румя́ны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Пакрыты румянцам, з румянцам на твары. Косцік і Шурка, румяныя з марозу, убеглі ў хату і пачалі апранацца: Косцік у лес, а Шурка ў школу. Брыль. Круглы румяны твар хлопца ажно ззяў. Хомчанка. // перан. З чырвоным бокам (пра яблыкі, грушы і пад.). І такія на ёй яблыкі растуць — чырвоныя ды румяныя. Якімовіч.

2. Ярка-чырвоны, ружовы. У акно ўжо зазірала сонца, круглае, румянае. Сачанка.

3. Чырванаваты, з залаціста-карычневым адценнем (пра колер печаных і смажаных вырабаў). Маці заўсёды пякла.. вялікія пампушкі з белай пшанічнай мукі, такія пахучыя, румяныя. Шамякін. — Ну, хваліся, — папрасіла Арына, паставіўшы назад на пліту блюда з румяным і адмыслова аздобленым парасём. Карпаў.

румя́ны 2, ‑аў; адз. няма.

Ружовая ці чырвоная касметычная фарба для твару.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Жоўць1 ’жоўта-зялёная горкая вадкасць, якую выдзяляе печань’, перан. ’злосць’. Рус. желчь, укр. жовч, палес. жовть, польск. żółć, н.-луж. žołś, žołe, в.-луж. žółć, чэш. žluč, славац. žlč ’тс’, балг. жлъч ’злосць’ уст. ’атрута’, жлъчка ’жоўць’, ’жоўцевы пузыр’, макед. жолч ’жоўць, жоўцевы пузыр’, серб.-харв. жу̑ч ’тс’, славен. žôlć ’жоўць’. Ст.-слав. злъчь, пазней таксама жлъчь, ц.-слав. жлъть ’тс’, ст.-рус. жьлчь ’тс’. Бел. поўнасцю адлюстроўвае (як і ўкр. палес., польск., н.-луж.) уплыў слова жоўты на форму слова (пачатковае ж‑ і канчатковае ‑ць замест з‑ і ‑чь). Першаснае значэнне да кантамінацыі з жоўты было, відаць, ’горыч’, што паслужыла асновай для старажытнага пераносу значэння ’злосць, раздражненне’. Захоўваючы гэта пераноснае значэнне слав. мовы, аднак кантамінавалі слова з жоўты, што прывяло і да семантычнага зруху (адлюстраванага ў першым слове слоўнікавага тлумачэння). Гл. жоўкнуць.

Жоўць2 ’жоўтая фарба, жоўты колер’. Рус. желть, польск. рэдк. żółć, в.-луж. žołć, чэш. žluť, славац. žlť Ст.-рус. жлъть ’тс’. Утворана, як адцягнены назоўнік са значэннем апрадмечанай адзнакі на ‑ь (< *‑ĭ) ад прыметніка жоўты, відаць, яшчэ ў прасл. мове, як напрыклад, чэрнь (< *čьrnь): *žьltь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Масля́к ’грыб Suillus luteus’ (ТСБМ, Янк. 2, Шат., Растарг., Сл. ПЗБ; уздз., Нар. словатв.), драг. масле́кь (КЭС, Жыв. сл.), укр., рус. паўн., смал. масля́к ’тс’; масле́нік ’тс’ (Жд. 1, Мат. Гом., Ян.), рус. паўн. ма́сленик, маслёник; ма́сленка ’тс’, ’Boletus flavus With.’, ’Boletus annulatus Pers.’ (Дэмб. 1, Грыг.), рус. смал., паўн., разан. ма́сленка, маслёнка ’масляк’, маслю́к ’тс’ (гродз.: беласт., маст., Сл. ПЗБ; ілун., Жыв. сл.; Мат. Гом., ТС, Ян.), маслюх ’тс’ (Бес.), рус. кур., урал. маслю́к ’тс’, масля́й ’тс’ (Янк. 2), рус. наўг., алан. масляй ’тс’, масля́н ’тс’ (барыс., Нар. словатв.), рус. усх.-сіб. масля́на ’баравік’; масля́нка ’масляк’ (Анік.), чэрык. масля́начкі (Бел. хр. дыял.), масля́т ’тс’ (касцюк., стаўбц., паст., талач., гом., Жыв. сл.). Укр. маслюк, рус. маслёнок, польск. maślak, н.-луж. butrowy grib (дзе butra ’масла’), чэш. máselník, máslenka, славац. masliak, máslnik, másník, máslik, máselník, maslák, máselňiak, máslač, maslovník, балг. ма́сленка. Паводле Махка₂ (353), грыб названы так таму, што яго мякіш мае такі ж жоўты колер, як масла, і яшчэ таму, што грыбы выкарыстоўваліся для змазкі колаў у калёсах замест масла (гл. Машынскі, Kultura, 1, 374).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мора, мо́рэ ’частка акіяна, вялікая прастора вады’, ’вялікая колькасць’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Бяльк., Бес., ТС), стол. ’заліты вадою луг’ (Нар. лекс.). Укр. море, рус. море ’мора’, ’возера’, польск. morze, н.-, в.-луж. mor jo, чэш. moře, славац. more, славен. morjȇ, серб.-харв. мо̏рје, макед. море, балг. море́, ст.-слав. море. Прасл. morje ’мора’. І.‑е. адпаведнікі: літ. mãrios, mãrės ’Куршскі заліў’, жамайцк. ’мора’, ’Балтыйскае мора’, ст.-прус. mary, лат. mare, mara ’заліў’, гоц. marei ’мора’, ірл. muir, лац. mare ’тс’, з іншай ступенню чаргавання: ст.-в.-ням. muor ’лужына, балота’, ст.-фрыз. mâr ’роў, ставок’, англ. marsh, новав.-ням. Marsch ’забалочаная нізіна’, хецк. ma(r)‑ marra ’балота’ (Фасмер, 2, 654–655 з л-рай). І.‑е. *mari ’мора, стаячая вада’, якое на слав. глебе пашырылася суфіксам ‑o‑, як ezero, pleso (Махэк₂, 374). Шпэхт (Dekl., 119) выводзіць і.-е. праформу *mor‑(u)‑ ’цёмны колер’, параўн. ст.-грэч. μόρυχοσ ’брудны, цемнаваты, змрочны’, каўказск. mere, merede, merevi ’вада, глыбіня, возера’, манг. mörö ’вялікая рака’ (Скок, 2, 456; Бязлай, 2, 195; Гамкрэлідзэ–Іваноў, 672–3, 943).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сіня́к1 ‘грыб махавік жоўта-буры’ (гарад., дзятл., драг., Сл. ПЗБ; Жыв. сл.). Да сіні (гл.), паводле колеру, таму што грыб сінее на зломе. Параўн. таксама ўкр. синя́к ‘грыб Agarikus necator’, польск. siniak ‘грыб Boletus Cyanescens’ і г. д.

Сіня́к2 ‘лешч, Abramis brama L.’ (Жукаў), іншыя назвы — сіньга́, сіне́ц (Жыв. св.), параўн. укр. синя́к ‘верхаводка’, синьга́ ‘лешч’, рус. си́нька ‘верхаводка’, синьга́ ‘лешч’. Да сіні (гл.), колер рыб характарызуецца як “синеватый с зеленоватым отливом” (Каламіец, Рыбы, 27). Гл. таксама сінец.

Сіня́к3 ‘птушка попаўзень, Sitta europea L.’ (ПСл), іншая назва — сівы дзятлік (Жыв. св.), параўн. укр. синя́к ‘голуб, Columba oenas L.’. Паводле колеру апярэння, звычайна ‘цёмна-шэры’, параўн. сівак2 (гл.) і колеравую падмену ў сіваваронка/сіняваронка ‘сіваграк (ЛА, 1).

Сіняк4 ‘расліна Succisella Reck.’ (Кіс.), сюды ж сінякве́т, сі́ні цвет ‘расліна Echium vulgare L.’ (Кіс.), параўн. укр. синя́к ‘тс’, рус. синя́к ‘тс’. Да сіні (гл.), што абумоўлена звычайна колерам кветак.

Сіня́к5 ‘сіняя неўрадлівая зямля’ (Мат. Гом.), ‘балотная глеістая зямля’ (Сл. ПЗБ), ‘ворная неўрадлівая зямля на нізкім месцы’ (Сцяц.). Да сіні (гл.), параўн. сівак1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

не́калі 1, безас. у знач. вык.

Няма калі, бракуе часу. Некалі сумаваць за работай. Барадулін. — Хутчэй, дачушка, а то мне некалі. Васілевіч. — Некалі мне цяпер ні сварыцца, ні мірыцца, — адказала [Волька] непрыязна, суха. — Працы хапае і дома, і ў калгасе... Ваданосаў.

•••

Некалі (няма калі) дыхнуць — надта заняты, перагружаны работай.

не́калі 2, прысл.

1. Калісьці, даўно; у далёкім мінулым. Кіраваўся Мікола да таго дома, дзе некалі сустракаўся з сакратаром абкома. Новікаў. Гэта быў стары, пашарпаны, некалі пафарбаваны ў бела-блакітны колер маршрутны маленькі аўтобус. Ракітны. Жылі некалі ў адным краі людзі ў згодзе ды ў ладзе. Якімовіч.

2. Калі-небудзь у будучым. Маці расказвае ўсё, што толькі ведае пра горад, у якім і сажа была ўсяго разы са тры; расказвае і ніколі не забудзе абнадзеіць: — Вось і ты некалі вырасцеш і паедзеш у горад. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чырване́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца, рабіцца чырвоным; афарбоўвацца ў чырвоны колер. Не раз і не два хвалі возера чырванелі ад чалавечай крыві. Даніленка. Брусніцы Даспяваюць, чырванеюць, Як зарніцы. Панчанка.

2. Пакрывацца румянцам, станавіцца чырвоным ад прыліву крыві. Мікіта Мікітавіч чырванеў ад гневу, калі гаворка цяпер заходзіла пра Сасноўскіх. Карпаў. Надзейцы стала горача, твар то чырванеў, то бляднеў, яна зірнула на Калядзіна, шукаючы абароны. Хадкевіч. // перан. Бянтэжыцца, саромецца. [Галя:] — Калі гавораць пра хлопцаў, я заўсёды чырванею. Гарбук. Кухня была агульная, і на гэтай кухні даволі языкатая «палавіна» Івана Леўкіна не раз прымушала чырванець маладзенькую жонку Альберта Аляксандрава. Дадзіёмаў.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вылучацца сваім чырвоным колерам, віднецца (пра што‑н. чырвонае). Сярод зялёнага моху ўсюды чырванеюць буйныя спелыя брусніцы. В. Вольскі. У галлі і лісці бялеюць і чырванеюць яблыкі. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пера..., прыстаўка.

Абазначае:

1) накіраванасць дзеяння з аднаго месца на другое, з аднаго боку на другі, напр.: перабегчы, перавярнуць, перайсці;

2) накіраванасць руху цераз што-н., напр.: перакінуць, пераплысці, пераскочыць;

3) змену накіраванасці дзеяння, перадачу каму-, чаму-н., напр.: перадаць (у спадчыну), пераслаць;

4) паўтарэнне дзеяння нанава, напр.: перарабіць, перачытаць, перашыць;

5) празмернасць дзеяння, а таксама давядзенне дзеяння да адмоўнага выніку, напр.: пераесці, перасаліць, перахваліць;

6) перавагу, першынство ў дзеянні, напр.: перакрычаць, ператанцаваць, перахітрыць;

7) паслядоўны ахоп дзеяннем усіх або многіх асоб, прадметаў і вычарпальнасць такога дзеяння, напр.: пералавіць, перамыць (увесь посуд), перапэцкаць (рукі), перахварэць (усімі дзіцячымі хваробамі);

8) падзел чаго-н. папалам, на часткі, напр.: перакусіць (нітку); пераламаць;

9) запоўненасць дзеяннем якога-н. прамежку часу, напр.: перазімаваць, пераначаваць;

10) пераўтварэнне ў што-н. іншае, пераход у іншы стан, від, напр.: перакласці (на іншую мову), перарасці (сяброўства перарасло ў каханне), перамяніць (свой колер);

11) спыненне якога-н. дзеяння, стану, напр.: перабалець (перабалела сэрца), перабрадзіць;

12) слабае праяўленне дзеяння або яго кароткачасовасць, напр.: перадыхнуць, перакусіць;

13) узаемнасць дзеяння (у дзеясловах з часціцай -цца), напр.: перагаворвацца, перапісвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

зе́лень, ‑і, ж.

1. зб. Трава, лісце дрэў, кустоў; зялёная расліннасць, зеляніна. Вясенняя зелень. Пах зелені. Зелень садоў. □ Мноства зелені ў цэнтры горада — гэта магутная крыніца свежага паветра. Лобан. — Парэчча добра мне знаёма! А колькі зелені там летам! Як у вяночку, стаіць хата. Колас. Адзінокія бярозкі жаўцелі між зелені сосен, і былі яны самотныя, як сіроты. Чарнышэвіч.

2. зб. Некаторыя віды гародніны і траў, якія скарыстоўваюцца ў ежу. Прадавец зелені. Палажыць зелень у суп.

3. Зялёны колер, зялёная афарбоўка чаго‑н. Светафор бліснуў яркай зеленню.

4. Разм. Зялёны налёт. Медны дрот пакрыўся зеленню.

5. Зялёная фарба.

6. Разм. Пра нясталых, маладасведчаных людзей. — Мала ты ведаеш, зелень ты, — па-бацькоўску прамовіў Гардвей. Мележ.

•••

Брыльянтавая зелень — анілінавая фарба, якая скарыстоўваецца ў медыцыне як антысептычны сродак.

Парыжская зелень — светла-зялёны нерастварымы ў вадзе парашок, які скарыстоўваецца для барацьбы з насякомымі — шкоднікамі сельскагаспадарчых раслін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

іржа́вы і ржа́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Пакрыты ржой; заржавелы. Іржавы замок. Іржавае жалеза. □ Іржавы манеўравы паравоз пачынае дрыжэць усім сваім старым нутром. Лынькоў. У сцяну ля акна дробна, часта стукае аканіца і паціху тоненька пішчыць іржавымі завескамі. Галавач. // Які ўтварыўся ад іржы, з іржы. Іржавыя плямы.

2. Бурага колеру ад прымесі вокіслаў жалеза (пра балотную ваду). З незвычайным страхам ступалі немцы ў іржавую ваду, грузнучы па пояс у халодную і слізкую дрыгву. Шамякін. // З такой вадой (пра балота, рэчку). Там было тарфяное балота, праз якое цякла павольна ржавая рачулка. Чорны. Грэбелька раптам перарывалася, далей была густая ржавая твань. Мележ. // Прыпсаваны, які мае колер іржы. Іржавы селядзец. □ Хата сустрэла мяне цішынёй і запусценнем. Непрыбраны стол. Брудныя талеркі. Іржавая рыба ў кансервавых банках. Савіцкі.

3. Разм. Чырвона-буры, колеру ржы. Снарады і бомбы ўсю.. [зямлю] перарылі, спустошылі, пакрылі чорнымі ды ржавымі выпалінамі. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)