перакла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце, ‑кладуць; пр. пераклаў, ‑клала; заг. перакладзі; зак.

1. каго-што. Палажыць на другое або ў другое месца. Перакласці кнігі з паліцы ў шафу. □ [Тварыцкі] нагнуўся, .. пераклаў з аплеценага гаршка залатыя манеты ў некалькі хустачак, пазавязваў і параспіхваў па кішэнях. Чорны. Максімаў разгарнуў папку, пераклаў з месца на месца нейкія дакументы. Шахавец.

2. што чым. Укласці прадметы, рэчы і пад., запоўніўшы чым‑н. прамежкі паміж імі. Усё абыдзецца добра, толькі каб цесляры склалі хату як след, вокнамі на поўдзень, добра пераклалі бярвенне мохам. Краўчанка. [Салёнаў:] — Няхай дзеці ядуць на здароўе. Загадайце толькі, каб перабралі яблыкі ды саломкай пераклалі — да вясны хопіць... Даніленка.

3. Злажыць нанава, іначай. Перакласці комін. Перакласці дровы. □ [Барыс:] — А хто майстра прыслаў печ перакласці? Я аб вас клапачуся, як сын. Лупсякоў.

4. перан.; што. Ускласці чые‑н. абавязкі, адказнасць і пад. на другога. Паступова ён [Кіеня] пераклаў на Банжына ўсю падрыхтоўку па мантажу. Шыцік. Цяпер ужо стала так, што Вінцэсю можна было перакласці ўсю работу на братоў. Мікуліч.

5. Перадаць які‑н. тэкст, вусную мову сродкамі другой мовы. Перакласці раман з польскай мовы на беларускую. □ [Пауль] прачытаў гэтыя словы па-руску, пераклаў на нямецкую мову. Шамякін.

6. Выкласці, падаць што‑н. у іншай форме (звычайна пра літаратурны ці музычны твор). Малады драматург, які паклаў у аснову п’есы рэальныя падзеі, не ўсюды змог перакласці гэтыя падзеі на мову вобразаў, зрабіць мастацка закончаны твор. Сабалеўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сярэ́браны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да серабра (у 1 знач.), звязаны з апрацоўкай серабра. Сярэбраны промысел. Сярэбраных спраў майстар. // Які мае ў сабе серабро. Сярэбраная руда.

2. Зроблены з серабра, пакрыты серабром. Маці Анатоля неўзабаве прынесла з кухні і паставіла пасярод стала на сярэбраным падносе смажаную качку. Ваданосаў. Хлор выняў з кішэні камізэлькі тоўсты сярэбраны гадзіннік. Гартны. А калі б наліла яму гаспадыня начоўкі цёплай вады, калі б яшчэ паклала туды сярэбраную паўрублёўку, .. то павесялеў бы чалавек ад такога ўжывання і адразу памаладзеў бы. Кулакоўскі. // Вытканы з сярэбраных нітак, вышыты серабром. Мураўскі ўзняў галаву і ўбачыў, што перад ім сядзіць сам пан Здраеўскі. Толькі не ў цывільнай вопратцы, у якой ён запомніў яго, а ў генеральскім мундзіры з сярэбранымі пагонамі на плячах. Машара.

3. Які колерам і бляскам нагадвае серабро. Сярэбраным ланцужком рачулка злучала два аз[я]рцы. Бядуля. // З бліскучым белым адлівам. У глыбокай тоні жыў шчупак сярэбраны З вострымі зубамі, хітры, як купец. Танк. Там на вашых вачах збяруць І матор, і сярэбраны радыятар, Да яго па малому зубру Прыпаяюць старанна дзяўчаты. Панчанка.

4. перан. Меладычна-звонкі, высокага тону (голас, смех і пад.). Дзяўчына вясёлая, многа і часта пяе прыгожыя .. песні, а голас яе — звонкі, сярэбраны. Каваль. Недзе за хвастамі самалётаў няроўнымі штуршкамі ў вышыню ўзнімаўся жаваранак. На зямлю палілася яго сярэбраная песня. Алешка.

•••

Сярэбраны блішчак гл. блішчак.

Сярэбранае вяселле гл. вяселле.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Арыфме́тыка. Сучасная форма з 1933 г. (Шакун, Гісторыя, 292) пад рускім уплывам. Ст.-бел. аритметика з 1517 (Гіст. лекс., 125, 213; Гіст. мовы, 1, 146; Хрэст. гіст., 1, 107) (у польскай з 1564). Старабеларускае слова хутчэй з лац. arithmetika ’тс’. Але ўжо ў Бярынды ариѳметика. Гэта форма, адлюстраваная і ў сучаснай рус. арифметика, — запазычанне з грэч. ἀριθμητική ’тс’ праз стараславянскую. На грэч. першакрыніцу беларускага слова ўказвалі Курс суч., 163; Юргелевіч, Курс, 128.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ма́ла, прысл.

1. У невялікай, недастатковай колькасці, ступені; нямнога. Калодзеж быў неглыбокі, і вады ў ім было мала. Колас. Віктар пачаў апавядаць усё зусім спакойна, разважна, нібы справа гэта зусім мала яго і абыходзіла. Зарэцкі. Сёння ў ашчаднай касе нешта было мала людзей, зусім не так, як звычайна. Васілёнак.

2. Недастаткова; менш, чым патрэбна. У пакоі мала святла, толькі пад столлю — маленькая цьмяная лямпачка. Шамякін. Заняты нялёгкай вучобай, Яўген мала звяртаў увагі на сястру. Карпаў. / у знач. вык. з інф. [Даміра:] — Гад. Такіх расстрэльваць мала. Ну і тып. Асіпенка. // Разм. Рэдка, не часта. Мала Днём мы бачымся з табой. Куляшоў.

3. У спалучэнні з займеннікамі і прыслоўямі «хто», «што», «дзе», «калі» азначае: нямногія, нямногае; у нямногіх месцах, рэдка і г. д. Працуючы бондарам, .. [Раман] жыў ля самага лесу і зусім рэдка бываў на вёсцы і мала з кім удаваўся ў гаворку. Кавалёў. А вось і возера-акно, Якога мала дзе пабачыш. Колас.

•••

І гора мала каму — пра абыякавыя, няўважлівыя адносіны да каго‑, чаго‑н.; пра адсутнасць хвалявання з чыйго‑н. боку.

Мала кашы еў (з’еў) гл. есці.

Мала таго (у знач. пабочн.) — акрамя таго. [Галаўня:] «Цяпер.. [Сцяпан] абняславіць мяне. Мала таго, яшчэ з работы паляціш...» Гроднеў.

Мала што — што з таго; не мае значэння.

Ні многа ні мала гл. многа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцяна́, ы́; мн. сце́ны (з ліч. 2, 3, 4 сцяны́), сцен; ж.

1. Вертыкальная частка будынка, якая служыць для падтрымкі перакрыццяў і для падзелу памяшкання на часткі. Каля цёмнай сцяны гумна Аня прыпынілася, прыслухалася. Мележ. За сцяной, у другім пакоі, пані Мар’я вядзе ў пятым класе арыфметыку. Брыль. Прынесла [Волька] тапчан — якраз ён стаў ад сцяны да сцяны. Скрыган. // звычайна мн. (сце́ны, сцен); чаго або якія. Пра які‑н. будынак, памяшканне, установу, дзе што‑н. адбываецца або хто‑н. знаходзіцца. У сценах семінарыі будучы пісьменнік [К. Чорны] захапляецца рускай класікай. Луфераў. За сцяною астрожнай Вязню дорагі, любы Жменька травы мурожнай, Лісцік з бярэзіны, з дуба. Маляўка.

2. Высокая агароджа з каменя, цэглы і пад. Крамлёўская сцяна. □ Іліко і Гіго сядзелі на моле, на каменнай сцяне, што ішла далёка ў мора, адлучала ад яго Паційскую бухту і заканчвалася маяком. Самуйлёнак. А вораг тут, ля гарадской сцяны, І чуцен звон ягоны: Звіняць страмёны, Мячы і дзіды звоняць. Сіпакоў. [Турма] абведзена сцяной мураванай, дротам калючым ублытана. Нікановіч. // толькі мн. (сце́ны, сцен); перан.; чаго або якія. Пра непасрэдную блізкасць, подступы да якога‑н. горада, крэпасці. Мы ў свой горад прыйшлі Ад Масквы і ад Сцен Сталінграда. Танк.

3. чаго або якая. Стромая бакавая паверхня чаго‑н. Жэнька ўпаў на калені, пацалаваў Івана Сумака .. Потым паклаў абодвух забітых пад сцяну акопа. Шамякін. Перасякаем чыгуначныя лініі і ідзём уздоўж прычальнай сцяны. В. Вольскі. Жоўты пясок .. ледзь не роўнай сцяной вісіць над вадой. Бядуля.

4. перан. Тое, што аддзяляе, раздзяляе каго‑, што‑н.; перашкода для чаго‑н. Герой проста губляецца перад сцяной судова-паліцэйскіх рагатак і кручкатворства. Навуменка. [Караневіч:] Душа твая імкнулася да цяпла і ласкі, а натыкалася на халодную сцяну. Крапіва. Угаворы, тлумачэнні нават самога Паўла Антонавіча.. — усё сустракала пакутлівую сцяну маўчання. Васілевіч.

5. перан.; чаго. Цесны рад або суцэльная маса чаго‑н., якія ўтвараюць заслону, перашкоду для чаго‑н. Сцяна лесу. □ Уперадзе, над бліскучай вадою, стаяла белая сцяна туману. Савіцкі. Белы птах .. імчаў па вадзе, пакідаючы за сабою шырокую сцяну пены. Самуйлёнак. За сцяною агню рухаўся ланцуг чырвонаармейцаў. Грахоўскі. // каго. Самкнуты строй людзей. Вакол ваяк стала жывая сцяна народу. Колас. Няспынна, Цеснаю сцяною Мяцежнікі ідуць да гор. Глебка. Жанатыя мужчыны стаялі шчыльнай сцяной і цягнулі басамі. Грамовіч.

•••

Глухая сцяна — суцэльная сцяна без акон і дзвярэй.

Капітальная сцяна — асноўная сцяна, якая служыць апорай для страхі.

Біцца галавой аб сцяну гл. біцца.

Ілбом сцяны не праб’еш гл. прабіць.

(І) сцены вушы маюць — трэба гаварыць асцярожна, таму што могуць падслухаць.

Кітайская сцяна — пра поўную ізаляванасць ад знешніх уплываў (ад назвы старадаўняй сцяны, якая аддзяляла Кітай ад Манголіі).

Лезці на сцяну гл. лезці.

Між чатырох сцен (жыць, сядзець і пад.) — а) не маючы ні з кім зносін, у адзіноце; б) не выходзячы з дому.

Прыперці да сцяны гл. прыперці.

Свае сцены — пра свой дом. Мы перабраліся ў свае сцены, як толькі зляпілі печ. Палтаран.

Ставіць да сцяны гл. ставіць.

Стаць сцяною гл. стаць.

Сцяна да сцяны — у непасрэднай блізкасці, па суседству, паблізу (жыць, знаходзіцца і пад.).

Як за каменнай (мураванай) сцянойпад надзейнай аховай, спакойна (жыць, быць, адчуваць сябе і пад.).

Як у (аб) сцяну (сценку) гарохам — не рэагуе, не звяртае ніякай увагі на што‑н. сказанае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хлеб, ‑а, м.

1. толькі адз. Прадукт харчавання, які выпякаецца з мукі. Пшанічны хлеб. Кілаграм хлеба. □ У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Мележ. Як пернік смачны, У руцэ Трымаў я хлеб жытні калісьці — Спадыспаду не ў муцэ, А на кляновым лісці. Аўрамчык. Ідзеш на дзень — хлеба бяры на два. Прыказка. Ядуць на свеце хлеб траякі: чорны, белы і ніякі. Прыказка. // Такі прадукт у выглядзе вырабаў пэўнай формы. Круглы хлеб. Бохан хлеба. // Цеста, прыгатаванае для выпечкі хлебных вырабаў. Хлеб падышоў. □ [Жонка:] — Дык намялі мукі ў жорнах, замясі цеста, а як падыдзе, пасадзі хлеб у печ. Якімовіч. // а таксама мн. (хлябы́, о́ў). Выпечка. У дзежцы стаяла яшчэ крыху мукі. Гэтай мукі можа яшчэ хопіць на два скупыя хлябы. Чорны.

2. Зерне, якое мелецца на муку для выпякання хлеба. Абмалочаны хлеб. □ Большасць сабранага хлеба калгаснікі.. падзялілі паміж сабой на працадні. Шамякін.

3. Зерневыя расліны (жыта, пшаніца і пад.) на корані. — Цёзка, ці не бачыш, што ў нас у гэтым годзе хлеб радкаваты? — запытаў яго, сеўшы побач, калгасны брыгадзір Кузьма Стрыж. Дуброўскі. Хлеб па хлебу сеяць — ні малаціць, ні веяць. Прыказка. / мн. хлябы́, о́ў. Разм. Жыта там родзіцца на дзіва: Як едзеш між хлябоў вясною, У іх конь хаваецца з дугою. Колас.

4. толькі адз.; перан. Разм. Сродкі для існавання, заробак. Дырэктару было ўжо сумна. Пісаць артыкулы яму не ставала часу і, да таго ж, ён не хацеў адбіраць у газетчыкаў іх законны хлеб. М. Стральцоў. У сенцах сустрэліся з гаспадыняй — баба што печ, на ўсе дзверы. Клім спыніўся і з усмешкаю кіўнуў Шэмету на жонку: — На старшынёўскіх хлябах. Лобан. / Пра жыццё, долю. Ох, дачушка, хлеб твой горкі, горка твая доля! Колас.

•••

Барадзінскі хлеб — асобы гатунак паштучнага заварнога хлеба, які выпякаецца з шатраванай жытняй і пшанічнай мукі і мае прыемны саладкаваты прысмак.

Мінскі хлеб — хлеб з жытняй пытляванай мукі з кменам.

Украінскі хлеб — хлеб з жытняй шатраванай мукі з дабаўленнем пшанічнай мукі другога гатунку.

Аб сухім хлебе — без вадкай стравы (жыць).

Без хлеба сядзець — быць незабяспечаным сродкамі для існавання.

Гэта мой (твой, яго, яе, наш, ваш, іх) хлеб — пра чый‑н. занятак.

Дарэмна хлеб есці гл. есці.

Даць салдацкага хлеба (груб.) — даць выспятка; даць каленам пад зад.

Есці чужы хлеб гл. есці.

Зайцаў хлеб — рэшткі яды, прывезенай дадому з лесу, лугу і пад., якую прапануюць з’есці дзецям.

З хлеба крошак шукаць гл. шукаць.

Ісці на свой хлеб гл. ісці.

І то (гэта) хлеб — ёсць нейкая карысць каму‑н.

І хлеб і да хлеба — усяго многа, дастаткова (прадуктаў харчавання).

Карміць хлебам гл. карміць.

Кусок (кавалак) хлеба гл. кусок.

Лёгкі хлеб — пра лёгкую працу, без клопатаў, турбот, без напружання сіл.

Надзённы хлеб — тое, што патрэбна для жыцця.

На ласкавым хлебе — быць нахлебнікам, жыць на ўтрыманні, з чыёй‑н. ласкі.

Не вялікі хлеб — а) не вельмі добра; б) невысокая аплата працы, не зусім забяспечаныя ўмовы жыцця.

Пасадзіць на хлеб і ваду — пакараць голадам, абмежаваць каго‑н. у ядзе.

Перабівацца з вады на хлеб (з хлеба на квас) гл. перабівацца.

Свой акраец хлеба гл. акраец.

Сесці на хлеб чый гл. сесці.

Стаць на свой хлеб гл. стаць.

Сядзець на чужым хлебе гл. сядзець.

Хлебам не кармі гл. карміць.

Хлеб ды соль! — прыемнага, добрага апетыту (пажаданне таму, каго засталі за ядой).

Хлеб есці з чаго гл. есці.

Хлеб-соль — пачастунак. — Гэта ж во госцік дарагі, Алёша Іванавіч, з мае роднае вёскі.. Заехаў.. укусіць хлеба-солі!.. Брыль.

Цераз хлеб ды хлеба шукаць гл. шукаць.

Цяжкі хлеб — праца, якая патрабуе вялікіх намаганняў, цяжкая фізічная праца.

Шукаць лёгкага хлеба гл. шукаць.

Шукаць як хлеба гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бэр хадзіць ’слова для адгону кароў на пашы’ (Інстр. III). Можа, запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. (паляўнічы выраз) iść berem ’асцярожна, хаваючыся, падыходзіць да звера’ (Варш. сл., 1, 115, лічыць, што ber < укр. бер ’кладка, малы мосцік; сцежка’). Але хутчэй за ўсё звязана з выклічнікамі тыпу ўкр. бир, бирь, якія ўжываюцца як падзыўныя і адгонныя словы (падрабязней гл. пад бірко́вы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Намарска́цца ’напрацавацца’ (Янк. 1). Да марска́ць, марсану́ць (гл.); згодна з Мяркулавай, значэнне ’хутка рухацца’ (у тым ліку ў працы) развілося на базе супольнага для беларускага і чэшскага дзеясловаў значэння ’махаць, біць’, параўн. чэш. mrsknouti sebou (pri praci) ’хутка павярнуцца’ і пад., якія ўзыходзяць да прасл. *mьrskati, што разглядаецца як утварэнне з інтэнсіўным суфіксам ‑sk‑ ад прасл. *merti ’біць’ (Этимология–1974, 60–61).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паліто́ ’верхняя вопратка, звычайна ніжэй каленаў, якая апранаецца на сукенку, касцюм і пад.’ (ТСБМ, Касп., Бяльк.), па́літа (Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), паліто́н (ТСБМ), пальтон (Сл. Брэс.), пальто́цік (Сл. ПЗБ) ’тс’. З польск. palito, palton, paleton, paltocik, якія ўзыходзяць да франц. paletot < ісп. palletoque ’плашч з капюшонам’ < лац. palla ’верхняе адзенне’ (гл. Праабражэнскі, 2, 10; Брукнер, 392; Фасмер, 3, 194). Параўн. пальто.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Парэ́нчы, парэ́нча ’поручні’ (ТСБМ, Шат., Грыг., Мат. АС Гродзеншчыны, Сл. ПЗБ), паре́нджи (Гарэц.), парэ́нджа, парэ́нжа (Бяльк.), парэ́нцы (Мат. Гом.) ’тс’, порэ́нджа, порэ́нджы, порэ́нчы ’падпорка пад стрэшку над ганкам; развілкі’ (ТС), парэ́джа ’парэнчы’ (Мат. АС, бых.). З польск. poręcz, poręcze, якое да рука (параўн. Брукнер, 458 і наст.). Ст.-бел. поренчъ, паренчъ ’поручань’ з XVII ст. (гл. Булыка, Даўн. запазыч., 253).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)