Таўчы́ ’здрабняць; мяць’, ’біць, збіваць; штурхаць’, ’вытоптваць’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Касп., Федар. 4, Ласт., Шат., Стан.), ’біць’ (Жд. 3), ’выціскаць мёд з сотаў’ (круп., слуц., ЛА, 1), товчы́ ’апрацоўваць таўкачом, штурхаць’ (бяроз., драг., кобр., іван., стол., ЛА, 2), таўчы́ і тоўч ’тс’ (Бяльк.), тоўч ’тс’ (Растарг.): тоўч кросны ’апрацоўваць аснову (кроснаў)’ (мсцісл., Жыв. сл.), ст.-бел. толчи, товчи ’біць, таўчы’ (пач. XVI ст., КГС), толчи ’гучаць, раздавацца’ (?): голос милостника моего толчетъ (Альтбаўэр); сюды ж таўчы́ся ’біцца, грукаць’ (Барад.), ’знаходзіцца ў цеснаце; сноўдацца без справы’, ’круціцца на адным месцы (пра насякомых, птушак)’ (ТСБМ, Шымк. Собр.), ’патрабаваць спарвання (пра жывёл)’ (Касп.), ’гайняваць, знаходзіцца ў стане цечкі (пра ваўкоў)’ (валож., воран., слонім., ЛА, 1), ’бесперастанку працаваць, завіхацца’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ’забаўляцца, гуляць, дурэць’ (брасл., Сл. ПЗБ), таўчы́са ’штурхацца; рабіць што-небудзь, увіхацца’ (ст.-дар., ЖНС); тоўчы́са ’тс’ (ТС), товчы́са ’штурхацца’ (стол., ЛА, 2), товчы́сʼе ’тс’ (Вруб.), товчы́ся ’тс’ (кам., ЛА, 2), товчы́сь ’тс’ (іван., бяроз., ЛА, 2). Укр. дыял. товчи́, рус. толо́чь, толчы́, стараж.-рус. тълчи, толочи ’біць, таўкці’, польск. tłuc, чэш. tlouci, славац. tľcť, в.-луж. tołc, н.-луж. tłuc, палаб. tauet, славен. tólči, серб.-харв. тући, балг. дыял. тълча́, то́лчем, макед. толче, ст.-слав. тлъшти, тлѣшти ’біць, таўкці, расціраць’. Прасл. *teltʼi ’тс’ (Сной у Бязлай, 4, 193), роднаснае прасл. *telkti, *tolkti ’тс’, гл. таўкці; параўн. кантамінаванае товкчи́ ’абточваць (проса, ячмень); таўчыся на сонцы (пра камароў, мошак)’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Гл. таксама Фасмер, 4, 73–74; Шустар-Шэўц, 1512. Параўн. талоць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Твар ’пярэдняя частка галавы чалавека’, ’індывідуальнае аблічча, выгляд’ (ТСБМ, Ласт.), ’фізіяномія’ (Байк. і Некр., Касп., Федар. 4, Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ, Сцяшк., Вруб., ЛА, 3), тварь ’тс’ (Нас.), тва́ра ’тс’ (брасл., Сл. ПЗБ), тва́рына ’аблічча’ (там жа), твар м. р. ’тс’, ж. р. ’стварэнне’ (ТС), тварь ж. р. ’тс’ (Бяльк.), твар ’воблік, від’ (Гарэц., Некр. і Байк.), тва́рычка ’тварык’ (Нас.), тва́рышча ’пыса, морда’ (Нас.), тварю́ка ’стварэнне, пачвара’ (Растарг.), ст.-бел. тварь ж. р. ’фізіяномія’: тварь збита (XVI ст., Карскі 2–3, 21), твар, тварь ’тс’; ’індывідуальнае аблічча, выгляд’ (канец XV ст.). Укр. твар ’жывое стварэнне’, старое ’аблічча’, рус. тварь ’жывое стварэнне’, стараж.-рус. тварь ’стварэнне’; ’істота’; ’сусвет’; ’выраб; убор’, польск. twarz ’твар’, н.-луж. twaŕ ’будаўнічы лес, будынак’, в.-луж. twar ’вулей’, чэш. tvář ’шчака; твар’, славац. tvár ’твар; воблік’, славен. tvar ’рэчыва, матэрыял’, серб.-харв. тва̑р ’рэчыва, стварэнне’, балг. твар ’жывое стварэнне’, макед. дыял. твар ’выраз твару’, ст.-слав. тварь ’стварэнне, істота; прырода’, выгляд’. Да прасл. *tvarъ ж. р., якое звязана з *tvoriti агульным праславянскім коранем *tvor‑/*tvar‑ (Фасмер, 4, 31; Чарных, 2, 231; Шустар-Шэўц, 1562–1563; Бязлай, 4, 252; Борысь, 656; Длугаш-Курчабова, 506–507), гл. тварыць. Заслугоўвае ўвагі меркаванне Карскага (2–3, 21) пра запазычанасць формы твар ж. р. ’пярэдняя частка галавы чалавека’ з польск. twarz (гл. таксама Булыка, Лекс. запазыч., 128), якое само лічыцца запазычаным з чэш. tvář ’аблічча, твар’, што, магчыма, калькуе адносіны лац. facerefacies; гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 402.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тор1 ’дарога, след, пакінуты калёсамі’; ’кірунак дзейнасці; шлях’ (ТСБМ), ’праложаны шлях, сцежка’ (Нас.), ’санны след на снезе’ (маладз., Янк. Мат.), ’след, дарожка ад зубоў бараны’ (віл., Жыв. сл.), ’свае думкі, свой погляд’ (Сцяшк.), ’цвёрдая, укатаная дарога’ (Жд. 2), ’след ад колаў на цаліку’ (Барад.), ’чыгуначны пуць’ (беласт., Сл. ПЗБ), ’каляіна, след’ (паст., Сл. ПЗБ), ’дарога’ (брасл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. торъ ’шлях, дарога’, ’парадак’ (1585 г.; КГС). Укр. тор ’след, каляіна’, рус. дыял. тор ’утаптаная, уезджаная дарога’, польск. tor ’каляіна, пуць’, дыял. ’след’, чэш. дыял. tor ’утаптаная, уезджаная дарога’, ’след звера’, славен. tòr ’трэнне’, серб.-харв. то̑р ’загон для скаціны’, дыял. то̏р ’след; агароджа’, балг. тор ’угнаенне, гной’. З прасл. *torъ ’трэнне’, дыял. ’уезджаны шлях’, якое праз чаргаванне галосных звязана з *terti ’церці’. Супастаўляюць з лат. nuotars ’лука, зарослая кустоўем’, грэч. τορός ’пранізлівы, рэзкі; стромы’, ст.-інд. tāráḥ ’пранізлівы’, tā́raḥ ’тс’. (Фасмер, 4, 81; Брукнер, 574; Махэк₂, 648; ЕСУМ, 5, 602; Борысь, 638; Коген, Узвышша, 1929, 3, 96). Каламіец (Этимология–1984, 96) мяркуе, што назва ўзыходзіць да таго перыяду, калі грузы перамяшчаліся волакам, ад чаго на зямлі ад трэння заставаўся след.

Тор2 ’торф’ (Мат. Гом.; валож., Стан.). Да торф (гл.) з утратай не ўласцівага народнай мове гука ф. Малаверагодная сувязь з паўднёваславянскімі словамі, параўн. серб.-харв. тор ’конскі гной’, балг. тор ’угнаенне’ і інш.

Тор3 (торь) — пра торканне, сованне (Юрч. СНЛ). Магчыма, захаваны першасны імітатыў (гукаперайманне), параўн. другаснае ўскладненае суф. ‑к торьк — пра нечаканае з’яўленне, падаванне (мсцісл., Нар. лекс.), суадноснае з дзеясловам торкаць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ігра́. Рус. игра́ ’ігра’, дыял. ’гулянне моладзі’, ’урачыстасць’, ’вяселле’, ’скокі, танцы’, укр. гра, ігра́, польск. gra, уст. igra ’тс’, в.-луж. hra ’тс’, н.-луж. gra, igra ’тс’, чэш., славац. hra ’ігра, забаўка, пацеха’, ’жарт’, славен. ígra ’ігра’, серб.-харв. и̏гра ’тс’, балг. игра́ ’ігра, пацеха’, макед. игра ’тс’. Ст.-слав., ст.-рус. игра ’пацеха, танец’, ’ігра’, ст.-бел. игра ’ігра, забава’ (Скарына). І.‑е. сувязі не зусім ясныя. Магчыма. прасл. *jьgra мела рытуальнае і сакральнае значэнне. Сінкрэтычнасць семантыкі слав. слова і збліжэнне са ст.-інд. yájati ’шанаваць бажаство’, грэч. ἅγιος ’свяшчэнны’ даюць падставу для такога меркавання (Патабня, РФВ, 6, 1881, 3, 150–153). Тапароў (Этимология, 1977, 15–17), вяртаючыся да этымалогіі Патабні, звязвае *jьg‑ra з ідэяй сакральнай адзначанасці і шанавання, прызнаючы, аднак, фанетычныя цяжкасці ўзвядзення слав. слова да і.-е. *i̯ag‑ ’рэлігійнае шанаванне’. Семантычную і фармальную аргументацыю гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 8, 208–210. Іншыя супастаўленні: ст.-інд. éjati, tjati ’рухацца’ (Бернекер, 1, 422; Траўтман, 103), літ. áikštytis ’капрызіць, дурэць’, áikštis ’прыхамаць’, лат. aîstîtiês ’крычаць, шумець’, ст.-ісл. eikinn ’дзікі, люты, моцны’ (Фасмер, 2, 116), ст.-інд. iṅgati ’рухацца’ (Махэк₂, 181). Згодна з найбольш прынятай версіяй, пачатковае значэнне ’рух у танцы, скокі’ (Слаўскі, 1, 331–332). Скок (1, 711) прыводзіць у якасці семантычнай паралелі ст.-в.-ням. spilōn ’жвава рухацца’ — ням. spielen ’іграць’. Прапанова Ланта аб сувязі з гняздом рус. ерзать выклікае пярэчанні семантычнага і фармальнага характару (гл. Трубачоў, Эт. сл., 8, 209).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

І́скра1 ’маленькая часцінка распаленага або палаючага рэчыва, яркі зіхатлівы водбліск, бліскучая кропка’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Яруш., Сл. паўн.-зах., Бяс.), скра (Нас.), зборн. і́скырья (Бяльк.). Рус. и́скра, дыял. и́скорье, искорьё, укр. і́скра, скра, польск. iskra, уст. і дыял. skra, в.-луж. škra, н.-луж. škŕa, палаб. jȧskra, чэш. jiskra, славац. iskra, славен. ískra, серб.-харв. и̏скра, балг. и́скра, макед. искра. Ст.-слав., ст.-рус., ст.-бел. искра. Прасл. *jьskra роднаснае *ěsk‑ з суфіксальнай варыяцыяй ‑r‑/‑n‑ (гл. яскравы, ясны). Трубачоў, Эт. сл., 8, 239–240; Фасмер, 2, 140; Безлай, 1, 213; Слаўскі, 1, 467 (першапачаткова прыметнік з суф. ‑ro‑). Іншыя спробы этымалагічнага тлумачэння выклікаюць сумненні: 1) сувязь з грэч. ἐσχάρα ’ачаг’ (Казлоўскі, AfslPh, 11, 1888, 389); 2) збліжэнне са ст.-в.-ням. asca, гоц. azgō ’попел’ < і.-е. *ăs‑ ’гарэць, палаць’ (Ільінскі, РФВ, 65, 1911, 218–221); 3) метатэза *ĭsk‑rā: лац. sci‑nt‑illa (Атрэмбскі, Studia indoeuropeistyczne, 26); 4) супастаўленне з літ. iš‑skríeti ’вылецець’ (параўн. крыло), адкуль зыходнае значэнне ’вылятаючая з агню часцінка’ (Махэк₂, 227).

І́скра2 ’гваздзік, Dianthus deltoides L.’ (Кіс.), і́скарка ’гваздзік, Dianthus L.’ (Інстр. II). Метафарычны перанос з іскра1 (гл.); назва кветкі паводле яркай афарбоўкі. Гэта ўстойлівая метафарычная назва шырока вядома ў слав. арэале; параўн. укр. дыял. искорник ’расліна Ranunculus acris’, польск. дыял. skierka ’расліна Aster amellus’, чэш. дыял. jiskerka ’маргарытка’, славац. дыял. iskra ’тс’, славен. ískra ’bellis perennis’, ískrica ’bellis perennis’, ’primula pubescens’, ’primula auricula’, серб.-харв. и̏скрица ’астра дзікая’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пан ’уладальнік маёнтка, памешчык (у дарэвалюцыйнай Расіі і ў капіталістычных краінах; асоба, якая належала да прывілеяваных (чыноўных, арыстракратычных) слаёў грамадства дарэвалюцыйнай Расіі’. Па́ни, пане́нка, па́ня, па́нскі, па́ні‑ма́тка, панава́ць, па́ніцца ’жыць па-панску, гультайнічаць’. З польск. pan ’тс’, як і рус. і ўкр. пан (Кюнэ, Poln., 84). Ст.-бел. панъ ’пан, памешчык, бог’ (1340 г.) < ст.-польск. pan; пани (пания, панья, паня ’пані’ (пач. XV ст.) < ст.-польск. pani (Булыка, Лекс. запазыч., 21). Слова зах.-слав. арэалу: польск., в.-, н.-луж. pan, чэш., славац. pán, ст.-чэш. hpán. Паводле Фасмера (3, 195), узыходзіць да *gъpan і звязана чаргаваннем са ст.-рус. жупанъ ’кіраўнік акругі’. У іншых і.-е. мовах параўноўваюць са ст.-інд. gōpā́s ’пастух, вартавы’, gōpyáti, gōpayati ’ахоўвае, засцерагае’, gōpanam ’ахова’, грэч. γυπή κοίλωμα γῆς, нов.-в.-ням. Koben ’свінарнік’ (Гуйер, LF, 31, 105 і наст.; Младэнаў, 410). Брукнер (393) разглядае ст.-чэш. hpán як скарачэнне з županъ; апошняе ён лічыць аварскім элементам; супраць Фасмер (там жа). Махэк₂ (431) і Голуб-Копечны (263) тлумачаць panъ як карэлят м. р. да panьji, якое з *potnī — утварэнне ж. роду ад і.-е. pot‑ ’пан’. Трубачоў (Этимология, 1965, 73 і наст.) крыніцу слав. слова бачыць у ст.-іран. gopān ’пастух, вартаўнік стада’, якое з’яўляецца кампазітам з go‑ ’бык, карова’ і — nomen agentis ад pā‑ ’вартаваць’. На такую марфалагічную структуру і.-е. паралеляў яшчэ раней указваў Пізані (Paideia, 10, № 4, 1955, 262). Вялікую семантычную дыстанцыю Трубачоў тлумачыць дастаткова высокім становішчам пастуха ў жывёлагадоўчым грамадстве. Гл. яшчэ агляд літаратуры ў Трубачова, История терм., 184.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́сма, па́смо, па́сьмо ’некалькі нітак ці валокнаў, складзеных уздоўж’, ’трыццаць нітак’, ’пучок валасоў’ (ТСБМ, Маш., Шат., Касп., Бяльк., Бір. Дзярж.; Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Сл. Брэс., ТС; слуц. КЭС), ’змятая жменя льну’ (Яруш., Бес., Уладз., Мядзв.), ’галун’ (Яруш.), ’12 пар нітак у кроснах’ (КЭС, лаг.), каслаўка, пучок’ (КЭС, лаг.; Ян.), ’мера палатна ў шырыню’ (кобр., Сл. Брэс.; Ян.), глус. па́сьмяне ’трыццаць нітак’ (Янк. Мат.). Укр. па́смо, рус. пасмо, пасманка, пасменка, па́сменный, пасмёнок, пасменник, польск., н.-, в.-луж. pasmo, чэш., славац. pásmo, славен. pásmo, серб.-харв. па̏смо, макед. пасмо́, балг. пасмо́. Паводле Фасмера (3, 212), прасл. pasmo, якое з’яўляецца роднасным да лат. puõsms, puõsmis ’прасла ў плоце’. Трубачоў (Ремесл. терм., 102–103) лічыць, што прасл. pasmo — другасная форма ў адносінах да больш поўнай pasmę (Р. скл. pasmene), а лат. puõsms ’дробка льну, адбеленая ад кудзелі’, як і літ. põsmas ’пасма’, запазычаны са слав. моў. Адносна апошняга гэтаксама мяркуе і Махэк₂ (436). Аткупшчыкоў (Из истории, 260) сумняваецца ў старажытнасці суфікса ‑*men‑ у гэтым слове і лічыць, што рус. пасменка — больш позняе паводле свайго ўтварэння з другасным суфіксам ‑men‑. Аднак гэтаму, відаць, супярэчыць і наяўнасць бел. глус. па́сьмяне. Адносна этымалогіі прасл. pasmę (< *patsmnen) Трубачоў (Ремесл. терм., 102) выказвае дапушчэнне яго роднаснасці з герм. *faþma‑ ’пэўная колькасць пражы’ (> ст.-в.-ням. fadum, суч. ням. Faden ’нітка’) < і.-е. *pet‑/*pot‑. Іншыя ў якасці роднасных прыводзяць ст.-іран. afsman‑ ’верш (у гатах), вершаваны радок’, пачатак якога afs‑ узыходзіць да pas‑. Гэты корань у авесце азначае ’блытаць; путаць, умацоўваць адно на адным’ (Махэк₂, 436).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́раз ’праз, цераз’ (Нас.; Янк. 3.; Касп.; Доўн.-Зап., Песні; Сб. 1866 г.; докш., бярэз., нясвіж., в.-дзв., Сл. ПЗБ; докш., навагр., ЛА, 2), ’міма, насуперак’ (Нас.), ’насуперак’, спраз — прычына (праз каго) (Рам., 6; Нас.; Карскі 2–3, 441); ст.-бел. перезъ, презь, прозъ ’праз, на працягу’; укр. лемк. перез, брез ’цераз; праз (каго)’, а брез ’без’; рус. дыял. пе́рез ’праз; з-за; на працягу’; польск. przez, часам brzez (пад уплывам bez), каш. přez/přėz і přoz ’праз; больш за (празмернасць)’, ’па’, ’за’, н.- і в.-луж. pśez, pśeze, přez, přeze, bźez/ bźe ’праз; без; на працягу; з-за’, ’больш чым’, палаб. prise ’без’; чэш. přes(e), ст.-чэш. přes і přě ’цераз; за; больш за’, славац. дыял. pres/prez ’цераз’; ст.-серб.-харв. прѣзь, серб.-харв. през, priz, чарнаг. проз ’цераз; супраць’, ’на працягу’, макед. прис, през ’на працягу’; балг. през, проз ’цераз; за; на другім баку’. Узыходзіць да прасл. *per‑, пашыранага пры дапамозе ‑zъ (падобна, як *bezъ, vъzъ, orzъ і інш.). Мяркуецца, што чэш. přes з ‑s‑ — гэта памылковае напісанне замест přez. Аднак П. Ланг (ČMF, 6, 183–188 і ČMF, 7, 24–28, 81–84) мяркуе, што ў першапачатковай форме *per‑sъ другая частка ‑sъ паходзіць з дзеяслова ‑es ’быць’ пад уплывам bezъ, orzъ, vъzъ — пазней > *perzъ (параўн. чэш. přesný, přísný). Зубаты (KZ, 31, 60), Вальдэ (KZ, 34, 519), Міклашыч (4, 198) супастаўляюць *perzъ з літ. prieš ’насупраць, насуперак’, ’перад’, ’да’, ’за’. Непераканаўча (Праабражэнскі, 2, 41) вывядзенне ‑zъ з літ. ‑giiñ‑gi, nu‑gi, nuō‑gi). (ESSJ, 1, 175–178; Фасмер, 3, 237–238; Махэк₂, 491).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́ўдзень, поўдзе́н, поўднён, по́ўдэнь ’супрацьлегласць поўначы’, ’мясцовасці з цёплым кліматам’, ’сярэдзіна дня’ (ТСБМ, Некр., Маш., Касп., Сл. ПЗБ, ТС), по́ўдзенне ’поўдзень’ (Нас.), ’полудзень, абед’ (Бяльк.), по́ўдзень, паўдня́ ’напрамак свету’ (Шат.), ст.-бел. полудень ’сярэдзіна дня’, полудне, полдень ’напрамак свету’, укр. пі́вдень ’поўдзень (сярэдзіна дня; напрамак свету)’, рус. по́лдень ’сярэдзіна дня; напрамак свету (паэт.)’, польск. południe ’тс’, палаб. pọ̈lni ’тс’, славац. poludnie ’поўдзень’ (старое), чэш. poledne ’тс’, в.-луж., н.-луж. poł(d)njo ’сярэдзіна дня, поўдзень’, серб.-харв. пла́дне, подне ’сярэдзіна дня, поўдзень’, балг. пла́дне ’сярэдзіна дня, полудзень’, дыял. ’поўдзень’, макед. пладне ’сярэдзіна дня’, ст.-слав. полоудьниіє ’сярэдзіна дня, поўдзень’. Прасл. *polъdьnь, *polьdьne, *poludьne, *poludьnьje, *poludьnъ ’сярэдзіна дня; поўдзень’, у складзе якога *роlъ (*polu — P., M. скл. адз. л.) і *dьnь (*dьne — Р. скл. адз. л.), гл. паў-, дзень (Махэк₂, 469; Шустар-Шэўц, 2, 1123 –1124; Скок, 1, 379; Банькоўскі, 2, 691; БЕР 5, 291–292). Мяркуецца, што ў праславянскай мове назіраліся тры фазы фармальных змен назвы: *poludьne > polъdьne > *poldьne з далейшай рэдукцыяй у асобных славянскіх мовах (Маньчак, JP, 76, 286, з літ-рай). Найменне напрамку свету па часе сутак назіраецца ў балтаў, румынаў, угра-фінаў, ёсць у цюркскіх мовах, параўн. ням. Mittag ’поўдзень (сярэдзіна дня, напрамак свету)’, ’абед’, літ. piẽtūs ’поўдзень (напрамак свету, сярэдзіна дня)’, лац. vesper ’вечар’, ’захад’ (Ніканаў, Этимология–1984, 163). У славян, побач з гэтай сістэмай, існавала іншая, арыентаваная на назвы вятроў і ўзыход–захад сонца (параўн. рус. востокзапад, северюг), якая ўзнікла на славянскім поўдні і трапіла да ўсходніх славян разам са стараславянскай мовай (Німчук, Давньорус., 47–50).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыма́к, прыма́ка, прымаке́, прымакіе́, прыма́ч, пры́ма, пры́мень, пры́муш, пры́мыш, прама́ка ’муж, якога прынялі ў сям’ю жонкі, які жыве ў доме жонкі’, прыма́кі ’прыманне прымака’ (ТСБМ, Нас., Шн. 1, Нік. Очерки, Кольб., Гарэц., Байк. і Некр., Др.-Падб., Шат., Касп., Растарг., Янк. 1, Янк. Мат., Інстр. 1, Мат. Гродз., Жд., Жыв. сл., Сл. ПЗБ, ТС), прымук ’прыёмыш’ (Ласт.), прыма́чка ’жонка зяця, прынятага ў дом цесця’ (Нас.; навагр., Нар. сл.), пры́мачка ’тс’ (Байк. і Некр.), прымі́чка ’тс’ (саліг., Нар. словатв.), таксама пры́мы, пры́мачы, пры́мічы, пры́мкі, пры́му ’пасяленне, пражыванне мужчыны пасля жаніцьбы ў сям’і жонкі; прымацтва’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, ТС); параўн. перан. прыма́к ’калок у плоце для ўмацавання падгніўшага слупа’ (ТС). Сюды ж прыйма́к ’прымак; зяць, прыняты ў дом цесця’ (Растарг.), ’прыёмыш’ (Ласт.), прійма́ч ’зяць, які жыве ў цесця’ (Бес.), пры́йміч, пры́ймыш ’прыёмыш; зяць, прыняты ў дом цесця’ (Нас.), прыйма́к ’сезонны рабочы, якога наймалі цягнуць плыты супраць рачной плыні’ (пін., Нар. лекс.), толькі мн. л. пры́ймы ’жаніцьба ў тым выпадку, калі жаніх ідзе ў дом да нявесты’ (мазыр., рэч., Доўн.-Зап., 2). Рознасуфіксальныя вытворныя ад прыма́ць/прыйма́ць (гл.). Рус. дыял. прима́к ’муж, прыняты ў дом жонкі’, ’прыёмны сын’, прима́ка ’тс’, при́ма ’муж, прыняты ў сям’ю жонкі’, смал. прима́ч ’тс’, при́мень ’тс’, при́муш ’чалавек, якога ўзялі працаваць у гаспадарцы, прынялі ў свой двор’, укр. прийма́к, прийма́ка ’прыёмыш; муж, які перайшоў у сям’ю жонкі’, при́йми ’прыёмыш’, у при́йми піти́ ’не маючы сваёй гаспадаркі, прыйсці на гаспадарку жонкі, жыць у яе хаце’. Мартынаў (Бел.-укр. ізал., 51) мяркуе пра ўплыў літ. priim̃ti ’прыняць зяця ў двор’, аднак адсутнасць фармальных падстаў робіць меркаванне аб балтыйскім пранікненні праблематычным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)