прыйсці́ся, прыйду́ся, пры́йдзешся, пры́йдзецца; пр. прыйшо́ўся, ‑шла́ся, ‑шло́ся; зак.
1. Аказацца адпаведным, падысці па якіх‑н. прыкметах, у якіх‑н. адносінах. Прыйсціся па памерах. Прыйсціся да твару. Прыйсціся на нагу. ▪ «Калі ж небудзь Тамаш будзе такі, што яму якраз прыйдзецца гэтая вопратка». Чорны. — Дык чым жа я вам гэтак прыйшлася? — спытала Аніся. Сабаленка. Спецыяльнасць токара прыйшлася тут вельмі дарэчы. Шахавец.
2. Апынуцца на якім‑н. месцы, узроўні; супасці з чым‑н. Свята прыйшлося на нядзелю. ▪ Затым [Кучынскі] агледзеў прыборы, пакратаў рабрыстую ручку упраўлення, якая прыйшлася між калень. Алешка. Адзін удар прыйшоўся па твары. Брыль.
3. Скласці якую‑н. колькасць у адносінах да каго‑н.; дастацца. Яшка даў нам па дзве толавыя шашкі .. Па дзве, дык па дзве — мы не супраць. Добра, што і гэта прыйшлося. Пянкрат. Па добрага паўвоза сена кожнаму прыйшлося. Чорны. Новыя — у руках шапацяць, як бярэш, — чатыры чырвонцы прыйшліся Адасю. Калюга.
4. безас. з інф. Аказацца вымушаным (што‑н. рабіць). Майстэрня, пакуль цёпла, — у хлеўчуку, зімой прыйдзецца перабрацца ў хату. Навуменка. Нага забалела так, што Цімошку прыйшлося застацца дома і легчы ў пасцельку. Колас. Ні Іллюк, ні нават Міхалючок маляваць не ўмелі, дык прыйшлося навырэзваць малюнкаў. Чорны. // Выпасці каму‑н. на долю, давесціся; здарыцца. [Навічкі] тупалі каля вазоў і баязліва паглядалі на будынак, дзе ім прыйдзецца вучыцца чатыры гады. С. Александровіч. Прайшоў я уздоўж, папярок Беларусь і Літву. Людзей бачыць усякіх прыйшлося. Танк. Танцавалі дзе прыйшлося: на пакосе — на пакосе. Дубоўка.
5. 3 ас. адз. пры́йдзецца (у спалучэнні з папярэднім займеннікам або прыслоўем). Ужываецца для ўказання на няпэўнасць, выпадковасць. Дзе прыйдзецца. Што прыйдзецца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)