Сты́чань ‘сакавік’ (Нас.), ‘студзень’ (Сцяшк.; воран., Шатал.; астрав., вільн., Сл. ПЗБ). З польск. styczeń ‘студзень’, некалі і ‘люты’. Ст.-бел. стычень ‘студзень’ (XVI ст., Ст.-бел. лексікон) з ст.-польск. styczeń (Булыка, Лекс. запазыч., 157). Польскае слова з першаснага *sěčьnь < прасл. *sěča ‘высяканне дрэў’ ад прасл. *sěkti ‘сячы’ з суф. *‑ьnь, якое потым было скантамінавана з *tyka ‘жэрдзь, палка’. Назва першапачаткова абазначала час года, калі сякуць дрэвы, таму што ў гэты час яны маюць вельмі мала соку; гл. Борысь, 585. Параўн. сечань. Народна-этымалагічна ўсведамляецца як вытворнае ад стыка́цца ‘сустракацца’ (гл.), так і ў Насовіча (Нас., 620).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вавёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Звярок роду млекакормячых атрада грызуноў, які жыве ў дуплах дрэў. Даўгахвостая вавёрка, відаць, нечым напалоханая, рыжай маланкай узлятае ўгору па карабатай кары дуба. Паслядовіч. // Футра, шкурка гэтага звярка. На румах ворагаў чакаюць дзяды памяркоўныя нашы; Трэба сабраць ім даніну: ад лодкі — два локці тканіны; Ад лодкі — па белай вавёрцы, і потым плыві сабе з богам... Сіпакоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абду́мацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Абмеркаваць, асэнсаваць, сабрацца з думкамі. Віктар не хадзіў самотна па вуліцы пасля таго, як балюча пакрыўдзіў бацьку і жонку, не шукаў такога прытулку, дзе можна было б спакойна абдумацца, заглянуць самому сабе ў душу. Кулакоўскі.

2. Перадумаць, прыйсці да іншага рашэння. Дзядок перш здзіўлена вылупіў вочы, потым хацеў усміхнуцца, але абдумаўся і замест гэтага напусціў на сябе дзелавы выгляд. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абню́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Абнюхаць адзін аднаго (пра жывёл). Калі [Андрэй] запрог.. [кабылу] у плуг разам з Гнядым, то яны спачатку абнюхаліся, потым пагрызліся, але хутка памірыліся. Чарнышэвіч. // перан. Разм. груб. Пазнаёміцца, завесці сувязі. [Хоміч:] — Я гэтаму хлюсту, Зыгмусю, буду зубы загаворваць, а ты ідзі бяры.. [Чэсю] танцаваць. Раз, другі, пакуль троху абнюхаецеся, а тады — з вачэй. Брыль.

2. Разм. Абнюхаць вакол сябе, прынюхацца. Воўк выйшаў на дарогу, абнюхаўся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наўцёкі, прысл.

Бягом, уцякаючы ад каго‑, чаго‑н. Калі Лабановіч паказаўся ў кухні, .. [вучні] кінуліся наўцёкі. Колас. Яшчэ хвіліна, і малады алень адскочыў убок, потым павярнуўся і кінуўся раптам наўцёкі. В. Вольскі. Дзяўчаткі зарагаталі і, падхапіўшы пад рукі сваю меншую сяброўку, пабеглі наўцёкі. Чорны. / у знач. вык. [Алеська:] — Не паспеў падысці да абгарэлай сасны.., а нехта як выскачыць з лесу ды як запляскае. Я — наўцёкі. Ігнаценка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павыкіда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Выкінуць усіх, многіх або ўсё, многае. [Юзік:] А што, калі .. [коні] нас разнясуць ды павыкідаюць, бо маладыя, першы раз запрэжаны? Чарот. Дзяцел падзяўбе, падзяўбе, потым павыкідае са шчыліны трэсачкі на зямлю ды зноў за работу. Мяжэвіч. Ліпы, што раслі ўздоўж гарадскіх вуліц, толькі павыкідалі свае светла-зялёныя ліпучыя лісточкі. Арабей.

2. Выкідаць некаторы час. Павыкідаць да абеду гной.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пачы́сціць, ‑чышчу, ‑чысціш, ‑чысціць; зак., каго-што.

1. Зрабіць чыстым, вычысціць. Пачысціць паліто. Пачысціць зубы. □ Мы пагаліліся, апранулі новыя гімнасцёркі, пачысцілі боты і пайшлі. Няхай.

2. Зняць, выдаліць непатрэбнае, рыхтуючы да чаго‑н. Пачысціць яблыкі на кампот. □ Якуб дастаў з ночваў ладнага шчупака, пачысціў яго, потым прынёс трэсак, пачаў рыхтаваць малым снеданне. Лупсякоў.

3. Разм. Аграбіць, абрабаваць. Чужынцы абадралі Мінск як ліпку, пачысцілі і ўсю Беларусь. Рамановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасвятлі́цца, ‑светліцца; зак.

1. Спец. Стаць светлым, святлейшым. Раствор прасвятліўся.

2. перан. Стаць ясным, спакойным, радасным. [Раечка] дала па адной [цукерцы] хлопчыку і дзяўчынцы. Тварыкі іх прасвятліліся. Лобан.

3. перан. Зрабіцца лагічным, ясным. Пасля дакладу думкі многіх, што тут прысутнічалі, не прасвятліліся, а быццам затуманіліся. Сабаленка. // Высветліцца, стаць зразумелым. Потым загадка прасвятлілася: у трэстаўскай кузні працаваў той жа самы дзядзька Алесь, які быў некалі калгасным кавалём. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскле́іць, ‑клею, ‑клеіш, ‑клеіць; зак., што.

1. Разняць склееныя часткі чаго‑н. Потым, калі пісьмо было ўжо ў руках, доўга не знаходзіла [Марыля] у сабе сілы расклеіць канверт. Кулакоўскі.

2. Наклеіць у многіх месцах. Расклеіць афішы. Расклеіць аб’явы. □ Мне трэба .. узяць у .. [настаўніцы] перапісаныя ад рукі друкарскімі літарамі зводкі Саўінфармбюро, занесці іх за пазухай у суседнюю вёску і расклеіць па сценах хат ці на дашчаных платах... Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сапяжа́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Пашыраны ў Беларусі сорт летняй грушы, якая дае круглыя жоўтыя салодкія плады. А потым усюды ў Навасёлках — і на прысядзібных участках, і ў калгасным садзе, дзе растуць тысячы бэр, сапяжанак, антонавак, белых наліваў, — зоймецца белае зіхатлівае зарыва... Паслядовіч.

2. Плод гэтай грушы. Вылі вяснушкі на шчаках Смуглявай гэтай гараджанкі, Нібы радзімкі на баках Налітай сонцам сапяжанкі. Аўрамчык.

[Ад уласн. імя.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)