Сулі́ць ’прапаноўваць, даваць, абяцаць’ (Нас., Гарэц., Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Сержп., Тур., ЛА, 3, Сл. ПЗБ, Шатал., ТС; бых., ЖНС; мсцісл., З нар. сл.; чавус., Нар. сл.), ’жадаць’ (Ян.), сюлі́ць ’прапаноўваць, даваць’ (астрав., паст., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. сули́ти, рус. сули́тъ, польск. дыял. sulić ’тс’. Відавочна, звязана са стараж.-рус. сулѣи ’лепшы’, ц.-слав. соулии, ст.-слав. соулѣи ’тс’, супастаўляльнымі з літ. šulnas ’выключны, цудоўны’, ст.-інд. śurah ’моцны, смелы’, грэч. χῦρος ’сіла, моц’ (Фасмер, 3, 801; ЕСУМ, 5, 472). Форма з пачатковым сю‑ (śu‑), відаць, пад уплывам літ. siū́liti ’прапаноўваць’, якое, у сваю чаргу, лічыцца запазычаннем з беларускай, гл. Смачынскі, 552. Гл. таксама пасуліць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суто́ка ’месца зліцця дзвюх рэк’ (Нас., Ласт., Некр. і Байк., Гарэц.), суто́кі ’тс’, ’лінія сутыкнення, мяжа’ (ТСБМ), ’месца, дзе сыходзіцца многа ручаёў’, ’наогул — вузел, напрыклад, дарог’ (Мядзв.), ’месца зліцця дзвюх рэк’ (Варл.), сюды ж, відаць, і сото́ка ’злучэнне, стык (драўляных рэек і пад.)’ (зах.-палес., Бел.-укр. ізал.), суто́к (гл.), укр. дыял. суто́ка ’месца зліцця дзвюх рэк’, рус. суто́к ’тс’, польск. Santoka (тапонім), чэш. soutok, sútok, на падставе якіх рэканструюецца прасл. *sǫtokъ, *sǫtoka < *sǫ‑ і *tokъ (Фасмер, 3, 811; Борысь, 94). Звяртаецца ўвага на ўжыванне формы ж. р. ад кораня выключна ў беларускай мове для “воднай” тэрміналогіі, параўн. ато́ка, выто́ка, зато́ка, прато́ка, суто́ка і пад. (Пацюпа ў Станкевіча, Язык, 1189).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сырапе́ня ’кіслае малако’ (Касп.; барыс., Сл. ПЗБ; гарад., Нар. словатв.; віц., ЛА, 4), сырапе́ня, сырапі́ха ’тс’ (віц., Шн. 3), сырапе́ня, сырапо́ня ’толькі што ўкіслае малако’ (Барад.), сырапо́нь ’сыракваша’ (бярэз., Жд. 1), сырапо́ня ’кіслае знятае малако’ (Мядзв.), сырапонка ’тс’ (бых., ЛА, 4), сарапо́ня ’рэдкае недакіслае малако’ (полац., Нар. сл.), сурупо́ня ’кіслае малако’ (Мат. Маг.). Рус. пск. сыропы́ня, сыропы́ха ’сыракваша’. З сыр‑ (гл. сыры) і літ. píenas ’малако’. Лаўчутэ (Балтизмы, 56) мяркуе, што ў першым кампаненце адбылося другаснае набліжэнне да слав. *syrъ; першакрыніца ў лат. siera piens ’малако для сыра’, Р. скл. siera piena. Рускія дыялектныя словы, відаць, з беларускай (Анікін, Опыт, 284); змены ў другой частцы слова ў выніку дээтымалагізацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыць ’імклівасць, шпаркасць’ (Нас., Ласт.); ’крутасць, стромкасць, круча’ (Ласт.), прыт ’жвавасць, рухлівасць’ (Бяльк.), рус. прыть ’тс’. Прасл. *prytь > бяссуфікснае вытворнае ад *prъtiti, *pryt(j)ati ’рухацца, корпацца, узнімацца’ (Варбат, Этимология–1971, 10; яе ж, Слав. языкозн., XII, 119), прадстаўленага ў беларускай мове, відаць, толькі палес. пры́тыты (гл. пры́тыць). Праблематычным з’яўляецца далучэнне сюды спріт ’спрыт, жвавасць’ (Бяльк.), а таксама рэканструкцыя ў якасці зыходнай для рус. прыть і бел. прыць формы *sprytъ, крыніцай якой лічыцца гоц. *sprūti < sprauto ’хутка’, параўн. ст.-англ. sprūtan ’даваць парасткі, развівацца’ (Мартынаў, Лекс. Палесся, 16–17); сумненні на гэты конт у Смулковай (Бел.-польск. ізал., 118–120). Аб серб.-харв. pȑtiti гл. Глухак, 507. Гл. таксама пры́тны, пры́ткі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вэль ’вуаль, вэлюм у маладой’ (Малчанава, Мат. культ., 167). Гэтага слова няма ні ў польск., ні ў рус., ні ва ўкр. мовах, і ў зах.-еўрап. мовах не знаходзіцца нічога, што б магло быць крыніцай бел. слова. Таму можна меркаваць, што яно ўтворана на беларускай глебе: відавочна, гэта скарачэнне або слова вэ́люм або ж вэ́лян (можа, не без уплыву ідэнтычнай па семантыцы лексемы вуа́ль). Толькі выпадкова бел. слова супадае з серб.-харв. ве̏о (род. ве̏ла) і славен. vel ’пакрывала, вуаль’ (паўдн.-слав. лексемы ўзяты з іт. velo < лац. vēlum), таму што аб запазычанні бел. мовай з серб.-харв., славен. або іт. не можа быць размовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вяпру́к ’кабан’ (БРС, Мал., Шн., Нас., Бяльк., Сцяшк. МГ); ’кастрыраваны кабан’ (Інстр. II, ДАБМ, 885); ’парсюк, дзікі парсюк, дзік’ (Сцяшк. МГ). Да пашырэння слова вяпру́к ’пакладаны кабан’ і роднасных форм (вапе́р, япру́к і інш.) гл. ДАБМ, карта № 292. Форма вяпру́к вядома на значнай частцы беларускай тэрыторыі ў гаворках і пранікла ў літаратурную мову. Параўн. яшчэ рус. дыял. (смал.) вапер, ваперь, вепирь, вапрюк ’тс’ (СРНГ). Слова гэта праславянскае (*veprь; параўн. рус. вепрь, укр. вепр, ве́пер, польск. wieprz, чэш. vepř, ст.-слав. вепрь, балг. ве́пър, серб. ве̏пар і г. д.). Непасрэдна *veprъ адлюстроўваецца ў бел. вапе́р, вя́пер, ве́пер (гл., там і этымалагічныя версіі). Да вяпру́к; параўн. яшчэ Мартынаў, Лекс. Палесся, 8.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клуміць ’тлуміць, дурыць, шумець’ (Нас., Гарэц., Юрч., Мат. Маг., Бяльк., Др.-Падб.), клуміць галаву ’задурваць, валакіціць, падманваць’ (Юрч. Фраз. 2). Насовіч (237) гаворыць аб тым, што клуміць аднаго паходжання з глуміць і тлуміць. Да клум (гл.). Супастаўляючы з клуміць не толькі тлуміць, але і глуміць. Насовіч, відаць, мае на ўвазе кантамінацыю тлуміць і глуміць. З гэтым тлумачэннем нельга пагадзіцца, паколькі рус. глумить, бел. глуміць маюць таксама значэнне ’дурыць, падманваць’. Трэба таксама ўлічваць, што лексемы tłum, tłumić толькі польскія і іх этымалогія няясная. Таму, па-першае, не абавязкова прымаць пераход t > k на беларускай глебе для тлумачэння бел. шум, шуміць, можна меркаваць і аб адваротным працэсе (гл. глум, глуміць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кула́к1 ’кісць рукі з прыгнутымі к далоні пальцамі’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Яруш., Нік., Няч., Бяльк., ТС). Укр. кулак, рус. кулак ’тс’. У беларускай і ўкраінскай мовах (а таксама ў некаторых іншых) запазычанне з рускай. Іншамоўныя крыніцы або ўнутраная форма рускага слова надзейна не вызначаны. Паводле Фасмера (2, 408), з цюрк. kulak ад kol, kul ’рука’ (параўн. Корш, AfslPh, 9, 513; Локач, 95).

Кула́к2 ’багаты селянін-уласнік’ (ТСБМ). Да кулак1 (гл.).

Кула́к3 ’драўляны малаток’ (Сл. паўн.-зах.). Да кулак1 (гл.).

Кула́к4 ’асобны шып кулачнага кола, што круціць шасцярню пасавага кола’ (КЭС, лаг.), ’зуб у шасцярні’ (Шат., Кліх). Параўн. кулак3 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

-сь — часціца, звычайна са значэннем нявызначанасці, у складзе займеннікаў і прыслоўяў тыпу хтось, колісь, параўн. прыйшоў хтось, ўзяў штось, дай пашоў кудысь (Пятк. 2), якія далей могуць быць пашыраны часціцамі ‑ці (калісьці, чамусьці), ‑кі (хтоські, штоські, Мат. Маг.), ‑ка (у неякагосціка, Федар. 1) і інш. Укр. ‑сь, польск. ‑ś, чэш. ‑si (kdysi ’некалі’), славац. ‑si, в.-луж. ‑s, н.-луж. ‑sy (gdysy ’некалі, часамі’). З прасл. *si, кароткай формы Д. скл. зваротнага займенніка *sebe (гл. сябе), гл. ESSJ SG, 2, 607; ESJSt, 13, 814; ЕСУМ, 5, 492. У беларускай мове Карскі (2–3, 90, 97) дапускае змяшэнне са зваротнай часціцай -ся (гл.) пад уплывам польскай мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аргама́к ’парода рослых скакавых коней’ (БРС). Рус., укр. аргамак ’тс’, ст.-бел. ограмак, громакъ (Гіст. мовы, 1, 139). Польск. rumak < hromak < ohromak (з XVI ст. — Брукнер, 468). Запазычанне з цюрк. аргамак, аргымак, арыгмак і да т. пад. (гл. Севарцян, 171). Конанаў (ИОРЯ, 1966, 229) указвае на персідскую крыніцу цюркскага. Рускае слова можа быць з кожнага з трох арэалаў: Каўказ, Крым, Усход (у Даля — трухменскія і кабардзінскія аргамакі). Беларускае хутчэй з крымска-татарскай, турэцкай, магчыма, праз украінскую ці паралельна. Польскае з украінскай ці беларускай. Калі ст.-бел. толькі ограмак, нельга выключыць паўторнае запазычанне праз рускую мову (Крукоўскі, Уплыў, 74). Супрун, Зб. Крымскаму, 125–126; Фасмер, 1, 84; Трубачоў, Происх., 57.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)