прыжы́цца, ‑жывуся, ‑жывешся, ‑жывецца; ‑жывёмся, ‑жывяцеся; зак.

1. Пажыўшы або папрацаваўшы дзе‑н. некаторы час, прыстасавацца, прызвычаіцца да гэтага месца, абстаноўкі. Партызаны Ларывончыкавага атрада гэтак прыжыліся да таго густога, здавалася, непраходнага лесу, ажно некаторыя забываліся, што яны на вайне. Сабаленка. Ганялі .. [Сакалоўскага] з цэха ў цэх — нідзе не прыжыўся. Шынклер. Кінуў [бацька] зямлю, увесь набытак і падаўся ў горад. Там і прыжыўся. Сачанка. Для мяне было ясна, што яна служыць там аддана, як могуць служыць толькі працавітыя, сумленныя і адзінокія старыя жанчыны, якія з цягам часу прыжыліся ў чужой сям’і. Карпюк. [Прадзед] адстаў ад свайго табара ды так і прыжыўся ў вёсцы. П. Ткачоў.

2. Прыстасаваўшыся да новых умоў, пачаць добра расці, развівацца (пра жывёл, расліны). Маладыя дрэўцы, пасаджаныя мінулай восенню і вясной, прыжыліся. Хадкевіч. Прыжыліся буслы ў горадзе: Адчуваюць сябе як дома. Сіпакоў. // Прырасці, зрасціся з чым‑н. Прышчэпак добра прыжыўся.

3. Замацавацца дзе‑н., за чым‑н. Палявая, Лугавая, Аляксандраўская, Мікалаеўская — так называюцца вуліцы. Але назвы гэтыя не прыжыліся, завуць па-ранейшаму. Навуменка. Каўбойскія фільмы, як гэта ні дзіўна, трывала прыжыліся на італьянскіх экранах. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыстро́іцца 1, ‑строюся, ‑строішся, ‑строіцца; зак.

1. Прымасціцца, размясціцца дзе‑н. Васілёк прыстроіўся каля табурэткі ў кутку і вельмі пільна ўглядаўся ў малюнкі ў кніжцы. Броўка. Якаў прыстроіўся на дубе, поруч з Юзікам. Чарнышэвіч. // Далучыцца, прыстаць да каго‑н. Касец з Яхіма так сабе, другі год як узяўся за касу, а тут яшчэ ў кампаніі сталых мужчын прыстроіўся Барын бацька. Дуброўскі.

2. Разм. Уладкавацца на работу, заняць якое‑н. месца, становішча ў жыцці. — Каб як гэта мне дзе-небудзь прыстроіцца — рабіць па сваёй сіле, каб ніхто не мяшаў мне жыць. Чорны. — Прыстроімся матросамі. Здорава было б трапіць на кітабойную флатылію. Асіпенка. — Ці не хочаш ты, дзед, ключнікам прыстроіцца? — запытаў Максім Ус. Грахоўскі.

3. Далучыцца да строю, стаць у строй; стаць у рад, у адну лінію з кім‑, чым‑н. Лёдзя, захапіўшы чатыры бляшаныя падносы, прыстроілася да чаргі за абедамі. Карпаў. Асцярожна, як бы баючыся аступіцца, машына выпаўзла з памяшкання і прыстроілася ў канцы калоны. Беразняк.

прыстро́іцца 2, ‑строюся, ‑строішся, ‑строіцца; зак.

Разм. Апрануцца па-святочнаму, прыбрацца. Прыстройся, дзяўчынка-нябожа, Так, як у дзянёчак святы,.. — Сягоння прыедуць сваты. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разра́д 1, ‑у, Мдзе, м.

1. Група, катэгорыя асоб, прадметаў або з’яў, якія адрозніваюцца ад іншых падобных якімі‑н. агульнымі прыкметамі. Граматычны разрад слоў. □ Аднак самы вялікі разрад лацінізмаў старабеларускай мовы ўтвараюць словы абстрактнага значэння. Жураўскі.

2. (з парадк. ліч. і прым.). Ступень кваліфікацыі ў якой‑н. спецыяльнасці, у спорце і пад. Рэстаран першага разраду. □ Паслаў .. [Заслонаў] Жэню ў дэпо вучыцца на слесара, а праз два месяцы яму прысвоілі трэці разрад. Шчарбатаў. Вучняў запрашаюць на такія заводскія мерапрыемствы, як прысваенне кваліфікацыйных разрадаў, ушанаванне пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва. «Звязда». Красуцкі — высокага росту, прыгажун, здаравяк, мае спартыўны разрад і піша дысертацыі. Навуменка.

3. У арыфметыцы — месца, якое займае лічба пры пісьмовым абазначэнні ліку. Лічба другога разраду.

4. Гіст. Цэнтральная ўрадавая ўстанова ў Рускай дзяржаве 16–17 стст., якая ведала служылымі людзьмі, вайсковымі справамі і кіраўніцтвам паўдневых гарадоў і паветаў.

разра́д 2, ‑у, Мдзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. разраджаць — разрадзіць (у 1 знач.).

2. Страта электрычнасці якім‑н. целам, якое мае электрычны зарад; з’ява, якая суправаджае гэтую страту. Электрычны разрад. Атмасферны разрад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́шта, ‑ы, ДМ ‑шце, ж.

1. Частка чаго‑н., якая засталася, не выкарысталася; астача, астатак. Саша, даўшы пакаштаваць соку Ленцы, панесла рэшту Лялькевічу, які бандарнічаў пад паветкай. Шамякін. Салдаты дзялілі свой паёк на дваіх, а рэшту аддавалі дзецям і жанчынам. Кухараў. // Тое (тыя), што асталося (асталіся) пасля падзелу, адыходу каго‑, чаго‑н. [Сушко:] — Скажы, дзе рэшта з вашай кампаніі і дзе хаваецца награбленае вамі дабро? Колас. Уся рэшта групы — восем чалавек — трымалася чынна, не выскаквала з гутаркамі. Пестрак. — Гэтымі днямі выезд у поле, — гаварыў Апанас. — Мусіць, Нахлябічавы і Сегенецкага коні самая сіла. [Якуб:] — Самая сіла. Рэшта ўсё — так сабе. Чорны.

2. Частка якога‑н. адрэзка часу ці адлегласці, якая засталася яшчэ нявыкарыстанай ці непераадоленай. А вось рэшту дня дык ужо дома .. [Ганку] не ўтрымаеш. Якімовіч. Садовіч захапіўся новаю ідэяю і ўсю рэшту дарогі гаварыў аб ёй з высокім пафасам. Колас.

3. Здача. — Малады чалавек! — паклікаў яго прадавец. — Вы ж хоць рэшту вазьміце. Ваданосаў.

•••

У рэшце рэшт — у канчатковым выніку, нарэшце. — Якая, у рэшце рэшт, мне справа да ўсяго гэтага?! — ускіпеў Балуеў. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скаку́н, ‑а, м.

1. Конь з высокімі бегавымі якасцямі. Данскі скакун. Арабскі скакун. □ Скача ўлева, скача ўправа Конь-скакун. Чарот. З калгаснай стайні скакуноў Паспешна хлопцы запрагаюць. Танк. З-за ўзгорка на сівым скакуне паказаўся коннік. Гамолка.

2. Пра таго, хто скача (скочыў). [Грышка] падбег да самага краю і падаў руку Мельніку. Але ў яго не хапіла сілы выцягнуць гора-скакуна, і ён сам пачаў з’язджаць уніз. Рунец. // Спартсмен, які займаецца скачкамі. Спаборніцтвы скакуноў на лыжах.. прынеслі перамогу спартсменам «Лакаматыва». «Звязда».

3. Пра таго, хто не сядзіць на месцы, любіць скакаць, бегаць. — Іванка, ты спіш, ці што? Змарыла цябе, скакун ты гэтакі. М. Стральцоў. // перан. Пра тых, хто бегае, вышукваючы выгаду. Тутэйшыя мужчыны.. ведаюць, што дзе робіцца, носам чуюць, дзе рублём пахне. Няхай сабе назараўскія клічуць іх скакунамі. Да дзелавітых людзей мянушка не надта прыстае. Б. Стральцоў.

4. Разм. Той, хто танцуе, умее танцаваць. «Што ж ты стаў, .. Мікола? І чаму ж у круг не хочаш выйсці? Ты ж быў гэткім скакуном калісьці?» Макаль.

5. Жук, які пералятае нібы скачкамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умясці́ць, умяшчу, умесціш, умесціць; зак., каго-што.

1. Змясціць у сабе; ахапіць сабою. Дом культуры далёка не мог умясціць усіх жадаючых пабачыць народнага паэта [Я. Купалу]. Хведаровіч. Яна была невялікая, гэтая сталоўка.. Пабеленыя на скорую руку сцены, здавалася, не змогуць умясціць усіх дзяцей. Нядзведскі. / у перан. ужыв. І ўмясціў ён [музыка] у сэрцы Усё ад зямлі да нябёс, Пушчы, рэкі, ад смерці У сэрцы схаваўшы, панёс. Куляшоў.

2. Поўнасцю, цалкам змясціць унутр чаго‑н. Умясціць усе кнігі ў адну шафу. Умясціць увесь груз на адну платформу. □ — На адну скавараду хопіць, — заўважыла маці. — Ды і ў дзве не ўмесціш. Кулакоўскі. // перан. Уключыць поўнасцю ў межы чаго‑н. — Выйдзе [газета], выйдзе, — упэўнена сказаў Уласюк, — ужо і матэрыялу сабрана столькі, што і ў нумар не ўмесціш. Колас. // Размясціць каго‑, што‑н. дзе‑н. У лазеньку ўмясцілі Тацяну Турботную і замкнулі на замок там, дзе падацца. Гарэцкі. У зацененым кутку пакоя можна столік для тэлевізара ўмясціць. Даніленка.

3. перан. Разм. Уладкаваць каго‑н. куды‑н. Усе гаварылі, што Сурвіла мяркуе ўмясціць свайго сына прыставу ў пісары. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зане́сці, -нясу́, -нясе́ш, -нясе́; -нясём, -несяце́, -нясу́ць; -нёс, -не́сла; -нясі́; -не́сены; зак.

1. каго-што. Несучы, даставіць куды-н. мімаходам, па дарозе.

З. кнігі ў бібліятэку.

2. каго-што. Закінуць, прымусіць апынуцца дзе-н. вельмі далёка, накіраваць не туды, куды належыць.

Лёс занёс майго таварыша на Далёкі Усход.

Куды гэта вас занесла?

3. што. Падняць або, падняўшы, адвесці ўбок.

З. канец бервяна.

З. руку для ўдару.

4. каго-што. Запісаць, упісаць у што-н.

З. на Дошку гонару.

З. чыю-н. думку ў пратакол.

5. звычайна безас., што. Засыпаць, замесці.

Дарогу занесла снегам.

|| незак. зано́сіць, -но́шу, -но́сіш, -но́сіць.

|| наз. зано́с, -у, м. (да 5 знач.) і занясе́нне, -я, н. (да 3 і 4 знач.).

|| прым. зано́сны, -ая, -ае (да 2 і 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

круці́цца, кручу́ся, кру́цішся, кру́ціцца; незак.

1. Вярцецца па крузе або вакол сваёй восі.

Свердзел круціцца.

2. Быць ахопленым віхравым рухам; кружыцца.

Снег круціўся ля страхі.

У паветры круціўся пыл.

3. Пастаянна быць дзе-н., ля каго-, чаго-н. (разм.).

Пастаянна к. ля магазіна.

Дзіця круціцца ля бацькі.

4. Неспакойна паварочвацца то ў адзін, то ў другі бок; вярцецца.

К. на месцы.

5. перан. Быць у пастаянных клопатах, турботах (разм.).

Цэлы дзень кручуся на кухні.

6. Хітрыць, выкручвацца (разм.).

Як ні круціся, а праўда ёсць праўда.

7. Быць у любоўных адносінах з кім-н.; любіцца (разм.).

|| аднакр. крутну́цца, -ну́ся, -не́шся, -не́цца; -нёмся, -няце́ся, -ну́цца; -ні́ся і крутану́цца, -ну́ся, -не́шся, -не́цца; -нёмся, -няце́ся, -ну́цца; -ні́ся (да 1 знач.).

|| наз. кручэ́нне, -я, н. (да 1 і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

казёл, -зла́, мн. -злы́, -зло́ў, м.

1. Дзікая млекакормячая жывёліна сямейства пустарогіх, якая водзіцца звычайна ў гарах.

Сібірскі к.

2. Самец дамашняй казы.

3. Від бабкі, якая складаецца з некалькіх снапоў ячменю або аўса, пастаўленых адмыслова для прасушвання (разм.).

4. Гімнастычны снарад у выглядзе кароткага, абабітага скурай бруса на чатырох высокіх ножках.

Скакаць цераз казла.

5. Назва гульні ў карты, даміно (разм.).

Забіваць казла.

6. Легкавы аўтамабіль павышанай праходнасці (разм.).

Туды толькі на «казле» праедзеш.

Пусціць казла ў агарод (разм., іран.) — дапусціць каго-н. туды, дзе ён хоча мець выгаду.

Як з казла малака — няма ніякай карысці.

|| памянш.-ласк. ко́злік, -а, мн. -і, -аў (да 1 і 2 знач.).

|| прым. казлі́ны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

К. рог.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

затрыма́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; затры́маны; зак.

1. каго-што. Перашкодзіць руху каго-, чаго-н., спыніць.

З. машыну.

На дарозе мяне затрымаў таварыш.

З. снег на палях.

2. што. Прыпыніць, адтэрмінаваць што-н.

З. высадку дэсанта.

Дажджы затрымалі сяўбу.

3. каго (што). Вымусіць застацца дзе-н. (на які-н. тэрмін).

Мяне затрымалі неадкладныя справы.

З. знаёмага.

4. што. Не зрабіць, не аддаць у час чаго-н.

З. зарплату.

5. што. Запаволіць, спыніць на пэўны час дзеянне чаго-н.

З. дыханне.

З. крокі.

6. каго (што). Схапіць, арыштаваць.

З. злачынца.

|| незак. затры́мліваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. затры́мліванне, -я, н. (да 1—5 знач.), затрыма́нне, -я, н. (да 1, 2 і 6 знач.) і затры́мка, -і, ДМ -мцы, ж. (да 1, 2, 4 і 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)