прыйсці́ся, прыйду́ся, пры́йдзешся, пры́йдзецца; пр. прыйшо́ўся, ‑шла́ся, ‑шло́ся; зак.

1. Аказацца адпаведным, падысці па якіх‑н. прыкметах, у якіх‑н. адносінах. Прыйсціся па памерах. Прыйсціся да твару. Прыйсціся на нагу. □ «Калі ж небудзь Тамаш будзе такі, што яму якраз прыйдзецца гэтая вопратка». Чорны. — Дык чым жа я вам гэтак прыйшлася? — спытала Аніся. Сабаленка. Спецыяльнасць токара прыйшлася тут вельмі дарэчы. Шахавец.

2. Апынуцца на якім‑н. месцы, узроўні; супасці з чым‑н. Свята прыйшлося на нядзелю. □ Затым [Кучынскі] агледзеў прыборы, пакратаў рабрыстую ручку упраўлення, якая прыйшлася між калень. Алешка. Адзін удар прыйшоўся па твары. Брыль.

3. Скласці якую‑н. колькасць у адносінах да каго‑н.; дастацца. Яшка даў нам па дзве толавыя шашкі .. Па дзве, дык па дзве — мы не супраць. Добра, што і гэта прыйшлося. Пянкрат. Па добрага паўвоза сена кожнаму прыйшлося. Чорны. Новыя — у руках шапацяць, як бярэш, — чатыры чырвонцы прыйшліся Адасю. Калюга.

4. безас. з інф. Аказацца вымушаным (што‑н. рабіць). Майстэрня, пакуль цёпла, — у хлеўчуку, зімой прыйдзецца перабрацца ў хату. Навуменка. Нага забалела так, што Цімошку прыйшлося застацца дома і легчы ў пасцельку. Колас. Ні Іллюк, ні нават Міхалючок маляваць не ўмелі, дык прыйшлося навырэзваць малюнкаў. Чорны. // Выпасці каму‑н. на долю, давесціся; здарыцца. [Навічкі] тупалі каля вазоў і баязліва паглядалі на будынак, дзе ім прыйдзецца вучыцца чатыры гады. С. Александровіч. Прайшоў я уздоўж, папярок Беларусь і Літву. Людзей бачыць усякіх прыйшлося. Танк. Танцавалі дзе прыйшлося: на пакосе — на пакосе. Дубоўка.

5. 3 ас. адз. пры́йдзецца (у спалучэнні з папярэднім займеннікам або прыслоўем). Ужываецца для ўказання на няпэўнасць, выпадковасць. Дзе прыйдзецца. Што прыйдзецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́клад, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Учынак, паводзіны або з’ява, якая служыць узорам для каго‑н. Прыклад жанчыны натхняе чырвонаармейцаў, і яны, бясстрашныя героі, смела ідуць за камандзірам у чорны халодны прастор. Барашка. На прыкладу дарослых .. [хлопцы] зграбалі сена у валы. Чарнышэвіч. // Той, хто можа быць узорам для іншых у сваіх дзеяннях, учынках. Марына — прыклад гаспадыні. Колас. Людзі казалі, што ў Антося дзеці — прыклад усяму сялу. Васілевіч. — А каму ж ехаць? — пытае .. [Кастусь]. Ехаць трэба актыву, які ва ўсім павінен быць прыкладам. Галавач.

2. Яркі ўзор чаго‑н. Прыклад мужнасці. Прыклад геройства. □ Дзед Міхалка і ўнук Грыша — Прыклад дружбы ў хаце. Колас.

3. Канкрэтная з’ява, факт, які прыводзіцца для тлумачэння чаго‑н., як доказ чаго‑н. Ілюстраваць выступленне прыкладамі. □ Цімка цярпліва паўтараў, тлумачыў, прыводзіў прыклады. Карпаў. Лабановіч бярэ план. — Вось вам, грамадзяне, прыклад таго, як справядліва абышліся з вамі. Колас.

4. Матэматычны выраз, які патрабуе рашэння. Рашаць арыфметычныя прыклады.

•••

Браць (узяць) прыклад гл. браць.

Не ў прыклад каму, чаму — у адрозненне ад каго‑, чаго‑н. Канькоў пазіраў на дзяцей і, шчыра кажучы, дзівіўся: не ў прыклад бацьку, яны былі чыстыя, прычасаныя. Асіпенка.

Падаць прыклад гл. падаць.

Паказаць прыклад гл. паказаць.

Ставіць у прыклад гл. ставіць.

прыкла́д, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.

1. ‑а. Расшыраная частка ружэйнага ложа, якая служыць для ўпору ў плячо пры стральбе. Каця прыціснула да пляча прыклад. Гулкі стрэл ускалыхнуў нагрэтае паветра. Хомчанка. Новыя дубовыя дзверы задрыжэлі пад ударамі нямецкіх прыкладаў, але не падаліся. Васілевіч.

2. ‑у. Дадатковы дапаможны матэрыял (падшэўка, гузікі і пад.) для шыцця адзежы, абутку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блы́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Бязладна пераплятаць (пра ніткі, валасы і пад.). Колы, рытмічна пагруквалі на стыках рэек, ветрык блытаў Люсіны валасы, але дзяўчынка як быццам не заўважала гэтага. Даніленка. Я люблю гэтыя далі, дзе ласкава-прыветнае сонца разлівае свой усмех і так пяшчотна праводзіць мяцёлачкаю праменяў па твары зямлі і лёгкімі ветрыкамі калыша .. зялёнае лісце, расчэсвае і блытае косы кучаравым хвоям. Колас.

2. Не цвёрда засвоіўшы, памыляцца. Запас маіх ведаў зусім небагаты. Гісторыю мне паўтарыць бы ізноў. Прызнацца, страшэнна я блытаю даты, Імёны ўсялякіх цароў, каралёў. Зарыцкі. Цяпер стары сядзеў моўчкі, злаваў на сваю слабую памяць, якая ўсё блытае. Самуйлёнак. // Рабіць не тое, што трэба.

3. Прымаць адно за другое. Дзве шасцігадовыя сястрычкі-блізняткі, Аніта і Лючыя, падобныя адна на адну так, што часам сама маці блытала іх, дапамагалі матцы.. гаспадарыць. Маўр. [Ладымер:] — Цераз цябе [Міхалючку] мяне з Паціеўскім блытаюць. Чорны.

4. Не цвёрда разбірацца ў чым‑н., памыляцца. Доўгі час Лабановіч блытае ў філасофскіх разважаннях, спадзеючыся знайсці агульны адказ на пытанне аб сэнсе жыцця. Пшыркоў. // Гаварыць нязвязна, збіваючыся. Гаварыў [Шмульке], заікаўся, нешта блытаў. Лынькоў. [Марыля] блытала словы, адказвала не тое, што трэба. П. Ткачоў. // Збіваць з панталыку, зводзіць у зман. Пракурор не меў прычын пытаннямі блытаць.. [сведак] і збіваць з панталыку. Машара. [Сцяпан:] — Усё добра было б, каб не блыталі нас з сяўбою розныя разумнікі. Пестрак.

5. Расстройваць, разладжваць. Блытаць планы.

6. Наўмысна ўскладняць, рабіць незразумелым. Ішлі [чужакі] невядома куды, Блыталі шлях, пятлялі. Калачынскі.

7. Умешваць каго‑н. у якую‑н. непрыемную справу. [Цётка Анця:] — Вашы справы вы ўладкоўвайце, як вам хочацца, але блытаць у гэта Зосю — не-э! Карпаў.

•••

Блытаць сляды — старацца адвесці падазрэнне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сло́ва ср., в разн. знач. сло́во;

пара́дак слоў у ска́зе — поря́док слов в предложе́нии;

зразуме́ць без слоў — поня́ть без слов;

сказа́ць патрэ́бнае с. — сказа́ть ну́жное сло́во;

ад яго́ с. не пачу́еш — от него́ сло́ва не услы́шишь;

прыго́жыя ~вы — краси́вые слова́;

культу́ра с. — культу́ра сло́ва;

заклю́чнае с. — заключи́тельное сло́во;

с. го́нару — сло́во че́сти;

ва́жкае с. — ве́ское сло́во;

друкава́нае с. — печа́тное сло́во;

загало́вачнае с. — загла́вное сло́во;

крыла́тыя ~вы — крыла́тые слова́;

пабо́чнае с.грам. вво́дное сло́во;

жыво́е с. — живо́е сло́во;

стрыма́ць (сваё) с. — сдержа́ть (своё) сло́во;

уста́віць с. — вста́вить сло́во;

ні с. — ни сло́ва;

даць с. — дать сло́во;

глыта́ць ~вы — глота́ть слова́;

адны́м ~вам — одни́м сло́вом;

то́лькі ~вы — то́лько слова́;

на ~вах — на слова́х;

сваі́мі ~вамі — свои́ми слова́ми;

у адно́ с. — в одно́ сло́во;

с. ў с. — сло́во в сло́во;

с. за с. — сло́во за́ слово;

у двух ~вах — в двух слова́х;

ве́рыць на с. — ве́рить на́ слово;

лаві́ць на ~ве — лови́ть на сло́ве;

з чужы́х слоў — с чужи́х слов;

слоў не хапа́е — слов не хвата́ет;

не знахо́дзіць слоў — не находи́ть слов;

без лі́шніх слоў — без ли́шних (да́льних) слов;

до́брага сло́ва не варт — до́брого сло́ва не сто́ит;

кі́даць (пуска́ць) ~вы на ве́цер — броса́ть слова́ на ве́тер;

па апо́шнім ~ве тэ́хнікі — по после́днему сло́ву те́хники;

успаміна́ць (паміна́ць) до́брым ~вам — помина́ть до́брым сло́вом;

сказа́ць сваё с. — сказа́ть своё сло́во;

на па́ру слоў — на па́ру слов;

набо́р слоў — набо́р слов;

двух слоў не звя́жа — двух слов не свя́жет;

слоў няма́вводн. сл. слов нет;

браць с. наза́д — брать слово обра́тно (наза́д);

дар ~ва — дар сло́ва;

гаспада́р свайго́ ~ва — хозя́ин своего́ сло́ва;

з пе́ршага ~ва — с пе́рвого сло́ва;

кі́дацца ~вамі — броса́ться слова́ми;

трыма́цца на чэ́сным ~ве — держа́ться на че́стном сло́ве;

закі́нуць с. — замо́лвить сло́во;

цвёрдае с. — твёрдое сло́во;

апо́шняе с. — после́днее сло́во;

чэ́снае с. — че́стное сло́во;

за ~вам (па с.) у кішэ́нь (кішэ́ню) не ла́зіць — за сло́вом в карма́н не лезть;

ад слоў да спра́вы — от слов к де́лу;

ад с. да с. — от сло́ва к сло́ву;

не дабі́цца с. — не доби́ться сло́ва;

гульня́ слоў — игра́ слов;

у по́ўным сэ́нсе с. — в по́лном смы́сле сло́ва;

у прамы́м сэ́нсе с. — в прямо́м смы́сле сло́ва;

залаты́я ~вы — золоты́е слова́;

забаўля́цца ~вамі — игра́ть слова́ми;

з пе́сні с. не вы́кінешпосл. из пе́сни сло́ва не вы́кинешь;

с. не верабе́й, вы́леціць — не зло́вішпосл. сло́во не воробе́й, вы́летит — не пойма́ешь;

не ка́жучы благо́га с. — не говоря́ дурно́го сло́ва;

успо́мні (успо́мніш, успо́мніце) маё с. — попо́мни (попо́мнишь, попо́мните) моё сло́во

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

пабе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце; зак.

1. Пачаць бегчы (пра людзей, жывёл). Пабегчы дарогай. Пабегчы па вуліцы. □ Поезд крануўся, і Ірынка пабегла побач вагона і ўсё махала рукой. Чорны. Па гладкім дзядзінцы конь шпарка пабег. Бядуля. // Разм. Хутка пайсці, накіравацца куды‑н. з якой‑н. мэтай. Пабегчы ў аптэку. Пабегчы па доктара. □ [Вольга:] Ну, Ганна Іванаўна, вось вам вада, а я пабегла на завод. Кучар. // Пачаць хутка адступаць, уцякаць. Немцы не вытрымалі нечаканага ўдару танкістаў, пабеглі. Мележ.

2. Пачаць хутка рухацца (пра неадушаўлёныя прадметы, з’явы). Пабеглі языкі агню. Самалёт пабег па полі. □ «Масквіч», скрануўшыся з месца, зноў хутка пабег па вуліцы, абганяючы пешаходаў. Шахавец. // Аб уяўным руху прадметаў, міма якіх чалавек рухаецца сам. Стары падводзіў эшалон да станцыі. Збоку пабег зараснік. Уперадзе, з-за ўзгорка выпаўзалі чырвоныя камніцы станцыі. Мележ. // Працягнуцца, пралегчы (пра дарогу, сцежку і пад.). На карпусы завода, на шашу, якая пабегла адсюль на поўдзень, апала адліга. Грамовіч.

3. З’явіўшыся, узнікшы, пачаць разыходзіцца, цягнуцца, слацца ў нейкім кірунку. Не мінула і хвіліны, як паплавок маёй вуды з сілаю даў нырца. Толькі кругі ад яго пабеглі на чыстай люстраной вадзе. Якімовіч. З-пад крутога борта лодкі раптам пабеглі бурбалкі. Гамолка. // перан. Часта з’яўляцца, змяняючы адна другую (пра думкі). Няхай думкі мае пабягуць чарадой. Колас.

4. Пацячы, паліцца. Ударыў гром і поруч з гэтым Пабег ручай, за ім другі. Лужанін. Ледзь рукою дакрануўся крана — з-пад яго струмень вады пабег... Непачаловіч. // Пераліцца цераз край пры кіпенні. Малако пабегла.

5. перан. Пачаць хутка праходзіць, мінаць (пра час). І так пабеглі гады, адзін за адным. Расце мой сын — як клас, так вяршок. Ракітны.

•••

Мурашкі пабеглі па спіне (скуры, целе) гл. мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даліка́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Ветлівы, ласкавы ў абыходжанні з людзьмі; уважлівы, паслужлівы. — Наш каморнік, дык гэта залаты чалавек. Спакойны, добры, далікатны. Чорны. [Купала:] — Вы, Міколачка, дрэнны крытык. Што я вам ні пачытаю — абавязкова спадабаецца. Вы чалавек далікатны і не хочаце пакрыўдзіць старэйшага. Хведаровіч. // Заснаваны на павазе; чулы, мяккі. Далікатныя адносіны паміж людзьмі. □ Здавалася, што .. [Зорык] выпешчаны багатымі бацькамі, з першых крокаў прывучаны да далікатнага абыходжання. Новікаў.

2. Разм. Які патрабуе асцярожных, тактоўных адносін. Далікатная справа. □ — Яшчэ раз выбачайце .., Арцём Сямёнавіч. Я да вас па вельмі далікатнаму пытанню. Галавач.

3. Кволы, тонкі; выпеставаны. Далікатныя рукі. Чалавек далікатнага складу. Далікатныя рысы твару. □ На божы свет, як бы з магілы, З зямлі травінкай далікатнай, Густою шчотачкаю здатна Выходзяць дробныя зярняткі. Колас. // Не простага паходжання (пра чалавека). Сцепаніда Гаўрылаўна, хоць і зваў яе Чмаруцька ў вясёлую хвіліну княгіняй, ніякага дачынення да такога далікатнага роду не мела. Лынькоў. // Які патрабуе беражлівых адносін, догляду, лёгка псуецца пры карыстанні. Машына гэта далікатная, яна не любіць, калі дакранаецца да яе які-небудзь таптун, а не сапраўдны вадзіцель. Кулакоўскі. Рукі страцілі меру націску і, беручы далікатную рэч, баішся, каб не раздушыць. Крапіва.

4. Складаны, тонкі па выкананню. Работа такая далікатная, ажно страх бярэ нас — малых. Бядуля.

5. Кволы, мяккі, прыемны навобмацак (пра валасы, пух, тканіну і пад.). Далікатная скура. Плацце з далікатнай матэрыі. □ Птушаняты ўсе былі жывыя, голенькія, ружовыя, з жоўтымі роцікамі і далікатным рэдзенькім пушком на галоўках. Ляўданскі.

6. Прыемны на смак, пах, гучанне і пад. Далікатныя духі. □ — Ды што той гарадскі харч! Ён можа і далікатны, але наедку з яго мала. Лынькоў. — От хоць раз найграешся, Піліп... — Не кажы ты — вельмі далікатную музыку люблю. Скрыган.

[Ад фр. délicat.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кале́на, ‑а, н.

1. мн. кале́ні, ‑яў і ‑ле́нь. Частка нагі, дзе злучаюцца бядровая і галёначная косці; месца згібу нагі. Сагнуць нагу ў калене. Абхапіць рукамі калені. □ Пракоп сеў, зняў шапку і павесіў яе на заціснуты між каленяў кій. Колас. Валодзька з размаху грымнуўся аб ганак, моцна збіўшы калена. Гамолка. // Частка адзення (штаноў, панчох і інш.), якая прыкрывае гэту частку нагі. Залатаць калені штаноў.

2. мн. кале́ні, ‑яў і ‑ле́нь. Нага ад каленнага сустава да таза. Пасадзіць дзіця на калені. □ Унукі ўзбіраліся [дзеду] на калені, церабілі яго бараду, лашчыліся. Лынькоў.

3. мн. кале́ны, ‑ле́н. Частка чаго‑н. сагнутага, непрамога ад аднаго згібу або павароту да другога. Флейта складаецца з галоўкі і двух кален. Калена ракі. Калена дарогі. // Сам вугал згібу, павароту. У самавара не здымалася бляшаная, заломаная вострым каленам і ўстаўленая ў чалеснік труба. Дуброўскі.

4. мн. кале́ны, ‑ле́н. Разм. Асобная частка, закончаны матыў у музычным творы. Ударыў барабан на другое калена, на тое самае, дзе кракавяк ідзе на манер віхрыстай полькі. Кулакоўскі. Кадрылю ў пяць Ці сем кален, Сплючы, ён [скрыпач] мог іграць. Броўка. // Асобнае адметнае месца ў спевах птушак. Калены салаўінай песні. // Фігура ў танцы, скоках. Мы скакалі польку, танцавалі кадрылю аж па шаснаццаць кален, што нават падлога дрыжала. Гурскі.

5. мн. кале́ны, ‑ле́н. Пакаленне ў радаслоўнай. У Дабрынічах гэтых Пальчыкаў добрая палова, і ўжо цяжка разабрацца, хто каму сваяк і ў якім калене. Дамашэвіч. — Цяпер, калі я вам расказаў у двух словах радаслоўную Мухтара аж да шостага калена, вы мусіце зразумець, кім ён павінен быў стаць. Васілёнак.

•••

Вераб’ю па калена гл. верабей.

Выламаць з калена гл. выламаць.

Мора па калена гл. мора.

Поўзаць на каленях гл. поўзаць.

Ставіць на калені гл. ставіць.

Станавіцца на калені гл. станавіцца.

Стаць (упасці) на калені гл. стаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адпусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што.

1. Дазволіць каму‑н. пайсці, паехаць ці адлучыцца. Капітан адпусціў паставога, а сам пачаў пісаць пратакол. Якімовіч. У пачатку вёскі Салаўёў адпусціў машыну.. і пайшоў далей пехатою. Шахавец. // Абслужыўшы, задаволіўшы чые‑н. патрэбы, даць магчымасць пайсці. Доўга давялося чакаць, пакуль Нічыпар адпусціць пакупнікоў. Б. Стральцоў. // Даць мажлівасць пайсці на новую працу, вучобу і пад. [Сазон:] — Конюхам пастанавілі прызначыць Карэньку, а.. [Кліма] адпусцілі ў леснікі. Ермаловіч.

2. каго. Даць каму‑н. свабоду, выпусціць з няволі. Адпусціць затрыманага. □ [Таццяна:] Дайце слова, Што вы адпусціце мяне на волю, І скажу вам праўду. Глебка. // За паншчынай — вызваліць ад прыгоннай залежнасці, даць адпускную, вольную. Адпусціць прыгоннага на волю.

3. Перастаць стрымліваць, сціскаць; выпусціць з рук. Міцька неахвотна адпусціў пальцы, вызваліў .. [Храпкевічаў] каўнер. Шамякін. Галінка, якую адпусціў.. Казак, спружыніла і балюча сцебанула мяне па твары. Карпюк. — Ага, папаўся! — дзед схапіў Язэпа за вуха. Язэп адпусціў падол, і соль пасыпалася на зямлю. Асіпенка. // што. Зрабіць менш нацягнутым, паслабіць. Адпусціць папружку. Адпусціць тармазы. □ Вайтовіч адпусціў трошкі вальней сырамятныя лейцы. Пальчэўскі. // Разм. Зменшыцца, сціхнуць, перастаць мучыць каго‑н. (пра хваробу, болі, пачуцці). [Кірдун:] — Божа ж мой. А як жа я чакаў! Кожную раніцу. Калі гэта, думаю, тая хвароба адпусціць?! Не пускалі мяне. Нікога не пускалі. Караткевіч. // Аслабець, памякчэць, паменшыцца (пра надвор’е). Мароз адпусціў. / у безас. ужыв. З раніцы трохі адпусціла. Памякчэла зямля, раставаў першы кволы сняжок. Грахоўскі.

4. што. Выдаць пэўную колькасць чаго‑н., прадаць. Адпусціць тавары са склада. // Назначыць, выдзеліць пэўныя сродкі для якой‑н. мэты, асігнаваць. Адпусціць сродкі на капітальнае будаўніцтва. // Вызначыць пэўны тэрмін. Адпусціць тры дні на вяселле.

5. што. Адгадаваць (валасы, ногці і пад.). Адпусціць бараду.

6. Уст. Дараваць (віну, грахі, доўг і пад.).

7. што. Сказаць што‑н. вострае, нечаканае або недарэчнае. Бабініч адпусціў такія словы аб іх спяванні, што і прывычныя жанкі [паўскоквалі] з месца. Колас.

8. Спец. Зрабіць мякчэйшым, зменшыць гарт.

•••

Адпусціць душу на пакаянне (жарт.) — адпусціць, не чапаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смак, ‑у. м.

1. Адчуванне, якое ўзнікае ў выніку раздражнення слізістай абалонкі языка рознымі рэчывамі; здольнасць успрымаць такое адчуванне — адно з пяці знешніх пачуццяў. Салодкі смак. Кіслы смак. Горкі смак. Органы смаку. □ [Чалавек] адчуваў толькі чырвоны туман у вачах і салоны смак крыві ў роце. Караткевіч. Дзеці любаваліся чырвонымі карэньчыкамі [радыскі], каштавалі іх на смак і з удзячнасцю пазіралі на маленькую гаспадыню. Бяганская. // Якасць, уласцівасць ежы, якая адчуваецца ў час яды. Дануся ад душы засмяялася, калі даведалася, што я па смаку не адрозніваю гатункаў цукерак і яны для мяне ўсе аднолькава салодкія. Карпюк. Смак гэтых сушаных яблык.. [Язэпка] яшчэ і цяпер памятае. Бядуля. // Апетыт, прыемнае адчуванне ад яды. Варанае мяса і хлеб з’елі з такім смакам, якога даўно не ведалі. Пянкрат. Акраец хлеба ў торбу ўзяў, кавалак сала ўзяў для смаку. Дубоўка. Ходзіць бабка лесам-гаем У хусціначку збірае Даланясты ліст кляновы — Хлеб на ім пячы жытнёвы,.. А бабоўнік кучаравы — Каб не страціць смак да стравы. Танк.

2. перан. Задавальненне, ахвота. [Міхась] прыпёрся спіной да левага крыла «Пабеды» і доўга стаяў, са смакам пакурваючы папяросу. Корбан. [Тамаш] убіраў у сябе гукі маршаў з такім смакам, нібы піў невядомае смачнае пітво. Бядуля. Калі студэнт выйшаў на двор і спыніўся каля лаўкі, завознікі слухалі якраз вусаценькага мужчыну, які са смакам і веданнем расказваў пра былога гаспадара млына. Брыль. // Цікавасць, схільнасць да чаго‑н.; сутнасць, сэнс чаго‑н. Страціць смак да жыцця. □ Вы, зязюлькі мае, цёткі, Што за смак вам плесці плёткі?! Крапіва. [Чалавек:] — Я люблю рызыку. Як па лязе брытвы ходзіш... Во ў чым смак... Асіпенка.

•••

Дайсці да смаку гл. дайсці.

(Не) да смаку (быць, прыйсціся і пад.) — (не) падабацца, (не) спадабацца каму‑н. Жаласлівасць чужых цётак Ваню была не да смаку. Бядуля. [Маланка] баялася, ці прыйдуцца да смаку гасцям яе аладкі. Грамовіч.

Увайсці ў смак гл. увайсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хілі́ць, хілю, хіліш, хіліць; незак.

1. што. Нагінаць верхнюю частку чаго‑н.; надаваць чаму‑н. нахіленае становішча; нахіляць. Ой ты, вецер, сціхні, не шумі! Не хілі былінку ніцма-ніц, Дай паслухаць вольны спеў крыніц. Пушча. Не хіліць вецер куст ракіты, Не свішча сумна, як удзень... На гай, на поле і на хаты Спаўзае ночы лёгкі цень. Чарот. Ты бачыў, як шугае бура, А дуб не хіліць галавы, Стаіць крапак сярод суседзяў, Як непахісны вартавы. Прануза. Ніжай і ніжай хіліла сваю галаву, Зачараваную музыкай колаў, Марына. Куляшоў. / у безас. ужыв. Цемень у .. вачах [Кастуся] кружылася, і ўсяго яго хіліла на левы бок. Чорны.

2. што. Спец. Нахіляць набок (самалёт, судна і пад.). Вецер хіліць лодку.

3. каго-што. Ахопліваць, адольваць каго‑н. (пра сон, дрымоту). Станіслава хіліць сон, але спаць нельга, заснеш — загінеш. Мікуліч. / у безас. ужыв. Міканора і самога хіліла на дрымоту. Мележ. Стомленасць і ціхі шэпт хвой хіліў да сну, але партызаны сіліліся перамагчы дрымоту. Шчарбатаў.

4. перан.; на што. Хіліцца, набліжацца да чаго‑н. Лета хіліць на спад. Навуменка. / у безас. ужыв. Паколькі хіліла на вечар, Парфен налягаў з усіх сіл, каб паспець звеяць першую гару намалочанага. Кавалёў.

5. перан.; што і без дап. Накіроўваць да чаго‑н. (думку, справу і пад.). — Дакуль вам жыць пры сястры, — здагадаўся аграном, куды хіліць гаворку хлопец. Пальчэўскі. Я ўважліва слухаў старога, браў у рукі рэчы і не разумеў, да чаго ён хіліць. Хомчанка.

6. перан.; каго да каго-чаго. Прыцягваць, прывабліваць сабой каго‑н. Магчыма, мае значэнне і тое, што ў памяці нашай Касач звязаны шмат з чым, што не надта хіліць да вясёлай балбатні. Адамовіч. // безас. Гарнуць, цягнуць да каго‑, чаго‑н. Яго хіліць да кніжак. □ Тая акалічнасць, што гэты незнаёмы чалавек цікавіцца настаўнікам, хіліла дзяцей да Нявіднага. Колас.

•••

Куды вецер хіліць гл. вецер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)