Ачуня́ць (БРС, Гарэц., Касп., Чач., КЭС, лаг., Клім.) ’апамятацца, апрытомнець; акрыяць’ (Янк. II), ’апрытомнець, выздаравець’ (Сцяшк.), ачунець, ачуняць ’ачухацца’ (Яруш.), ачуняць, ачуньваць і вычуняць ’паздаравець, выздаравець’ (Шат.), рус. смал. очунять, паўд.-рус. очунеть ’выздаравець, апрытомнець, ачнуцца’, паўн.-рус. оцюнеть. Сюды бранск. ачу́неть, вы́чунеть ’паздаравець, апрытомнець, ачнуцца’, укр. ви́чуняти. Звязваюць з рус. чваниться, чванный, гл. Патабня, РФВ, 3, 171; сумненні да гэтага выказвае Фасмер, 4, 321, 383 — адмаўляе сувязь з рус. чунеть ’прыходзіць у беспрытомны стан’ па семантычных прычынах; параўн. рус. очунѣти ’здурнець’, якое звязваюць з очюно́й ’дурны’, очунь ’дрэнна, вельмі’, гл. Львоў, ДСИЯ, 10, 1956, 68 і наст.; згодна з іншай версіяй (Львоў, Этимология, 1965, 194 і наст.), рус. очунь ад дзеяслова очутщ паводле Трубачова, Этимология 1971, 83, кароткая форма прыметніка, звязаная з в.-луж. cuni ’мяккі, пяшчотны’, ’тонкі’, славін. cȧ̃nï, cënï ’прыгожы’, што дае падставы рэканструяваць прасл. ot‑junъjь з пазнейшай дэкампазіцыяй o‑tjunъjь; развіццём значэння ад ’малады’ да ’мацнейшы, лепшы’ можна вытлумачыць як рус. очунь, очень ’вельмі’, так і, магчыма, рус. очунять, бел. ачуняць. Тады чуняць ’адчуваць сябе лепей’ (Нас.) і вытворныя вычуняць, атчуняць ’пазбавіцца цяжкай хваробы’ (Нас.), пачунець ’акрыяць’ (Пан. дыс.) трэба лічыць другаснымі ўтварэннямі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́бкі1 (мн.) ’расліна Acorus calamus L., аер’ (Бейл.). Матывацыя гэтай назвы (расліну завезлі ў Еўропу дзесьці ў XV ст.) застаецца не зусім зразумелай, але, бясспрэчна, ёсць сувязь з ба́ба ’жанчына, бабуля’. Аб гэтым сведчаць серб.-харв. бабји штапи ’Acorus calamus’ (таксама бабад, бабан, гл. Сіманавіч, 9). Магчыма, мелася на ўвазе тое, што расліна ўжывалася як лякарства супраць пэўных хвароб (параўн. Махэк, Jména rostl., 300–301; лячылі звычайна бабы-знахаркі, параўн. ба́бка ’Plantago’).

Ба́бкі2 (мн.) ’расліна Trifolium repens L., канюшына паўзучая’ (Бейл.). Да ба́бка (круглы прадмет). Матывацыя назвы: круглыя галоўкі кветак расліны. Параўн. укр. (для Trifolium): ворішина, орішина, орішок, пупчики, головашки, іванова голова, яблучка, попки (з іншай перадачай той жа матывацыі).

Ба́бкі3 ’расліна Oxalis acetosella L., кісліца звычайная’ (Бейл.). Мабыць, назва ўзята ад расліны ба́бкі ’Trifolium’ (гл.). Oxalis, як і Trifolium, мае тры лісцікі. Параўн. таксама іншыя назвы Oxalis: бел. заячча канюшына, чэш. kyselý dětel, zaječi dětel, славац. zajačia ďatelinka і г. д. (з яснай сувяззю з канюшына, dětel ’Trifolium’). Параўн. таксама бабо́к, бабо́ўнік, бо́бік.

Бабкі4 ’частка самапрадкі — стойкі, паміж якімі кола’ (Влад.). Мабыць, таго ж паходжання, што і ба́ба ’саха, жэрдка калодзежнага жураўля’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Багня́1 ’ягня, баранчык’ (Нас.). Параўн. ст.-укр. багня (XVII ст.) ’тс’, чэш. bahnice ’аўца, што хутка дасць патомства’, славац. bahniatko ’ягня’ і г. д. Да геаграфіі слова параўн. Машынскі, JP, 11, 142–145. Утварэнне на аснове слав. *bagniti sę | (j)agniti sę ’ягніцца, цяліцца’ (форма з b‑ узнікла прэфіксальнай дэкампазіцыяй: ob‑agniti sęo‑bagniti sę‑bagniti sę: польск. bagnić się, чэш. bahniti se, балг. ба́гни се і г. д., гл. Ільінскі, PF, 11, 184; Машынскі, JP, 11, 145–147; Лорэнц, Pomor., I, 13; Лер-Сплавінскі, O pochodzeniu, 159 і наст.; Махэк₂, 221; Брукнер, 197; Бернекер, 24). А ўсё-такі ці не запазычанне гэта ў бел. і ўкр. мовах з зах.-слав. моў?

Багня́2 ’пушыстая пупышка на вярбе’ (Нас.). Параўн. ба́гнята ў Бярынды, 189: «Ва́їе: пру́тье фині́ково, ро́зки дактѷлу, або полмо́вого де́рева, з квѣтом лоза́, ба́гнѧта, шутки». Укр. багня́, багні́тка ’каташок, коцік на дрэве’, польск. bagniątko ’тс’ і г. д. Да багня́1 (коцікі на дрэве, асабліва пушыстыя, часта носяць назву ягня, параўн. яшчэ ўкр. ба́зька ’аўца; коцік на дрэве’; слав. (j)agnędъ: чэш. jehněd ’тс’; Бернекер, 25). Параўн. Махэк₂, 221; Бернекер, 25; Брукнер, 197; Ільінскі, PF, 11, 184.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жмут1 ’скрутак, камяк’, жмук ’тс’ (Янк. III), жмак ’тс’ (Янк. III, Сл. паўн.-зах.), жмах ’тс’ (Абабурка). Рус. алан. жмут ’вяроўка з лыка’, жмак ’камяк’ (Даль), укр. жмут ’скрутак’, жмак ’тс’, польск. дыял. żmut, żmot, żmyt ’тс’, в.-луж. žmoł ’камяк’, żmót ’маток’ (Пфуль), чэш. žmol/jek ’камяк’, славен. žmukelj, žmik, žmókelj, žmitek ’камяк, скрутак’, балг. жма́тина ’скрутак сена’, макед. жмучка ’груз’. Ад кораня *žьm‑ (гл. жаць2, жмаць) з рознымі суфіксамі пасля розных галосных (гл. пра суфіксы ‑к‑, ‑х‑, ‑t‑, ‑l‑ у Слаўскага, SP, 1, 89–114, 76–86; З, 38–60), што ўказвае на экспрэсіўны характар вытворных. Безлай (Linguistica, VIII/1, 71–72) сумняваецца ў сувязі з жаць і параўноўвае з літ. míegti, mýgti ’ціснуць’.

Жмут2 ’скнара’ (Бялын., Янк. Мат., 23; Яўс.; міёр., З нар. сл., 290), жмот ’тс’ (Яўс.), жмуціла (міёр., З нар. сл., 290). Рус. прастамоўн. жмот, дыял. жмут ’тс’. Паводле Шанскага (1, Д, Е, Ж, 294), суфіксальнае вытворнае ад жмать (жмаць). Гл. жаць2. Не выключана, аднак, і ўзаемадзеянне альбо нават семантычнае ўтварэнне ад жмут1 ’скрутак’ (гл.), супраць чаго адсутнасць на рус. і бел. тэрыторыях фіксацыі форм з о (жмот) у знач. ’скрутак’. Гл. Пятлёва, Этимология, 1970, 208.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Здаро́вы, здароўе. Рус. здоро́вый, здоро́вье, укр. здоро́вий, здоро́вʼя, польск. zdrowy, zdrowie, серб.-луж. strowy, в.-луж. strowjo, н.-луж. strowje, уст. zdrowy, чэш., славац. zdravý, чэш. zdraví, славац. zdravie, славен. zdrav̀, zdrȃvje, серб.-харв. здра̏в, здра̑вље, балг. здрав, здра̀ве, макед. здрав, здравје. Ст.-слав. съдравъ, съдравие. Ст.-рус. здоровый, съдоровие, здоровье (1151 г.). Прасл. sъ‑dorv‑ъ, sъdorv‑ьje. У формах з пачатковым z‑ асіміляцыя па звонкасці пасля страты ъ; у формах з s‑, відаць, асіміляцыя па глухасці (магчыма, аднак, што тут іншы корань; гл. Фасмер, 3, 768). Элемент меў, паводле Бадуэна дэ Куртэнэ (Зб. Брукнеру, 221), суадносіны са ст.-інд. su ’добры’. Элемент dorv‑ < і.-е. *deru‑ ’дрэва’ (гл. дрэва), ’добры, здаровы, як дрэва’. Фасмер, 2, 91; Шанскі, 2, З, 82; Мартынаў–Міхневіч, Маладосць, 1969, 12, 140; Скок, 3, 646; Покарны, 1, 216. Іншую этымалогію прапануе Ондруш, , 9 (1958), 147–148: zdorv‑ < storv‑ < sorv‑ < *sol‑v‑ (лац. salvus ’здаровы’ і інш.). Гэту этымалогію прыняў у другім выданні Махэк₂, 713. Супраць яе Ваян, RÉS, 41 (1962), 169; Трубачоў, Дополн., 2, 91. Іншыя тлумачэнні ў Фасмера. Булахаў (Прыметнік, 3, 77–80) прасочвае развіццё якасных адценняў слова здаровы ў бел. мове.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зуб1. Рус., укр. зуб, польск. ząb, луж., чэш., славац. zub, палаб. zǫb, славен. zȏb, серб.-харв. зу̑б, балг. зъб, макед. заб. Ст.-слав. зѫбъ, ст.-рус. зубъ (XI–XII стст.). Прасл. *zǫbъ ’зуб’ < і.-е. *gʼembh‑, gʼm̥bh‑, gʼombho‑s ’зуб’: ст.-інд. jámbhatē ’хапаць’, літ. žembiū ’разразаю’, ст.-інд. jámbha‑ḥ ’зуб’, грэч. γόμφος ’тс’, алб. dhëmb ’тс’, лат. zùobs ’тс’, літ. žam̃bas ’востры вугал’, ст.-в.-ням. kamb, суч. Kamm ’грэбень’, тах. A kam, B kerne ’зуб’. Роднаснае ст.-слав. зѧб‑сти ’прарастаць’, ’прадзіраць’, гл. зя́бліва. Трубачоў (ВЯ, 1957, 2, 90) узводзіць прасл. форму да і.-е. *gʼon‑bhos ’выступ, тое, што вырасла’ ад *gʼen‑ ’нарадзіцца’. Шанскі, 2, З, 111; Фасмер, 2, 106; БЕР, 1, 660–662; Скок, 3, 663; Траўтман, 369; Покарны, 369.

Зуб2 ’памылка пры тканні’ (чэрв., Нар. лекс.; Жд. 1). Рус. зуб смал. ’паласа каляровай тканіны’, краснаяр. ’прамежкі ў бёрдзе, скрозь якія працягваюць ніткі’, пск., цвяр. зубок ’тры ніткі ў ткацкай аснове’, польск. ząb ’нешта ў выглядзе кліна, зуба’. Такое ж значэнне, як у польск., вядома ў іншых слав. мовах. Бел. і рус. значэнні — фіксацыя аднаго з пераносных значэнняў зуб1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каро́ль1 укр. король, рус. король, чэш. král, в.-луж. kral, польск. król, балг. крал, серб.-харв. кра̑љ, славен. kralj, прасл. korlь. Традыцыйная этымалогія зводзіцца да запазычання у якасці тытула імені Карла Вялікага (як цэсар, якое зыходзіла да імені Цэзара). Запазычанне мела месца да метатэзы плаўных у славянскіх мовах, таму гэта фанетычная з’ява атрымала абсалютную храналогію (VIII–IX стст.) у адпаведнасці з даціроўкай праўлення Карла Вялікага. Калі ж не прымаць этымалогіі korlь < Karl, мы адразу пазбаўляемся крытэрыю для храналагізацыі. Існуе іншая магчымасць этымалагізацыі прасл. korlь, для якога словам-крыніцай аб’яўляецца прагерм. karla ’стары, старэйшына’ (ст.-ісл. karl ’муж знатнага роду’, фінскі германізм karilas ’стары’). Прыняцце гэтай гіпотэзы мяняе храналогію запазычання ў бок значна большай старажытнасці (Параўн. Мартынаў, Лекс. взаим., 68–71; Трубачоў, Эт. сл., 11, 82–89).

Каро́ль2 ’трус’ (Шатал., Сл. паўн.-зах.). У значэнні ’трус’ мы сустракаем у бел. дыялектах формы кролік і кроль. Апошняе, на нашу думку, з’яўляецца зваротнай дэрывацыяй ад кролік, якое запазычана з польск. królik. Польская форма, у сваю чаргу, з ням. Künigl < лац. cuniculus. Ням. лексема асэнсоўвалася як Nomen deminulivum ад König ’кароль’ (Бернекер, 572; Фасмер, 2, 380).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каршу́н1, укр. коршун, рус. коршун. Генетычна суадносіцца з бел. каршак ’каршун’, коршак ’ястраб’. У індаеўрапейскіх паралелях, якія звычайна прыводзяцца, найбольш пераканаўчыя ст.-інд. káršati ’цягне, валочыць, рве’, ст.-іран. karš‑ ’цягнуць’. Тады слова каршун пры рэгулярнай у славянскіх мовах суфіксацыі для вытворных Nomina agentis чляніцца на марфемы kъrš і ‑unъ. Як мы бачым, у індаеўрапейскіх прыкладах іншая ступень аблаўту, але гэта яшчэ не азначае, што прыведзеныя лексемы не знаходзяцца ў генетычных суадносінах. Калі ўсё ж такі прызнаць генетычную суаднесенасць прасл. kъrš‑ і ст.-іран. karš‑, то kъrš‑unъ можна тлумачыць як ’той, хто цягне і рве’ (параўн. věd‑unъ ’той, хто ведае’). Але перш чым рабіць такі вывад, трэба ўлічыць характэрную распаўсюджанасць лексемы (толькі ўсходнеславянскія мовы, славацкую паралель можна тлумачыць як пранікненне з усходу: kršak < коршак). Лінгвагеаграфія сведчыць хутчэй па карысць іранскага паходжання.

Каршу́н2 ’частка калаўрота ў выглядзе двузубай вілкі з жалезнымі зубамі, на якую надзяюць шпульку’ (Шатал.). Метафарычны перанос назвы птушкі на прыладу. Гл. каршун1.

Каршу́н3 ’гульня ў каршуна’. Адзін з удзельнікаў («перадавы») стаіць, астатнія бяруцца за яго. Каршун іх ловіць, а перадавы яму не дазваляе, абараняе сваіх дзетак (Нар. словатв.). Гл. каршун1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ру́скі ’які мае адносіны да Русі, Расіі’, ’які мае адносіны да рускіх’ (ТСБМ), старое ’у Беларусі хрысціянін усходняга абраду’, ’украінец’ (Стан.), рускій, руській ’рускі’ (Бяльк.), ст.-бел. руський (1440 г.), рускии ’тс’ (Карскі, 1, 199), сюды ж ру́скі ме́сяц ’пра нешта вельмі доўгае ў часе’ (ТС), ру́ськый мі́сяць, ру́ськый рык ’цэлы, біты, добры месяц, год’ (Клім.), ру́скі по́яс (rúski pojis) ’вузкая і доўгая тканіна’ (Варл.). Прыметнік вядомы ўсім славянскім мовам у сучасным значэнні, параўн. аднак польск. ruski ’усходнеславянскі’, ст.-слав. русьскъ (у адносінах да князя Святаполка, гл. ESJSt, 13, 784). Часцей за ўсё звязваюць са ст.-фін. азначэннем германскага племені *Rōtsi ’варагі, шведы, што нападалі на фінскія землі’, сучаснае фін. Ruotsi ’Швецыя’, што ідэнтыфікуецца з першай часткай ст.-ісл. róþsmenn або róþskarlar ’грабцы, мараходы’. Ст.-ісл. Rróþsmenn або Róþskarlar у сваю чаргу паходзяць са швед. Roslagen — назвы ўзбярэжжа Упланда. У якасці аналагічных выпадкаў перанясення назвы заваёўнікаў на заваяванае насельніцтва прыводзяцца франкі (Францыя), нарманы (Нармандыя), навагрэкі (Φωμιοί) лангабарды (Ламбардыя), балгары (Фасмер, 3, 522; з разглядам версій — ESJSt, 13, 783–785; Трубачоў, Слав. языкозн., XII, 23). Значэнне ’надта доўгі’, параўн. і польск. ruski miesiąc, мажліва адлюстроўвае разыходжанні і ў сістэме мер Вялікага княства Літоўскага, параўн. Скурат., Меры, 34.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свірэпы ‘дзікі, агрэсіўны (?)’: “пчелы здѣсь водятся трехъ родов, то есть по здѣшнему крушиновые свирѣпыя, посредственныя и тихия” (Меер Крыч., 130), свіры́бый ‘нелюдзімы; люты’ (в.-дзвін., ЛА, 3; Сл. ПЗБ), ст.-бел. свѣрѣпъ, свѣрѣпий: соуровий… и свѣрѣпїй (XV ст., Карскі 2–3, 393). Укр. свірі́пий ‘злы, сярдзіты’, рус. свире́пый ‘люты’, стараж.-рус. сверѣпъ, свирѣпъ ‘дзікі, дзікарослы; палкі, злы’, чэш. sveřepý ‘люты, жорсткі’, славац. sverepý ‘люты’, славен. sverẹ̑p ‘тс’, балг. свире́п ‘жорсткі, люты, шалёны’, макед. свиреп ‘тс’, ст.-слав. сверѣпъ ‘люты, бязлітасны’. Прасл. *sverěpъ(jь). Апошняе не мае адзінай этымалогіі. Меркавалася роднасць з літ. šiur̃pti, šiur̃pstù ‘уздрыгваць’ (Міклашыч, 330; Праабражэнскі, 2, 261), з ст.-ісл. svárr ‘цяжкі, цвёрды, моцны’, гоц. swērs ‘якога шануюць’, нов.-в.-ням. schwer ‘цяжкі’, літ. svarùs ‘тс’; агляд версій гл. Фасмер, 3, 580; Глухак, 600. Мяркулава (Этимология–1964, 78–80) вызначае роднасныя сувязі паміж рус. свирепый, сырой і суровый: *sur/*sver‑/*syr‑ і для *sverěpъ рэканструюе першаснае значэнне ‘мокры, вільготны’, якое цесна звязана са значэннем ‘грубы, суровы, строгі’, што сумніўна, паколькі няма надзейных сведчанняў існавання варыянта *sur‑, гл. Новое в рус. этим., 229. Інакш Махэк₂ (595), які выдзяляе частку sve‑ (аснова займенніка свой) і корань *rěp‑ ‘трымацца, чапляцца’. Формы з ‑б‑ вынік азванчэння ў інтэрвакальнай пазіцыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)