Бог. Рус. бог, укр. біг, польск. bóg, чэш. bůh, ст.-слав. богъ, балг. бог, серб.-харв. бо̑г і г. д. Прасл. *bogъ. Роднасныя словы перш за ўсё ў інда-іран. мовах: ст.-інд. bhágas ’той, хто абдорвае, дае даброты, уладыка’, ст.-іран. baɣa ’бог’, ст.-перс. baga‑ (ст.-інд. bhájati ’дае, дзеліць’, грэч. φαγεῖν ’есці’). Першапачатковае значэнне ’той, што надзяляе’. Параўн. ст.-інд. bhágaḥ ’багацце; шчасце’, ст.-іран. baɣa‑, baga‑ доля’. Версію аб запазычанні прасл. слова з іран. моў фанетычна давесці немагчыма (а толькі з культ.-гіст. меркаванняў). Бернекер, 67; Траўтман, 23; Праабражэнскі, 1, 33; Слаўскі, 1, 40; Машынскі, Pierw., 92; Фасмер, 1, 181–182. Гл. яшчэ Meriggi, ЗФЛ, VIII (1965), 43; Бенвяніст, Зб. Якабсону, 1, 202; Жукуа, Sprache, 11, 131 і наст. Падрабязна Трубачоў, Этимология, 1965, 25–31, які мяркуе, што пакуль няма даных, каб адказаць на пытанні, ці запазычана слав. bogъ з іранскага.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мача́ць ’акунаць у што-небудзь вадкае або сыпкае’, ’расходаваць што-небудзь мачаннем’, ’вырабляць што-небудзь апусканнем у раствор’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, ТС), лях. ’мачыць’ (Сл. ПЗБ); мачы́ць ’рабіць мокрым’, ’трымаць у мокрым’ (ТСБМ). Укр. моча́ти, мочи́ти; рус. моча́ть, мака́ть, мочи́ть; польск. maczać, moczyć, в.-луж. mačeć, močić, чэш. máčeti, močiti, славац. mačať, močiť, славен. pomákati, močíti, серб.-харв. ума́кати, мо̀чити і мо̀чати, макед. мака, моча, ст.-слав. мочити. Прасл. močiti > močati утвораны ад назоўніка moča, які ўзыходзіць да і.-е. асновы *mok‑ (параўн. прасл. moknǫti): літ. makénti, mak(n)óti ’таптаць гразь, хадзіць па гразі’, makalỹnė ’гразь’, ’слота’, makónė ’лужа’, лат. mãkulis ’хмара’, makņa ’гразкае месца’. Відавочна, сюды і асец. moecyn ’пакласці ў вадкасць’ (Міклашыч, 199; Бернекер, 2, 69; Фасмер, 2, 666; Бязлай, 2, 199). Сюды ж мачлі́вый, машлі́вы ’мокры (пра год)’ (жлоб., Нар. словатв.; в.-дзв., Сл. ПЗБ; Ян.), мачы́льня ’месца, дзе мочаць лён, каноплі’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Менш, меньш, мэнш, мэнч ’меней’ (ТСБМ, ТС; пруж., драг., Сл. ПЗБ), ме́ншы, ме́ньшы, ме́нчы ’малодшы на гады’, ’меншы’ (ТСБМ, Чуд., Нас., Бяльк., Янк. 2, Сл. ПЗБ, ТС, Ян.), ст.-бел. менший, менши, меньший, менъший (Булахаў, Гіст., 130). Укр., рус. меньший, рус. ме́ньше, меньшо́й, укр. менше, польск. mniejszy, н.-луж. mjeńšy, в.-луж. mjeńši, чэш., славац. menší, славен. mȃnjši, ст.-слав. мьнии, мьн̑ьши, мьн̑ьша. Прасл. mьńьjь < mьnjь‑jь < mьnjes‑, mьnjьš‑; роднасныя і.-е. адпаведнікі: літ. meñkas ’дробны, нязначны’, лац. minōr ’меншы’, minus ’менш’, гоц. mins ’тс’, mínniza ’меншы’, ст.-грэч. μείων, μεῑον ’тс’, μινυδω ’скарачаю’, ст.-ірл. menb ’маленькі’, ст.-інд. mināti ’скарачае’, тахар. B meṅki ’меншы’ (Міклашыч, 181; Бернекер, 2, 19; Траўтман, 184; Фасмер, 2, 598; Бязлай, 2, 166; Махэк₂, 359). Сюды ж менша́к ’малодшы сын’ (мядз., Жыв. сл.; паст., швянч., Сл. ПЗБ), ме́ншаць, ме́ньшаць ’убываць, змяншацца’, меншыць ’памяншаць; вузіць боты’ (ТСБМ, Др.-Падб., Нас., Растарг., Янк. 1, ТС, Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ко́раб ’пасудзіна, сплеценая з лубу, саломы і пад.’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Нар. лекс., КЭС, лаг., Бяльк., Нар. сл., З нар. сл.), корабам стаць ’павялічыцца, расшырыцца (пра галаву)’ (Жыв. сл.), поўны кораб, сем корабаў, як з кораба ’у вялікай колькасці’ (ТСБМ). Укр. короб, рус. короб, ст.-рус. коробъ ’тс’, славен. kraba ’каробка’, польск. kroba ’плеценая каробка’. Мы не бачым магчымасці для рэканструкцыі прасл. korbъ, паколькі няма надзейных паўднёваславянскіх адпаведнікаў. Славен. kraba — новае запазычанне з іншых славянскіх моў (Безлай, 2, 77). Таму трэба вярнуцца да этымалогіі Міклашыча (130), згодна з якой у гэтым выпадку мы маем справу з запазычаннем з лац. corbis ’карзіна’ (непасрэдна або праз с.-в.-ням. korb ’тс’). Гл. таксама Бернекер, 1, 568–569; Брукнер, 267. Фасмер (2, 331), які зыходзіць выключна з фанетычных крытэрыяў, разглядае лацінскія, германскія і нават літ. kar̃bas, лат. kar̂ba як спрадвечна роднасныя са славянскімі. Параўн. Фрэнкель, 220, дзе балтыйскія лексемы лічацца славянізмамі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ку́рва ’распусная жанчына’ (Нас., Шат., Сержп. Ск., Мядзв., Шпіл., Грыг.). Укр. курва, рус. курва ’тс’, балг. і макед. курва, серб.-харв. ку̑рва, славен. kȗrva ’тс’, польск. kurwa, чэш. kurva, славац. kurva, в.-луж. kurwa ’тс’. Прасл. kury, kurъve ’meretrix’. Рад даследчыкаў разглядаюць славянскія формы як такія, што праніклі з германскай (ст.-ісл. hóra, ст.-в.-ням. huora). Да германскіх форм прыводзяць вельмі ненадзейную паралель: лац. cārus ’дарагі, мілы’, ст.-інд. kārunya ’спачуванне, ласка’ (Бернекер, 651). Іншыя ўзводзяць прасл. kury да kurъ ’певень’. У якасці семантычнай паралелі разглядаецца франц. cocotte ’курачка і какотка’. Незразумелым застаецца паходжанне гоц. hōrs ’пралюбадзей’ (Кіпарскі, Gemeinslav., 42). Мы разглядаем прасл. kury як генетычна звязанае са ст.-грэч. χύριος ’пан, гаспадар’ і прасл. praščurъ ’роданачальнік’, літ. prakuréjus ’прарадзіцель’. У такім разе прасл. kury мела значэнне ’жанчына рода, абшчыны’ > ’жанчына ва ўмовах паліандрыі’. Германскія формы паходзяць ад славянскіх (Мартынаў, Лекс. взаим., 208–209). Параўн. Махэк, Slavia, 21, 260.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ільма́ ’вялікае лісцевае дрэва з каштоўнай драўнінай’ (ТСБМ), ільма́к (Бяльк., Кіс.), ільм (Інстр. II), ільмі́на (Грыг.); параўн. тапонім Ільмовікі (міёр., Жучкевіч, Слов.). Рус. ильм, дыял. и́лем, ильми́на, укр. ільм, і́льма, льом, польск. ilm, ilma, н.-луж. lom, ẃelm, welm, палаб. jėlmă, чэш. jilm, jilma, ст.-рус. ильм, илемъ, ильма. Параўноўваюць з лац. ulmus, ст.-в.-ням. elmboum, с.-в.-ням. ilmne, ст.-ісл. almr, англ. elm (Фасмер, 2, 126–127; Шанскі, 2, I, 52). Трубачоў (Эт. сл., 8, 222–223) узводзіць прасл. *jьlьmъ да і.-е. *u̯el‑/*ŭl‑/*u̯l̥‑ ’рваць, драць’ з суф. ‑mo‑. Разам з тым існуе думка аб запазычаным характары слав. слова (са ст.-в.-ням. ці с.-в.-ням.), гл. Міклашыч, 95; Уленбек, AfslPh, 15, 1893, 487; Бернекер, 1, 424–425; Праабражэнскі, 1, 268; Махэк₂, 227; Машынскі, Pierw., 288. Бел. ільма, ільм, відаць, працягваюць ст.-рус. формы. Утварэнне з суф. -як уласна бел.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бу́лка ’белы хлеб’ (Карскі 1, Сцяшк.), ’пшанічны хлеб’ (Сцяц. Нар., Вешт.), ’жытні хлеб’ (Касп., Нас., Шн.), ’бохан хлеба’ (Бяльк.). Гл. яшчэ Бесар., Федар., 2. Падрабязна агляд значэнняў Сцяц. Нар., 25 (які лічыць, што найбольш пашыранае і даўняе значэнне ’пшанічнае печыва дзецям’). Рус. бу́лка, укр. бу́лка. Лічыцца запазычаннем з польск. bułka ’тс’ (вядомае з XV ст.). Праабражэнскі, 1, 52; Брукнер, 48; Слаўскі, 1, 50; Бернекер, 100; Рудніцкі, 251; Шанскі, 1, Б, 222. Аб запазычанні сведчыць тое, што ва ўсх.-слав. мовах слова з’явілася вельмі позна: у рус. і ўкр. з XVIII ст., у бел., мабыць, таксама (няма ў Булыкі). Крыніца польскага слова не вельмі пэўная (італ.; франц. boule ’круглы хлеб’, с.-в.-ням. biule ’шышка і г. д.’, швед. bulle ’хлеб, булка і да т. п.’; Слаўскі, 1, 50). Вельмі няпэўныя версіі пра роднаснасць усх.-слав. бу́лка з булава́, булды́рь і г. д. (так Фасмер, 1, 239; там і агляд іншых параўнанняў). Да слова бу́лка параўн. яшчэ Вештарт, Лекс. Палесся, 107–110.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бунт1 ’мяцеж’. Рус. бунт (з пачатку XV ст.), укр. бунт. Запазычанне з польск. bunt < ням. Bund саюз’ (’саюз’ > ’змова’ > ’бунт’). Дзеясловы бунтава́ць, рус. бунтова́ть, укр. бунтува́ти таксама лічацца запазычаннем з польск. buntować ’тс’. Бернекер, 101; Фасмер, 1, 241, 242; Брукнер, 49; Фасмер, RS, 6, 169; Шалудзька, Нім., 23; Рыхардт, Poln., 38; Кюнэ, Poln., 47. Гл. яшчэ Булыка, Запазыч., 51–52. Версія пра непасрэднае запазычанне з ням. не пераконвае (так Чарных, РЯШ, 1961, № 4, 97; Рудніцкі, 256). Да бунт < ням. Bund ’саюз’ семантычную паралель з іранскіх моў прыводзіць Абаеў, Зб. Баркоўскаму, 14.

Бунт2 ’вязка, звязак’ (Арх. Бяльк., слонім., Інстр. III, Касп.), ’вязка, мяшок’ (Нас.), бу́нцік (Гарэц.). Укр. бунт ’тс’. Рус. бунт ’кладка; мяшкі з мукой’, бунт пеньки. Запазычанне з польск. bunt ’тс’ (а гэта з ням. Bund ’тс’, да binden звязваць’). Магчыма і непасрэднае запазычанне з ням. Параўн. Брукнер, 49; Фасмер, 1, 241; Шанскі, 1, Б, 227; Рудніцкі, 256; Шалудзька, Нім., 23.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Буя́ць ’буйна расці; расці ў лісце, бацвінне, на націну, салому’ (БРС, Арх. Бяльк., слонім., КЭС, лаг., Інстр. I, Сцяшк. МГ, Гарэц., Жд., Інстр. III, Мат. Гродз., Янк. II, Янк. III), ’рыкаць (пра вала)’ (Арх. Бяльк., слонім.), ’гудзець; лётаць з гудзеннем’ (Сцяшк. МГ, Сцяц.), ’ярка гарэць’ (Гарэц.), ’лятаць, парыць’ (Гарэц.), ’буяніць, шалець’ (Сцяц., Бяльк., Булг.). Рус. буя́ть ’разрастацца’, укр. буя́ти ’буйна расці, разрастацца і г. д.’, польск. bujać, чэш. bujeti ’хутка, буйна расці’, серб.-харв. бу́јати ’буйна расці’, балг. буя́, буя́я ’тс’ і г. д. Прасл. *bujati ’тс’. Старая этымалогія (Міклашыч, Türk. El., 1, 268): запазычанне з цюрк. bujumak ’расці’ вельмі няпэўная. Звычайна лічыцца вытворным ад і.-е. кораня (базы) *bheu̯ā‑ ’быць, расці’ (гл. быць), Параўн. і такія і.-е. формы, як ст.-інд. bhū́yān ’большы, мацнейшы і да т. п.’ Сюды ж і вытворнае *bujьnъ ’бурны, буйны, пышны і г. д.’ Гл. Мейе, Études, 378, Траўтман, 40; Фасмер, 1, 234; Бернекер, 98; БЕР, 2, 96; Слаўскі, 1, 49.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вожык (БРС, Нас., КТС, Шат., Касп.). Рус. ёж, укр. їж, ст.-рус. ожь, ожик, польск. jeż, каш. jež, в.-луж. jěž, н.-луж. jež, чэш. ježek, серб.-харв. је̑ж, славен. jež, балг., макед. еж. Прасл. ezi̯o. Роднасныя: літ. ežỹs, лат. ezis ’вожык’, ст.-в.-ням. igil (н.-в.-ням. Igel) ’вожык’, арм. ozni, грэч. ἐχῖνος ’вожык’. Далей, магчыма, роднасна грэч. ἔχις ’змяя’, арм. ’тс’, ст.-інд. áhi ’змяя’, г. зн. першапачаткова гэта была табуістычная назва ’пажыральнік змей’ (Петарсан, Kelt. Gr., 1, 99; Покарны, 144, 292 і наст.; Голуб-Копечны, 153; Фасмер, 2, 10; Махэк₂, 226; Слаўскі, 1, 572 і наст.). Другія даследчыкі асноўным значэннем протасл. ezi̯o лічаць ’калючы’ і ўзводзяць да і.-е. кораня *egh‑ ’калоць, пракалоць’ (Бернекер, 266 і наст.; Праабражэнскі, 1, 212 і наст.; Машынскі, JP, 37, 299; Шанскі, 1, Д, 252; там жа падрабязна гл. літаратуру). Аб пачатковым о‑ ва ўсходнеславянскіх мовах гл. Шахматаў, Очерк, 141; Ільінскі, Slavia, 2, 232 і наст.; Бернштейн, Фонетика, 225 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)