Зано́за ’туга, жаль, сум’ (Нас.), ’прут для замацавання ярма; кіёк для замацавання века на кубле’, ’палачка для пляцення лапцей’, ’стрэмка’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. зано́за ’стрэмка’, раст., дан., кур., арл., паўд.-зах. ’частка ярма’, укр. зано́за ’кіёк для замацавання ярма’, польск. дыял. zanoza ’затычка ў ярме’, zanozka, zanoże ’тс’. Бязафіксны назоўнік ад дзеяслова zanoziti ’праткнуць, пракалоць’ са спецыялізацыяй значэнняў; Шанскі, 2, З, 50. Значэнне ’туга’ < ’тое, што баліць, трывожыць’ < ’стрэмка’. У za‑noz‑iti той жа корань, што ў нож, нізка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кабе́та ’сталая жанчына, звычайна замужняя’ (БРС, ТСБМ). У гаворках вядома на значнай тэрыторыі: ’маладзіца, сталая жанчына, замужняя жанчына і г. д.’ (Касп.; КЭС, лаг.; слуц., КЭС; Мядзв., Нас., Шат., Яруш.). Запазычанне з польск. мовы, гл. Слаўскі, 2, 301. У польск. мове слова вядома па тэкстах з XVI ст., аднак выключна з пейаратыўным значэннем. Што датычыць этымалогіі, то прымальнай версіі пакуль што няма. Падрабязны агляд версій пра магчымае запазычанне ў польск. мову і спробы вытлумачыць яго мясцовае паходжанне гл. у Слаўскага, 2, 300–303.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казлі́ць ’пець непрыемным, прарэзлівым голасам’ (Нас.). Празрыстае ўтварэнне ад казёл1, матывацыя таксама зразумелая. Дакладных адпаведнікаў няма, рус. козлить, козлиться ў значэнні ’весці сябе як казёл і інш.’ можна разглядаць як незалежныя ад бел.; аднак мадэль, па якой утвораны гэтыя лексемы, з’яўляецца, відаць, архаічнай. Бел. казліць можа захоўваць вельмі старажытную канструкцыю, якая ў выніку яе экспрэсіўнасці магла і змяняць структуру (клас дзеяслова) і спецыялізаваць значэнні. Рус. лексему, такім чынам, можна разглядаць як найбольш блізкую да архетыпу, хоць, зразумела, вельмі ўмоўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Салані́на ’свіное пасоленае сала’ (ТСБМ, ТС), ’свіное сала; салёная гавядзіна’ (Нас.), ’сала’ (ПЗБ, Бяльк., Сцяшк. МГ), ’тоўстае добра пасоленае свіное сала’ (Нар. сл.), ’сала, праслойкі мяса сярод сала’ (Нар. словатв.). Рус. солони́на ’пасоленае сала або салёная гавядзіна’, укр. солони́на ’свіное сала’, польск. słonina ’свіное сала’, чэш. slanina ’шпік, вэнджанае сала’, славац. slanina ’свіное сала’, серб.-харв. сла̀нина ’вэнджанае сала, шпік’, славен. slanína ’тс’, балг. слани́на ’тс’. Прасл. *solnina. Ад *soln‑ (гл. салоны) з суф. ‑ina, гл. SP, 1, 121; Махэк₂, 596.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сві́нтус ‘брудны, неахайны чалавек; няўдзячны чалавек’ (ТСБМ), сві́нту́х, свінтуха́йла ‘неахайны чалавек’ (Нас., Бяльк.), сві́нтух і свінту́х ‘тс’ (ТС). Рус. сви́нтус, сви́нтух ‘тс’, укр. сви́нтус, свинту́х ‘тс’, польск. świntuch ‘неахайны чалавек’. Паводле Зяленіна (РФВ, 54, 116), ад свіння (гл.) з лацінізаванай фіналлю ‑тус, што, зрэшты, не выключае першаснага ўтварэння на ‑ус, параўн. ду́рус ‘дурніла’, параўн. таксама абдзіртус, гл. Сцяцко, Афікс. наз., 65, 70. У свінтух славянскі суф. ‑тух (< *‑tuchъ), які ўтварае пеяратывы і аугментатывы; гл. Карскі 2–3, 30; Слаўскі, SP, 1, 74.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скума́ць ‘разумець, дагадвацца’ (Нас.); параўн. польск. skumać ‘вывучаць’, чэш. zkoumati ‘вывучаць, даследаваць’, славен. skumati ‘ціха, няясна выяўляць свае жаданні’, ‘мець падазрэнні на каго-небудзь’, укр. палес. скума́сни ‘нудны, паганы, страшны’ (Лысенка, ССП). З прасл. *sъkumati < ад і.-е. кораня *kou‑m‑ з s‑mobile (гл. Куркіна, Этимология–1971, 61 і наст.; Трубачоў, Труды, 1, 284). Роднасным лічыцца слав. čuti, čujǫ з зыходным і.-е. коранем *keu̯‑/*skeu̯‑ (гл. Махэк₂, 716; Бернекер, 1, 643). Не выключана сувязь з куме́каць ‘цяміць, кеміць, разбірацца, разумець’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скура́т1 ‘акравак скуры’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Касп., Гарэц., Др.-Падб., Янк., Сл. ПЗБ). Польск. skurat, рус. шкура́т ‘тс’. Да скура (гл.) з суф. ‑ат; гл. Карскі 2–3, 30; Фасмер, 4, 45.

Скура́т2 ‘кажан’ (слонім., лід., Арх. Федар.; воран., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.; гродз., докш., івян., воран., ЛА, 1), скура́ч ‘тс’ (свісл., Шатал.), шкура́т ‘тс’ (ганц., глус., мазыр., ЛА, 1). Да папярэдняга слова; відаць, арэальная інавацыя, параўн. літ. šikšnys ‘кажан’ < šikšna ‘скура’, аналагічна да кажан < кожа ‘скура’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слу́шны ‘разумны, абгрунтаваны; практычна карысны’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Варл., Байк. і Некр., Барад., Сл. ПЗБ), сюды ж ст.-бел. слушне ‘справядліва’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. слу́шний ‘належны, адпаведны, прыстойны’, польск. słuszny, в.-луж. słušny ‘справядлівы, уласцівы, належны’, н.-луж. słušny ‘належны’, чэш. slušný ‘прыстойны, добры’. Паўночнапрасл. *slušьnъ прыметнік ад прасл. *slušati ‘чуць’ (гл. слухаць), дыял. паўн. ‘быць прыналежным, належаць, служыць; стасавацца’; гл. яшчэ Махэк₂, 558 і наст.; Брукнер, 501 і наст. У беларускай і ва ўкраінскай з польскай; гл. ЕСУМ, 5, 311.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Со́нейка, со́няйко, со́ўнейко ‘божая кароўка, Coccinella’ (пін., карэліц., ЛА, 1; ТС). Да сонца (гл.). Шырока распаўсюджаная мадэль другаснай намінацыі ў розных мовах, што звязана з яркасцю афарбоўкі або міфалагічнымі ўяўленнямі («пасланец сонца»), параўн. укр. со́нечко, чэш. дыял. slunéčko, в.-луж. bože słónčko ‘тс’, для якіх выводзіцца праформа *sъlnьčьko з тыпалагічнымі паралелямі ням. Sonnenkälbchen, Sonnenkäfer і інш., параўн. Шывіц–Дулар, Traditiones, 26А, 67. Для беларускіх назваў праформа была б *sъlnьnьko (змены ъl > оў/о і nьk > йк). Параўн. со́нейко ‘сонца’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тсцёў, тсьця́ ‘цесцеў’, тсцёўскі ‘ўласцівы цесцю’, тсцёўшчына ‘спадчына пасля цесця’ (Нас., Гарэц.). Да цесць (гл.), якое з прасл. *tьstь ‘цесць’. Названыя беларускія формы ўзыходзяць да фанетычна і граматычна правільнай формы (ускосных склонаў, у прыватнасці Р. скл.) тсьці (í‑асновы) < прасл. *tьsti, якая падверглася ўплыву ‑jĭ‑асноў і набыла форму *tьstʼa ‘цесця’. У сучаснай беларускай мове парадыгма скланення выраўнялася паводле Н. скл. цесць, цесця і г. д. Не выключаны таксама ўплыў польскай мовы, параўн. ст.-польск. cieść, ćcia/cieścia ‘цесць’ (XV ст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)