ляні́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які схільны да ляноты, ухіляецца ад працы. Хітрым чалавекам стаў сын Амяльяніхі. Ды не толькі хітрым, але і лянівым. Кавалёў. [Барабаха:] — [Наймічка] на ўсе штукі здатная, толькі да работы лянівая. Якімовіч. / у знач. наз. ляні́вы, ‑ага, м. Цяжкая праца толькі для лянівых. Бічэль-Загнетава. Санлівага не дабудзішся, а лянівага не дашлешся. Прыказка. // Які выяўляе ляноту. — Цяпер маю ахвоту ў цяньку пасядзець пад гэтымі дубамі — лянівым і рахманым голасам сказаў Іван Мацкевіч. Бядуля.

2. Вялы, павольны (пра рухі, паходку і пад.). Праз паўгадзіны сяброўкі пляліся ўжо лянівай паходкай людзей, якім няма куды і няма чаго спяшацца. «Звязда». // перан. Які павольна, слаба дзейнічае. Спакойнае мора задумана і ціха плёскала на берагі лянівай белапеннай хваляй. Самуйлёнак. Недалёка за імшыстымі стваламі дрэў паблісквае лянівымі хвалямі рэчка. Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

го́рды, ‑ая, ‑ае.

1. Надзелены пачуццём уласнай годнасці, павагі да сябе. Чалавек наш горды і шчаслівы, Будучыня свеціцца ў вачах, Бо нясе ў сабе ён беражліва Дарагія рысы Ільіча! Звонак. // Поўны пачуцця задавальнення сваімі або чыімі‑н. поспехамі. [Моладзь] была гордая свядомасцю, што зрабіла вялікую справу. Колас. Успаміны хлопчыка палоняць, За бацьку горды хлопчык наш. А. Александровіч. // Які выражае гордасць. Горды позірк. □ Паша таксама калісьці красуняй лічылася: русыя валасы на прабор, карыя вочы, гордая пастава. Лось. // перан. Узвышаны, чысты. Гордая думка пра сыноў не выходзіла з галавы. Кавалёў. Дзесьці ў глыбіні істоты ў жанчыны заварушылася гордая радасць. Чорны.

2. Ганарысты, напышлівы, фанабэрысты. Яшчэ ўчора такія гордыя і грозныя, сёння кідаліся паны на калені перад Сёмкам-матросам. Лынькоў. Ласкавае цялятка дзвюх матак ссе, а гордае — ніводнае. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

грош, гроша; мн. грошы, ‑аў; м.

1. Даўнейшая медная манета (да 1838 г. двухкапеечная, а пасля паўкапеечная) у Расіі з 1657 да 1917 г. Хай грошай ні гроша, абы слава хароша. Прыказка. // зб. Грошы. І грош стаў лішні завадзіцца, Было што есці, чым акрыцца, І быў парадак, лад у хаце. Колас.

2. звычайна мн. (грашы́, ‑эй). Зусім нязначная сума грошай. Атрымаць грашы. Купіць за грашы.

3. Сучасная разменная манета ў Польскай Народнай Рэспубліцы, роўная 1/100 злотага, і ў Аўстрыі, роўная 1/100 шылінга.

•••

Гроша ломанага не варты гл. варты.

Грош цана (у базарны дзень) каму-чаму гл. пана.

Ні за грош (капейку) — зусім дарэмна, без патрэбы (загінуць, прапасці і пад.).

Ні ў грош не ставіць гл. ставіць.

Уваткнуць (уставіць) свае тры грошы гл. уваткнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

торг 1, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. таргаваць (у 1 знач.).

2. Дзеянне паводле знач. дзеясл. таргавацца. // Здзелка. Цяпер уся тая іхняя размова нагадвала Анатолю ганебны торг, у час якога Ліля дамагалася выставіць сябе і прынізіць яго. Асіпенка.

3. Уст. Базар, рынак; месца гандлю. Людзі не помняць такога торгу, такога кірмашу, які быў у той .. дзень. Пестрак. Паспееш з казамі на торг. Прыказка.

4. звычайна мн. (таргі́, ‑оў). Уст. Публічны продаж якой‑н. маёмасці, рэчаў, якія дастаюцца таму, хто прапаноўвае больш высокую цану; аўкцыён. Публічныя таргі. □ Сенажаці прадаваліся з таргоў. Нікановіч. // Спаборны парадак здачы падрадаў і паставак таму, хто прапаноўвае ўмовы, найбольш прыдатныя казне. Таргі на пастаўку лесу.

торг 2, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. торгаць і торгацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рабі́ць, раблю́, ро́біш, ро́біць; незак.

1. што. Займацца чым-н., праяўляць якую-н. дзейнасць, паступаць якім-н. чынам.

Ён нічога не робіць.

Р. усё па-свойму.

Думай з вечара, а рабі з рання (прыказка).

2. што. Вырабляць, майстраваць.

Р. мэблю Р. марожанае.

3. Працаваць дзе-н., кім-н.

Р. на заводзе.

Р. закройшчыкам у атэлье.

Р. аграномам.

4. што. У спалучэнні з назоўнікамі, якія абазначаюць від заняткаў, работы, ужыв. ў знач.: выконваць.

Р. урокі.

Р. зарадку.

5. што. У спалучэнні з назоўнікам выражае дзеянне паводле знач. гэтага назоўніка.

Р. памылкі (памыляцца). Р. назіранне (назіраць).

6. што каму. Аказваць, прычыняць што-н. каму-н.

Р. дабро людзям.

7. каго-што з каго-чаго. Ператвараць у каго-, што-н., выконваючы якія-н. дзеянні.

Р. з хлопца камедыянта.

8. каго (што) кім-чым або якім. Прыводзіць у які-н. стан, надаваць каму-, чаму-н. які-н. выгляд.

Р. чалавека шчаслівым.

9. што. Утвараць сабой.

Рака рабіла круты паварот.

|| зак. зрабі́ць, зраблю́, зро́біш, зро́біць; зро́блены.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

раз¹, -у, мн. -ы́, -о́ў, м.

1. Абазначэнне аднакратнага дзеяння.

Прыязджаць р. на тыдзень.

Сем разоў адмерай, адзін р. адрэж (прыказка).

2. З’ява, выпадак у шэрагу аднародных дзеянняў, праяўленняў чаго-н.

У мінулы р.

Кожны р.

3. у знач. кольк. ліч.; нескл. Адзін (пры падліку).

Р., два, тры.

Аднаго разу — аднойчы.

Ва ўсякім разе — пры любых абставінах.

Другім разам (разм.) — калі-небудзь, не цяпер.

Другі раз (іншы раз) — часам, у некаторых выпадках.

За раз — у адзін прыём.

Не раз (і не два) — многа разоў.

Ні ў якім разе — ні пры якіх умовах, ніколі.

Па той раз — з таго часу.

Раз-два і гатова (разм., жарт.) — вельмі хутка.

Раз за разам — зноў і зноў, бесперапынна.

Раз (і) назаўсёды — канчаткова, беспаваротна.

Раз на раз не прыходзіцца — не заўсёды бывае аднолькава.

У самы раз (самы раз) (разм.) — якраз, у пару.

У такім разе — у такім выпадку.

|| памянш. разо́к, -зка́, м. (да 1 і 2 знач.) і ра́зік, -а, м. (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

мі́лы, ‑ая, ‑ае; міл, міла.

1. Які выклікае прыемнае ўражанне, прыхільнасць да сябе; чароўны, абаяльны. Ходзіць гоман між збажынкі, Мілы і шчаслівы. Колас. І вось няма яго, Васі Чычына, мілага, слаўнага хлопца. Лынькоў. У мяне.. не выходзіла з галавы прыгожая дзяўчына з мілымі вачыма. Нікановіч.

2. Дарагі, любімы; блізкі сэрцу. Месца было роднае і такое мілае, што Віця аж заплакаў крадком. Чарнышэвіч. Радзіма! Адчуў я ў разлуцы з табою, Як люб мне і дораг кут мілы бацькоў. Прыходзька. Кожнаму свой куток мілы. Прыказка.

3. Ужываецца пры сяброўскім звароце. Даніла, мілы мой Даніла! Ах, натварыў сабе ты бед! Колас. [Шульга:] — Давай спярша, міл чалавек, дамовімся аб плаце. Васілёнак.

4. у знач. наз. мі́лы, ‑ага, м.; мі́лая, ‑ай, ж. Каханы, каханая. — Мілая, ну, глянь, хоць разік глянь! Колас.

•••

За мілую душу гл. душа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ахво́та, ‑ы, ДМ ‑воце, ж.

1. Жаданне задаволіць якія‑н. свае патрэбы, імкненні, схільнасці, захапленні. У нашай цудоўнай Савецкай Айчыне шлях у жыццё ім шырока адчынен і да навукі, да усякай работы, абы ты здольнасці меў і ахвоту. Дубоўка. З гулам, з грукатам страшэнным Яна [маланка] рухае машыны. Хутка бегае па дроце (Не па ўласнай хоць ахвоце). Крапіва. Іліко плёскаўся ў вадзе, колькі было ахвоты. Самуйлёнак. Дзе няма ахвоты, там няма работы. Прыказка.

2. безас. у знач. вык. Ёсць жаданне што‑н. рабіць. Хай глядзіць ён [звярок] на людзей І на іх работу... Бор грыміць, звініць, гудзе, Мне спяваць ахвота! Бялевіч.

3. Разм. Пара цечкі, жаданне да спарвання ў самак.

•••

Адбіць ахвоту гл. адбіць (у 5 знач.).

Ахвота бярэ — ёсць жаданне да чаго‑н.

Паддаць ахвоты гл. паддаць.

Сагнаць ахвоту гл. сагнаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абяца́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак. і незак.

1. з інф. Даваць абяцанне што‑н. зрабіць. Крысціна ідзе на спатканне з незнаёмым мужчынам, які абяцаў знайсці ёй працу. Васілевіч. Сам не мае, а другому абяцае. Прыказка. // каго-чаго, каго-што і каму-што. Даваць абяцанне каму‑н. аддаць, перадаць што‑н. у яго распараджэнне. За галаву Ціхана мінскі губернатар абяцаў тады вялікія грошы. Бядуля. Нашы сцежкі сышліся зусім нечакана. Ды я ні разу яшчэ не падумаў, што лёс абяцаў мне не гэтую. Брыль.

2. што і без дап. Выклікаць якія‑н. спадзяванні, падаваць надзеі на што‑н. Глядзеў, ці хіліцца ўніз дым, — Дажджу нішто не абяцала. Колас. Я хапаўся за ўсякую думку, якая магла абяцаць які-небудзь ратунак. Якімовіч.

•••

Абяцаць залатыя горы — вельмі многа абяцаць, не клапоцячыся аб выкананні абяцанага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́скавы і ласка́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны ласкі, любві; пяшчотны. Ласкавая маці. □ Сухенькая, тоненькая, як былінка, твар увесь у зморшчынах, як печаная груша, але якая прыветная і ласкавая была гэтая бабулька! Чарнышэвіч. // Які выражае ласку, любоў, пяшчоту. Ласкавы погляд. Ласкавыя словы. □ Нарэшце з’явілася і сама Марыя Міхайлаўна. Ужо немаладая, сярэдняга росту, з прыемным і ласкавым тварам. Мяжэвіч. Адказаць не змог хлапчына На дакор дзявочы, Бо пра ўсё яму сказалі Ласкавыя вочы. Дзеружынскі.

2. Ветлівы, далікатны ў абыходжанні; прыязны. Рагіна была далікатная з твару, здатная ў постаці, спрытная да работы і ласкавая да людзей. Адамчык. Ласкавае цялятка дзвюх матак ссе. Прыказка.

3. перан. Мяккі, лагодны. Пашумліваў вецер лагодны, ласкавы. Колас. Ласкавае, спакойнае святло абедзеннага сонца залаціла пабурэлыя вершаліны бяроз і клёнаў. М. Ткачоў.

•••

Будзь ласкавы гл. быць.

На ласкавым хлебе гл. хлеб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)