пры́клад, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Учынак, паводзіны або з’ява, якая служыць узорам для каго‑н. Прыклад жанчыны натхняе чырвонаармейцаў, і яны, бясстрашныя героі, смела ідуць за камандзірам у чорны халодны прастор. Барашка. На прыкладу дарослых .. [хлопцы] зграбалі сена у валы. Чарнышэвіч. // Той, хто можа быць узорам для іншых у сваіх дзеяннях, учынках. Марына — прыклад гаспадыні. Колас. Людзі казалі, што ў Антося дзеці — прыклад усяму сялу. Васілевіч. — А каму ж ехаць? — пытае .. [Кастусь]. Ехаць трэба актыву, які ва ўсім павінен быць прыкладам. Галавач.
2. Яркі ўзор чаго‑н. Прыклад мужнасці. Прыклад геройства. ▪ Дзед Міхалка і ўнук Грыша — Прыклад дружбы ў хаце. Колас.
3. Канкрэтная з’ява, факт, які прыводзіцца для тлумачэння чаго‑н., як доказ чаго‑н. Ілюстраваць выступленне прыкладамі. ▪ Цімка цярпліва паўтараў, тлумачыў, прыводзіў прыклады. Карпаў. Лабановіч бярэ план. — Вось вам, грамадзяне, прыклад таго, як справядліва абышліся з вамі. Колас.
4. Матэматычны выраз, які патрабуе рашэння. Рашаць арыфметычныя прыклады.
•••
Браць (узяць) прыклад гл. браць.
Не ў прыклад каму, чаму — у адрозненне ад каго‑, чаго‑н. Канькоў пазіраў на дзяцей і, шчыра кажучы, дзівіўся: не ў прыклад бацьку, яны былі чыстыя, прычасаныя. Асіпенка.
Падаць прыклад гл. падаць.
Паказаць прыклад гл. паказаць.
Ставіць у прыклад гл. ставіць.
прыкла́д, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.
1. ‑а. Расшыраная частка ружэйнага ложа, якая служыць для ўпору ў плячо пры стральбе. Каця прыціснула да пляча прыклад. Гулкі стрэл ускалыхнуў нагрэтае паветра. Хомчанка. Новыя дубовыя дзверы задрыжэлі пад ударамі нямецкіх прыкладаў, але не падаліся. Васілевіч.
2. ‑у. Дадатковы дапаможны матэрыял (падшэўка, гузікі і пад.) для шыцця адзежы, абутку.