, параўн. рус. вяц. колтень ’атрута або нагаворная вада для сурокаў’. Да формы слова параўн. пск., цвяр. колтовка ’жанчына, якая любіць пагаварыць’ (суадносіцца з колотовка, ад колотить), да фанетыкі рус. колдобина, колтобань, калдубань і інш. Такую структуру можна суаднесці з пск. колтать ’кульгаць’, што вяртае нас да версіі, разгледжанай вышэй (гл. семантычную паралель да калдыга ’лясун’). У рус. колтать ёсць значэнне ’балбатаць і да т. п.’, у прынцыпе такая семантыка дапускае развіццё магчымых сакральных значэнняў, аднак яўных доказаў няма. Пра магчымае запазычанне колдун неабходна згадаць версію, прапанаваную Карловічам, AfslPh, 5, 168, аб сувязі рус. слова з грэч. χαλδαῖος ’халдзей, маг, чараўнік’. Аднак недакладнасці такога тлумачэння відавочныя. Магчымая праформа калдей, калі дапусціць яшчэ і субстытуцыю суфікса, блізкая па форме да рус. слова. Апрача таго, нельга выключыць і пранікнення грэч. слова натуральным шляхам — з гаворкамі вандроўных гандляроў. Адзначым, што ў рус. мове пісьмовыя фіксацыі разглядаемай лексікі параўнальна познія: колдование (XVII і XVIII стст.), колдовати (XVII ст.), колдовство (XVII ст.), колдун (XVII ст.), колдуниха і колдуница ’тс’, колдунья (XVII ст.). Гістарычныя матэрыялы рус. мовы сведчаць аб нейкай функцыянальнай спецыфіцы калдуна («Колдование и иное ведовъство», «того человека ворожба ни колдование не иметь», «Ворожа и колдуя много…», «…с тем корением не может тебя никакой колдун или еретик никакою порчею испортити», «Ездит тот муж золот на своем золотом коне… а страстит под собою землю и воду и люди худые… ведуна и вещицу, колдуна и колдуниху», «Огради меня ризою своею от колдуна и колдуниц, от ведуна и от вещ(иц)…» (Срезн.), аднак больш дакладвай інфармацыі, якая б дапамагла вытлумачыць унутраную форму лексемы, у нас няма. У шэрагу іншых фактаў гэты доказ становіцца аргументам супраць спробы аўтараў рус. этымалагічнага слоўніка (Шанскі, 2, К, 196–197) рэканструяваць праформу *koldъ ’чараўнік, чалавек, які замаўляе’, ’гаварун, чалавек, які гаворыць’, якая далей разглядаецца ў межах прапановы Ільінскага.

Калду́н2 ’Plica polonica, спецыфічная хвароба, якую раней лячылі праз запушчэнне каўтуна’ (Сцяшк.), калдуны ’пра заблытаныя, скудлачаныя валасы’ (БРС, ТСБМ, Жд. 2), калдункі ’адходы пры прадзенні кудзелі’ (карэліц., Шатал.), сюды ж калдунаваты, калдуніцца, калдуніць ’блытаць, кудлачыць (пра валасы, шэрсць і пад.)’ (БРС, ТСБМ). Рус. колдун ’злямчаныя валасы; каўтун’ (смал., з новых запісаў 1973 г.), колдунить ’блытаць, заблытваць (пра валасы, пражу), чэш. мар. koldún, choldún ’каўтун’, ’ламота і да т. п.’ Чэш. форма з koltún, якое, як і чэш. koltoun, з польск. kołtun (Махэк₂, 271). Махэк не тлумачыць форму з ‑д‑, аднак відавочна, што гэта азванчэнне ўзнікла ўжо на мараўскай глебе. Рус. прыклад з’яўляецца дублетам бел. слова. Такім чынам, арэал распаўсюджання лексемы абмежаваны беларускай тэрыторыяй. Гэта можна разумець і як звонкі дублет да каўтун (< колтун), а можна і інтэрпрэтаваць услед за Вярэнічам, БЛ, 2, 1972, 72–73; БЛ, 10, 1976, 57, як прамое ўказанне на сувязь з колдовать, колдун.

Калду́н3 ’варэнік з мясам або з грыбамі’ (Сцяшк., Яруш.), ’бульбянік’ (Мат. Гом.), калдуны ’клёцкі, начыненыя мясным або іншым фаршам’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Грыг.; мінск., Шпіл.). Апрача бел. мовы слова ведаюць у рус. гаворках, статус іх, аднак, няясны. Паводле Даля (III выд.), рус. колдуны ’варэнікі з начынкай з рубленага мяса’ заходняе (беларускае). СРНГ падае раз. колдуны ’смажаныя піражкі’, свярдл., с.-урал. ’варэнікі’. Колтуны ’род варэнікаў, якія вараць, а пасля падсмажваюць’ таксама заходняе (Даль), як і ковтуны ’тс’. У польск. гаворках kołdun — ’разнавіднасць піражка, фаршыраванага сырым мясам’, літ. koldūnai ’тс’, запазычанне з бел. мовы або польск. перыферыйнага дыялекта. Польск. слова або пашырана ў перыферыйным дыялекце («крэсавая» інавацыя), або запазычана з бел. мовы. Бел. слова ў такім выпадку інавацыя на базе ўкр. кавдун ’бруха’, польск. kałdun ’бруха, вантробы’, в.-луж. kałdona, khaldona, kalduny, kałdony, н.-луж. kałduna, kołduny, дыял. kałdyna, kałdyny ’вантробы’, чэш. kaldoun, kaltoun, ст.-чэш. kaltun ’трыбух’, магчыма, першапачаткова ’адвараныя трыбухі’ → ’варэнікі, піражкі з трыбухой’ → ’варэнікі з мясам’. Зах.-слав. лексіка запазычана з ням. мовы, параўн. с.-в.-ням., с.-ням. kaldūne (з XIV ст.), ням. Kaldaunen ’ядомыя вантробы, трыбухі’, якое з с.-лац. caldūna, нар. лац. крыніца *caldumen ’цёплыя яшчэ вантробы забітых жывёл’, якое да лац. calidus ’цёплы’. Параўн. з шматлікай літаратуры Слаўскі, 2, 35; Махэк₂, 236. Бел. калдун ’страўнік’ (гарад., Сл. паўн.-зах.), калдун, калдуны ’галушкі з мясам’ у гаворках і на захадзе, і на ўсходзе, што ў большай меры нагадвае бел. інавацыю. Гом. калдун ’бульбянік’ — далейшае развіццё семантыкі беларускага слова.

Калду́н4 ’страўнік’ (гарад., Сл. паўн.-зах.). Іншыя фіксацыі адсутнічаюць, аднак не выключана, што слова ведаюць больш шырока. Паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыю запазычана з польск. перыферыйнага дыялекту, дзе kałdun ’страўнік, вантробы, бруха і да т. п.’ Пра этымалогію гл. падрабязней калдун3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)