Гі́рса ’гірса, Bromus secalinus L.’ (Нас., Касп., Шат.), гірса́ (БРС), ґі́рса (Сцяшк.) (агляд форм гл. Кіс., 26; Непакупны, Лекс. балтызмы, 30), таксама гірс, дырса. Для найбольш пашыранага варыянта гірса крыніцай з’яўляецца літ. girsa, gìrsė (Непакупны, там жа). Варыянтнасць гірса : дырса назіраецца ў Гродз. вобл, і ў Польшчы (на Беласточчыне). Для варыянта дырса крыніцай з’яўляецца літ. dìrsė, але лінгвагеаграфічная праблематыка тут вельмі складаная (гл. Непакупны, там жа). Гл. яшчэ Сл. паўн.-зах. Параўн. яшчэ рус. дыял. ги́рса, польск. дыял. girsa (гл. Фасмер, і, 408).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Даклярава́ць ’абяцаць’ (БРС), дэкляро́ўка ’абяцаная рэч’ (Нас.). Ужо ў ст.-бел. мове декляровати ’аб’яўляць, абяцаць’ (гл. Булыка, Запазыч., 90). Запазычанне з польск. deklarować ’тс’ (а гэта з лац. declarare; так Булыка, там жа). Кюнэ (Poln., 50) крыніцай польск. слова лічыць ням. deklarieren (< лац.). Параўн. дакляра́цыя, дэкларава́ць. У рус. мове XVII ст. існавала лексема декляровать, якая таксама з’яўляецца запазычаннем з польск. мовы. Пытанне, аднак, досыць складанае (аб магчымых трактоўках гісторыі гэтай групы слоў гл. падрабязна ў Шанскага, 1, Д, Е, Ж, 56).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Нічо́гі ’нядрэнны; дрэнны; слабы здароўем’ (Сл. ПЗБ), ’слабы, малавартасны (пра неадушаўлёныя прадметы), слабы здароўем (пра чалавека, жывёлу)’ (Янк. 1), ’дрэнны, кепскі, паганы, шкодны, шкадлівы; непрыдатны, няўдалы, благі, нікуды не варты; слабы, кволы’ (ТС), ’нікчэмны’ (Сцяшк. Сл.), ’прыгожы; слабы здароўем; нікудышны’ (Мат. Гом.), нычбгы, нычогый ’дрэнны, кепскі’ (бяроз., Шатал.), нічогій ’дрэнны, нікчэмны’ (Доўн.-Зап. ПП), укр. нічогий ’кепскаваты; ніштаваты’. Прыметнік ад нічога (гл.), семантыка пераважна адмоўнага плану на аснове ўсяго спектра значэнняў зыходнага слова, параўн. таксама вытворнае нічогбу́ка ’вельмі дрэнны чалавек’ (ТС).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кашала́ ’верх воза, сам воз’ (Касп.), кашала́ ’кош’, кашалы́ ’высокія драбіны ў возе, воз з такімі драбінамі’ (Сл. паўн.-зах., 2). Гэтыя бел. словы можна рэканструяваць як *košela, што з’яўляецца вытворным ад *košm ’карзіна’ пры дапамозе суф. ‑ela. Суфіксальная частка тут вельмі варыятыўная, так што ўсе вядомыя выпадкі можна прадставіць як *košelъ/*košela/*košelь. Праблематыка суфіксальнай варыянтнасці ўскладняецца яшчэ тым, што сустракаюцца таксама выпадкі іншага вакалізму ў суфіксах (параўн., напр., польск. koszałka). Падрабязна гл. у Трубачова, Эт. сл., 11, 187–189.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ке́пала ’капун, капуха’ (Жыв. сл., Янк. Мат.). Гл. кепацца. Магчыма, утворана пры дапамозе суфікса ‑ала ад капаць (параўн. семантычна капун) з другасным пераносам націску на каранёвы галосны (ка́пала > ке́пала, а > е пад націскам) (параўн. Сцяцко, Афікс. наз., 93–94). Іншую версію прапануе Непакупны (Лекс. балтызмы, 29) з літ. kẽpalas ’булка хлеба’. Семантычнае разыходжанне ён тлумачыць наступным чынам. Тое ж літ. утварэнне з іншым суфіксам kepaĩšis, апрача значэння ’хлеб, ляпёшка’, мае яшчэ пераноснае значэнне ’мямля, размазня’. Гэтай версіі прытрымліваецца таксама Лаўчутэ (Балтизмы, 67).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Асмо́л ’смалістая драўніна хвойных парод’ (БРС), ’пень, які выкопваюць для вырабу смалы’ (Інстр. III). Рус. осмол ’смалістая драўніна’, укр. дыял. осмів ’трухлявы пень’; рус. і ўкр. осмол таксама дзеянне па дзеяслову осмолить. Польск. osmoł ’жывіца, што цячэ са скалечанага месца на пню’, ’асмальванне’. Яшчэ усмал ’амярцвелая частка ствала, налітая смалой’ (Янк. I), укр. усмол ’тс’ (Ніканчук, Бел.-укр. ізал., 63). Утворана, магчыма, ад дзеяслова асмаліцца ’наліцца смалой’, бо іначай прэфіксальна-бяссуфікснае ўтварэнне цяжка растлумачыць. Сюды ж памяншальнае асмолкі ’смалістыя трэскі’ (Інстр. I).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Атачы́ць ’акружыць’ (Гарэц.). У рускай пашырана на захадзе, укр. оточити, польск. otoczyć ’тс’, чэш. otočiti, славац. otočiť ’акружыць, павярнуць, пакрыць, абвязаць’, славен. otočati ’акружаць’. Дзеяслоў точити засведчаны ў ст.-рус. у значэнні ’гнаць, ездзіць’, аналагічныя значэнні вядомыя сучаснай чэшскай і славацкай мовам, дзе таксама дзеяслоў točiti ўказвае на вакольны, кругавы рух, паварот. Гэта значэнне і было, відаць, першасным для пашыранага цяпер у шэрагу славянскіх моў значэння слова атачыць ’акружыць’. Улічваючы адзінкавасць беларускага прыкладу, можна меркаваць пра яго запазычаны (відаць, з польскай) характар.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ба́йбас ’бялізны чалавек, гультай’ (Касп.), байбо́с ’бялізны, нязграбны мужчына’ (Нас.), ба́йбус ’бялізны, нязграбны чалавек, гультай’ (Шат., Гарэц., Янк. БП, Др.-Падб., Бяльк., Сцяц.), ’дурань’ (Сцяц.). Рус. ба́йбус, бе́йбус ’лянівы’, бе́йбас ’дурань’, укр. бе́йбас ’дурань, вялікі нехлямяжы чалавек’ (таксама бе́льбас, бе́лбас). Паводле Фасмера, 1, 145, запазычанне (у другой частцы выразу дыял. форма тур. baš ’галава’). Але зыходзячы з укр. паралельных форм бе́льбас, бе́лбас, можна думаць і пра сувязь з рус. балбе́с (да гэтага гл. Фасмер, 1, 114): параўн. змену ва ўкр. дыялектах: лʼ → й.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бац 1 ’пацук’ (Касп., Сцяшк. МГ, Янк. Мат., Інстр. II). Параўн. і бацу́к ’вадзяны пацук’ (Лысенка, ССП). Усё гэта формы з азванчэннем да пацук, пац ’тс’ (гл.).
Бац 2 ’малое дзіця, вельмі рухавае’ (Янк. Мат.). Гэта пераноснае ўжыванне слова бац ’пацук’. Магчыма, далей сюды адносяцца таксама (спачатку як пераносныя назвы) бацю́к, бацю́та хлопчык’ (Касп.), бацю́та ’перарослы гарэза’ (Нас.). Але не выключаецца, што апошнія словы — утварэнне ад ба́ця, ба́цька. Параўн. бацю́та, бацю́ля ’сын, які падобны да бацькі тварам ці ўчынкамі’ (Яўс.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бедронка ’божая кароўка’ (Інстр. лекс.). Паколькі такі тып утварэння (на ‑онка) не характэрны для ўсх.-слав. моў (дакладней, для бел. і ўкр.), дзе выступае бедрык (гл.), то трэба меркаваць, што гэта запазычанне з польскай мовы (параўн. польск. biedronka, таксама biedrunka, параўн. і чэш. bedruňka). Польск. слова звязана з назвамі кароў biedrona, biedrawa, biedrula, гл. Слаўскі, 1, 32; Саднік-Айцэтмюлер, 4, 262–263 (параўн. бо́жая каро́ўка, ням. Herrgottkühlein і г. д.). Іначай аб паходжанні польск. слова Лант, Language, 29, 128–133. Гл. бедрык.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)