нарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.
Разм.
1. на каго-што і без дап. Нечакана сустрэцца з кім‑, чым‑н., выпадкова натрапіць на каго‑, што‑н. Мы прыйшлі ў мястэчка ноччу і, каб не пераходзіць чыгункі, дзе лёгка было нарвацца на нямецкі патруль, спыніліся ў Міколкавага дзеда, двор якога стаяў наводшыбе. Навуменка. Неяк ноччу, падкрадаючыся да чыгункі, мы нарваліся на варожую засаду. Краўчанка. Падарожжа ў адзіночку палохала. Нарвешся дзе-небудзь на дэсант — прыстрэляць, і ніхто ніколі не дазнаецца пра гэта. Асіпенка. // Сустрэцца з кім‑, чым‑н. (звычайна непрыемным, непажаданым) у сваім жыцці, у сваёй дзейнасці. Дзед спрабаваў адгаварыць Міколу — не падабалася яму гэтая паездка ў такі час, калі на кожным кроку можна нарвацца на сваю смерць. Якімовіч. «Нарвецца дзяўчына», — казалі пра .. [Аўгіню] сталыя жанкі і маладзіцы, калі гутаркі пра яе дурасці даходзілі да іх вушэй. Колас.
2. Нечакана прыйсці, з’явіцца. Неяк .. дзядзька Мікіта прывёз сабе цэлы воз бярэзніку, а тут нечакана нарваўся .. ляснік Мацуль. Сіпакоў.
•••
Не на таго нарваўся — тое, што і не на таго напаў (гл. напасці).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)