пера..., прыстаўка.

Абазначае:

1) накіраванасць дзеяння з аднаго месца на другое, з аднаго боку на другі, напр.: перабегчы, перавярнуць, перайсці;

2) накіраванасць руху цераз што-н., напр.: перакінуць, пераплысці, пераскочыць;

3) змену накіраванасці дзеяння, перадачу каму-, чаму-н., напр.: перадаць (у спадчыну), пераслаць;

4) паўтарэнне дзеяння нанава, напр.: перарабіць, перачытаць, перашыць;

5) празмернасць дзеяння, а таксама давядзенне дзеяння да адмоўнага выніку, напр.: пераесці, перасаліць, перахваліць;

6) перавагу, першынство ў дзеянні, напр.: перакрычаць, ператанцаваць, перахітрыць;

7) паслядоўны ахоп дзеяннем усіх або многіх асоб, прадметаў і вычарпальнасць такога дзеяння, напр.: пералавіць, перамыць (увесь посуд), перапэцкаць (рукі), перахварэць (усімі дзіцячымі хваробамі);

8) падзел чаго-н. папалам, на часткі, напр.: перакусіць (нітку); пераламаць;

9) запоўненасць дзеяннем якога-н. прамежку часу, напр.: перазімаваць, пераначаваць;

10) пераўтварэнне ў што-н. іншае, пераход у іншы стан, від, напр.: перакласці (на іншую мову), перарасці (сяброўства перарасло ў каханне), перамяніць (свой колер);

11) спыненне якога-н. дзеяння, стану, напр.: перабалець (перабалела сэрца), перабрадзіць;

12) слабае праяўленне дзеяння або яго кароткачасовасць, напр.: перадыхнуць, перакусіць;

13) узаемнасць дзеяння (у дзеясловах з часціцай -цца), напр.: перагаворвацца, перапісвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)