якра́з,

1. прысл. У гэты час, у гэты момант. Тут якраз увайшоў у хату дзядзька Антось. С. Александровіч.

2. прысл. У поўнай адпаведнасці, дакладна, у самы раз. Кузня стаяла якраз насупраць бацькавай хаты. Каваленка. Порткі яго [Алега] прыйшліся палоннаму амаль якраз. Брыль. Уля памерала тады — лодачкі былі якраз па назе. Паўлаў.

3. прысл. Іменна, менавіта. Новыя доследы якраз больш цікавяць юных натуралістаў, заахвочваюць іх да працы. Дубоўка. [Багушэвіч] не проста малюе карціны сялянскага жыцця, а выбірае якраз тыя, дзе можна найлепей выявіць трагізм існавання сялянскага класа. Навуменка.

4. прысл. (у спалучэнні са словам «як»). Кропля ў кроплю. Сын — якраз як бацька. □ Зрабілася ад ліўняў і ад сонца [вушанка] Якраз як сівагракава крыло... Барадулін. Якраз як і ў аўтобусе Гуд зыбкі ў галаве. Смагаровіч.

5. у знач. вык. Як па мерцы, як на мяне (на яго, на яе). Аднойчы прымераў [світар]. Якраз на мае плечы. І ўзор наш, мой. Янкоўскі.

6. у знач. часціцы. Ужываецца для большай канкрэтызацыі, удакладнення асобы ці прадмета, для ўзмацнення якасці каго‑, чаго‑н. [Макар Белкін:] — Вось... Начальніка цэха Мышкоўскага можна крытыкнуць. Працуюць у яго там дрэнна, без аганьку. Якраз кандыдатура ў сатырычную газету. Шымук. Шмат год назад сказаў выдатна Маркс: Жыццё для чалавека — барацьба. Відаць, праблема першая якраз Перамагчы ў самім сабе раба. Семашкевіч. А Грышка тым часам бегаў каля ракі. Якраз па тым баку ішоў з вудамі рыбак. Колас. // Ужываецца для падкрэслівання і азначэння таго, што маецца на ўвазе; сапраўды, так, праўда. Анежка, якраз як дзіця, сарамліва апусціла вочы. Броўка. А Рыгор якраз падыходзіць да мясцовых умоў: селянін і гэткі верны сацыялізму. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на́ціск, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. націскаць — націснуць (у 1 знач.).

2. Моцны напор. У гушчары, на скрыжаванні торных Лясных дарог, — вышэй сваіх сяброў Узрос магутны граб. І непакорна Стаіць пад гулкім націскам вятроў. Кірэенка.

3. Рашучае, энергічнае дзеянне, імклівы папад на каго‑, што‑н. Перад будынкам суда.. сабраўся велізарны натоўп. Паліцэйскія ледзь стрымлівалі яго націск. Машара. Брыгада несла цяжкія страты пад націскам у дзесяць разоў мацнейшага праціўніка. Шамякін. // перан. Моцнае ўздзеянне на каго‑н. Над націскам аргументаў, якія прывёў падсудны Яўген Скурко, суд вымушаны быў апраўдаць яго. У. Калеснік.

4. Патаўшчэнне штрыха пры пісьме пяром. Пісаць з націскам.

5. Вылучэнне складу ў слове сілай голасу або павышэннем тону, а таксама значок над літарай, які паказвае яе вылучэнне. — Між іншым, — сказаў настаўнік, — мясцовыя людзі вымаўляюць назву нашага горада не «Лунінец», як гаворыце вы і наогул усе прыезджыя, а «Лунінец» з націскам на першым складзе. В. Вольскі. // Вылучэнне голасам слова ў размове для таго, каб падкрэсліць яго лагічную значнасць. Лагічны націск. □ [Кірыл:] — Цяпер я не злачынец, як мяне тут доўга лічылі. Цяпер я проста рабочы чалавек. Ён зрабіў націск на слове «рабочы». Кавалёў.

6. перан. Вылучэнне чаго‑н. у якасці асноўнага. [Дзімін:] — Нам на культуру і эканамічнасць вытворчасці націск рабіць ужо трэба... Карпаў. Ніхто не будзе распытваць, колькі там было таго зерня. Юхневіч згнаіў збожжа. Вось на чым зробяць націск, вось пра што будуць казаць. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

*Самі́нец, сомі́нец ’кароткае бервяно паміж вокнамі’ (ТС; стол., Нар. сл.), самі́ца ’тс’ (ТС), самі́нка ’сценка паміж вакон’ (КСТ), рус. дыял. сомцы́ ’працяг зруба з бярвенняў, якое завяршаецца трохвугольным выступам’, саме́ц, сомо́к ’вохлуп’, самцы́ ’кароткія бярвенні’, укр. карп. саме́ць, мн. л. сімці́ ’бервяно ў сцяне хаты, якое толькі адным канцом звязана ў замок, а другім упіраецца ў вушакі’, польск. дыял. sumiec ’бервяно, якое ўсунута сваім абсклюдаваным канцом у паз’, sonik, sunik, sumik, sulnik ’кароткае бервяно паміж вокнамі’, sowiniec ’жэрдкі над токам у гумне, вышкі’, чэш. дыял. somík ’вушак’, somínec ’кол у плоце’, slumík ’столбік у плоце’, sumík ’вертыкальная драўляная рама’, somica, somík ’бервяно паміж вокнамі’, славац. sôm ’вушак’, somík ’тс’, ’папярочная планка ў грабель, матавіла і г. д.’, серб.-харв. somić, sȍmić ’дзірка для дыму ў форме роўнастаронняга трохвугольніка, якая выходзіць на два бакі даху’, ’франтон’, славен. somik ’жолаб, паз на сцяне’. Этымалогія спрэчная. Фасмер (3, 716) першапачатковай лічыць форму сомок (сомец, сомцы — другасная) і выводзіць яе з *sъ‑mъk‑ (гл. мкаць, мкнуцца), але прыводзіць толькі рускі і ўкраінскі матэрыял. Махэк₂ (566) з улікам славацкай формы ўзнаўляе прасл. *somъ, *somьcь і ў якасці адпаведнікаў указвае на ст.-інд. śamyā ’палка, затычка, цвік’, авесц. sima ’частка вупражы возу, магчыма, драўляная частка, якая абхоплівае шыю каня’, арм. samikʼ мн. л. ’дзве драўляныя часткі ярма’, грэч. κάμαζ ’жэрдка, кол’, с.-в.-ням. hamel ’жэрдка’, дац., шв. hammel, нарв. дыял. hamul ’папярочная перакладзіна перад возам’. Няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пера- — прыстаўка дзеясловаў і іх вытворных з шырокай семантыкай (накіраванасць, паўтарэнне, паслядоўнасць, дасягненне выніку дзеяння і пад.): пераслаць, перабіць, перакласці, перачакаць і г. д. (ТСБМ). У якасці дзеяслоўнай прыстаўкі (якая з прасл. *per‑) пашырана ў адпаведных формах (> prě‑/pre‑/pere‑) па ўсёй слав. тэрыторыі ў асноўным значэнні ’праз’. У асобных дыялектах (мовах) ужываецца ў значэнні ’перад’: ст.-слав. прѣдѣдъ ’продак’, макед. предедо, пребаба, ст.-чэш. přiemluva ’уступ’, славац. priedomie ’дворык перад хатай, домам’. Шырока прадстаўленыя і іншыя значэнні дзеяслоўнай прыстаўкі: ’на другі бок’, ’перарваць’, ’перашкаджаць’, ’зрабіць нанава, зноў’ і інш. У назоўнікаў гэтая прыстаўка свайго значэння не мае. У прыметнікаў і прыслоўяў выступае ва ўзмацняльнай функцыі: ст.-слав. прѣбогатъ ’вельмі багаты’, прѣвеликъ ’вельмі вялікі’ і мае найбольш дакладныя і.-е. паралелі: літ. per‑dìdelis альбо per dìdelis ’тс’, permãžas ’вельмі малы’, лац. peramārus ’вельмі горкі, жудасны’, per‑bene ’вельмі добра, цудоўна’, ст.-грэч. (часціца) περ ’вельмі’, πέρι і περί ’тс’ (περικαλλής ’цудоўны’), ст.-інд. pari‑prī ’вельмі мілы’. У асноўным значэнні ’праз’ прасл. прэфіксу *per адпавядаюць: літ. per‑, дыял. par‑, лат. pār‑, авест. pairi, гальск. eri (ст.-ірл. ’з, для, з-за’), гоц. faír‑ (ням. ver‑), алб. për. Прыстаўка per‑ узыходзіць да прыназоўніка *per, які разам з *pro і *pri ўваходзіць у і.-е. групу прыназоўнікаў *p‑r‑, развіццё якіх паралельнае ў і.-е. мовах: гоц. faír‑/faúr/fra‑ адпавядае ст.-грэч. περί, παρά, πρό, ст.-інд. pári, purā, prā‑, авест. pairi, para‑, fra‑, лац. per, per‑ (por‑), pro, ст.-ірл. er‑ і ro‑. У аснове ўсіх іх ляжыць значэнне ’праніканне праз што-небудзь’ і ’да чаго-небудзь’ ці ’каля чаго-небудзь’ (Вальдэ-Гофман, 2, 283; Мее, Études, 155; Фасмер, 3, 236; ESSJ, 1, 162–169).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пуд 1 ’мера вагі (16 кг)’, (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Варл., Бяльк., Мат. Гом.), ст.-бел. пудъ ’адна з асноўных адзінак меры і вагі ў ВКЛ, звычайна мёду, воску, радзей інш. (ад 15 да 18,7 кг)’ (Ст.-бел. лексікон), у дамове смаленскага князя з Рыгай 1229 г. слова мела агульнае значэнне ’вага’, ’вагавы эталон’ (Скурат, Меры, 113), пра што сведчыць прыметнік пудъный: А соль весите пудънымъ ременемъ по старому закону (дамова Полацка з Рыгай 1405 г.); сюды ж вытворнае пудовня ’адзінка вымярэння сыпкіх рэчываў, роўная пуду’ (Нас. гіст.), ’мерка, у якую змяшчаўся пуд пэўнага рэчыва’, адзначанае і ў сучасных народных гаворках: пудо́ўня ’пуд’ (Ян.), а таксама пудо́вік, пудаві́к ’тс’ (Мат. Гом.), пу́дзіць ’купляць пудамі што-небудзь; купляць на вагу’ (Нас.); укр. пуд, рус. пуд. Запазычана са ст.-нардыйск. pund ’фунт’, параўн. ст.-ісл. pund ’тс’, продкамі ўсходніх славян у праформе *pǫd‑ > пудъ (Векслер, Hist., 104). Крыніцай агульнагерманскага слова з’яўляецца аблатыўная форма лац. pondo, выдзеленая са спалучэння libra pondo ’вагой у адну лібру’, якая ўжывалася як нескланяемы назоўнік у якасці сіноніма да libra. У адпаведнасці з рэгулярнымі фанетычнымі зменамі зыходнае слова было перааформлена ў ст.-в.-ням. pfunt, якое з XIV ст. у форме фунт (гл.) замацавалася ў славянскіх мовах.

Пуд 2 ’страх, сполах, ляк’ (ТСБМ; Гарэц.; Шат., брасл., віл., ст.-дар., круп., Сл. ПЗБ; Бяльк.; петрык., светлаг., калінк., Мат. Гом.; ТС, Маш., Шн. 2; капыл., Жыв. сл.; докш., Янк. Мат.), ’сполах жывёл’ (Варл.), укр. пуд ’страх’, польск. pęd ’рух, імкненне’ > бел. пэнд (гл.), чэш. pud ’інстынкт’. Самастойныя ўтварэнні ў кожнай са славянскіх моў ад прасл. *pǫditi ’гнаць, прыспяшаць’, ці, паводле Когена (Запіскі, 2, 239), ’піхаць, цясніць’, гл. пудзіць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ра́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

1. што, з інф. і без дап. Даваць якую‑н. раду (у 1 знач.); прапанаваць паступіць пэўным чынам; раіць. — Адтуль, адтуль заходзь — там самая рыба ходзіць — радзіць дзед. Лынькоў. Маякоўскі па-сяброўску радзіў не збываць адразу верша з рук: напісаў — замкні яго ў шуфлядзе, як адлежыцца, — судзі, здавай у друк. Таўлай. — А я табе раджу, Пракопавіч, усё ж такі пачытаць крыху агранамічнай літаратуры. Пестрак.

2. каго-што. Прапанаваць каго‑, што‑н. у якасці каго‑, чаго‑н. Народная медыцына радзіць палын як сродак ад .. болю пасля ўкусаў крапівы. Дубоўка.

3. Меркаваць, раіцца паміж сабой. Каля платоў сядалі мужыкі. Да ночы там шушукаліся, радзілі. Чэрня.

•••

Раду радзіць — радзіцца, раіцца.

радзі́ць, раджу́, ро́дзіш, родзіць; зак. і незак.

1. каго-што. Тое, што і нарадзіць (нараджаць). Там яе [Марыну] маці радзіла ў хаціне вясковай. Куляшоў. Чаруе рэчачка хлапчынку І родзіць мыслі ў галаве. Колас.

2. незак. Даваць ураджай, быць урадлівай (пра глебу, зямлю). У наваколлі тутэйшых трох вёсак зямля была вельмі няроўная. Дзе вышэй — радзіла добра, дзе ніжэй к балоту — усё ўшчэнт вымакала. Чорны. Спустошаная за гэтыя [ваенныя] гады глеба не хацела радзіць. Шахавец. / у безас. ужыв. — Эх, каб у нас усюды так радзіла, як родзіць у Плоскім!.. Ракітны. // Расці; даваць плады (пра расліны). Поле неблагое, на ім родзяць добрыя ільны. Сабаленка. На бугрыне радзілі чарніцы і падасінавікі, лісіцы ўсцілалі мох. Пташнікаў. — Тут сад вымак, і што ні рабі, то малады не вырасце, а калі і вырасце, то радзіць не будзе. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Плыт 1 плут ’бярвенне, звязанае ў адзін або некалькі радоў для сплаву па вадзе’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Яруш., Маш., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, Серб., Сцяшк. МГ, жытк., Мат. Гом.; ашм., Стан.), укр. плит, пліт, рус. плот, стараж.-рус. плътъ, ст.-чэш. plet, польск. płet, płyt. Паўн.-прасл. *plъtъ, роднаснае лат. pluts ’плыт, паром’, ст.-інд. plutáṣ ’абмыты’, ’які плыве’, ст.-грэч. πλυτός ’мыты’; н.-ням. floss ’плыт’ < і.-е. *plu‑t‑o‑s < *pleu̯‑ ’плыць’ (Фасмер, 3, 285; Банькоўскі, 2, 623). Бяднарчук (JP, 64, 1–2, 26) разглядае формы плыт/płyt у якасці польска-беларускай інавацыі дагістарычнай эпохі (чаргаванне ŭ/ū), аднак першаснай усё ж была форма *plъtъ, а форма *plytъ узнікла пад уплывам асновы цяп. ч. *plynǫti, плы́нуць. Мартэнаў (Лекс. взаим., 100–102) з адноснай надзейнасцю выводзіць прасл. plъtъ з прагерм. flut‑. Сюды ж плытаць, плы́ціць ’вязаць у плыт’ (Нас.; паст., в.-дзв., Сл. ПЗБ), плытагоніць ’ганяць плыты’ (рагач., Сл. ПЗБ), плы́тнік ’плытагон’ (Нас.; Яруш., Гарэц.; Шат.; Сцяшк. МГ; іўеў., Сл. ПЗБ; б.-каш., маст., віл., бераз., рагач., Нар. лекс.; ашм., Стан.), плыта́р ’тс’ (Сл. Брэс.), плытагон (барыс., рэч., Нар. лекс.), плытагоншчык (віл., тамсама); плы́тніцкі (хлеб) ’тоўсты кавалак (хлеба)’ (Шатал.).

Плыт 2, плытюга́ ’рэдка звязаны світэр’ (драг., Жыв. НС). Да плот 1 — у выніку пераносу значэння паводле падабенства.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Стубла, сту́бло ‘невялікая ўпадзіна на балоце, дзе летам не высыхае вада’ (івац., Нар. сл.)’ ‘бяздонная яма ў балоце’ (івац., ЖНС), ‘вялікая гразь у час разводдзя’ (стаўб., Сл. ПЗБ), ‘невялікі вадаём’ (Сл. Брэс.; івац., ЛА, 2), ‘тоўстая кабета’ (стол., Вярэніч, вусн. паведамл.). Фасмер (3, 786) прыводзіць яшчэ гідронімы Стубель ‘левы прыток Гарыні’, Сту́бла ‘правы прыток Стыра’; гл. таксама мікратапонім Сту́бло ‘вадапой на балоце’ (пін., Мікратапанімія Бел., 229). Укр. сту́бла звязана з серб.-ц.-слав. стубль ‘крыніца’, чэш. zbel, таксама zbelík, ст.-чэш. stbel ‘крыніца, калодзеж’, серб.-харв. сту́блина ‘калода, выдзеўбанае дрэва’, славен. stúblo ‘трубка з суцэльнага ствала дрэва’, балг. сту́бел ‘пустое дрэва, зруб калодзежа’, дыял. сту́бла ‘крыніца, вада з якой выцякае праз ствол згніўшага дрэва’, ‘выдзяўбаная калода ў крыніцы ў якасці рэзервуара’. Махэк₂ (712) першасную форму ўзнаўляе прыблізна як *stъbъlъ і *stubъlъ і роднасным лічыць ням. Stubbe ‘пень’; ён заўважае, што ў старыя часы калодзежы рабіліся так, што ў крыніцу ўстаўлялі выдзеўбаны, добра насычаны смалою пень, у якога адразалі карані. Фасмер (3, 786) першасным значэннем лічыць ‘зруб калодзежа, карыта’ і роднасныя бачыць у ст.-ісл. stubbr ‘ствол дрэва’, stubbi ‘пень’, с.-в.-ням. stubbe ‘пень’, грэч. στύφω ‘раблю трывалым’. Гл. таксама Кіпарскі, Gemeinslav., 40; Будзішэўска, ЕЛ, 33, 6, 112–114; Скок, 3, 351–352; ЕСУМ, 5, 456.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

палічы́ць, ‑лічу, ‑лічыш, ‑лічыць; зак.

1. каго-што. Зрабіць падлік; злічыць. Дзяўчына адчыніла чорны бліскучы радыкюльчык, дастала з яго маркі, палічыла, аддала Косціку. Арабей.

2. Прыйсці да якой‑н. думкі аб чым‑н.; вырашыць. Аставацца тут на прывале Букрэй палічыў небяспечным. Колас. Усе палічылі, што Нічыпар проста змарыўся. Асіпенка. // што. Расцаніць, успрыняць якім‑н. чынам. Мікіта не заўважыў іранічнага тону і палічыў бацькаў адказ за добры знак. Колас. // за каго-што. Прыняць каго‑н. за каго‑н. іншага, за што‑н. іншае. — Я зацікавіўся Бабровым пасля таго, як мяне аднойчы палічылі за яго. Гамолка. // кім, за каго. Уявіць сябе або каго‑н. у якой‑н. ролі, якасці. [Ланге:] Ты палічыў сябе кіраўніком і вырашыў, што толькі тваё жыццё — жыццё, а таварышаў... Маўзон.

3. каго-што і без дап. Лічыць некаторы час. Палічыць на лічыльніках.

•••

Палічыць рэбры — пабіць, збіць каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кро́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

1. Метка, след ад уколу ці дакранання чым‑н. вострым (кончыкам карандаша, іголкі, пяра і пад.); маленькая круглая плямка, крапінка. Вось тут танюткі ланцужок Лёг так прыгожа на сняжок — То пара кропак, то дзве рыскі. Колас. Некалькі кропак рабаціння было на яго твары. Чорны. // перан. Пра што‑н. вельмі маленькае, ледзь прыметнае. З-за павароткі паказаліся дзве бледныя ў ранішнім змроку кропкі ліхтароў. Лынькоў. Яшчэ хвіліна, і шустаўцы ўбачылі, як над Сакалінай ад самалётаў аддзяліліся кропкі парашутыстаў і рынуліся ўніз. Шчарбатаў.

2. Знак прыпынку (.), які аддзяляе сказы, а таксама знак, які ўжываецца для абазначэння скарочанага напісання слова, напрыклад: г. зн., гл. і пад. Паставіць кропку ў канцы сказа.

3. Графічны значок (.) у тэлеграфным кодзе, на картах і планах, у матэматыцы, у нотным пісьме і пад. у якасці ўмоўнага абазначэння чаго‑н. Свішча рацыя таропка. На балонках рад у рад — І працяжнікі і кропкі: Баявы ідзе загад. Панчанка.

4. Месца, пункт у сістэме, сетцы якіх‑н. пунктаў, дзе размешчана што‑н. Гандлёвая кропка. Асвятляльная кропка. Кулямётная кропка.

5. у знач. вык. Разм. Усё, досыць, канец. — Калі вы яшчэ раз прывалачаце сюды кошыкі, я паклічу міліцыю. Так і ведайце. Досыць! Кропка! Корбан.

•••

Агнявая кропка — кулямёт, мінамёт, артылерыйская гармата, размешчаныя на агнявой пазіцыі.

Кропка з коскай — знак прыпынку (;), які ставіцца ў складаным або ў простым развітым сказе для раздзялення адносна самастойных яго частак.

Біць у (адну) кропку гл. біць.

Папасці ў (самую) кропку гл. папасці.

Ставіць (паставіць) кропку гл. ставіць.

Ставіць (паставіць) кропкі (кропку) над «і» гл. ставіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)