Пры́сак1 ’гарачы, распалены попел з вугольчыкамі’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Пал., Касп., Шат., Бір. Дзярж., Сцяшк., Стан.; шальч., лях., ст.-дар., Сл. ПЗБ), прыск ’тс’ (Гарэц.; маладз., Янк. 1), пруск, прі́сок ’тс’ (Маш.), пры́сак ’тс’ (Клім.; пін., Сл. ПЗБ; ТС), прысак ’гарачы, распалены (на агні) пясок’ (Др.-Падб.), пры́сак ’попел’: сей жыта ў прысак, авёс у гразь, то будзеш князь (Янк. БП), ’прах, зямля’: скорей мне прыском вочы засыплюць, покуль я гета забуду (Нас.), прысо́к ’месца на прыпечку, куды змятаецца жар’; ’гарачы, распалены попел з вугольчыкамі’; ’попел’; ’прах, пыл’ (Ласт.), прыс́ык ’гарачы попел’; ’перапалены пясок’ (Бяльк.), з іншым суфіксальным афармленнем пры́сіць, пры́снік ’попел’, пры́сець ’попел; пыл’, пры́сінка ’пылінка’ (Ласт.), таксама ўсечанае прыс ’прысак, гарачы попел’ (ТС, ПСл). Рус. смал., бранск. при́сак, пры́сок ’гарачы попел’, бранск. при́сык ’тс’, прыск ’дробныя вугольчыкі, ад якіх яшчэ ідзе жар’; укр. при́сок ’гарачы попел з агнём’, польск. prysk ’гарачы попел; распалены на (сонцы) пясок’, палаб. prüstʼau ’попел, жар’. Нульсуфіксальны дэрыват ад *pryskati, гл. пры́скаць (Брукнер, 440; Трубачоў, Этимология–1968, 62). У формах тыпу пры́сак, пры́сок і да т. п. устаўная галосная на месцы збегу зычных або ўплыў суфіксальных дэрыватаў на ‑ак, ‑ок і г. д. Паўночнаславянская семантычная інавацыя. Гл. яшчэ прыск.

Пры́сак2 ’пясчаны ўзгорак’ (бяроз., Сл. ПЗБ). Да папярэдняга. Семантычны пераход: ’(распалены) пясок’ → ’пясок’ → ’пясчаны ўзгорак’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Пу́ця1, дзіц. пу́тя ’курыца’ (Клім.), пу́тачка ’курачка’ (барыс., LKK, 17, 187), пу́ценькі ’кураняткі’ (Сцяц.), в.-луж., н.-луж. дзіц. puta ’курыца’, польск. вілен. putʼa ’курыца’, славен. pùta ’тс’. Паводле Турскай (Powstanie, 106), польскае слова ўтворана ад выгуку puť‑puť, якім клічуць курэй, тое ж датычыць беларускага (гл. пуць-пуць), лужыцкага і славенскага слоў (ад put‑put), гл. Шустар-Шэўц, 2, 1194; Сной, 517. Грынавяцкене і інш. (LKK, 17, 187) выводзіць пу́тачка з літ. putùtė ’курачка’, што сумнеўна.

*Пу́ця2, пу́тя ’cunnus’ (драг., БЛ, 17, 67), польск. сейн. putʼa, putʼka ’pudmen muliebre’, дыял. puta, putka ’penis; cunnus’. Меркаванне пра балтыйскае паходжанне, параўн. літ. pùtė ’pudmen muliebre’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 83; Лучыц-Федарэц, БЛ, 17, 67), якое грунтуецца на фармальным атаясамліванні пу́ця1 і пуця2, недастаткова абгрунтаванае, бо табуізаванне назваў геніталій праз назвы хатніх птушак вядомае значна шырэй, параўн. ку́рыца2, пятух (гл.), балг. кур ’penis’, пу́тка ’cunnus’ і пад.; спасылка на вакалізм пачатку слова pu‑, прысутны ў літ. putýtis ’птушка’, лат. putns ’тс’ пры прасл. *pъta (Лучыц-Федарэц, там жа), не пераконвае, бо ў аснове назвы пуця1 ляжыць гукаперайманне; палаталізаваны варыянт канца слова характэрны для т. зв. дзіцячых слоў, параўн. ко́ця ад кот, ву́ця ад вутка і пад. Да пуця1 ў выніку табуізацыі ці эўфемізацыі зыходнай назвы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свіну́ха1 ‘баркун белы, Melilotus albus Desr.’ (Кіс., Мат. Гом.), ‘драсён птушыны, Polygonum aviculare L.’ (Кіс.), свінну́ха ‘сівец, Nardus stricta L.’ (Касп., Сл. ПЗБ, Шатал., Нар. лекс., ЛА, 1), свінну́х ‘рыжая трава, якая расце на ўзгорках’ (Мат. Маг.), свіну́х ‘сена з сухадольнай сенажаці’ (клім., ЛА, 2), свіне́ц ‘нейкая трава’ (ТС), сві́нская трава́ ‘расліна спарыш’ (Сл. ПЗБ). Рус. свіну́ха ‘драсён, Polygonum arenarium Wald.’, свіна́я трава́ ‘драсён птушыны’, польск. świńska trawa ‘тс’. Ад асновы свін‑ (гл. свіны); семантычная сувязь можа быць дваякай: або трава выкарыстоўваецца на корм свінням, або з-за яе шорсткасці, што прыпамінае свіную шчаціну, параўн. народную назву сіўца — чортава барада (Кіс.).

Свіну́ха2 ‘грыб сямейства свінухавых з пласціністай шапкай жоўтага, бурага, лілова-шэрага колеру; свінарка, свінушка’ (ТСБМ, Нар. словатв., Мат. Гом.), свіні́цы ‘тс’ (ТС), сюды ж свіна́ркі, сві́нкі, сві́нні (Мат. Гом.), сві́нкі (Нік., Оч., Мат. Маг.), сві́нка (Нар. словатв.), свіну́шка ‘падгруздак’ (Сл. ПЗБ), сві́ня ‘падгруздак белы’ (Нар. словатв.), а таксама сівая свіння, чорная свіння, свінскі грыб ‘грыбы Russula nigricans Fr., adusta Fr.’ (Сярж.–Яшк.). Рус. свину́х, свину́ха, свину́шка ‘свінуха’. Ад свіны (гл.) з рознымі суф. або перанос з назвы жывёліны; гл. Мяркулава, Очерки, 154, 157. Семантычная матывацыя можа быць шматаспектнай: па падабенстве (з лычом свінні) або з-за малаўжывальнасці грыба.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́ска1 ‘трэска’ (Нас., Некр. і Байк., ТС), труска́ ‘акаліна’ (пух., Сл. ПЗБ), ст.-бел. труска ‘адзінка вымярэння колькасці хмелю’ (Ст.-бел. лексікон), ‘вязанка, пучок’ (ГСБМ), ‘друзачка, трэска’: лукъ в​s трꙋскы зломи​т (XVI ст., Карскі 2-3, 424); сюды ж тру́сачка ‘парушынка’ (Ласт.), трушчы́на ‘гушча, што застаецца на дне (напр., у квасе)’ (Нас., Растарг.), ‘што-небудзь кіслае, салёнае і горкае’ (Растарг.), трушчы́нка ‘жамерыны, макуха ад выціснутага соку, малака ці дробнага насення’ (Нас.), трушчы́ны ‘вашчыны’ (там жа). Параўн. рус. труска́ ‘мякіна, труха’, в.-луж. truska ‘металічнае пілавінне’, ‘кавалак шлаку’, чэш. trůska, struska ‘акаліна’, ст.-чэш. tróska ‘адходы пры апрацоўцы металу’, славац. troska ‘тс’, ‘шлак’, славен. trôl1ska ‘жамерыны’, ‘шлак’, ‘акаліна’, серб. тро̏ска, тру̏ска, харв. trȍska, trȕska ‘акаліна, га́раль на метале’, балг. тру́ска ‘асколкі пры каванні’. Прасл. trǫska ‘асколак, трэска’ (Сной₂, 787), якое ад дзеяслова *truskati < treskati (Махэк₂, 652–653) з далейшай семантыкай ‘разбурацца, распадацца’ (Куркіна, Этимология–1994–1996, 50), параўн. трусіць, трушчыць, гл. Сной₂ (там жа) дапускае асіміляцыю са звонкага варыянта *drǫska, роднаснага літ. drum̃stas ‘мутны’; магчыма, літ. druskà ‘соль’, параўн. смал. аргат. тру́ска ‘тс’, з больш раннім значэннем у лат. druska ‘крышка, крыха’ (Анікін, Опыт, 289), параўн. тру́сачка ‘драбок, шчопаць’: дай трусочки соли (Нас.).

Тру́ска2 ‘ператрус, вобыск’ (Клім.; Горбач, Зах.-пол. гов.). Гл. трус3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ле́тнік1 ’дарога (праз балота), па якой ездзяць летам’ (рагач., Сл. паўн.-зах.; чэрв., Жд. 2, Янк. I; докш., Янк. Мат.; гом., ветк., Мат. Гом.), драг. лі́тнык (Клім.), лятнік, лятняк (Нар. АЛА Гом.). Укр. канатопск. літня́к ’тс’. Рус. паўн., сіб. ле́тник, летня́к ’летняя дарога (на беразе ракі)’. Утворана ад летні (магчыма, ад lětnьjь pǫtь). Суфікс ‑ік‑ — як у зімнік. Да ле́та (гл.). Сюды ж летнікавая дарога ’тс’ (рагач., Сл. паўн.-зах.).

Ле́тнік2, літнык ’саматканая спадніца з шэрсці’ (Сіг.; нараўл., Мат. Гом.), ’зімовая шарсцяная спадніца’ (Тарн.; брэсц., Малч.), ’андарак’ (лельч., нараўл., ДАБМ). Укр. паўн. літник ’тс’. Да ле́та (гл.). Семантычна звязваецца з семай ’на гады, не на адзін год’, або ’для летніх, г. зн. для немаладых жанчын’.

Ле́тнік3 ’пінжак’ (гарад., чыж., Сл. паўн.-зах.), ’летні пінжак’ (Мат. Гом., ТС, Ян.), ’летняя лёгкая жаночая вопратка без падкладкі’ (чэрв., Жд. 2, Янк. I). Укр. літни́к, літня́чка, рус. вяц., паўн., смал. летник ’тс’, ст.-рус. лѣтьникъ ’лёгкае жаночае адзенне’, польск. letnik, letniczek, в.-луж. lětnik ’летняе паліто’, славац. letník ’летняя сукенка’. Прасл. lět‑ьn‑ikъ < lět‑ьnъ. Да ле́та (гл.).

Ле́тнік4 ’летняе стойла’ (Ян.). Да ле́та (гл.). Утворана, як і даржнік, дзяннік, пастаўнік ’тс’.

Ле́тнік5 ’цвёрды дуб, Quercus robur L.’ (гродз., Кіс.). Утворана ад ле́та ’год’ > ’шматгадовы дуб’.

Ле́тнік6 ’пералетаваныя дровы’ (ТС). Да ле́та (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́дзіць ’палохаць, спуджваць, прымушаць бегчы’ (Нас.), ’страшыць, палохаць’ (Гарэц., Яруш., Шпіл., Шат., Янк. 2, ТСБМ), pudzić ’страшыць жывёлу’ (Варл.), пу́дыты ’гнаць, разганяць, распуджваць; рэзаць (размашыста)’ (Клім.), пу́дзіцца ’палохацца, імчацца ад перапалоху’ (Нас.), пу́дзіцца ’палохацца, баяцца (пераважна пра жывёлу)’ (Гарэц., Яруш., Мал., ТС); укр. пу́дити ’гнаць’, рус. пу́дить ’палохаць, гнаць’, польск. pędzić ’гнаць’, чэш. puditi ’пабуджаць, падбухторваць’, славац. pudiť ’гнаць’, славен. poditi, серб.-харв. púditi, балг. пъ́дя, макед. пади, ст.-слав. пѫдити ’тс’. Прасл. *pǫditi параўноўваюць з грэч. σπευδω ’спяшацца, старацца; падганяць, прыспешваць’, літ. spáusti, spáudýti ’цясніць, гнясці’, spándyti ’нацягваць’ і інш. Коген (Запіскі, 2, 239), следам за Петарсанам (Vergl., 32), узводзіць названыя формы да і.-е. *(s)peud‑ (з “s mobile”), пры гэтым бел. пудзіць, укр. пудити і пад. адлюстроўваюць, паводле яго, ніжэйшую ступень кораня *speud‑, менавіта, *(s)pud‑ з інфіксам ‑n‑, што дазваляе вытлумачыць фанетычную неадпаведнасць некаторых формаў (насавы галосны ў польскай і славенскай пры чакаемым u), якую Махэк₂ (467) звязвае з экспрэсіўным узмацненнем. Далейшая сувязь з пяць, пну (гл.), пу́та і інш. (параўн. Скок, 3, 68; Сной, 459) здаецца праблематычнай перш за ўсё з семантычнага боку, аднак фармальна мажлівай пры ўзвядзенні да і.-е. *(s)pen‑d < *(s)pen‑ ’цягнуць, расцягваць’ (Глухак, 511). Яшчэ менш пэўная сувязь з пя́дзя (гл.) пры ўзвядзенні да і.-е. *pondh‑/*pendh‑, параўн. лац. pendēre ’вісець’ (Банькоўскі, 2, 537 і інш.). Гл. таксама Фасмер, 3, 402; ЕСУМ, 4, 627.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свірэ́па1, свірэ́пка ‘пустазелле, палявая шматгадовая расліна сямейства крыжакветных з жоўтымі кветкамі, часцей за ўсё Barbarea vulgaris R. Br.’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк., ЛА, 1; Пятк. 1, ПСл, Растарг., Кіс.), свярэ́па ‘тс’ (Сл. ПЗБ), свырі́па ‘тс’ (Клім.), свіро́па ‘тс’ (ТС; ПСл; мазыр., Жыв. сл.), ‘рэдзька палявая, Raphanus raphanistrum L.’ (Кіс., Касп., Дэмб. 1), ‘гарчыца палявая, Brassica napus arvensis L.’ (Бейл.), свырі́па ‘варыва з лебяды’ (кобр., Нар. лекс.), свіры́па ‘старасцень, Senecio erucifolius L.’ (Меер Крыч.), свірэ́піца ‘пустазелле’ (Гарэц., Сл. ПЗБ). Рус. свире́па, свире́пка ‘абагульняючая назва цэлай групы крыжакветных раслін’, укр. свирі́па, польск. świerzop, świerzopa ‘тс’, чэш. svěřep, ‑a ‘пустазелле рода Branus i Fectuca і пад.’, серб.-харв. sverepek ‘расліны рода Fectuca, Aegilops’. Прасл. *svěrepъ/‑a ‘пустазелле’, субстантываваная форма прым. *sverěpъ ‘люты’, ‘дзікі, палявы’ (Мяркулава, Очерки, 75–78; Новое в рус. этим., 229); гл. свірэпы.

Свірэ́па2, ст.-бел. свирепа, сверепа ‘кабыла’ (Ст.-бел. лексікон), сюды ж свирепий ‘конскі’, свирепье стадо ‘табун’ (там жа). З ст.-польск. świerzepa ‘кабыла’ (Булыка, Лекс. запазыч., 143), што звязваюць з наступным словам (Фасмер, 3, 580). Зрэшты, запазычанне магло быць і ў адваротным кірунку, параўн. свірэп ‘неаб’езджаная кабыла’ са «Слоўніка менш зразумелых беларускіх слоў» В. Каратынскага (гл. Мальдзіс, І ажываюць спадчыны старонкі, Мн., 1994, 71). Паводле Мацкевіч і Грынавяцкене (ЖНС, 212), слова з першасным значэннем ‘маладая неаб’езджаная жаробка’ супрацьпастаўлялася кабыле і клячы як аб’езджаным і рабочым жывёлінам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тра́пка ’ануча’ (Мат. Гом., ТС, Ян.; смарг., лудз., Сл. ПЗБ; рас., ЛА, 5), ’завязка (ад фартука)’ (Ян., Мат. Гом.), ’ануча, якой бяруць гаршкі і чыгуны’ (усх.-бел., ЛА, 4), ’губка для высякання агню’ (астрав., брэсц., там жа), ’ручнік для посуду’ (докш., там жа), тря́пка ’тс’ (Клім., там жа), трапкі́ ’ніцяныя канцы ў ручніку’ (Бяльк.), тра́пичка ’скурат, вузкая палоска аўчыны, якая служыць пракладкай для сшывання аўчын’ (Ян.), сюды ж трапка́ценькі ’растрапаны, растапыраны ў розныя бакі’ (гарад., Сл. ПЗБ). Укр. тря́пка ’ануча’, ’вехцік’, ’рыззё’, стра́пки ’лахманы’, рус. тря́пка ’ануча’, тря́пка ’махры’, дыял. (паўн.) трепки́ ’анучы, старызна, лахманы’, стараж.-рус. тряпъка, польск. strzepa, strzępki ’махры’, ’абрыўкі’, ’анучы, лахманы’, strząpie ’абрэзкі, акраўкі, скураты’, strzępić się ’абтрэпвацца’, strzępić ’размачальваць, раскудзельваць’, н.-луж. tśepliś ’тс’, tśumpliś se ’растрэпвацца’, tśepjel ’пэндзаль’, чэш. střepiti ’тс’, střep ’старызна, хлам’, střapec, třapec ’махры’, ’пэндзаль’, střapatý ’калматы, кудлаты’, třepit ’калмаціць’, славац. strap ’шкумат, пасма’, strapec, strapce ’махры’, ’акраўкі, рыззё’, ’гронка вінаграду’, ’мяцёлка (від суквецця раслін)’, балг. тре́пки ’вейкі; упрыгожанне з вісячых дробных манетак’. Мяркуецца, што назалізацыя тут экспрэсіўная, а варыянтнасць пачатку слова звязана з т. зв. рухомым s‑; параўноўваюць з трапа́ць1, гл. (Фасмер, 4, 113; Чарных, 2, 267–268; Абаеў, Зб. Баркоўскаму, 12; Новое в рус. этим., 240–241; ЕСУМ, 5, 664). Дапускаецца роднаснасць са ст.-грэч. ρῶπος ’дробязь; цацка, бразготка’ і выводзіцца прасл. *strapъ (Махэк₂, 585). Гл. таксама страпкі, стрэпкі і наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тыц — выклічнік, выражае раптоўнае дзеянне, нечаканую з’яву, сустрэчу (Нас., Пятк. 2, Сержп. Прык., ТС; даўг., іўеў., астрав., шальч., Сл. ПЗБ; мсцісл., Нар. лекс.): а ім у варотах тыц — Дыдона («Энеіда навыварат»), тыц! стаў конь, наравіцца! (Ф. Багушэвіч), ‘дотык’: вады на тыц рукі; тры разы тыц рукой (леп., Нар. медыцына), тыц‑тыц ‘тык-мык, пык-мык’: тыц‑тыц, і няма чаго сказаць (астрав., Сл. ПЗБ), тыц‑мыц ‘тык, тыц’ (карэліц., Нар. словатв.). Параўн. укр. тиць — для выражэння нечаканай сустрэчы (ад дзеяслова ткнути), тыць‑миць ‘тык-мык’, рус. дыял. тыц — пра раптоўны рух, польск. tyc — водгалас утыкання (Вілен. сл.). Да ты́каць (гл.). Карэннае ‑ц узыходзіць да формы заг. ладу прасл. *tykati*tъci (ЕСУМ, 5, 577). Сюды ж тыцаті ‘шукаць’ (пін., Шатал.; Сл. Брэс.), тэ́цнутэ (ногою) ‘даць выспятка’ (драг, Ск. нар. мовы), ты́цяты ‘рабіць што-небудзь, пераходзячы з месца на месца’, а таксама ўскладненыя суфіксамі вытворныя ты́цкаць ‘тыкаць’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Нар. Гом., Др.-Падб.); ты́цканне ‘тыканне пальцам’ (Ласт.), ‘звяртанне ўвагі на што-небудзь зробленае дрэнна, як бы папікаючы’ (Нар. Гом.); ты́цкацца ‘лезці ў чужую справу’ (Шат.), ‘соваць, тыцкаць’ (Касп.); ты́цнуць ‘сунуць’ (Жд. 1, ТС; люб., ЖНС), ты́цнуцца ‘ўсунуцца, умяшацца’ (Юрч. СНЛ), тицʼнути ‘тс’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), ты́цьнуты ‘ткнуць’ (Клім.). Талстой (ЛП, 17) параўноўвае апошняе слова з серб.-харв. ти́цаті ‘датыкацца’; Скок (3, 429) разглядае яго як вынік другаснай палаталізацыі з прасл. *tъk‑, гл. таксама Глухак, 618.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэ́льбух ‘трыбух’ (Сцяц.), ‘страўнік, начынены мясам’ (Мат. Гом.), ‘чэрава; страўнік у свінні’ (брэсц., ЛА, 1), ‘жывот, бруха; тоўсты чалавек’ (ТС); ‘вялікі жывот; чалавек з тоўстым жыватом’ (Мілк. Сл.). Сюды ж тэльба́та (гл.), тэльбухава́ты ‘трыбухаты’ (Сцяшк. Сл.), тэльбухова́тый ‘тс’ (Клім., Горбач, Зах.-пол. гов.; мазыр., З нар. сл.), телʼбуши́ти ‘трыбушыць’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Параўн. старое польск. дыял. telbuch ‘жывот’. Няясна. Звычайна разглядаецца як варыянт польск. terbuch ‘тс’ з чаргаваннем р/л (Сцяцко, БММ, 2, 209), якое было характэрна для польскай мовы, гл. Брукнер, 567; ЕСУМ, 5, 541, 627; Глухак, 637 і інш. У Брукнера telbuch ‘бруха’, terbuch, trybuch ‘тс’, trybuszyć ‘трыбушыць’ узводзіцца да праславянскага кораня і параўноўваецца з torba (гл. торба). Фасмер адмаўляе роднасць каранёў terb‑ і torb‑ (Фасмер, 4, 96), аднак не выключае сувязі з прасл. *kolbъ, што мае значэнне ‘круглы, выпуклы’, параўн. бел. ке́лбухі ‘кішкі, вантробы’ (гл.) пры коўб2 ‘свіны страўнік’, якое ў выніку замены к > т магло даць разглядаемую форму. Малаверагодна вывядзенне на аснове укр. дыял. телебу́х ‘вантробы жывёлы’, тельбо ‘вялікі жывот; чалавек з вялікім жыватом’ прасл. *tъlbo, *tъlbuch арэальна абмежаванай інавацыі, гл. Шульгач, Слов. етим., 454; адносна яе распаўсюджання гл. Сяткоўскі, Słow. nazwy, 218 (на мяжы Польшчы, Украіны і Беларусі). Няясныя адносіны да прыметніка чэш. tělpatý ‘тоўсты’, якое Махэк₂ (639) параўноўвае з рус. телепень, тельпень, тельпеш, гл. целяпень, цяльпеш. Хутчэй за ўсё, гукапераймальнага (імітатыўнага) паходжання, параўн. ід. telebenden ‘целяпацца, боўтацца’. Гл. таксама цельбух.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)