За́ступ ’рыдлёўка, жалязняк’. Рус., укр. за́ступ ’тс’. Польск. zastup ’тс’ (з рус.; Дарашэўскі, 10, 795), zastęp ’група людзей’, ’ахоўны вал’, серб.-луж. zastup ’уваход’, чэш., славац. zástup ’мноства, група людзей, наогул нейкіх элементаў’, славен. zastòp ’уваход’, ’прадстаўніцтва’, ’розум, сэнс’. Ст.-слав. застѫпъ ’дапамога, абарона; натоўп’. Ст.-рус. заступъ ’абарона’ (XII ст.), ’рыдлёўка’ (XVI ст.). Верагодна, што бел. і ўкр. заступ ’рыдлёўка’ з рус., дзе значэнне тлумачыцца тым, што пры працы з гэтым відам лапаты на яе наступаюць нагой. Таму бязафіксны наз. ад заступати (гл. ступаць). Шанскі, 2, З, 66–67; Праабражэнскі, 2, 408.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Заўзяты ’ўпарты, напорысты, напружаны’. Рус. завзя́тый, укр. завзя́тий, польск. zawzięty ’тс’, славац. zavzalý ’тс’; параўн. славен. zavzę́ten ’дзіўны, цудоўны; цяжкі на пад’ём’. Паводле формы, дзеепрыметнік на ад *za + vъz‑ę‑ti (гл. узяць), утвораны хутчэй за ўсё па польск. глебе, дзе вядомае і цяпер zawziąć ’узяць’ у ст.-польск. мела шырокае ўжыванне з далейшым развіццём значэння ’узяты’ > ’захоплены’ (у прамым і пераносным сэнсе) > ’упарты’. З польск. у бел. укр. > рус., а таксама славац. Фасмер, 2, 72; Брукнер, 640. Славен. мае іншае значэнне і ўтварэнне і можа лічыцца асобным словам.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Зла́кі ’сямейства хлебных раслін’. Рус., укр. зла́ки ’тс’, балг. злак ’зеляніна, трава’. Ст.-слав. злакъ. Ст.-рус. злакъ (1096 г.). У бел. (і рус.) кніжным шляхам са ст.-слав. У рус. ярасл., валаг., урад зафіксавана зело́к, якое лічаць усх.-слав. адпаведнікам злак. Няясна, аднак, як зелок < zolkъ (ці як злак < zelkъ?). Параўн. зелкі. Верагодна, што злак < zol‑k‑ъ, дзе ‑k‑ — дэтэрмінант (як у знак і г. д.), а zol‑/zel‑ суадносіцца з зялёны, зелле (гл.). Фасмер, 2, 99; Шанскі, 2, З 93; Трубачоў, Проспект, 90–91; Трубачоў, ЭИРЯ, 2, 36–37.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Калама́шка ’лаянка на няўклюднага, чараватага чалавека’ (Шат.). Фармальна суадносіцца з каламашка ’воз’, ’нязграбны воз’, ’воз для перавозу цяжкасцей’ і да т. п. — значэнні, якія тлумачаць, відаць, утварэнне каламашка ’лаянка’. З разглядаемым словам суадносіцца кылымашыцца ’таўчыся, збірацца ў адным месцы’ (Бяльк.) (паводле фанетычнага крытэрыю ўтворана ад асновы каламаш‑). Семантыка, відавочна, адрозніваецца, аднак яе можна зразумець як натуральнае развіццё ’капацца, вазіцца’ > ’таўчыся на адным месцы’, > ’збірацца ў адным месцы’. Такое развіццё значэння верагоднае, паколькі ажыццяўляецца ў яўна экспрэсіўных лексемах, дзе семантыка з’яўляецца дыфузорнай і лёгка можа субстывавацца. Параўн. яшчэ пск. колымажиться ’важнічаць, фанабэрыцца’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Каламя́нка ’густая моцная льняная тканіна’ (БРС, ТСБМ, Гарэц.), ’палатняная блуза’ (Др.-Падб.). Наяўнасць слова толькі ў літаратурнай мове не дазваляе вызначыць крыніцу запазычання. Укр. каламайка (у Грынчэнкі), рус. коломенка і коломёнка, коломийка (Фасмер, 2, 294), аднак статус няясны. У рус. мове лічыцца запазычаннем праз ням. Kalamank, kalmank або гал. kal(a)mink ’гладкая льняная або пяньковая тканіна’, з с.-лац. camelāncium (Фасмер, 2, 294–259), дзе ням. словы з с.-лац. calamancum, якое шэрагам аўтараў тлумачыцца як утворанае на базе с.-грэч. καμηλάνκιον ’вопратка з вярблюджай воўны’, гл. Бернекер, 1, 471; Фасмер, 2, 164.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кальва́рыя ’гара, на якой стаяў ці стаіць касцёл, а таксама многа капліц вакол яе’ (вілен., мін., Яшк.), ’могілкі’ (мін., Яшк.). Слова, відаць, з польскага перыферыйнага дыялекта, у беларускай мове, як паказваюць крыніцы, распаўсюджання не атрымала. Польск. kalwaria ’цыкл малюнкаў або іншых вобразатвораў, якія адлюстроўваюць розныя сцэны мукі Хрыста; месца, дзе яны размешчаны’ з лац. calvāria, (Calvariae locus) назва гары. на якой Ісус Хрыстос быў пакараны на крыжы, а лац. да арамей. gulgoltā (Golgothē — Галгофа); суадносіцца з calva, calvus ’чэрап’, адносна семантыкі параўн. прыклад Дарашэўскага, 3, 484: Lysa Góra.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Камі́нак, каміно́к, камяно́к ’выемка ў печы, месца ля чалеснікаў, дзе раскладалі агонь для асвятлення хаты’ (ТСБМ, КЭС, лаг.; Інстр. I, Сцяшк.), ’пярэдняя частка печы’ (Яруш.), ’выступ на коміне для запалак, гзымс’ (Сцяц.; Мат. Маг.; в.-дзвін. Шатал.; Сцяшк.) ’шкло ў газавай лямпе’ (мін., Кар.; Жд. 2; КЭС, лаг.; Інстр. I; жытк., Жыв. сл.). Запазычана з польск. kominek. Да комін (гл.). Сюды ж каміна́р ’чысцільшчык комінаў’, ’запэцканы ў сажу’ (ТСБМ, Некр., Сцяц., Жд. 3, Гарэц., Сцяшк.) і камінарнік ’тс’ (стаўбц., Жыв. сл.; шчуч., Нар. лекс.; вілей., Нар. сл.; Сцяшк.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Касіе́р ’касір’ (Сцяшк., Сл. паўн.-зах.). Параўн. укр. дыял. ка́сієр, польск. (Ліндэ) kassyer, польск. kasjer, балг. касцѐр. У гэтай форме слова з’яўляецца запазычаннем з італ. мовы. Параўн. італ. cassiere ’касір’ (вытворнае ад італ. cassa ’каса’). Пры гэтым варта адзначыць, што, відавочна, у якасці крыніцы выступае італ. cassier — форма, магчымая для некаторых італ. дыялектаў, дакладней для паўночных, дзе часта адпадаюць галосныя ў канцы слоў. Калі гэта так, то мы маем магчымасць удакладніць крыніцу запазычання з пункту гледжання лінгвагеаграфіі і тым самым часткова праясніць роль паўночных італ. гаворак у фарміраванні еўрапейскай лексікі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Свідзе́цель (свідзе́ціль) ‘сведка’ (Бяльк., Сл. ПЗБ), свідзі́цель ‘тс’ (Ян.). Хутчэй за ўсё, запазычана з рус. свидете́ль ‘тс’; аднак не выключана захаванне стараж.-рус., ст.-слав. съвѣдѣтель ‘відавочца’, пры змене ѣ > и пад уплывам видѣти (Фасмер, 3, 577), параўн. ст.-слав. засъвѣдѣтельствовати ‘пасведчыць’ і ст.-бел. свидетельствуетъ (1489 г.), тут, згодна з Карскім (1, 216–217), сутыкаемся з “огласовкой” кораня вид‑ замест вѣд‑, дзе и выклікана дысіміляцыяй з наступным складам і ўплывам асноў на ‑і, параўн. ст.-бел. видити, сѣдити і пад. Сной (Бязлай, 3, 347) мяркуе пра зыходны паралелізм. Гл. сведка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Стано́к 1 ‘машына, прыстасаванне’, ‘апора’, ‘стойла’ (ТСБМ), ‘прыстасаванне або прылада’ (ТС), ‘вал у кроснах, на які набіваецца аснова ці палатно’ (Сцяшк.), станкі́ мн. л. ‘козлы, на якіх пілуюць дровы’ (Жд. 3). Ад сталн 1 (гл.) з суф. ‑ок. Паводле Трубачова (Этимология–1985, 6), прасл. *stanъkъ першапачаткова азначала пераважна ткацкі стан.
Стано́к 2 ‘стаянка, шалаш у лесе, на лузе’, ‘стойла для каня ў хляве’ (ТС, Сержп. Прымхі). Да стан 1 (гл.).
Стано́к 3 ‘луг паміж балотамі’ (Жд. 3). Да стан 1 з суф. ‑ок, г. зн. ‘месца, дзе можна стаць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)