Бла́зан. Рус. дыял. бла́зень ’прастафіля; дурнаваты; жартаўнік’, укр. бла́зень ’дурань’, польск. błazen, чэш. blázen ’вар’ят; дурны і г. д.’ Сюды ж дзеяслоў *blazniti ’абдурыць, дурыць, вар’яцець’. Ст.-рус., ст.-слав. блазнъ ’памылка’. Усё да праслав. blazniti ’памыляцца; дурыць’, blaznъ ’памылка, спакушэнне і г. д.’ З першапачатковага абстрактнага значэння развілося потым больш канкрэтнае ’дурань, вар’ят, звар’яцелы’ (параўн. развіццё значэння ў blędь: ст.-слав. яшчэ ’памылка і да т. п.’, а ва ўсх.-слав. мовах і ’meretrix’). Этымалогія прасл. blazniti, blaznъ не вельмі ясная. Можа, да лат. blāzt ’мігаць’, blāzma ’міганне, бліск, водбліск’. Гл. Фасмер, 1, 171–172 (там і агляд іншых версій); Брукнер, 30; Бернекер, 59; Слаўскі, 1, 36; Махэк₂, 55; Рудніцкі, 142. Ст.-бел. блазен, блазан Булыка (Запазыч.) лічыць паланізмам. Сюды далей адносяцца: бла́зан ’свавольнік’ (Сцяшк. МГ), бла́зен ’малакасос’ (Нас., Касп.), бла́зян ’падлетак’ (Сцяшк. МГ), ’малакасос’ (Шат.), бла́зні ’малеча’ (Бяльк.), блазню́к ’малалетак’ (Бяльк.), блазно́та ’малады, малы’ (Бяльк.), ’дзетвара’ (Нас., Касп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)