інты́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Глыбока асабісты, патаемны, запаветны. Інтымнае жыццё. □ Лясніцкаму не заўсёды падабаліся жарты камандзіра і асабліва яго празмерная цікавасць да асабістых інтымных перажыванняў і пачуццяў камісара. Шамякін. Такая ўзнагарода была для Сушкевіча нечаканай. Праўда, былі іншы раз думкі аб гэтым. Але гэта былі самыя інтымныя думкі, якіх ён саромеўся нават сам. Дуброўскі. // Які датычыцца пачуццяў; сардэчны, любоўны. Інтымныя прыгоды. Інтымная лірыка. □ [Змітрок] ведаў, што пра Іну.. [Галі] расказваў Іван. Але не тое, што дзяўчына ведае аб яго інтымных справах з Інай, непакоіла яго. Ваданосаў.
2. Блізкі, сяброўскі, сардэчны. Анцыпік як бы прадчуваў замах свайго суседа і стараўся ўхіліцца ад усякіх адкрытых і інтымных гутарак. Колас. Успаміны-развагі паэта ўзрушаюць асабліва таму, што вядуцца яны ў вельмі даверлівым, інтымным тоне, надзвычай проста і натуральна. Ярош.
[Фр. intime.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
малако́, ‑а, н.
1. Белая пажыўная вадкасць, якая выдзяляецца груднымі залозамі жанчын і самак млекакормячых для выкармлівання дзяцей. Мацярынскае малако. // Такая ж вадкасць, якую атрымліваюць ад кароў, коз і інш. жывёл і якая з’яўляецца прадуктам харчавання. Кіслае малако. Забяліць малаком. □ А праз колькі хвілін стол уставіўся розным наедкам: была і страва, і сыр, і масла, і малако. Мурашка.
2. Уст. Семявая вадкасць рыб, а таксама семявыя залозы рыб.
3. Белаваты сок некаторых раслін, вадкасць, якая здабываецца з некаторых пладоў. Канаплянае малако. Міндальнае малако.
4. Белаваты раствор некаторых рэчываў. Вапеннае малако.
•••
Кроў з малаком гл. кроў.
Малако на губах не абсохла у каго — пра маладога нявопытнага чалавека.
Птушынага малака не хапае гл. хапаць.
Пусціць (паслаць) кулю ў малако гл. пусціць.
Як з казла малака гл. казёл.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
го́нар, ‑у, м.
1. Грамадская або маральная годнасць, тое, што выклікае ўсеагульную павагу. Выдатная праца — справа гонару кожнага грамадзяніна. □ Пераступіць граніцу са сцягам вызвалення ў руках, ці ж гэта не радасць, не гонар? Пальчэўскі. Але нідзе, Нідзе, мой дружа верны, Не спляміў я Наш гонар баявы. Кірэенка.
2. Павага, слава. Гонар пераможцам. □ — Як відаць, вы [Максім] багаты чалавек, — адказала гаспадыня, — такая акуратнасць робіць вам гонар. Машара.
3. Перавялічанае ўяўленне пра сваю годнасць; фанабэрыстасць, пыха. «О, чортаў шляхціц! — падумаў Якаў. — Столькі ў цябе гонару, што невядома, з якога боку прыступіцца...». Чарнышэвіч.
•••
Дошка гонару гл. дошка.
Збіць гонар гл. збіць.
Мець гонар гл. мець.
Робіць гонар гл. рабіць.
У гонар каго (высок.) — у знак павагі да каго‑н., ушанавання памяці аб кім‑н.
[Ад лац. honor.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аве́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Свойская жвачная жывёліна, якая дае воўну, мяса, малако; самка барана. Па вуліцы каровы затухкалі, забляялі авечкі, ляснуў пугаю пастух. Колас. // перан. Лаянк. Пра някемлівага дурнаватага чалавека. — А як у нас слаўна было. Добра жылі. Мірна, па-людску... Дык прывалаклася ж сюды гэтая... паршывая авечка!.. Ракітны.
•••
Каракулевая авечка — каштоўная парода авечак, шкуркі ягнят якой ідуць на выраб каракулю і каракульчы.
Блудная (аблудная) авечка — пра чалавека, які адарваўся, адбіўся ад свайго асяроддзя, грамадства, сям’і і інш., які збіўся з правільная жыццёвага шляху. [Раіса:] — Ну што я магу зрабіць, калі я такая блудная авечка? Лобан.
Божая авечка — пра набожнага, богабаязнага чалавека. [Сіман:] Значыць, латынянка? адступніца?.. Хаця ў чым ты, божая авечка, тут павінна. Клімковіч.
Прыкідвацца авечкай гл. прыкідвацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жы́ла, ‑ы, ж.
1. Разм. Крывяносны сасуд.
2. Разм. Тое, што і сухажылле. Стаяў Патапавіч на адным сваім пункце і цяпер стаіць: не хапайся адразу за многае, а то жылы трэснуць. Кулакоўскі.
3. Трэшчына ў зямной кары, запоўненая горнай пародай, а таксама сама горная парода ў такой трэшчыне. Залатаносная жыла.
4. Разм. Багністае месца з падземнай крыніцай. — Тут.. [фашысты] хутка не пройдуць Вунь каля таго куста такая жыла, што засмокча іх з галавой. Шамякін.
5. Асобны провад кабелю. Правады — сотні жыл — Неслі сілу ў сёлы. Бялевіч.
•••
Выцягнуць (усе) жылы гл. выцягнуць.
Залатая жыла — пра вельмі багатую крыніцу даходу.
Ірваць жылы гл. ірваць.
Кроў ледзянее (стыне) (у жылах) гл. кроў.
Напінаць жылы гл. напінаць.
На ўсе жылы; з усіх жыл — на поўную сілу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыні́зіць, ‑ніжу, ‑нізіш, ‑нізіць; зак., каго-што.
1. Паставіць у зневажальнае становішча. [Мікітава] рашучая хада і выраз твару ясна казалі, што ён надумаўся зрабіць нешта такое, што павінна стварыць моцнае ўражанне і прынізіць тых, хто быў не згодзен з ім. Колас. [Міхал Сцяпанавіч:] — Мне вельмі балюча было глядзець і слухаць тое, як .. [Генадзь] гатовы быў плявузгаць на цябе абы-што, каб толькі прынізіць цябе і хоць на вяршок узвысіцца самому. Сабаленка. [Зыбіну] здавалася, што такая, як ён баяўся ў думках, шкалярская цікаўнасць прынізіць яго перад рабочымі, і ён стараўся ўдаваць з сябе чалавека заклапочанага, хмурнага. Мележ.
2. Зменшыць, знізіць (значэнне, ролю каго‑, чаго‑н.). Цяжка яму, Алесю, будзе, калі Адам Лаўрэнавіч падумае, што ўсё гэта падладжана знарок, каб прынізіць яго, Пыльца, аўтарытэт. Шамякін.
3. Пазбавіць узвышанасці, уздыму. Прынізіць настрой.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.
1. што. Наступіўшы на што‑н., прыціснуць, прытрымаць. Бабуля прыступіла валёнкам гаручы квач, толькі копаць пайшла. Брыль.
2. Уст. Блізка падысці, падступіць да каго‑, чаго‑н. Войска прыступіла да самага горада. □ — Праўда? — гуртам прыступілі дзяўчаты да Адася. Калюга.
3. Пачаць што‑н., узяцца за што‑н. У галаве .. [рэдактара] было многа ўсякіх ідэй. Адна такая ідэя — прыступіць да выдання панямонскай газеты. Колас. У іншых месцах прыступілі ўжо да ворыва, сяўбы, а ў гэтай нізіне ўсё яшчэ збіралася вада з далёкіх ваколіц. Маўр. // Пачаць што‑н. рабіць, выконваць. Прыступіць да сваіх абавязкаў. □ Тады пайшоў сам Ксавэр Блецька. Ён смела і нахабна явіўся да Гальваса і адразу прыступіў да справы. Чорны. Пасля перапынку, дзесьці апоўначы, мы прыступілі да наступнай сцэны вяселля. Нядзведскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пу́дзіла, ‑а, н.
1. Чучала ў выглядзе чалавека, якое выстаўляецца на палях, агародах для адпужвання птушак. За плотам сярод канапель стаіць там пудзіла, стаіць, здзіўлена растапырыўшы ў бакі рукі, і цікуе за ўсімі з-пад нізка насунутай на колік шапкі. Галавач. У гародзе, за пахілым парканам матлялася на ветры пудзіла на вераб’ёў. Арочка. // перан. Пра тое, што выклікае страх, сполах у каго‑н. Царская Расія была пудзілам для нацыянальна-рэвалюцыйнага руху ў Еўропе.
2. перан. Пра неахайна, непрыгожа апранутага, брыдкага чалавека. [Гусоўскі:] — Глядзі, якім пудзілам апранулі! Цікава, для чаго такая маскіроўка? Навуменка. [Насця:] — Ну, паглядзі ты на сябе: на каго ты падобен у гэтым рызмане? Дзе ж ёсць другое такое пудзіла на свеце? Колас.
•••
Пудзіла (агароднае) гарохавае — пра смешна, безгустоўна адзетага чалавека.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пяшчо́та, ‑ы, ДМ ‑шчоце, ж.
1. Поўнае задавальненне чыіх‑н. жаданняў, капрызаў. Руды ў пяшчоце дый у ласцы: Штодзень тры разы бульбы ў ражцы Даюць яму, ды ’шчэ й з мукою. Крапіва.
2. Пачуццё ласкі, замілавання, мяккасці ў адносінах да каго‑, чаго‑н. Мацярынская пяшчота. □ [Кіру] ахапіла такая пяшчота, што, убачыўшы бацьку.., яна абвіла яго шыю і пачала цалаваць у шчокі, у нос, у лоб. Карпаў. Агорнуты пяшчотаю да дзяўчыны, .. [Іван] адхіліў ад яе галавы навіслыя сцябліны маку, адагнаў беленькага .. матыля, які ўсё прымерваўся сесці на яе валасы. Быкаў. Чаго ж цяпер так хвалюе яе [Ганну] апошняя пяшчота цяпла, згалеласць палёў, смутак асенніх дзён? Мележ.
3. толькі мн. (пяшчо́ты, ‑чот). Учынкі, словы, якімі выказваюцца пачуцці ласкі, замілавання. Карызна ў бурныя пяшчоты пераліваў сваё, прывезенае з раёна, узрушэнне. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разваро́т, ‑у, М ‑роце, м.
1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. развярнуць (у 4 знач.) і развярнуцца (у 2 знач.).
2. Паварот з мэтай змяніць напрамак руху. Падляцеўшы да рачулкі, .. [самалёт] крыху знізіўся і зрабіў разварот. Даніленка. Нечакана перад самым ровам танк зрабіў разварот на дзевяноста градусаў. М. Ткачоў. // Выгіб, паварот, які ўтвараецца чым‑н. (дарогай, вуліцай і пад.). Трамвайныя лініі рабілі разварот і перасякалі асфальт вуліцы ў двух месцах. Пташнікаў.
3. Дзве сумежныя старонкі разгорнутай кнігі, часопіса, сшытка і пад. Разварот газеты. □ Гэта была карта — карта на ўвесь разварот часопіса. Ракітны.
4. Разм. Шырыня, размах у развіцці, у праяўленні чаго‑н. Разварот падзей. // Магчымасць разгарнуцца, праявіць сябе, паказаць сябе. [Баравы:] — Вось і мая такая думка: трэба не даваць .. [варажбітцы] тут ніякага развароту. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)